Поиск по этому блогу

Дзеепрыслоўе як асобая форма дзеяслова: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля

 

              Тэма: Дзеепрыслоўе як асобая форма дзеяслова: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля.

              Псіхалагічны настрой.            

                                                          Склады шоў, прый, шы

                                                          Я старанна вымаўляю,

                                                          Дзеепрыслоўе з іх складаю.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

• Назавіце слова (дзеепрыслоўе), у якое ўваходзяць склады шоў, прый, шы. (Прыйшоўшы.) Запішыце яго.

• Якую тэму мы сёння будзем вывучаць? Здагадаліся?

Вучымся разважаць.

• Запішыце сказ з дзеепрыслоўем.

Прыйшоўшы, Алесь сказаў, каб мы не хваляваліся (Аляксей Якімовіч.)

• Якое слова паясняе дзеепрыслоўе прыйшоўшы? (Дзеяслоў-выказнік “сказаў”.)

В ы в а д: дзеепрыслоўе ў сказе, словазлучэнні паясняе дзеяслоў-выказнік.

• Пастаўце пытанне да дзеепрыслоўя ад дзеяслова-выказніка, які яно паясняе.

Сказаў (к а л і?) прыйшоўшы.

• Якое дзеянне ў словазлучэнні дадатковае? (Прыйшоўшы.)

• Выберыце патрэбнае:

а) дзеепрыслоўе абазначае дадатковае дзеянне;

б) дзеепрыслоўе абазначае дзеянне прадмета.

А д к а з: а.

Д л я   д а в е д к і.

Пытанні, на якія адказвае дзеепрыслоўе: я к? якім чынам? к а л і? ч а м у? і іншыя.

• Прачытайце ў вучэбным дапаможніку па беларускай мове для 7-га класа тэарэтычны матэрыял параграфа 29 і праверце, ці правільна вы разважалі.

Праца са словам.

Адгадайце загадку.

                                                    На сетачку сеўшы,

                                                    З ветрыкам ляціць.

                                                    Як пілот сапраўдны,

                                                    Ён на ёй сядзіць. (Павучок.)

                                                                         Аляксей Якімовіч.

   • Вызначце дзеепрыслоўе ў тэксце. (Сеўшы.)

• Назавіце слова, якое рыфмуецца з дзеепрыслоўем «сеўшы».

Напісаўшы, пішучы, празвінеўшы, падняўшы, расплюшчыўшы.  

   (Празвінеўшы.)

         • Ці ўсе гэтыя словы з'яўляюцца дзеепрыслоўямі? Абгрунтуйце сваю думку.

• Ці можна змяніць форму гэтых дзеепрыслоўяў?  (Дзеепрыслоўе не змяняецца.)

• Складзіце і запішыце сказ з дзеепрыслоўем сеўшы.

Назавіце словы.

                                          Праехаўшы, спыніўся,

                                          Прыгнуўшыся, … (спусціўся).

                                          Падняўшыся ўгару, 

                                          Убачылі … (нару).

                                                           Аляксей Якімовіч.

• Якім членам сказа з’яўляецца дзеепрыслоўе? (У сказе дзеепрыслоўе з’яўляецца акалічнасцю.)  Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага дапаможніка.

• Падкрэсліце дзеепрыслоўі як члены сказа  ў вершаваным тэксце.

• У слове “праехаўшы” пасля ш пішам ы.  А як чытаем? (Цвёрда.)

   Хвілінка кемлівасці.

   Дапішыце прыказкі і прымаўкі, выбраўшы патрэбны варыянт з прапанаваных.

              1. Не ў тыя рукі папала, каб лежачы спала, …(выспішся і бегаючы). 2.

  Разышліся, як мышы, … (стог з’еўшы). 3. Каб не было дакукі, … (не сядзі  

  склаўшы рукі). 4. Лежачы, … (яды не здабудзеш). 5. Не памыўшыся, … (няма

  чаго прыбірацца).

             [1, с. 89, 91, 103, 104, 259, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча]  

 П р а п а н а в а н ы я  в а р ы я н т ы: стог з’еўшы; яды не здабудзеш; няма чаго прыбірацца; выспішся і бегаючы; не сядзі склаўшы рукі.

• Як вы разумееце сэнс выразу каб не было дакукі? (Каб не было сумна, каб не дакучаў камусьці.)

   • Вызначце склон залежнага слова ў словазлучэнні стог з’еўшы.

   • Назавіце зваротнае дзеепрыслоўе. (Памыўшыся.) Як вы вызначылі, што яно зваротнае?

Працуем са спалучэннямі слоў.          

• Да спалучэння слоў пазіраючы на гараж падбярыце спалучэнне з сінонімам, які з’яўляецца дзеепрыслоўем.

• Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

• Вызначце трыванне дзеепрыслоўяў. Як вы гэта зрабілі?

• Што вам вядома пра напісанне слова “гараж”? (Парныя звонкія гукі на канцы слоў аглушаюцца. Каб не памыліцца ў напісанні, падбіраем праверачнае слова з галосным пасля зычнага: гараж -- гаражы.)

Д л я  д а в е д к і: пазіраючы на гараж – гледзячы на гараж.

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Ці згодны вы з наступным сцверджаннем?

Не раскусіўшы зерня, арэх не з’ясі.

       • Запішыце сказ у выпраўленым варыянце. (Не раскусіўшы арэх, зерня не з’ясі) [1, с. 106, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].

         • Вызначце дзеепрыслоўе. Які дзеяслоў-выказнік яно паясняе? Выпішыце гэта словазлучэнне.

Гульня “Шукаю сябра”.

         Падбярыце слова з такімі ж марфалагічнымі прыметамі, як і ў дзеепрыслоўя памыўшыся, ужытага ў рубрыцы “Хвілінка кемлівасці”.                                    

Фізкультхвілінка.

Успомніце, якое беларускае слова-дзеепрыслоўе вы запісалі ў пачатку ўрока. (Прыйшоўшы.) На столі, на сцяне вачыма напішыце яго і лагодна ўсміхніцеся яму, добраму і ласкаваму.

Пазнайце слова.

Пазнайце слова па яго апісанні: прыстаўка, як у слове “наліпаць”, корань, як у слове “каса”, суфікс, як у слове “задумаўшы”.

Так, гэта слова “накасіўшы”. Дзякуючы кораню, прыстаўцы і суфіксу мы здагадаліся, як яно гучыць. А да якой часціны мовы адносіцца? (Гэта дзеепрыслоўе.) Як вы гэта дакажаце?

Скорагаворка.

Вымаўляем правільна.

Сядзіць, улезшы ў трубу (Аляксей Якімовіч).

• Назавіце дзеепрыслоўе і вызначце якое яно: зваротнае ці незваротнае. Абгрунтуйце свой адказ.

• Як вымаўляецца спалучэнне зычных у слове “улезшы”?

Запомніце! Пішам улезшы, а вымаўляем [ул′э‾шы]. 

Праца з дыялогам.

Выкарыстаўшы дзеепрыслоўі, дапоўніце дыялог Аляксея Якімовіча адказамі суразмоўцы. Устаўце прапушчаную літару. У якой частцы слова яна знаходзіцца?

-- Васілёк, як ты сябе адчува..ш пасля сваркі са знаёмым? (Пасварыўшыся са знаёмым, я доўга не магу супакоіцца.)

         -- Нават дома?  (-- Вярнуўшыся дамоў, доўга не знаходжу сабе месца.)

         -- Ты часта сварышся? (Вельмі рэдка. Не пары гарачку, жыві, стрымліваючы пачуцці. Гэтаму вучыць мяне тата.)

         • Выпішыце дзеепрыслоўі і вызначце іх трыванне.

         • Вучаніца сказала: “Як і прыслоўе, дзеепрыслоўе не скланяецца”. Удакладніце сцверджанне вучаніцы.

         Праца з вершаваным тэкстам.

Вось што дзеепрыслоўе паведамляе пра сябе:

                                                   Дзве прыметы маю:

                                                   Дзеяслова і прыслоўя.

                                                   Ад душы я вас вітаю

                                                   І жадаю вам здароўя.

                                                                    Аляксей Якімовіч.

• Пабудуйце сказ з дзеепрыслоўем. Вызначце, якія прыметы дзеяслова і прыслоўя яно мае.

Праца са словам.

Складзіце дзеепрыслоўе з другіх літар наступных слоў: сшытак, сустрэць, склеіць, мастак, люстэрка, пчаляр, рызыкаваць. (Шукаючы.)

• Вызначце трыванне  дзеепрыслоўя шукаючы і пабудуйце з ім словазлучэнне (Шукаючы грыбы.)

• Якія гукі абазначае літара ю ў слове “шукаючы”?

З пазычаных складоў.

Прачытайце словы. Вазьміце па адным складзе з кожнага і ўтварыце дзеепрыслоўе.

Агонь, пярына, рэха, дзіўны, шыба. (Апярэдзіўшы.)

• Выберыце патрэбнае.

Апярэдзіўшы (усіх, брата, аднавяскоўца, сябе, знаёмага).

       • Падбярыце аднакаранёвае слова да дзеепрыслоўя апярэдзіўшы. (Уперад.)

          • Перакладзіце дзеепрыслоўе апярэдзіўшы на рускую мову. (Опередив.)  

      Параўнайце  гучанне і напісанне.

• Назавіце слова.

Апярэдзіўшы сяброў,

                                             Як мага бягу … (дамоў).

                                                            Аляксей Якімовіч.

• Запомніце, як пішацца дзеепрыслоўе апярэдзіўшы.

Перакладаем.

Запішыце па-беларуску.

1. Проснувшись с восходом солнца, я отправился в лес (Аляксей Якімовіч). 2. Приближаясь к нам, поезд грохотал стальными колёсами (Аляксей Якімовіч). 3. Весело улыбаясь, сестра внимательно смотрела на меня (Аляксей Якімовіч).

• Назавіце ў тэксце дзеепрыслоўі.

С л о ў н і к: грохотать – грукатаць.

Сустрэча з пісьменнікам.

Ва ўрыўку з кнігі Аляксея Якімовіча “Карп у футры” ўстаўце прапушчаныя літары.

         Дождж ліў як з вядра. Бліскала маланка, раз-пораз, паўтараючыся, як р..ха, грымеў гром. У агаро..чыку гнуліся ад ветру вішні і яблыні.

         У доўгім, да самых пят, плашчы, Ён падышоў да хл..ва і адчыніў дзверы. Яны працяжна зарыпелі. Ён сцяўся, прыслухоўваючыся. Дзесьці зусім блізка бліснула маланка і грымнуў гром. Увагнуўшы галаву ў плеч.., Ён таропка ўвайшоў у хлеў і ўключыў ліхтарык.

         У загарадзе ляжалі карова і лысенькі, з белай плямай на лобе бычок. Карова павярнула да яго галаву і махнула ёю, як бы вітаючыся з ім, а бычок устаў і, наблізіўшыся да Яго, тыцнуў пысай у мокры плашч (Аляксей Якімовіч) [2, с. 11, “Карп у футры”].

• Падкрэсіце дзеепрыслоўі як члены сказа.

Гульня “Шукаю сябра”.

Да дзеепрыслоўя увагнуўшы, ужытага ў рубрыцы “Сустрэча з пісьменнікам”, падбярыце дзеепрыслоўе з такімі ж марфалагічнымі прыметамі.

Падбярыце патрэбнае.

З двух прапанаваных у дужках варыянтаў выберыце той, які падыходзіць да першага слова па сэнсе.

Галіцца (грэцца, штодзень).

• Якім словам можна замяніць дзеяслоў “галіцца”? Выберыце патрэбнае: брыцца, радавацца.

                                                   Прысеўшы на пяньку,

                                                   Заяц весяліцца:

                                                   “Вожык ходзіць валасаты,

                                                   “Не хоча галіцца!”

                                                                    Аляксей Якімовіч.

• Што вы можаце сказаць пра дзеепрыслоўе “прысеўшы”, выкарыстанае ў вершаваным тэксце?

• Падбярыце сінонім да слова “хоча”.

Адказы (словы напісаны наадварот): ьнездотш; аццырб; еадаж.

              Праца са сказамі.  

     1. …, Сымонка адчыніў  дзверы хаты і выйшаў на двор (Аляксей Якімовіч). 2. Вецер прабегся па вершалінках дрэў, штосьці … ім на развітанне (Аляксей Якімовіч). 3. …, Міхась выказаў аднакласніку ўсю праўду (Аляксей Якімовіч). 4. Крыху …, хлапчукі накіраваліся ў клас, дзе іх ужо чакала настаўніца матэматыкі (Аляксей Якімовіч).

• Устаўце ў сказы птрэбныя дзеепрыслоўі.

Д л я  д а в е д к і: прашаптаўшы, памаўчаўшы, павячэраўшы, узлаваўшыся.

• Якія дзеепрыслоўі тут рыфмуюцца?

                                                  1. З дзеепрыслоўем прыязджаючы

                                                  Рыфмуецца дзеепрыслоўе чы.. .

                                                  2. З дзеепрыслоўем носячы

                                                  Рыфмуецца дзеепрыслоўе ко.. .

                                                  3. З дзеепрыслоўем сеючы

                                                  Рыфмуецца дзеепрыслоўе ра.. .

                                                  4. З дзеепрыслоўем сказаўшы

                                                  Рыфмуецца дзеепрыслоўе у.. .

                                                  5. З дзеепрыслоўем патросшы

                                                  Рыфмуецца дзеепрыслоўе пры.. .

                                                  6. З дзеепрыслоўем пастараўшыся

                                                  Рыфмуецца дзеепрыслоўе раз.. .

                                                  7. З дзеепрыслоўем брукаючыся

                                                  Рыфмуецца дзеепрыслоўе ві.. .

• Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): ычюатыч, ычясок, ычюемузар, ышўязу, ышсёнырп, ясышўатівзар, ясычюатів.                                    

7. Падвядзенне вынікаў.

На ўроку Міколка выканаў практыкаванне, праверыў і хацеў здаць сшытак, але Ніна спыніла яго.

-- Пачакай, -- прашаптала яна. – Ты не падкрэсліў зацвярдзелыя зычныя ў слове “адпачыўшы”.

• На якое пытанне адказвае слова “адпачыўшы” ў сказе “Адпачыўшы, дзеці накіраваліся дамоў”? (Калі?)

• Якая гэта форма дзеяслова? (Дзеепрыслоўе.)

• Што абазначае дзеепрыслоўе і на якія пытанні адказвае?

• Якія граматычныя прыметы дзеяслова і прыслоўя мае дзеепрыслоўе?

• Якім членам сказа з’яўляецца дзеепрыслоўе?

• Назавіце зацвярдзелыя зычныя ў дзеепрыслоўі адпачыўшы. (Ч, ш.)

8. Тэст.

Адзначце дзеепрыслоўі.

1) Згубіўшы;

2) згублены;

3) пакаштаваўшы;

4) прывязаўшы;

5) спартыўны;

6) прыдумаўшы;

7) адчыніўшы.

Адказы: 1, 3, 4, 6, 7.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

2. Якімовіч, А. М. Карп у футры : апавяданні, вершы, прыпеўкі  / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 167 с.

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, № 10, 2024 год.