Поиск по этому блогу

Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма “Віды сінтаксічнай сувязі слоў у словазлучэнні”.


Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма “Віды сінтаксічнай сувязі слоў у словазлучэнні”.

Што трэба ведаць пра сінтаксічную сувязь слоў у словазлучэнні?

Ёсць тры віды сінтаксічнай сувязі слоў у словазлучэнні: дапасаванне, кіраванне, прымыканне.

Як іх распазнаць?

Пры дапасаванні залежнае слова ставіцца ў тых жа формах, што і галоўнае: цёплая хата.
Пры кіраванні залежнае слова (назоўнік альбо іншая часціна мовы, якая ўжываецца ў значэнні назоўніка) ставіцца пры галоўным слове ў патрэбным склоне: прыйсці да сябра.
Пры прымыканні залежнае слова звязваецца з галоўным толькі па сэнсу. Залежнымі словамі з’яўляюцца прыслоўе, неазначальная форма дзеяслова, дзеепрыслоўе: глядзець уважліва.

У гасцях у слова. Афарызмы.
Афарызмы, або крылатыя выслоўі, -- трапныя выказванні, аўтарства якіх дакладна вядомае.
Дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма (Кузьма Чорны). Жаночае сэрца робіцца вялікае, як свет, калі яно чуе боль пакрыўджанага дзіцяці (Кузьма Чорны). Вучыся слухаць (Авідзій). У каго няма каня, няхай ідзе пяшком (Пліній Старшы). Руплівасць -- маці поспеху (Сервантэс).
Назавіце ў сказах словазлучэнні і вызначце іх спосаб сувязі.
         Выпішыце слова, граматычнае значэнне якога залежыць ад месца пастаноўкі націску. (Каня -- жывёла і каня -- птушка, разнавіднасць каршуна.)
Карысна ведаць.
У 1596 годзе беларус Лаўрэнцій Зізаній выдаў  "Граматыку" для народа з дадаткам "Лексіс" (слоўнік), у якім на старажытнай беларускай мове растлумачыў значэнне многіх  царкоўнаславянскіх слоў. У “Лексісе” можна знайсці шмат слоў жывой сучаснай мовы беларусаў.
Назавіце словазлучэнне, у якім словы звязаны спосабам кіравання.
Пагартаем "Лексіс" Лаўрэнція Зізанія.
Месть -- помства, мщуся -- помсту чыню, мщеніе -- помсты чыненне.
Пабудуйце словазлучэнне са словам "помста". (Ваша помста.) Вызначце спосаб сінтаксічнай сувязі, пабудуйце схему словазлучэння.
Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма напішыце прыгожае беларускае слова “кіраванне” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.
У гасцях у тлумачальнага слоўніка.
Выкарыстаўшы ўзор, прачытайце і запішыце слоўнікавы артыкул да слова "аглобля". (Адна з дзвюх круглых жэрдак, якія прымацаваны канцамі да пярэдняй восі калёс і служаць для запрагання каня.)
Узор. Дзеяч, -а, м. Асоба, што праявіла сябе ў якой-небудзь галіне дзейнасці. Вядомы дзеяч.
Пабудуйце словазлучэнне са словам "аглобля". (Новая аглобля.)
    [1, стар. 14, 103, “Тлумачальны слоўнік”]
Акцэнталагічная хвілінка.
Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.
Агрэст, абутнік, малы, дачыста, фурманка, цэмент.
Адказ. Агрэст, абутнік, малы, дачыста, фурманка, цэмент.
Падбярыце сінонімы да слова "фурманка". (Падвода, калёсы, павозка, воз.)
Пабудуйце словазлучэнне са словам "воз". (Прыгожы воз.)
Творчая праца.
У беларускай мове ў мастацкім стылі для выражэння прыналежнасці асобе ці жывёле ў асноўным ужываюцца прыналежныя прыметнікі, а ў дзелавым і навуковым стылях -- часцей родны склон назоўніка. Замяніце, дзе можна, форму выражэння прыналежнасці на сінанімічную. Чаму не заўсёды такая замена магчымая?  Абазначце род, лік і склон залежнага слова.
Узор. Хата Васіля -- Васілёва (адз. л., м. р., Н. скл) хата.
Нара барсука; парада брата; рукі матулі; сын Рыгора Максімавіча; сукенка Светы; хустка Ганулькі; жыццё старых; праца інжынера; творы Якімовіча; гняздо вароны.
Лінгвістычны каментарый.
Запомніце! У беларускай мове форма некаторых залежных слоў замацавана традыцыяй словаўжывання і граматычнай сістэмай мовы. Напрыклад: паліць у печы (топить печь), паслаць па дапамогу (послать за помощью), жыць пры бацьку (жить с отцом), смяяцца з яго (смеяться над ним), дзякаваць яму (благодарить его), гаварыць пра жыццё (говорить о жизни).
Тэст.
Адзначце словазлучэнні з галоўным словам, выражаным дзеясловам.
1. Добры чалавек.
2. Вярнуцца позна.
3. Густое дрэва.
4. Бераг ракі.
5. Вострыя нажніцы.
5. Мытны кантроль.
Прапаную вам закончыць прыказку "хто ў лес..." (хто па дровы).
Спадзяюся, што вы правільна адкажаце на пытанні да тэмы "Віды сінтаксічнай сувязі слоў у словазлучэнні: дапасаванне, кіраванне, прымыканне", не будзеце дзейнічаць, як у прыказцы Хто ў лес, хто па дровы.
Што называецца словазлучэннем?
Якія віды сінтаксічнай сувязі слоў у словазлучэнні вы ведаеце?

Выкарыстаная літаратура

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.