Быў выпадак
У мяцеліцу
З падслуханага.
Гэта адбылося ў Сібіры, дзе, як вядома, стаяць халодныя
зімы.
Расказвае былы вясковы хлапчук (назавём яго Піліпам), які
тады вучыўся ў трэцім класе.
Мяцеліца распачалася з самай раніцы. Дзьмуў, завываў за
завуголлем халодны вецер.
-- Можа, я не пайду сёння ў школу? – нясмела звярнуўся да
бацькі Піліп.
Бацька строга паглядзеў на яго.
-- А хто ж будзе вучыцца за цябе?
У пакой прытупала маці.
-- У школу не хоча ісці, -- паведаміў ёй бацька.
-- Ідзі. Трэба ісці, -- сказала маці.
-- Моцны вецер на дварэ. Усё вакол замятае.
-- Ідзі! -- паўтарыла маці. – Сціхне вецер, супакоіцца.
Жывучы ў халодным краі, яна прывыкла і да маразоў, і да
халоднага ветру.
Што заставалася рабіць Піліпу? Ён узяў партфелік і выйшаў
на двор. Вецер секануў па твары, абсыпаўшы яго халоднымі сняжынкамі, падобнымі
да цвёрдай крупы.
Піліп затуліўся партфелем і выйшаў на ледзь прыкметную
дарогу, на якой ужо выраслі вялікія гурбачкі снегу.
Вецер дзьмуў у грудзі, не даваў ісці.
“Ён зараз пакоціць і засыпле мяне снегам”, -- прабегла ў
галаве трывожная думка.
Піліп зразумеў, што да школы не зможа дайсці, не хопіць
сілы. Ён павярнуўся і неўзабаве зайшоў у хату.
-- Вярнуўся? – убачыўшы яго, усклікнула маці.
Піліп усхліпнуў.
-- Вецер мяне ледзь не пакаціў!
Бацька ўзяў сына за руку.
-- Разам пойдзем у школу.
-- Але, завядзі яго! – прагаварыла маці.
У той дзень, нягледзячы на мяцеліцу, бацька завёў Піліпа
ў школу, даў рады. На калідоры іх сустрэла настаўніца.
-- Сёння не будзем вучыцца, адмянілі ўрокі, --
усміхнуўшыся, сказала яна.