Поиск по этому блогу

Апавяданне "Зорачка"

 

                                                                                                       Аляксей Якімовіч

 

ЗОРАЧКА

Апавяданне

 

1

Звечарэла. Наступіла цёплая летняя ноч. Гардзей Чаропка выйшаў з хаты і сеў на лаўку.

Воддаль, у лагчынцы, агнямі мігціць вёсачка. Там гамоняць людзі, хтосьці ўключыў магнітафон. Свежы ветрык данёс да Гардзея песеньку, пад якую ён некалі танцаваў з хлопцамі і дзяўчатамі ў клубе, цешачыся сваёй маладосцю: "Касіў Ясь канюшыну..."

А тут, на пагорку, дзе ён пабудаваў сабе хату, ціха, спакойна.

Зараз у высокай ступе з'явіцца Ведзьма з дзеркачом у руцэ. Яна кожны вечар прылятае сюды, каб пагаварыць.

"Кар-р!.."-- непадалёку, у сасновым ляску, каркнула варона, і ўгары пачуўся свіст, падобны на свіст магутных крылаў.

Чаропка падняў галаву. Так і ёсць. Яна, Ведзьма, спускаецца, рукою махае, усміхаецца.

-- Прыляцела? -- весела гукнуў Гардзей.

Ведзьма гучна засмяялася, пакружылася каля хаты і застыла ў ступе непадалёку ад Гардзея.

-- Усё адзін сядзіш, сумуеш?

Гардзей падняў жылістыя прамазучаныя рукі.

-- Адпачываю. Да вечару на трактары працаваў, дыхнуць не было калі.

Ведзьма прыязна ўсміхнулася, паказаўшы роўныя белыя зубы.

-- Лезь да мяне ў ступу, да самага неба паляцім!

Яна і раней не раз і не два прапаноўвала Чаропку палятаць з ёю ў ступе, а ён аднекваўся, бо пабойваўся жанчын, не давяраў ім. На ўсё жыццё адклалася ў памяці, як пяць гадоў таму ў гэткі ж цёплы летні вечар жонка паказала яму на дзверы: "Прымак, пакінь маю кватэру!" "Лепшага за мяне знайшла?" -- запытаўся ён, бо здагадваўся, што жонка яму здраджвае.

Нейкі час жыў у вёсцы, у сваякоў, пакуль не пабудаваў гэтую хатку знарок далей ад людзей.

-- Паляцім? – падала голас Ведзьма і распусціла доўгую чорную касу. Валасы чорнымі хвалямі рассыпаліся па яе спіне.

Гардзей вырашыў перавесці гаворку на іншае:

-- Скажы, як Ведзьмай ты стала? Не нарадзілася ж такой.

Твар у Ведзьмы спахмурнеў, пульхныя вусны сцяліся.

-- Хочаш ведаць?

-- Хачу! -- кіўнуў галавою Гардзей.

-- Я яшчэ не старая. Мне сорак пяць, як і табе. З сынам жыла. Потым ажаніўся ён. Ды распіліся мае маладыя, на двор мяне выгналі. Плакала я, па свеце бадзялася, пакуль у ступу не села і не паляцела. Гора ўсяму навучыць, -- з болем сказала Ведзьма і імкліва ўзнялася ўвысь.

2

Апусціўшы галаву, Чаропка сядзеў на лаўцы. Відаць, не трэба было пытацца ў Ведзьмы, як яна дайшла да такога жыцця. Надакучыла ёй людзям скардзіцца, да зорачак паляцела. Зорачкі не абгавораць, не пасмяюцца, калі слёзы выступяць на вачах, а з грудзей стогн прарвецца.

Гардзей устаў і ўбачыў, што па сцяжынцы, абсаджанай маладымі вербамі, на пагорак, хістаючыся, паднімаецца загадчык участка іхняй аграфірмы Апанас. Як відаць, ён ужо быў п'яны.

"Прыйдзецца наліваць. Інакш не адчэпіцца ён ад мяне", -- падумаў Чаропка і, зайшоўшы ў сенцы, узяў бутэльку віна і шклянку.

Падняўшыся на пагорак, загадчык участка зняў з галавы чорны капялюш, у якім звычайна хадзіў з вясны да самай зімы, і махнуў ім перад сабою, адганяючы камароў.

-- Гардзей, некалі ты жыў у горадзе ў кватэры з усімі выгодамі, а цяпер каля лесу схаваўся. Жаніся. Ачалавечышся хоць.

Чаропка моўчкі адкаркаваў бутэльку і наліў у шклянку віна. Гэтую песеньку "жаніся" ад Апанаса ён мо сто разоў чуў. Абрыдла яна яму.

-- Галю Цімохаву магу табе пасватаць. Даяркай працуе, зарабляе шмат, -- пазіраючы на віно, аблізнуўся Апанас.

 

-- Галя любіць выпіць. Макаравіч, вы ўжо сваталі яе мне, -- напомніў Гардзей, у выцягнутай руцэ трымаючы напоўненую віном шклянку.

Апанас надзеў капялюш і ўзяў у Гардзея шклянку, ашчарэпіўшы яе кароткімі тоўстымі пальцамі.

-- Бяры тады Свету Фаміну. У яе вялікі вопыт сямейнага жыцця: тры разы замуж выходзіла.

Ні Гардзей, ні Апанас не заўважылі, як у ступе спусцілася Ведзьма і, дзеркачом падчапіўшы капялюш, скінула яго з галавы загадчыка ўчастка. Па вытаптанай сцяжынцы капялюш пакаціўся з пагорка.

-- Ветру няма, а капялюш з галавы сарвала! -- крыкнуў Апанас і, залпам выпіўшы віно, пабег уніз. Ведзьма дагнала яго і стукнула дзеркачом па спіне.

П'яны загадчык участка, як відаць, так і не зразумеў, што з ім здарылася. Схапіўшы капялюш, ён подбегам накіраваўся ў вёску.

3

Чаропка не сцярпеў, выгаварыў сяброўцы:

-- На чалавека наляцела, дзеркачом стукнула!

-- Ён не чалавек, а п'яніца, -- агрызнулася Ведзьма і, свіснуўшы ў два пальцы, паляцела ў ступе.

4

Вёска засынала, перастала гаманіць і гудзець. У вокнах тухлі агні.

А Гардзею не хацелася ісці ў хату. Пуста ў хаце, там нават ката няма. Чамусьці не вядуцца ў яго сабакі і каты: то прападаюць, то ўцякаюць. Няўжо прыйдзецца аднаму жыццё дажываць? Цяжка думаць пра гэта.

Хоць і зорачка -- ды не вячэрняя,

                                           І каханачка -- ды няверная.

                                           Пакахала -- як яхант даравала:

                                           Яхант-камень -- сэрцу ён на гараванейка,

                                           Прападаю праз каханейка, --

нагадаўся Гардзею верш Максіма Багдановіча, які вучыў у школе.

Ціха на зямлі, ціха на небе, толькі зорачкі свецяцца. Вось адна з іх сарвалася і ўніз паляцела. Зараз згарыць, патухне, не стане яе!

Чаропка ўстаў з лаўкі і, падняўшы рукі, гукнуў:

-- Зорачка ясная, ляці да мяне! Даўно чакаю цябе!

Здарыўся цуд, у які Гардзей спачатку не паверыў. Апісаўшы доўгую дугу, Зорачка плаўна апусцілася на вільготную траву каля лаўкі. Невялікая, велічынёю з мужчынскую далонь, яна ляжала і свяцілася блакітным агнём.

На небе і на зямлі па-ранейшаму было ціха, а ў грудзях у Гардзея гулка забілася сэрца, а вочы заіскрыліся. Глыбока ўздыхнуўшы, ён нагнуўся, каб дакрануцца да Зорачкі, а яна падскочыла і прагаварыла чалавечым голасам:

-- Ты доўга чакаў мяне, Гардзей?

-- Ты ведаеш, як мяне зваць? -- вырвалася ў Чаропкі. Шырока расплюшчанымі вачыма ён глядзеў на Зорачку.

-- Ведаю. Я часта глядзела на цябе з вышыні, шкадавала. Паднімі мяне, не бойся. Я не пякуся.

Гардзей зноў глыбока ўздыхнуў, нагнуўся і падняў Зорачку. Яна была цёплая, грэла рукі.

-- А ў цябе далонь шырокая, мазолістая, працавітая, -- адзначыла Зорачка.

-- Табе не страшна ляжаць на маёй далоні? -- пацікавіўся Чаропка.

-- На тваёй далоні мне добра, -- прызналася Зорачка.

-- І мне цяпер добра, -- сказаў Гардзей і, калышучы Зорачку на далоні, панёс у хату.

У хаце заслаў стол чыстым белым абрусам і паклаў на яго Зорачку. Згінула цемра, блакітным прыгожым агнём засвяцілася хата.

-- Цяпер мы разам будзем жыць, -- з надзеяй прагаварыў. Ён баяўся, што Зорачка праз адчыненае акно вылеціць на двор і згіне.

-- Будзем жыць! – ціха прамовіла Зорачка.

На другі дзень у вёсцы каля свірна Чаропку сустрэў Апанас і запытаўся:

-- Як спалася табе, работнічак?

-- Нармальна! -- суха адказаў Гардзей. Ён адчуваў: брыгадзір нездарма пытаецца, штосьці хоча выведаць.

Апанас зняў капялюш і пакруціў яго, як кола.

-- Людзі казалі, што ў тваёй хаце ўсю ноч блакітнае святло гарэла.

"Падгледзелі, данеслі! Хіба гэтае святло ў вочы вам калола?" -- падумаў Гардзей і сказаў:

-- Я ў хаце блакітную лямпачку ўключыў.

-- Лямпачку, кажаш? -- кашлянуў брыгадзір.

-- Макаравіч, пасля ўчарашняга галава не баліць?  -- на іншае перавёў гаворку Чаропка.

-- Мне ніколі галава пасля выпіўкі не баліць, -- буркнуў Апанас і паплёўся, надзеўшы капялюш.

6

Вечарам Гардзей, як звычайна, сядзеў на лаўцы, а насупраць яго на траве ляжала Зорачка і свяцілася блакітным агнём.

-- Чаму мне не шанцуе ў жыцці? Можа, я нялюдскі, кепскі? Растлумач, калі ласка, -- звярнуўся ён да Зорачкі.

Зорачка варухнулася на траве.

-- Ты добры. А добрым часта не шанцуе.

Чаропка кулаком падпёр шчаку і задумаўся. Не так, як трэба, пабудаваны гэты свет. Дужэйшыя слабейшых адціскаюць, уперад вырываюцца несумленныя і нахабныя. Яны лічаць, што ім усё дазволена. Прыходзяць і бяруць, ні на што не зважаючы. Можа так стацца, што і на ягоную Зорачку нейкі нахабнік паквапіцца.

-- Гардзей! -- ласкава прагаварыла Зорачка і ўзляцела ўгору, потым уніз апусцілася, затым зноў узляцела і зноў апусцілася.

"Яна ж танцуе, радуецца!" -- здагадаўся Гардзей і, устаўшы з лаўкі, сам затанцаваў, напяваючы знаёмую песеньку "Касіў Ясь канюшыну..."

-- Нам весела! -- усклікнула Зорачка.

-- Нам добра! -- адгукнуўся Гардзей.

На ступе нячутна спусцілася Ведзьма і працягнула руку, каб схапіць Зорачку.

Зорачка войкнула і кінулася да Чаропкі. Ён злавіў яе, прытуліў да грудзей і крыкнуў Ведзьме:

-- Не ўдалося ўкрасці?

-- Гардзей, яна павінна быць на небе, а не на зямлі, -- прамовіла Ведзьма.

Чаропка паднёс Зорачку да твару і прашаптаў:

-- Табе тут добра? Скажы ёй.

-- Мне тут вельмі добра! -- азвалася Зорачка.

-- Чула? -- звярнуўся да Ведзьмы Гардзей.

-- Пабачым, што з гэтага выйдзе.

Ведзьма бліснула вачыма, прысела ў ступе і паляцела, неўзабаве схаваўшыся за хатай.

Гардзей падкінуў Зорачку. Яна пакружылася і плаўна апусцілася на траву.

7

З-за куста бэзу, што рос на пагорку, выйшлі загадчык участка Апанас і ўчастковы Іван Тадэвушавіч Новікаў. Схаваўшыся за кустам, яны бачылі, як Зорачка танцавала, як потым Ведзьма хацела яе ўкрасці.

-- З нячыстай сілай звязаўся, Гардзей? -- гукнуў Апанас і падэшвай бота прыціснуў Зорачку да зямлі. Яна застагнала.

Чаропка памкнуўся наперад.

-- Аддай!

Загадчык участка нагнуўся і ўзяў Зорачку ў руку, моцна сціснуўшы.

-- Мы яе ў горад завязём, каму трэба пакажам.

Участковы Новікаў пальцамі пастукаў па кабуры, што вісеў на баку.

-- Не чапляйся да нас. Як чалавека, цябе просім.

Твар у Гардзея стаў белы як мел.

-- Застрэліш?

-- Будзеш лезці -- застрэлю, -- паведаміў Новікаў і разам з Апанасам стаў спускацца з пагорка.

Гардзей накіраваўся за імі.

-- Аддайце Зорачку! Яна мая, да мяне спусцілася.

-- Яна не твая, а дзяржаўная, -- кінуў на хаду ўчастковы.

-- Яна ж была на небе! Хіба яно дзяржаўнае? -- запярэчыў Чаропка.

-- Усё тут дзяржаўнае, -- адказаў Новікаў.

Каля ляска стаяў міліцэйскі газік. Апанас і ўчастковы селі ў яго і паехалі.

8

Гардзей стаяў і плакаў ад болі і бяссілля. Не вярнуў ён сваю Зорачку, смерці пабаяўся. Бы на хлопчыка, накрычалі на яго гэтыя дзядзькі. Пакрыўдзілі і паехалі.

З-за хаты вылецела Ведзьма.

-- Не плач. Слязьмі гору не дапаможаш, -- пачала суцяшаць Гардзея.

Чаропка падняў галаву і глянуў на Ведзьму заплаканымі вачыма.

-- Ты ведала, што яны сюды прыехалі, а не папярэдзіла мяне. Ведала? Так?

-- Ведала! -- прызналася Ведзьма.

-- Ты здрадніца! Ты...

-- Паслухай мяне! -- перапыніла Ведзьма Гардзея. -- Ну, папярэдзіла б я цябе. І што з таго? Не сёння, дык заўтра яны забралі б тваю Зорачку.

-- Я схаваў бы яе! -- крыкнуў Чаропка і пабег у хату.

9

Гардзей сядзеў за сталом і мочкі глядзеў у акно. Стрэлка гадзінніка, які стаяў на стале, наблізілася да лічбы "два". "Хутчэй бы скончылася гэтая ноч. Усё роўна я не засну", -- падумаў ён і ўбачыў... Зорачку. Як матылёк, яна трапяталася каля акна.

Чаропка ўскочыў з крэсла, выбег на двор і рукою пагладзіў Зорачку.

-- Ты вярнулася да мяне?

-- Я ўцякла ад іх, -- паведаміла Зорачка.

Вусны ў Гардзея скрывіліся.

-- Яны вернуцца і забяруць цябе. Яны ўпартыя.

-- Сядай на мяне. Я хачу палятаць з табою, -- нечакана прапанавала Зорачка.

-- Ты ж маленькая! Не паднімеш мяне, -- сумеўся Чаропка.

-- Падніму!

-- Але ж я ўпаду і разаб'юся.

-- Усяго ты баішся! -- папракнула Зорачка.

"І праўда, нейкі нерашучы, баязлівы я стаў", -- падумаў Гардзей і, усміхнуўшыся, як дзівак, сеў на Зорачку. Яна бясшумна паднялася ўгору і паляцела.

Тут як тут Ведзьма. Усё-ткі заўважыла іх.

-- Гардзей, ты лятаеш! Ты жывеш!

Чаропка не адказаў Ведзьме. Ён усё ўсміхаўся, як дзівак.

Яны ляцелі над вёскай. Вёска са здзіўленнем пазірала на іх. Гардзей крыху супакоіўся. Ён глядзеў уніз і пазнаваў знаёмыя мясціны. Вунь лужок, на якім яшчэ малым пасвіў кароў, побач з ім рачулка між алешын уецца, а крыху далей застыла азярцо, за азярцом бяжыць дарога. Па дарозе міліцэйскі газік імчыцца, свецячы фарамі.

-- Гардзей, твае злоснікі да цябе спяшаюцца! -- заўважыла Ведзьма.

-- Дамоў паляцім? -- запыталася Зорачка ў Гардзея.

-- Дамоў! -- прамовіў Чаропка, сцяўшы кулакі.

10

Чаропка стаяў на пагорку. Зорачка ляжала на траве, а Ведзьма ў ступе застыла ў паветры.

"Кар-р!.." -- спрасонку каркнула ў ляску варона.

-- Гардзей, -- падала голас Ведзьма, -- адпусці Зорачку на неба. Сяброўкі даўно чакаюць яе.

Гардзей прамаўчаў.

-- Зразумей, чалавеча! -- зноў сказала Ведзьма. -- Тут, на зямлі, ты не абароніш яе. Толькі сабе нашкодзіш. Павер мне.

Чаропка нагнуўся і падняў Зорачку.

-- Ляці, Зорачка! Сапраўды, на небе табе будзе лепей.

-- Гардзей, помні пра мяне! Вечарамі я буду ярка свяціцца, каб тваю душу сагрэць, -- прамовіла Зорачка і паляцела.

Гардзей задраў галаву, праводзячы яе вачыма.

-- Я таксама палячу. Мне з імі трэба расквітацца! -- з пагрозай прагаварыла Ведзьма і, махнуўшы дзеркачом, панеслася над зямлёю.

Чаропка не пачуў Ведзьму. Ён праводзіў Зорачку.

11

Па дарозе імчаўся міліцэйскі газік. За рулём сядзеў участковы Новікаў і ўважліва глядзеў наперад.

-- Шустрая гэтая Зорачка. З маіх рук вырвалася! -- заварушыўся на сядзенні Апанас.

Новікаў мацней націснуў на газ.

-- У другі раз не вырвецца. Спачатку зловім яе, а потым Ведзьму!

У гэты час Ведзьма падляцела да газіка і з сілай стукнула дзеркачом па лабавым шкле.

Участковы рэзка крутануў руль. Машына вільнула і, з'ехаўшы з дарогі, перакулілася. Полымя абхапіла яе.

-- Ха-ха-ха!.. -- зарагатала Ведзьма, кружачыся над машынай.

12

Мінулі гады. Чаропка пасівеў, на ягоным твары з'явіліся маршчыны. Пастарэла і Ведзьма. Кожны вечар яна прылятала на пагорак, каб пагаварыць з сябрам.

-- Вунь Зорачка ярка свеціцца! Бачыш? -- іншы раз перапыняў сяброўку Гардзей і доўга, да болі ў вачах глядзеў на неба.

-- Не забыўся ты пра яе! -- крывячыся, шаптала Ведзьма.

 

 

Выдадзена ў выдавецтве “Беларусь”.

Якімовіч, А. М. Русалка : фантастычна-містычныя апавяданні  / Аляксей Якімовіч . – Мінск : Беларусь, 2020. – 136 с.