Аляксей Якімовіч
Быкам хвасты круціць
Мастацкі
гіпотэз
Каля вёскі Пасінічы жыў вельмі ліхі пан: сквапны,
зайздросны і злосны.
Неяк сустрэліся пасініцкія сябры Янка і Мацей.
-- Учора панскі гайдук майго сына крапівою хвастаў, рукі
і нават твар яму паапякаў, -- паскардзіўся Янка.
-- За што? – вырвалася ў Мацея. Не па сабе яму стала, як
пачуў гэткае.
-- У пана каля плоту вішня расце. А мой хлопец падскочыў
і тры вішанькі сарваў.
-- А яны ўбачылі?
-- Убачылі і пакаралі.
-- Ён і майго хлопца некалі на калені паставіў, --
успомніў Мацей. – Тады пану здалося, што наша карова на яго луг зайшла, траву
там павыядала.
-- Гэтаму танцу не будзе канца. Давай яго пакараем, --
прапанаваў Янка. Ён цэлую раніцу думаў, як пана правучыць. Здаецца, дадумаўся.
--Як ты яго пакараеш? – развёў рукамі Мацей.
Янка прысеў на лаўку і расказаў суседу, што ён задумаў.
-- Не атрымаецца, не паверыць нам пан, -- выслухаўшы,
засумняваўся Мацей.
-- Трэба паспрабаваць. Магчыма, атрымаецца, -- пачаў
пераконваць яго Янка.
-- Што ж, паспрабуем. Дзе наша ні прападала! -- мусіў
пагадзіцца Мацей.
Пана яны знайшлі на лузе, дзе пастух Мікіта пасвіў
панскія бычкі і кароўкі. А цыбаты пан у новых блішчастых ботах хадзіў
непадалёку.
-- Што ён там шукае? – наблізіўшыся да Мікіты,
пацікавіўся Янка.
-- Рамонкі рве. Маладая паненка з суседняга маёнтка да
яго павінна прыехаць. Хоча падарыць ёй, -- ахвотна растлумачыў Мікіта.
“Няма чаго рабіць яму”, -- падумаў Янка і разам з Мацеем
наблізіўся да пана.
-- Дажджу даўно ў вас не было! – нібыта паспагадаў пану
Янка.
Зачапіла гэта пана.
-- Трава сохне, ячмень прападае, -- прыціскаючы да
грудзей букет падвялых на сонцы рамонкаў, працадзіў ён праз зубы.
-- А ў нас ноччу дожджык добра зямлю паліў! – вырашыў
дапамагчы сябру Мацей. Сапраўды, гэтай ноччу някепскі дождж прайшоў у іх, з
горак нават жвавыя ручайкі пацяклі, утварыўшы ў нізінках цёплыя калюжыны.
-- Побач жывём! У вас прайшоў, а ў нас ні кроплі не
капнула! – скрывіўся пан. Канешне, пазайздросціў ён пасініцкім сялянам, зямля якіх знаходзіліся непадалёку,
за горачкай.
-- І гэтай ноччу ў нас пройдзе дождж, -- нечакана заявіў
Янка.
Пан тыцнуў пальцам, паказаўшы на неба.
-- Туды залезеш і хмару прывалачэш, над Пасінічамі
павесіш?
-- Мы ведаем, як дождж выклікаць, -- зноў уступіў у
размову Мацей.
-- Яны ведаюць!.. Ха-ха-ха… -- гучна зарагатаў пан.
Канешне, не паверыў ён Мацею і Янку: лічыў, што ўсе сяляне дурнаватыя,
тупаватыя.
-- Ведаем! -- паўтарыў Янка.
Пан перастаў рагатаць, насупіўся.
“Зараз ён раскрычыцца, прагоніць нас, каб і духу нашага
тут не было”, -- падумаў Янка і сказаў:
-- Мы ўчора быкам хвасты круцілі.
-- І сёння будзем
круціць, -- дадаў Мацей.
-- Каб дождж выклікаць? – выдыхнуў пан і пачырванеў ад
злосці. “Яны насміхаюцца з мяне. Шкада, што гайдука паблізу няма. Загадаў бы,
каб пакараў іх”, -- прабегла ў яго галаве.
-- Можаце не верыць нам, але так было: круцілі хвасты,
выклікалі дождж, -- прамовіў Янка.
Мацей пацягнуў Янку за рукаў кашулі.
-- Хадзем! Нагаварыліся!
-- Пачакайце, пачакайце! – спыніў сяброў пан. -- Вы з
мяне не збыткуеце?
-- З паноў мы ніколі не збыткуем, -- заверыў Янка.
-- Паны не любяць, калі з іх збыткуюць, -- уставіў сваё
слова Мацей.
Пан стаіць, думае, не ведае, што рабіць яму.
-- Мы круцілі і спявалі, -- парушыў маўчанне Янка.
-- Як спявалі? – устрапянуўся пан.
Янка і Мацей разам заспявалі:
Хмаркі,
хмаркі, прыплывайце,
Цёплы дожджык
прысылайце!
Дожджык,
дожджык, палівай,
Дай багаты
ураджай.
Да пана наблізіўся пярэсценькі бычок. Лізнуў языком
букет.
-- Вось як дам! – замахнуўся нагою пан.
-- За хвост яго пацягніце! – параіў Янка.
-- Каб дождж пайшоў?
-- Пойдзе ноччу! Цёпленькі!
Пан азірнуўся, як воўк, якога абклалі, і схапіў бычка за
хвост. А бычок упіраецца, не даецца.
Янка і Мацей накіраваліся на дарогу, спяваючы:
Хмаркі,
хмаркі, прыплывайце,
Цёплы дожджык
прысылайце!
Дожджык,
дожджык, палівай,
Дай багаты
ураджай.
Бачаць: па дарозе маладая прыгожая паненка на сівым кані
едзе.
-- Да нашага пана, -- адзначыў Мацей.
-- Букецік хоча атрымаць! -- засмяяўся Янка.
Паненка спынілася і паказала рукою на пана, які ўсё яшчэ
трымаў за хвост бычка.
-- Сяляне, што ваш пан там робіць?
-- Быкам хвасты круціць, -- адказаў Янка.
-- Забаўка ў яго такая! Смешна і пацешна! – прагаварыў
Мацей.
-- Вось з кім я звязалася! – прамовіла паненка і,
прышпорваючы сівага, паімчалася дамоў.
А з таго пана і паны, і сяляне сталі смяяцца, жываты ад
смеху надрывалі, калі праведалі, што быкам хвасты круціць. Не вытрымаў пан
кпінаў. За мяжу паехаў.
З таго дня пра тых, хто робіць тое, што не патрабуе
ўмення, кемлівасці, хто займаецца пустой справай, сталі казаць быкам хвасты круціць.
Здагадаліся сяляне,
Як
ім пана правучыць.
З
таго часу ён зарокся
Быкам хвасты круціць.
Надрукаваны ў кнізе “Нязваныя госці”.
Якімовіч, А. М. Нязваныя госці :
прыгодніцка-гістарычная аповесць, мастацкія гіпотэзы, вершы, прыпеўкі для
настрою / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2022. – 199 с.