Вершы. Мае перажыванні
Аляксей Якімовіч
Сцяна
Я прыйшоў і спыніўся.
Прада мною – сцяна
З камянёў і дубоў,
Без дзвярэй і акна.
За сцяною – жыццё.
Там красуе вясна.
Ад жыцця аддзяляе
Мяне гэта сцяна.
Там і песня, і мова,
Там і казка дзядоў,
Там у печы на свята
Напякуць пірагоў.
Зубы сцяўшы, за камень
Абамшэлы бяруся.
Я сцярплю, я змагу,
Па сцяне паднімуся.
За сцяною глухою
На травіцу прылягу,
Падпаўзу да крыніцы,
Наталю сваю смагу.
Па сцяжынцы шырокай
Да людзей я пайду,
Пакідаючы ззаду
І адчай, і нуду.
Людзі ўбачаць, прывецяць,
Слёзы вытруць з вачэй.
На сцяну трэба лезці,
Не марудзіць, хутчэй.
У крыві мае пальцы:
Камень востры ў сцяне.
Не пускае, трымае
Сцяна помсты мяне.
Зубы сцяўшы, стаю,
На сцяну гляджу зноў.
Анямела сцяна
З камянёў і дубоў.
2021
Аляксей Якімовіч
Каб я каменем быў
Ляжыць камень пры дарозе,
Яго ўсе мінаюць.
Ён вялікі. Ён магутны.
Яго паважаюць.
Каб я каменем быў,
Не ведаў бы болю.
Жыў бы прыпяваючы
І славіў бы долю.
Каб я каменем быў,
Слёз не праліваў бы.
З птушкамі маленькімі
Цёхкаў бы, спяваў бы.
Каб я каменем быў,
Працы не шукаў бы.
На сонейку цёплым
Бакі выграваў бы.
Каб я каменем быў,
Дужых не баяўся б.
Пазіраў бы зверху ўніз,
Цешыўся б, смяяўся.
Каб я каменем быў,
Ворагаў не меў бы.
Як дзіця глядзіць на свет,
Так і я глядзеў бы.
Каб я каменем быў,
Слоў не вымаўляў бы.
У глыбокай ямцы
Унурыўся б, маўчаў бы.
Каб я каменем быў,
То зведаў бы шчасце.
Не прыходзілі б у госці
Розныя напасці.
Каб я каменем быў,
То каменным стаў бы.
Чорны, белы колеры
У адзін змяшаў бы.
Я стаю, як дуб у полі.
Вакол ціха, ні душы.
Цяжка жыць на свеце,
Калі камень на душы.
------------------------------
У зялёным лесе
Зязюля кукуе.
Маці маладая
Хлопчыка гадуе.
Хлопчыка гадуе,
Цешыцца, пяе.
А бяда з-за пазухі
Камень дастае.
2022 год
Аляксей Якімовіч
Мары
На зямлі я гаспадар,
Сумленнем не гандлюю,
З басаногага маленства
З марамі сябрую.
Марам дома не сядзіцца,
У мяккім ложку не ляжаць:
Белы свет хочуць пабачыць,
Сябе крыху паказаць.
Каля мора загараюць,
Дзе народу шмат.
Трапіўшы на месяц,
Садзяць дзіўны сад.
На кані мары імчацца,
Шаблямі махаюць,
З нашымі героямі
Край абараняюць.
У палацах залатых
Мары гаспадараць,
З рыбакамі юшку
На цяпельцы вараць.
Боты-скараходы
Яны прымяраюць,
Кнігі старажытныя
У цішыні гартаюць.
Сёння мае мары
Да цябе ляцяць.
Зможаш іх сустрэць,
У сябе прыняць?
Прыгожыя кветкі
Яны прынясуць,
У фужэр шапманскага
Трошачкі нальюць.
Мары заспяваюць
Песню за сталом,
Цябе пачастуюць
Смачным пірагом.
Доўга будзеш ты
Іх успамінаць.
Запрасі, не бойся.
Хопіць уздыхаць.
. . . . .
На душы ў людзей спакой.
Людзі прыўзнімаюцца,
Калі мары светлыя,
Як адна, збываюцца.
2022 год
Аляксей Якімовіч
Малюся
Пан Бог даў мне зрок,
Каб свет мог убачыць,
Каб тут, у Беларусі,
Імкнуўся аддзячыць.
Увагай душэўнай,
Сваёй дабрынёй,
Словам дзівосным,
Малітвай святой.
Бачу дзяцей.
Яны як званочкі.
Прыхільна глядзяць
Іх яскравыя вочкі.
На каленях малюся
За мілых дзяцей.
Маці, Радзіма, тулі іх
Да цёплых грудзей.
Бачу нямоглых, старых.
З надзеяй глядзяць,
Шукаюць таго,
Хто прыйдзе падтрымаць.
Малюся, жадаю,
Каб здрада мінула,
Ні ў плечы, ні ў грудзі
Іх не штурхнула.
Бачу і тых,
Хто працуе, хто дбае,
Каго наша праца,
Як сябра, чакае.
Малюся за вас.
Хай здзяйсняюцца мары,
Хай радасцю свецяцца
Вашы прыгожыя твары.
Бачу хлопцаў рашучых,
Прыбраных дзяўчат.
Яны – наша змена,
Наш квітнеючы сад.
Малюся, хачу,
Каб ім лёс паспрыяў,
Як птушак крылатых,
Узвысіў, падняў.
Бачу тых, хто пайшоў
На дарогу крывую.
Галасы іх, як стогны,
У вушах стаяць, чую.
Малюся, прашу,
Каб сябе не знішчалі,
Каб бацькоўскую хату
Бераглі, шанавалі.
- - - - -
Памолімся, людзі.
Няхай аб’яднае,
Як праўда, як сіла,
Малітва святая.
2022 год
Аляксей Якімовіч
Пад мірным небам
Сонца
выйшла з-за гары,
Косы расплятае,
Зямлю лашчыць з вышыні,
На нас пазірае.
У бяздонным небе
Хмаркі праплываюць,
З травінак зялёных
Росачку збіраюць.
Каласкі налітыя
Цягнуцца ўгору.
У шырокім полі
Мала ім прастору.
У маім садочку
Птушачкі спяваюць,
Раніцу дзівосную
Славяць і вітаюць.
Вёсачкі прачнуліся,
Радуюць гамонкай.
Песня беларуская
Гучыць над старонкай.
Гучыць, разліваецца,
З маёй душы льецца.
Пазірае сонейка,
З вышыні смяецца.
-- Сваю мову берагу,
На ёй размаўляю.
А суседзяў дарагіх
У госці запрашаю.
Едзьце ў Слонім да мяне,
Едзьце ў Мінск-сталіцу.
Падрыхтуем мы для вас
Цацачку-святліцу.
Прыязджайце ў Беларусь,
У госці прыязджайце,
Разам з намі раніцу
Песняй сустракайце.
2023 год
Аляксей
Якімовіч
Пастарэлі
Пастарэлі, пастарэлі…
Сябра ледзь пазналі.
Пастарэлі, пастарэлі…
Вось такімі сталі.
У ціхай вёсачцы раслі,
Хвалі нас люлялі.
Пастарэлі, пастарэлі…
Іншымі мы сталі.
-- Мама мыла раму, --
За партаю чыталі.
Пастарэлі, пастарэлі…
Сівымі мы сталі.
Лета клікала ў лясок.
Раненька ўставалі.
Пастарэлі, пастарэлі…
Не такімі сталі.
Не глядзелі мы ў акно.
Сцежачкі тапталі.
Пастарэлі, пастарэлі…
Дзядулямі сталі.
Унукі, унучкі падрастаюць,
Новы свет ствараюць.
Нашы хмаркі – нашы леты –
Ціха праплываюць.
Пастарэлі, пастарэлі…
Сябра ледзь пазналі.
Пастарэлі, пастарэлі…
Вось такімі сталі.
2024 год