Поиск по этому блогу

Пісьменнік і яго прыхільнікі -- 5

 

Пісьменнік і яго прыхільнікі -- 5

 

Гісторыя пятая

 

Колькі гадоў таму назад выступаў у гімназіі горада Слоніма перад вучнямі пачатковых класаў. Іх сабралася нямала: занялі ўсё памяшканне вялікай залы.

Мне заўжды падабалася там выступаць. Дзеткі з гэтай гімназіі былі дапытлівыя, слухалі мяне ўважліва, лавілі літаральна кожнае слова. Няўдзячных слухачоў там не заўважаў. А яшчэ яны ахвотна набывалі мае кнігі, якія, бывала, прыносіў з сабою. Неяк набылі больш, чым сто асобнікаў. Вялікая чарга выстраілася за імі, разабралі ўсё, што прынёс, нават не хапіла. Доўга падпісваў аўтографы. А адна дзяўчынка падарыла мне невялікую фігурку незвычайнага чалавечка (як мне здаецца, асілка), які трымае над галавою нейкі цяжар. Калі паказаў гэту фігурку сваёй маці (вядома, каб пахваліцца), яна сказала мне: “Беражы яе”. Берагу да сённяшняга дня як добры талісман, абярэг і прыемны ўспамін.

Ужо напрыканцы выступлення настаўніца паказала мне на маленькую прыгожую дзяўчынку і прамовіла, назваўшы яе: “Яна чытае ўсе вашы творы, якія ёсць у бібліятэках ці з’яўляюцца ў друку”. Кнешне, такое паведамленне ўзрадавала мяне. У той дзень я падарыў дзяўчынцы сваю кнігу. Думаю, што і яе гэта ўсцешыла.

Вось такія чытачы нам, літаратарам, паэтам і пісьменнікам, даюць творчую сілу, натхняюць на напісане новых твораў. Не раз і не два думаю пра тых слаўных беларускіх дзяўчынак, пракручваючы ў памяці свае сустрэчы, выступленні. Хацелася б ведаць, як склалася іх жыццё.

Не спатыкайцеся на дарозе жыцця,  мілыя беларусачкі. Няхай спрыяе вам лёс! 

          4. 09. 25.