Поиск по этому блогу

Як узнік фразеалагізм “Агарод гарадзіць”

 

                                                                                     Аляксей Якімовіч

Як узнік фразеалагізм “Агарод гарадзіць”

(мастацкая гіпотэза)

 

Максімава хата ў вёсцы была апошняя, крайняя. Таму на агарод, які красаваў каля хаты, не раз і не два забягалі козы, авечкі, каб скубянуць, вырваць што-небудзь смачненькае з градкі.

Аднаго дня Гэля, жонка  Максіма, сказала яму:

-- Агарод трэба загарадзіць.

-- Трэба, -- азваўся Максім і цяжка ўздыхнуў. Ён і сам ведаў, што агарод трэба загарадзіць, але не ведаў, як гэта зрабіць.

-- Дык не цягні, бярыся за справу.

Максім зноў цяжка ўздыхнуў.

--  Каб загарадзіць, патрэбны слупкі, жэрдкі…

-- І лаза на частакол, -- напомніла мужу кабета.

Максім прайшоўся па пакоі.

-- Лазы на частакол на балоце нарэжу, разраслася. А дзе слупкі і жэрдкі ўзяць?

-- У лесе, -- падказала Гэля.

Максім паморшчыўся, як ад марозу, які раптам залез за карак і прабег па спіне.

-- Лес панскі, прыйдзецца прасіць у яго.

                                     Лес не свой, а панскі.

                                     Пан там гаспадар.

                                     Ягада і кусцік

                                     Для яго – тавар.

-- І папросіш, не пан! – павысіла голас Гэля. Надакучыла ёй гэта размова.

Максім прысеў на лаву і паклаў на стол  жылістыя рукі.

-- Нядобры ў нас пан. Працаваць на сябе прымусіць.

-- Усе мусяць працаваць на пана. Так ужо заведзена ў нас, -- прамовіла Гэля.

На другі дзень Максім прыйшоў да пана. Пан сядзеў на мяккім крэсле пад кучаравай вішанькай, усыпанай вялікімі белымі кветкамі. Над ёю ляталі, кружыліся пчолы.

“Ён падобны на адкормленага ружовенькага парсючка, а я не ад’еўся, худы”, -- пазайздросціўшы, падумаў Максім.

Пан пазяхнуў і выпуклымі змяінымі вочкамі ўставіўся на Максіма.

-- Чаго прыйшоў, селянін?

Максім кашлянуў у кулак і нясмела пачаў:

-- Агарод хачу загарадзіць…

-- Слупкі і жэрдкі патрэбны?

Максім кіўнуў галавою.

-- Ага!

Пан варухнуўся ў крэсле і сказаў:

-- На ўзлеску  ляжаць. Бачыў?

-- Бачыў, -- прызнаўся Максім. Ён нядаўна быў каля панскага лесу, бачыў і слупкі, і жэрдкі. Роўненька яны ляжалі.

Пан крыху падзівіўся на Максіма і прагаварыў:

-- Бяры, колькі трэба. Потым адпрацуеш у мяне.

-- Колькі дзён прыйдзецца працаваць у вас? – вырашыў удакладніць Максім.

-- Пабачым! – прагучала ў адказ.

Максім павярнуўся і пасунуўся з панскага падворка. На другі дзень, не адкладваючы, ён прывёз з панскага ўзлеску жэрдкі, слупкі і ўзяўся за працу: агарод пачаў гарадзіць.

Гадзіны не прайшло – панскі прыганяты на кані падскакаў да яго.

-- Агарод гародзіш?

-- Гараджу, -- адказаў Максім.

-- Кідай гэту працу. Панскае балота будзеш касіць.

-- Пан сказаў, што потым адпрацую, -- запярэчыў Максім.

Прыганяты не стаў яго слухаць.

-- Цяпер! – гукнуў і панёсся далей.

Максім узяў касу (а што яму заставалася рабіць?) і накіраваўся на панскае балота.

-- Куды ідзеш, Максім? – пацікавіўся стары барадаты Базыль, які грэў плечы, седзячы на лаўцы.

-- Агарод гарадзіць! – з горкасцю прамовіў Максім.

-- Так, так! Разумею! – паспачуваў аднавяскоўцу Базыль. Што ж, ён ужо нямала пражыў на свеце, шмат чаго пабачыў, ведаў, што такое панская ласка.

                                   Цяжка з панам ладзіць,

                                   Цяжка з панам жыць.

                                   Ён заўсёды скрыва

                                   На цябе глядзіць.     

Некалькі дзён запар так працягвалася. Не даваў спакою пан. То на сваё балота, то ў свой лес, то на сваё поле яго адпраўляў. “Агарод гарадзіць”, -- успамінаючы нядобрым словам пана, думаў Максім.

Агарод гародзіць -- з таго часу так сталі казаць пра таго, хто задумваў, распачынаў якую-небудзь цяжкую, клапатлівую справу.

 

Выдадзена ў выдавецтве “Беларусь”.

Якімовіч, А. М. Нязваныя госці : прыгодніцка-гістарычная аповесць, мастацкія гіпотэзы, вершы, прыпеўкі для настрою / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2022. – 199 с.