Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: правапіс прыставак

 

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ  

 

Тэма: правапіс прыставак.

Псіхалагічны настрой.                             

                                                   Ладны, лагодны,

                                                   Ланцуг, верасовы --

                                                   Гэта словы нашай мовы.

                                                                       Аляксей Якімовіч.

Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Успомнім правіла.

Прыстаўка – гэта значымая частка слова, якая стаіць перад коранем і служыць для ўтварэння слоў:  горад – прыгарад.

З дапамогай прыстаўкі пры- ўтварылі новае слова “прыгарад”.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: бяздымны ці – бясдымны, сшыць ці зшыць?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звернемся да правіла.

Запомніце! Правапіс літар з, с  у прыстаўках залежыць ад вымаўлення: перад звонкімі зычнымі вымаўляецца звонкі гук і пішацца літара з, а перад глухімі зычнымі вымаўляецца глухі гук і пішацца літара с [4, стар. 191, “Беларуская мова”].

Напрыклад: знізу, спляту.

У словах “знізу”, “спляту” выдзяляем прыстаўкі з-, с-.

Вывад з хвілінкі кемлівасці.

Перад звонкім зычным н у слове “знізу”пішам прыстаўку з-, а перад глухім зычным п у слове “спляту”– прыстаўку с-.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: знізу, спляту.

Адзначаем! Прыстаўкі на з, с: з- (с-); уз- (ус-);  без- (бес-); бяз- (бяс-); раз- (рас-) [4, стар. 191, “Беларуская мова”]; цераз- (церас-).

Працуем са спалучэннямі слоў.

Са словам “разгуляцца” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Што вам вядома пра напісанне слова “разгуляцца”?

Для даведкі: дзеці разгуляліся – мяцеліца разгулялася.

Назавіце слова.

                                                               Пішам з с

                                                               Ускінуць, ускаціць,

                                                               Усход, ускрыкнуць,

                                                               … (Распаліць).

Растлумачце правапіс літары с у словах вершаванага тэксту “ускінуць”, “ускаціць”, “усход”, “ускрыкнуць”, “распаліць”.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: абкруціць ці апкруціць, паднесці ці патнесці?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Чытаем правіла.

Помніце! Правапіс літар б і д у прыстаўках не залежыць ад вымаўлення: яны заўсёды пішуцца нязменна  [4, стар. 191, “Беларуская мова”].

Напрыклад: абдумаць. Прыстаўка аб- у слове “абдумаць” пішацца нязменна.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: абкруціць, паднесці.

Адзначаем! Прыстаўкі, што канчаюцца на б, д і пішуцца нязменна: аб-, ад-, над-, пад- [4, стар. 192, “Беларуская мова”],  прад-.

Назавіце слова.

                                                             Пішам з б 

                                                             Абдумаць, аблятаць,

                                                             Абліваць, абрэзаць,

                                                             … (Абсякаць).

                                                                     Аляксей Якімовіч.

Растлумачце правапіс літары б у словах вершаванага тэксту “абдумаць”, “аблятаць”, “абліваць”, “абрэзаць”, “абсякаць”.

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя літары б, д, з, с, потым напішыце беларускае слова “абнавіць” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае. 

Адзначаем! Калі корань слова пачынаецца збегам зычных, пасля прыстаўкі ўзнікае беглы гук [а], што перадаецца на пісьме [6, стар. 96, “Беларуская мова”]:

аб + значыць = абазначыць; ад + гнаць = адагнаць; раз + гнаць = разагнаць.

                  [5, “Беларуская мова”]

Праца са сказам.       

Складзіце скорагаворку са слоў, запісаўшы іх у алфавітным парадку.

Адарваў разаслаў, і, абагнаў. (Абагнаў, адарваў і разаслаў.)

Растлумачце напісанне выдзеленых літар.

Скорагаворкі.

Разамлець і разапрэць ад цяпла (Аляксей Якімовіч).

Распакоўшчык распакаваў тавар (Аляксей Якімовіч).            

Якая арфаграма паўтараецца ў словах скорагаворак?

Для даведкі: разамлець – не зусім добра сябе адчуваць, быць вялым; разапрэць – разбухнуць ці моцна спацець ад цяпла і вільгаці.

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.           

                                                               Абчасаў, падфарбаваў

                                                               Я старанна працаваў:

                                                               І затым ў зямлю загнаў.

                                                               Кол сасновы

Адказ: 1 – 2, 2 – 4, 3 – 1, 4 – 3.

Знайдзіце ў вершы словы з арфаграмай на вывучанае правіла. Растлумачце іх напісанне.

Сустрэча з фразеалагізмам.

Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які абазначае  “вельмі хутка”.

                                                          Лета прабягае,

                                                          Яго не стрымаць:

                                                         Хуценька, імкліва,

                                                         … … … .

Якая прыстаўка паўтараецца ў словах вершаванага тэксту? Растлумачце яе правапіс.

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: кя аволс ьцазакс [2, стар. 350, “Фразеалагічны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   Спіць Гануся ціха-роўна,

                                   Ружавеюць яе шчочкі;

                                   Нікнуць з твару цені ночкі,

                                   А ён цешыцца бя(с, з)слоўна.

                                   Вось з-за лесу ўстала сонца.

                                   Ра(з, с)сыпае каснікі,

                                   Залатыя ручнікі

                                   І цалуе праз аконца

                                   (З, с)бітых кудзер валаконцы,

                                   Жылкі сінія рукі [3, стар. 446 -- 447, “Паэмы Я. Коласа”].

Якім словам можна замяніць слова “нікнуць”? (Знікаюць.)

Раскрыйце сэнс слова “каснікі”. (Стужкі для заплятання ў касу.) [1, стар. 163, “Тлумачальны слоўнік”].

Адказы на пытанні.

 Ад чаго залежыць правапіс літар з, с у прыстаўках?

Ці залежыць ад вымаўлення правапіс літар б, д у прыстаўках?

Калі пасля прыстаўкі можа ўзнікаць беглы гук [а]?

Тэст.

Назавіце словы на вывучанае правіла“Правапіс прыставак”.

1. Адцягнуць.

2. Адумацца.

3. Адухаўляць.

4. Адчуць.

5. Адскочыць.

6. Адчапіць.

7. Адужаць.

Адказ: 1, 4, 5, 6.

                                                                                                            

Выкарыстаная літаратура

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

3. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.                 

4. Красней, В. П., Лаўрэль, Я. М. Беларуская мова : Падруч. Для 5-га кл. шк. з беларус. мовай навучання. – 3-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 1992. --  318 с. : іл.

5. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання : у 2 ч. / Г. М. Валочка [і інш]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --  240 с.

6. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання : у 2 ч. / Г. М. Валочка [і інш]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. – 232 с.

 

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, люты 2021 года, № 2.