Поиск по этому блогу

Як жывецца, настаўнік?


З напісанага даўней

Будзьма цярплівымі

Не так даўно прыйшоў да мяне сябар і расказаў аб тым, як абразіла яго незнаёмая жанчына, праведаўшы, што па веравызнанню ён католік.
“Сапраўдная, ісцінная вера праваслаўная”, -- так  прыкладна скончыла яна сваё, мякка кажучы, не зусім далікатнае павучанне.
-- Дык што ж выходзіць? Я, католік, чалавек ніжэйшага гатунку? – сумна скончыў ён.
Я, праваслаўны, глядзеў на майго сябра-католіка і мне, шчыра скажу, хацелася папрасіць у яго прабачэння, хоць маёй віны тут не было.
А яшчэ мне думалася: адкуль у нас такая злосць, адкуль такая непавага? Не адзін год на гэтай зямлі жывуць праваслаўныя, католікі, евангелісты, прадстаўнікі іншых рэлігій. Большасць з нас нарадзілася тут, на гэтай зямлі. Нездарма нас называлі тутэйшымі. А цяпер тутэйшымі мы называем і тых, хто пераехаў сюды пазней, хто пасяліўся тут, каб разам жыць, разам працаваць.
Мы добра памятаем, як зусім нядаўна з усіх нас імкнуліся вытравіць веру ў Бога, усіх зрабіць бязбожнікамі, атэістамі. Што ж, можна разбурыць храм, можна асляпіць сотні тысяч людзей, нагнаўшы на іх сатанінскага страху, але Веру – Веру ў Бога – не знішчыць. Яна жыла, яна будзе жыць, як жыве трава, увесну прабіваючыся да сонца. Нездарма ў нас захавалася вось якое паданне: “Калісьці жылі на гэтай зямлі асілкі. Самыя глыбокія рэкі былі ім да калена. Усіх у страху трымалі асілкі. Заганарыўшыся, самому Богу сталі пагражаць. Бог жа адняў у іх розум, і яны ілбамі пачалі разбіваць каменныя горы, нібы бараны. Так і загінулі, перавяліся”.
Мне думаецца, гэта мудрае паданне. Але чытача, відаць, цікавіць, што я, праваслаўны, сказаў свайму сябру-католіку.
Я сказаў яму так: “Перш за ўсё я гляджу, не якой ты веры, а які ты чалавек”.
І ў канцы вось што яшчэ хочацца сказаць: “Хрыстос прыцягваў людзей да свайго вучэння любоўю і дабрынёй, а не прымусам”.
Дык давайце навучымся паважаць адзін аднаго, будзьма цярплівымі.
                                                                  Аляксей Якімовіч, настаўнік Касцянёўскай 
                                                                  школы.
                                                                  Напісана ў лютым 1995 года.

Як жывеш, настаўнік?

Настаўнікам цяпер жывецца нялёгка. А як жа аплачваецца настаўніцкая праца?
Возьмем працу класнага кіраўніка. У большасці вясковых школ, дзе класы складаюць менш, чым пятнаццаць вучняў, ён атрымлівае ўсяго чатыры тысячы рублёў (праўда, у сувязі з апошнім павышэннем зарплаты нейкі мізэр дабавяць). Ці адпавядае гэтая зарплата рэальна затрачанаму часу на класнае кіраўніцтва? Давайце паглядзім, што павінен рабіць класны кіраўнік.
А вось што: праводзіць бацькоўскія сходы; весці класны журнал, дзённік назіранняў, праводзіць розныя анкеты і г. д.; адзін раз у тыдзень праводзіць класны час; рыхтаваць палітінфармацыі; кантраляваць вучобу і дцысцыпліну, выслухоўваючы папрокі з боку адміністрацыі; спяваць, танцаваць, быць дэкламатарам і рэжысёрам, рыхтуючы вучняў да розных вечароў, свят і сустрэч; ахвяруючы сваім вольным часам, быць на гэтых розных вечарах, святах і сустрэчах; восенню разам з вучнямі ўбіраць бульбу, буракі…
Гэты спіс можна прадоўжыць. Але і з яго бачна, што на класнага кіраўніка ўскладзена шмат абавязкаў. Па сутнасці, ён працуе бясплатна, на грмадскіх пачатках, а гэта ёсць тое, што ў цывілізаваным свеце завецца эксплуатацыяй чалавека.
Класны кіраўнік, на маю думку, павінен атрымліваць зарплату згодна са сваім рэальна затрачаным часам, як, напрыклад, атрымлівае кожны настаўнік-прадметнік за колькасць праведзеных гадзін, урокаў.
Сёння прафсаюзы змагаюцца за сацыяльную абарону правоў работнікаў. Пакуль маўчыць наш, настаўніцкі прафсаюз. Так можна дачакацца і да таго, што настаўнікі масава пачнуць адмаўляцца ад класнага кіраўніцтва.
                                                                  Аляксей Якімовіч, настаўнік Касцянёўскай 
                                                                  школы.
                                                                  Напісана ў студзені 1995 года.
                                                                  Газета тады магла каштаваць 100 рублёў.