Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс. Напісанне састаўных злучнікаў і злучніка затое

 

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ

 

Тэма: напісанне састаўных злучнікаў і злучніка затое.

Псіхалагічны настрой.                            

                                                          Далікатны, розны,

                                                          Знешні, блізкі,

                                                          Вогненны, ружовы –

                                                          Гэта словы нашай мовы.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

• Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

• Як  пішам: таму што ці тамушто?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Пачнём з правіла.

Запомніце! Састаўныя злучнікі складаюцца з двух або некалькіх слоў, якія выконваюць ролю аднаго слова [5, стар. 182, “Беларуская мова”].

Тлумачэнне.

Злучнік таму што – састаўны. 

Вырашэнне праблемнай сітуацыі, вывад.

Пішам: таму што.

Назавіце слова.

                                                             Перад тым як 

                                                                            Легчы спаць,

                                                             Можна крыху

                                                             Каля хаты… (пагуляць).

                                                                            Аляксей Якімовіч.

• Растлумачце напісанне  спалучэння слоў “перад тым як”.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

• Як  пішам злучнік: затое ці за тое?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Чытаем правіла.

Помніце! Адрознівайце супраціўны злучнік затое ад спалучэння прыназоўніка за і займенніка тое, якія пішуцца ў сказе асобна, -- за тое [1, стар. 146, “Беларуская мова”].

Злучнік затое не з’яўляецца галоўным або даданым членам сказа, да яго немагчыма паставіць пытанне, яго нярэдка можна замяніць блізкім па значэнні злучнікам але.

Указальны займеннік тое з прыназоўнікам за з’яўляецца членам сказа, да займенніка тое можна паставіць пытанне і замяніць яго адпаведным па сэнсе прыметнікам або назоўнікам [4, стар. 190, “Беларуская мова”].

Вырашэнне праблемнай сітуацыі, вывад.

Пішам: затое.

Скорагаворка.

Паўла паважалі (за) тое, што быў працавіты (Аляксей Якімовіч).     

• Як напішаце (за)тое: асобна ці разам? Чаму?

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма напішыце беларускае слова “злучнік” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Запамінаем! Ёсць парныя састаўныя злучнікі, кожная частка якіх адносіцца да розных аднародных членаў або частак складанага сказа [1, стар. 140, “Беларуская мова”].

Напрыклад: не столькі – колькі.

Працуем са спалучэннямі слоў.

• Са злучнікам хоць -- але прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

• Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў сказамі?         

Для даведкі: Алеся хоць не клікалі, але ён прыйшоў – дождж хоць разышоўся, але на дварэ было людна.

Праца са сказам.              

Складзіце скорагаворку са слоў.

Звяры, не толькі, але і, птушкі, весяліліся. (Весяліліся не толькі звяры, але і птушкі.)

• Растлумачце напісанне выдзеленага слова.

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                         Выйшла, узнялося,

                                                         Пасля таго як сонца

                                                         Жыццё распачалося.

                                                         На ўзгорачку у ляску

Адказ: 1 – 2, 2 – 1, 3 – 4, 4 – 3.

• Знайдзіце ў вершы слова з арфаграмай на вывучанае правіла. Да якой часціны мовы яно адносіцца? Як утворана?

Сустрэча з фразеалагізмам.

Назавіце фразеалагізмы ў вершы Аляксея Якімовіча, якія абазначаюць “як  трэба, як павінна быць” і “без сведак, без чужых”.

                                                           Не паспаў …,

                                                           Не адпачыў,

                                                           Затое …

                                                           Сена накасіў.

• Дакажыце, што ў вершаваным творы ўжыты злучнік.

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: кя делс; мас-масан. [2, стар. 258, 350, “Фразеалагічны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                Міхал, як толькі ажаніўся,

                                                Тады ж ад бацькі аддзяліўся,

                                                Бо стала (т, ц)есна. З той пр(ы, і)чыны

                                                Хадзіў на сплаў ён, на віціны,

                                                Разоў са два схадзіў у Прусы –

                                                Куды не трапяць беларусы? [3, стар. 27, “Паэмы Я. Коласа”].

Для даведкі.

Віціны – судны, на якіх перавозілася збожжа.

У Прусы – у Прусію.

• Ці ёсць у вершаваным тэксце злучнік, які складаецца з двух слоў. Калі ёсць, то якія словы ён злучае?

Адказы на пытанні.

•  Што вы ведаеце пра састаўныя злучнікі?

•  Ці адносіцца да састаўных злучнікаў затое? Якім іншым злучнікам яго можна замяніць?

Тэст.

Адзначце састаўныя парныя злучнікі:

1) так што;

2) не столькі – колькі;

3) пасля таго як;

4) а раз – то;

5) перад тым як;

6) для таго каб;

7) як – так.

Адказ: 2, 4, 7.

                                                                                                            

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Валочка, Г. М., Язерская С. А. Беларуская мова : Падруч. для 7-га кл. агульнаадукац. шк. з беларус. мовай навучання. 2-е выд. – Мн. : Нар. асвета, 1998. --  206 с.:  іл.

2. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

3. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

4. Валочка Г. М. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 7-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання / Г. М. Валочка, В. У. Зелянко, С. А. Язерская. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --  240 с.

5. Валочка Г. М. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання / Г. М. Валочка [і інш.]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --  232 с.

 

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, ліпень 2022 года, № 7.