Пісьменнік і яго прыхільнікі -- 8
Гісторыя восьмая
У 2002 годзе ў выдавецтве “Народная асвета” быў выдадзены
дапаможнік для настаўнікаў “Жывыя літары”, які я падрыхтаваў разам з
выкладчыцай Гродзенскага педагагічнага ўніверсітэта Зояй Міхайлаўнай Тамашэвіч.
У выдавецтве ён многім спадабаўся і нават па-добраму здзівіў сваёй
незвычайнасцю. У ім разам з так называемым дыдактычным матэрыялам (вершамі,
загадкамі) выкарыстаў уласныя казкі пра літары алфавіта. А пасля гэтага
наступіў сапраўдны крызіс. Не творчы, а іншы: мінскія дзяржаўныя выдавецтвы сталі
адмаўляць мне, не падпускалі да сябе. Лічу, што адной з прычын было тое, што
з’яўляўся членам Беларускага Народнага Фронту і актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах,
якія ладзіліся на Слонімшчыне. Звярнуўся, здавалася б, да аднадумцаў, да
апазіцыянераў, да тых, хто меў грошы і ўжо выдаў не адну кнігу іншых аўтараў.
Але паразумення з імі не знайшоў: слухалі затуліўшы вушы, адштурхнулі.
Не прывык здавацца. Таму прадумаў новы план. Маючы пэўны вопыт, зноў узяўся (ужо адзін) за
дапаможнікі для настаўнікаў. Неўзабаве стварыў ажно два: “Творческая азбука” і
“Алфавіт ад А да Я”. Прынёс іх у “Народную асвету”. Хоць мінула шэсць гадоў,
пра мяне там не забыліся. Зацікавіўшыся новай працай, супрацоўніца выдавецтва
прывяла мяне да загадчыцы рэдакцыі Бехцінай Веры Генадзьеўны. Яна пакінула
рукапісы ў сябе, а пасля станоўчай рэцэнзіі запаліла перад імі зялёнае святло.
З гэтага дня распачалася наша сумесная творчая праца, якая прынесла мне нямала
прыемных эмоцый. Спачатку (у 2008 годзе) “Народная асвета” выдала маю
“Творческую азбуку”, а ў 2009 – “Алфавіт ад А да Я”. У 2011 годзе свет убачыў
новы дапаможнік для настаўнікаў: “Забавный алфавит». Яшчэ адзін беларускамоўны дапаможнік (“Пагуляем у алфавіт”) у 2012
годзе выдаў ужо ў выдавецтве “Адукацыя і выхаванне”.
З Верай Генадзьеўнай часта перамаўляўся па тэлефоне, іншы
раз, калі прыязджаў у Мінск, спяшаўся да яе. Неяк паскардзіўся ёй, што даўно не
выходзілі мае мастацкія творы (апошняя мастацкая кніга – зборнік аповесцей і
апавяданняў “Залатая дзіда” – пабачыла свет у выдавецтве “Юнацтва” ў 2001
годзе), што даўно ляжаць на маім працоўным стале апавяданні і казкі для
малодшага школьнага ўзросту.
Вера Генадзьеўна папрасіла прыслаць гэтыя казкі. Хуценька
дапрацаваў іх і адправіў у Мінск. Прачытаўшы і параіўшыся з дырэктарам (свой
водгук, канешне, пакінуў і рэцэнзент), Вера Генадзьеўна паведаміла, што іх
падзеляць на дзве часткі і выпусцяць двума кнігамі. Так яно і сталася. У 2010
годзе выйшаў зборнік апавяданняў, казак і смяшынак “Каб мама ўсміхалася” (у
2012 годзе быў перавыдадзены), а ў 2011 годзе -- зборнік апавяданняў і казак
“Хітрая ліса” (у 2013 годзе перавыдадзены).
Шчаслівая хваля, узнятая Верай Генадзьеўнай Бехцінай, не
спадала. У 2010 годзе ў выдавецтве “Беларусь” у серыі “Школьная
бібліятэка” выйшаў зборнік маіх твораў
пад назвай “Аповесці”. Цяпер можаце падлічыць самі, колькі гадоў не выдаваліся
мае мастацкія творы.
Куй жалеза, пакуль гарачае. Гэту мудрасць жыцця я добра
засвоіў. Зноў жа пры добразычлівай падтрымцы Веры Генадзьеўны ў 2011 годзе выходзіць мая аповесць-казка “Я, Сямён і
барабашка”, у 2012 годзе -- аповесць пра
школьныя гады “Як дзядуля ў прыметы верыў” і кніга “Казкі-падказкі”. На гэтым
мы не спыніліся. 2014 год парадаваў мяне
выхадам зборніка апавяданняў, казак і смяшынак “Слёзкі Сонца”.
Час не стіць на месцы. Вера Генадзьеўна Бехціна – шчырая
прыхільніца маёй творчасці – пайшла на пенсію. Але яна, як гаворыцца,
раскруціла маё імя ў родным выдавецтве і ў творчым асяродку. “Народная асвета”
выдала яшчэ чатыры мае кніжкі: “Як Заяц і Воўк сябравалі ды навукі вывучалі”
(2017 год), “Матэматычныя казкі-падказкі” (2018 год), “Ветлівыя словы” (2019
год”), “Казкі-крыжаванкі” (2020 год).
Дзякуючы маёй настойлівасці і Веры Генадзьеўне Бехцінай
“Народная асвета” за адзінаццаць гадоў выдала пятнаццаць (з перавыданнямі) маіх
кніжак. Іх агульны тыраж складае 35 800 экзэмпляраў, а колькасць старонак –
1491.
З цёплым сумам часта ўспамінаю спагадлівую, адукаваную і
разумную Веру Генадзьеўну Бехціну. Іншы раз хацелася б пагаварыць з маёй
прыхільніцай, штосьці расказаць, параіцца, але мне яшчэ раней паведамілі, што яна
далёка, дзесьці ў Расіі. Пераехала туды.
Аляксей Якімовіч
27. 10. 2025.