Поиск по этому блогу

Як яны ламалі крыжы




                                                                                                 Аляксей Якімовіч
Як яны ламалі крыжы, альбо знішчэнне памяці

У 2003 годзе ў мяне з’явілася задума ўшанаваць памяць патрыёта зямлі беларускай Міхала Валовіча.
Хто такі Міхал Валовіч?
Прыводжу мой артыкул “Як знішчылі цэлы род”, змешчаны ў “Газеце Слонімскай” ад 19 – 25 чэрвеня 1998 года, № 25 (54).

https://img1.liveinternet.ru/images/attach/d/0/142/452/142452213_Micha_322_Va_322ovi_269.jpg



Міхал Валовіч


Як знішчылі цэлы род

Нас, беларусаў, часта хочуць пераканаць, што Беларусь не мела ні сваёй дзяржаўнасці, ні сваіх герояў, ні сваёй гісторыі. Гэта, мусіць, таму, што тыя асобы проста не ведаюць сапраўднай гісторыі Беларусі, якая на працягу некалькіх апошніх стагоддзяў знішчалася. Гінулі як асобныя слаўныя сыны і дочкі Беларусі, так і цэлыя роды, ад якіх у многім залежала эканамічнае і палітычнае становішча Беларусі. Прыклад таму – вядомы род Валовічаў, карані якога знаходзяцца на Слонімшчыне.
Генеалагічнае дрэва Валовічаў
Аб тым, што Валовічы былі прыкметнымі асобамі ў Беларусі і з’яўляліся яе сапраўднымі патрыётамі, сведчыць іхняе генеалагічнае дрэва.
Беларускі шляхецкі род Валовічаў валодаў маёнткамі ў Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і Ковенскай губерніях.
Некаторыя прадстаўнікі гэтага роду.
Грынька Ходкавіч (Рыгор Фёдаравіч) – канюшы Вялікага Княства Літоўскага з 1451 года, гараднічы гарадзенскі ((1488 – 1495 г. г.), упершыню названы Валовічам у грамаце 1499 года.
Рыгор Грынькавіч – староста Слонімскі (1560 – 1584 г. г.).
Уладзіслаў Валовіч – гетман Вялікага Княства Літоўскага, удзельнік войнаў з Расіяй (1632 – 1634 і 1654 – 1667 г. г.).
Каб уявіць характар гэтага чалавека (Уладзіслава Валовіча) і зразумець, за што ён змагаўся, звернемся да гісторыі.
У 1654 годзе войска рускага цара Івана Міхайлавіча ўварвалася ў Беларусь. Частка беларускіх зямель стала правінцыяй Маскоўскай дзяржавы, дзе правілі ваяводы. Умацоўвалася і пашыралася праваслаўная царква, тады як беларускія ўніяты апынуліся па-за законам, знішчалася карэннае насельніцтва. Праехаўшы дарогамі Панямоння, каралеўскі сакратар Стэфан Мяоркша яшчэ ў 1563 годзе адзначаў, што “там трупаў на дарогах поўна, вёскі, мястэчкі, сядзібы папаленыя, бедну хатку цяжка пабачыць цэлай”.
Усё гэта выклікала шырокае народнае супраціўленне, разгарнуўся партызанскі рух, у выніку якога царская маскоўская ўлада скідалася сілай. Як адзначыў аўстрыйскі дыпламат А. Маерберг, які праязджаў тады па тэрыторыі Беларусі, здзекі і гвалт маскавіцян так адвярнулі ад іх сэрца гэтага народа, што ён “выгнаў іх са сваіх зямель з вялікай нянавісцю”.
Значнае месца ў гісторыі Беларусі займае Яўстафій Валовіч. Ён быў вельмі адукаваным чалавекам. Скончыў Падуанскі ўніверсітэт у Італіі, з 1579 года з’яўляўся канцлерам Вялікага Княства Літоўскага, што абвяргае зацяганы штамп савецкіх гісторыкаў, быццам беларусамі ўвесь час кіравалі чужынцы. Яўстафій Валовіч актыўна ўдзельнічаў у аграрнай, судова-адміністрацыйнай і іншых рэформах. Ён быў адным з тых, хто займаўся падрыхтоўкай першай дэмакратычнай Канстытуцыі на тэрыторыі Заходняй і Усходняй Еўропы – Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 года, якая была напісана на беларускай мове. Гэты палітычны і грамадскі дзеяч шмат зрабіў для пашырэння ў Беларусі адукацыі, ведаў, кнігавыдання. На ягоныя сродкі заснавана Нясвіжская друкарня.
Яўстафій Валовіч --  актыўны праціўнік аб’яднання Вялікага Княства з Каронай (каралеўскай Польшчай), адзін з лідэраў апазіцыі пры заключэнні Люблінскай уніі 1596 года. Ён разумеў, што ўнія з цягам часу знішчыць беларускую дзяржаву. У гэты час Яўстафій Валовіч прымае пратэстанцкую веру. З дапамогай пратэстанцкай веры ён разам з іншымі шляхцічамі – свядомымі беларусамі – жадаў захаваць адасобленасць сваёй дзяржавы ад каталіцкай Польшчы. Яўстафій Валовіч вядомы і тым, што гуманістычна-хрысціянскі запавет “любові да бліжняга” пашыраў і на сваіх падданых – чэлядзі і сялянах.
Апошні з роду Валовічаў
Апошні з роду Валовічаў Міхаіл Казіміравіч нарадзіўся 18 чэрвеня 1806 года ў маёнтку Парэчча на Слонімшчыне. Ён не толькі нястомны прыхільнік самастойнасці Беларусі, але і адзін з першых беларускіх рэвалюцыянераў. Міхаіл (Міхал) Валовіч выступаў за адмену прыгону і бязвыплатную перадачу зямлі сялянам у калектыўную ўласнасць, за абвяшчэнне Беларусі і Літвы дэмакратычнымі рэспублікамі, за права кожнага народа на самастойнае развіццё. Сродкам дасягнення дэмакратычнага і справядлівага грамадскага ладу лічыў сацыялістычную рэвалюцыю агульнаеўрапейскага маштабу.
У 1830 – 1831 гадах на тэрыторыі Польшчы і Беларусі пачалося паўстанне супраць рускага царызму. Міхал Валовіч далучаецца да паўстанцаў, ваюе ў атрадзе генерала А. Гелгуда. Мабыць, са сваімі аднадумцамі ён спяваў “Песню беларускіх жаўнераў”:
Помнім добра, што рабілі,
                                                  Як нас дзёрлі, як нас білі.
                                                  Дакуль будзем
                                                                           так маўчаці?
                                                   Годзе нам сядзець у хаце!
Трэба сказаць, што Міхал Валовіч пазней крытычна ацаніў гэтае паўстанне, якое, на яго думку, не мела “агульначалавечай мэты”, бо выказвала ў асноўным інтарэсы шляхты. Ён лічыў, што ў барацьбе асноўнай сілай павінны быць народныя масы, пераважна сялянства.
У 1831 годзе, пасля таго, як паўстанне было задушана рускімі войскамі, Міхал Валовіч эмігрыраваў у Францыю, а ў сакавіку 1833 года ў якасці паўстанцкага начальніка Слонімскага і Навагрудскага паветаў тайна прыбыў у Беларусь, каб разам са сваімі сябрамі распачаць новы паўстанцкі рух на тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны.
У ваколіцах свайго Парэцкага маёнтка (знаходзіўся каля вёскі Парэчча Слонімскага раёна) стварыў партызанскі атрад, у які ўваходзілі пераважна сяляне вёсак Барташы і Парэчча. У траўні 1833 года царскія войскі гэты атрад разбілі, а самога Міхала Валовіча арыштавалі. У час арышту ён кінжалам параніў двух карнікаў. На допытах трымаўся мужна, усю адказнасць узяў на сябе. Бацькаўшчыне мужны беларускі патрыёт аддаў усё: і сваю кар’еру, і сваё багацце, і сваё жыццё.
2 жніўня 1833 года Міхал Валовіч у 27-гадовым узросце быў павешаны ў горадзе Гродна. Цела Міхала Валовіча закапалі ў вапнавым кар’еры, каб не пакінуць і следу. Так быў знішчаны старажытны беларускі род.
Памятаю
Я, жыхар вёскі Парэчча, памятаю, як расказвалі старажылы-парачанцы, што Міхал Валовіч быў чалавекам незвычайнай сілы. Ён мог разгінаць конскія падковы. Калі ж Міхала арыштоўвалі, то ніхто з царскіх жаўнераў (яны ведалі пра сілу гэтага беларускага юнака) не наблізіўся да яго, каб надзець кайданы. І тады Міхал Валовіч папрасіў, каб гэта зрабіў ягоны любімы і самы верны чаляднік. А яшчэ старажылы ўзгадвалі, як аднаго разу, ратуючыся ад пагоні, ён на кані скочыў са стромага берага Нёмана і разам з канём пераплыў раку. А тады на Нёмане ўжо пачаўся крыгаход. [1, стар. 4]

Як ушаноўвалі памяць Міхала Валовіча пры панскай Польшчы

Калі Беларусь знаходзілася ў складзе Польшчы, напрыканцы 1933 года каля Парэцкай царквы быў устаноўлены белы мармуровы помнік, прысвечаны Міхалу Валовічу, а летам у дзень нараджэння Міхала Валовіча, як казала мая маці, праводзілася свята Міхала Валовіча. Помнік асвячаў былы слуцкі паўстанец святар Хведар Данілюк. Нібыта за тое, што ў час асвячэння помніка ён абяцаў польскім панам “мураўёўскую расправу”, яго неўзабаве знялі з парафіі ў Парэччы і выслалі ў Беласточчыну. Помнік паўстанцам Валовіча быў устаноўлены і ў вёсцы Шундры Слонімскага раёна (менавіта ў яе ваколіцах паўстанцаў захапілі ў палон). У 1940 годзе бальшавікі знішчылі абодва помнікі.

Новая спроба ўшанаваць памяць Міхала Валовіча

Знаёмлю чытачоў з вытрымкай з артыкула ўраджэнца вёскі Парэчча Аляксандра Талерчыка “Ці патрэбны Парэччу памятны знак Міхалу Валовічу”?, змешчанага ў “Газеце Слонімскай” ад 18 – 24 верасня 2003 года, № 38 (328): “4 лістапада 2000 года на Дзяды Слонімскай спартыўна-патрыятычнай арганізацыяй “Край” каля спаленай і забытай усімі царквы (Парэцкай: А. Я.) на былых землях Валовічаў быў пастаўлены крыж святой Еўфрасінні Полацкай  з надпісам: “Ва ўшанаванне памяці беларускага паўстанца Міхала Валовіча (1806 – 1833) і ягоных паплечнікаў, якія ахвяравалі свае жыцці ў барацьбе за вызваленне Беларусі ад расійскага царызму”. Але прастаяў гэты праваслаўны крыж толькі месяц. Па ініцыятыве праваслаўнага святара быў сабраны невялікі сход жыхароў Парэчча, на якім патлумачылі ім, што “ўніяты хочуць забраць вашу царкву”, а таму яго трэба знішчыць. Па словах вяскоўцаў, гэтая справа была даручана некалькім лайдакам, і 8 снежня яны вырвалі гэты хрысціянскі праваслаўны металічны крыж і пацягнулі тапіць у Шчару. Але прыбярэжная палоска гразі не дазволіла дацягнуць яго да ракі, яны крыж затапталі ў гэтай гразі.
Другі раз быў усталяваны такі ж металічны крыж краёўцамі ўжо за царкоўнай агароджай, але і ён прастяў два дні і быў зламаны і ўтоплены ў Шчары”. [3, стар. 24]

І зноў зламалі

Зноў звяртаюся да артыкула Аляксандра Талерчыка “Ці патрэбны Парэччу памятны знак Міхалу Валовічу?”, змешчанага ў “Газеце Слонімскай” ад 18 – 24 верасня 2003 года, № 38 (328): “Напаткаўшы супраціў з боку праваслаўнай царквы пры ўсталяванні крыжоў, я звярнуўся 22 ліпеня 2002 года ў Васілевіцкі сельсавет з прапановай стварыць на парэцкіх могілках умоўную магілу-помнік М. Валовічу і яго паплечнікам, з устаноўкай на ёй крыжа Еўфрасінні Полацкай. (Ідэю ўстанавіць крыж у гонар Міхала Валовіча Аляксандру Талерчыку падаў я, потым пераканаў яго, што крыж на гэты раз трэба ўстанавіць на Парэцкіх могілках, так як каля царквы ён доўга не выстаіць. Са мною пагадзіліся і Аляксандар Талерчык, і нашы паплечнікі: А. Я.).
У сваю чаргу Васілевіцкі сельсавет 9. 10. 2002 года звярнуўся ў Слонімскі райвыканкам з просьбай разгледзець магчымасць ушанавання памяці Міхала Валовіча. Тапанімічная камісія Слонімскага райвыканкама 28. 02. 2003 года за № 01—20/2 палічыла магчымым устанавіць на Парэцкіх могілках мемарыяльны знак Валовічу як земляку-рэвалюцыянеру. Што да просьбы ўпамінання на гэтым знаку прозвішчаў паплечнікаў Валовіча, камісія палічыла, што гэта рабіць немэтазгодна. Іншых заўваг па праекце памятнага знака не было.
2 ліпеня 2003 года я паведаміў мясцовым уладам (я і Аляксандр Талерчык аб гэтым паведамілі разам, потым з дазволу старшыні мясцовага калгаса на калгаснай пілараме нарэзалі штыкетніку для агароджы памятнага знака: А. Я.) і святару Парэцкай царквы, што сіламі і сродкамі грамадскасці на Парэцкіх могілках пачынаецца ўзвядзенне мемарыяльнага знака па раней распрацаваным праекце. Адначасова звярнуліся да парэцкага святара (звярнуліся разам: А. Я.) даць згоду асвяціць гэты знак 2 жніўня 2003 года ў 170-ыя ўгодкі з дня смерці Валовіча. Святар спытаў, які там будзе ўсталяваны крыж. Мы адказалі, што знак будзе ўвенчаны праваслаўным крыжам святой Еўфрасінні Полацкай. 5 ліпеня асноўныя работы па ўзвядзенні памятнага знака былі закончаны. На мармуровай пліце было напісана: “Памяці Міхала Валовіча (18. 06. 1806 – 2. 08. 1833) і яго 12 паплечнікаў-праўстанцаў супраць Расійскай імперыі і за вызваленне сялян ад прыгоннага права”. Але ноччу 6 ліпеня памятны знак быў пашкоджаны мясцовымі вандаламі: зламаны металічны крыж і сапсавана драўляная агароджа”. [3, стар. 24]

У час устаноўкі крыжа. Я другі  справа налева
Пасля таго, як варвары зламалі крыж

Аб тым, што крыж зламалі, у нядзелю позна вечарам мне па тэлефоне паведаміў жыхар вёскі Парэчча Аляксандар Якімовіч, які жыў паблізу могілкаў. Я патэлефанаваў у міліцыю дзяжурнаму і паспрасіў, каб разабраліся з гэтым актам вандалізму,  звярнуўшы ўвагу на тое, што памятны знак мы ўстанавілі з дазволу мясцовай улады. У адказ ад дзяжурнага пачуў, што ў іх няма бензіну, а машына ў Альбярціне (прыгарадзе Слоніма: А. Я.), затым міліцыянт паабяцаў, што яго калегі паедуць у Парэчча. Патэлефанаваў да яго праз дваццаць хвілін, а потым і трэці раз. Пасля трэцяга званка дзяжурны адказаў, што ў Парэчча выязджалі дзве машыны з іх супрацоўнікамі, якія паведамілі, што “пашкоджана толькі агароджа, а вялікі крыж стаіць”. На самай справе яго зламалі, накінуўшы на яго тоўстую вяроўчыну (ён быў высокі і жыткаваў, гнуўся, яго можна было раскачаць), а потым занеслі і ўтапілі ў заточцы, якая была насупраць могілак. Пра гэта мне пазней паведамілі мае землякі: А. Я.).
На другі дзень, у панядзелак, разам з журналістамі “Газеты Слонімскай” я паехаў у Парэчча і ўпэўніўся, што крыжа каля мемарыяльнага знака няма. Тады журналістам сказаў так: “Мы лічым, што гэта справа не ўлады. Калі б яны хацелі знішчыць крыж, дык не давалі б дазволу на яго ўсталяванне. Хутчэй за ўсё, справа гэтая звязаная з царквой”.

Сведчанне журналіста

Змяшчаю вытрымку з артыкула Вольгі Шынкевіч “Вандалы зламалі крыж змагарам за волю”, змешчанага ў “Газеце Слонімскай” ад 10 – 16 ліпеня 2003 года, № 28 (318): “У нядзелю, 6 ліпеня, вандалы знеслі крыж, пастаўлены каля могілкаў у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна ў гонар беларускага рэвалюцыянера, удзельніка паўстання 1830 – 31 г. г. Міхаіла Валовіча.
З пісьмовага дазволу намесніка райвыканкама Анатоля Цярэніна гэты крыж і мемарыяльная пліта былі ўсталяваны на ўласныя грошы слонімскага пісьменніка Аляксея Якімовіча, сланімчаніна Барыса Кучынскага і парэцкага гісторыка Аляксандра Талерчыка.
“Мы плённа працавалі некалькі дзён, каб забетаніраваць мемарыяльную пліту, усталяваць жалезны крыж каля пяці метраў, -- расказаў Аляксей Якімовіч. – Зрабілі ўсё ў суботу, 5 ліпеня, а вось на наступны дзень мне патэлефанавалі знаёмыя і сказалі, што крыжа ўжо няма”.
Па словах Барыса Кучынскага, падчас усталявання крыжа і пліты яго сяброў папярэджвалі некаторыя мясцовыя жыхары, што яны ўсё паломяць і разбураць.
“Я ніяк не магу зразумець, адкуль у людзей з’явілася такая нянавісць да крыжа ў гонар Міхаіла Валовіча, -- распавядае Аляксей Якімовіч. – Род Валовічаў амаль што самы знакаміты ў Беларусі”.
Людзі, якія працавалі над усталяваннем крыжа і мемарыяльнай пліты, у роспачы: каму ўсё ж такі спатрэбілася ўсё зламаць?
“Дзеці не маглі такога зрабіць. Для таго, каб зламаць жалезны крыж, трэба шмат сіл. Гэта было зроблена рукамі дарослых”, -- сказаў Аляксей Якімовіч.
У панядзелак, 7 ліпеня, Аляксей Якімовіч і Барыс Кучынскі  напісалі заяву ў міліцыю. Трэба спадзявацца, што правахоўныя органы разбяруцца, каму спатрэбілася ламаць крыж.
“Мы не збіраемся апускаць рукі. Хутка мы паставім новы крыж. Калі і яго зломяць, мы зробім новы. І так будзе, пакуль крыж Міхаілу Валовічу “не прыжывецца” на парэцкай зямлі”, -- сказаў Аляксей Якімовіч”. [2, стар. 2]
                             
                                   Я каля зруйнаванага вандаламі памятнага знака
Не апусцілі рукі

Параіўшыся, мы, аднадумцы, вырашылі паставіць каля памятнага знака новы крыж. Мой зямляк Мікалай Рыгоравіч Селівончык паведаміў мне, што крыж, які раней юнакі з аргнаізацыі “Край” паставілі каля Парэцкай царквы, там жа, каля Парэцкай царквы, па загаду святара ў час рамонту царквы хацелі распілаваць балгаркай (ужо пачалі пілаваць, на крыжы нават застаўся знак ад балгаркі, але Селівончык Мікалай не дазволіў ім гэтага зрабіць). Тады гора-будаўнікі занеслі яго і кінулі ў Шчару (непадалёку ад берага) насупраць царквы. Мы знайшлі гэты крыж, дасталі, потым з дапамогай мясцовага жыхара Аляксандра Якімовіча канём, прычапіўшы да ворчыка, прыцягнулі яго ў вёску (ён быў тоўсты, трывалы, цяжкі) і паставілі на ўмоўнай магіле Міхала Валовіча. На крыжы з дапамогай майго аднакласніка Аляксандра Духоўніка знізу прыварылі яшчэ адну  касую перакладзінку, каб засцерагчы крыж ад вандалаў. Але ўзнікла новая праблема. Слонімскі райвыканкам нечакана (няцяжка здагадацца, хто падліваў масла ў агонь) запярэчыў супраць гэтага, спаслаўшыся на тое, што ў нас не было пісьмовага дазволу з сельсавета. Пасля доўгіх дыскусій нам прапанавалі правесці сход жыхароў вёскі Парэчча, каб яны вырашылі, ці быць на іх зямлі мемарыяльнаму знаку (па сутнасці, на зямлі Міхала Валовіча).
Вось як аб гэтым расказвае Аляксандар Талерчык у артыкуле “Ці патрэбны Парэччу памятны знак Міхалу Валовічу?”:  “Сёлета, 26 жніўня, адбыўся невялікі сход жыхароў Парэчча, на якім абмяркоўвалася становішча з памятным знакам М. Валовічу. На сходзе прысутнічалі старшыня сельсавета Падрэцкі В., святар Парэцкай царквы Пётр і я, аўтар гістарычна-краязнаўчага нарыса пра Парэчча (я на гэтай сустрэчы не прысутнічаў, так як тады, нягледзячы на мае неаднаразовыя просьбы, мяне не адпусцілі са школьнай працы: А. Я.). Погляды людзей падзяліліся. Адна частка жыхароў, разам са мной, аддаючы павагу постаці Міхала Валовіча, імя якога ў ліку 650 асоб занесена ў пантэон славы грамадскіх дзеячаў, мысліцеляў і асветнікаў Беларусі ад старажытных часоў і да 20 стагоддзя, лічыць, што стварэнне памятнага знака, увенчанага асвячоным крыжам, з’яўляецца ганаровым абавязкам аднавяскоўцаў перад памяццю гэтага знакамітага чалавека.  Другая частка жыхароў вёскі са святаром Пятром лічыць, што памятны знак М. Валовічу не павінен быць увенчаны крыжам, а таму і не патрэбна будзе яго асвячэнне. Некаторыя нават прапануюць, каб усталяваны там цяпер праваслаўны крыж быў знесены.
Была нават думка, каб памятны знак усталяваць на былой сядзібе Валовічаў, на месцы помніка, які быў узведзены яму ў 1933 годзе.  Але гэтая прапанова не мае рацыі, бо на былой сядзібе Валовічаў нядаўна быў пракладзены магутны газаправод “Дружба”, і месца, дзе калісьці стаяў помнік Валовічу, цяпер знаходзіцца ў голым полі і трапляе ў ахоўную зону газаправода, дзе ўсякія будаўнічыя работы забаронены.
Таму так і застаўся стаяць на Парэцкіх могілках памятны знак Міхалу Валовічу з неасвечаным праваслаўным крыжам”. [3, стар. 24].

Замест пасляслоўя

Пазней новыя людзі з дапамогай Аляксандра Сямёнавіча Талерчыка на ўмоўнай магіле Міхала Валовіча паставілі новы, больш прыгожы знак, летам у дзень яго нараджэння сталі ладзіць там сустрэчы, але мяне туды не запрашалі, дэманстратыўна ігнаравалі. Ім хацелася і хочацца паказць, што яны ініцыятары ўстаноўкі памятнага знака. Няхай будзе так. Для мяне галоўнае не прысутнасць, а памяць аб маім земляку Міхалу Валовічу.
https://www.gs.by/images/cms-image-000064581.jpg 
Абноўлены памятны знак
 
Выкарыстаная літаратура

1 “Газета Слонімская” ад 19 – 25 чэрвеня 1998 года, № 25 (54), артыкул “Як знішчылі цэлы род”.
2. “Газета Слонімская” ад 10 – 16 ліпеня 2003 года, № 28 (318), артыкул Вольгі Шынкевіч “Вандалы зламалі крыж змагарам за волю”.  
3. “Газета Слонімская” ад 18 – 24 верасня 2003 года, № 38 (328), артыкул Аляксандра Талерчыка “Ці патрэбны Парэччу памятны знак Міхалу Валовічу?”