Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 4 класе. АСНОВА СЛОВА ЯК ЧАСТКА СЛОВА БЕЗ КАНЧАТКА. ВЫЗНАЧЭННЕ КАНЧАТКА І АСНОВЫ СЛОВА

 

Творчы ўрок у 4 класе.  АСНОВА СЛОВА ЯК ЧАСТКА СЛОВА БЕЗ КАНЧАТКА. ВЫЗНАЧЭННЕ КАНЧАТКА І АСНОВЫ СЛОВА

 

Мэты: засвоіць паняцце аснова слова як частка слова без канчатка;  фарміраваць уменні і навыкі вызначаць канчатак і аснову слова; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; развіваць памяць вучняў; паказаць прыгажосць народнага слова; вучыць дапамагаць старэйшым.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

                                                          Шаноўны, паважаны,

                                                          Чырвоны, ружовы.

                                                          Любім, вымаўляем

                                                          Нашай мовы словы.

                                                                    Аляксей Якімовіч.

Якія беларускія словы вы ведаеце? Назавіце іх.

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Бусел сена накасі..

                                                      І гняздо сабе зрабі...

                                                      А як сонейка зайшло,

                                                      Жабак ў госці запрасі..!

                                                                   Аляксей Якімовіч.

Устаўце прапушчаныя літары.

Вызначце канчатак у слове “сена”.

4. Чыстапісанне.

Прачытайце прымаўку.

Яслі да каня не ідуць  [4, с. 274, “Беларускія прыказкі Я. Рапановіча”].

Як вы разумееце яе? Растлумачце значэнне слова “яслі”. (Тут: спецыяльна зробленае месца, дзе кормяць каня, куды кладуць яму сена.)

Вызначце канчатак у слове “каня”.

З якой літары пачынаецца слова “як”? (Я)

Запішыце літару я.

       Я     яяя     я я

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Настаўнік. Раскрыйце значэнне слова “аснова”. (1. Ніжняя або ўнутраная частка, апора чаго-небудзь. 2. Тое галоўнае, на чым ствараецца што-небудзь, што з’яўляецца сутнасцю чаго-небудзь)  [1, с. 43, “Тлумачальны слоўнік”].

 Што азначае слова “аснова” ў граматыцы? Тэма сённяшняга ўрока “Аснова слова як частка слова без канчатка. Вызначэнне канчатка і асновы слова” неўзабаве дасць адказ на гэта пытанне.

Паслухайце, што гавораць пра аснову слова казачныя героі Сарока і Шпачок.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Прыбег Шпачок да сяброўкі Сарокі і пахваліўся:

-- Я знайшоў верш пра коціка і кошку!

Сарока якраз у хаце падмятала і любімую песеньку напявала:

-- А ты, каток шэры,

                                                    Прыйдзі павячэраць,

                                                    Будзем у нас начаваць,

                                                    Разам Галю калыхаць.

                                                                       З народнага.

Канешне, Сарока перастала спяваць, як толькі пачула, што Шпачок знайшоў незвычайны верш. Праўда, на хвілінку яна засумнявалася. А таму запыталася:

-- А ты не хлусіш?

-- Хіба я калі-небудзь табе хлусіў? – з крыўдай прамовіў Шпачок.

Сарока прыязна ўсміхнулася Шпачку,  паставіла ў кут венік і села на канапу.

-- А ты не мог бы прачытаць гэты верш?

-- Магу. Я яго на памяць вывучыў, -- заявіў Шпачок і прачытаў выразна, каб перадаць пачуцці, якія перапаўнялі яго:

                                                           А ты, коцік шэранькі,

                                                           Твой хвасточак беленькі.

                                                           Ходзіць кіска ля лаўкі,

                                                           Водзіць кошку за лапкі [2, с. 10, 11, “Беларуская дзіцячая літаратура”].

                                                                         З народнага.

-- Малайчына! – пахваліла суседа Сарока.

-- А ты ведаеш, што слова “хвост” усё з’яўляецца асновай? – запытаўся Шпачок.

-- Такога не можа быць! – сказала, як адрэзала, Сарока.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Спішыце. Выдзеліце канчаткі назоўнікаў, прыметніка і дзеяслова зазвінела.

                                                       Прыгожы куст бэзу

                                                       Зацвіў ля акна.

                                                       Пчала зазвінела:

                                                       -- У нас ўжо вясна!

                                                             Аляксей Якімовіч.

Чым вы кіраваліся пры вызначэнні нулявога канчатка? Ці змяняецца значэнне слова пры змене канчаткаў?

Абазначце ў першым радку верша часткі слоў без канчаткаў -- асновы.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Асновай з’яўляецца частка зменнага слова без канчатка. А нязменнае слова ўсё з’яўляецца асновай,  бо яно не мае канчатка.

У аснове слова заключаецца яго значэнне.

Узнаўленне пачутага.

Вы згодны са Шпачком? Слова “хвост” усё з’яўляецца асновай?

Праца з загадкай.

Прачытайце і адгадайце народную загадку.

Маленькае, залаценькае,

                                                  А ўсё поле асвеціць. (Сонца.) [4, с. 360, “Беларускія прыказкі Я. Рапановіча”].

Як можна вызначыць аснову слова “сонца”? Сваю думку абгрунтуйце. Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага дапаможніка.

Самастойная праца.

Пастаўце знакі прыпынку ў вершаваным тэксце і прачытайце яго з патрэбнай інтанацыяй.

                                                           Што так свеціцца ўгары(?)

                                                           Сонца выйшла з-за гары (.)

                                                                                  Аляксей Якімовіч

Як можна вызначыць аснову слова “ўгары”? Сваю думку абгрунтуйце. Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага дапаможніка.

Тэкст па памяці.

Напішыце тэкст па памяці.

-- Мама, я ведаю слова з трох літар, якое б’ецца.

-- Назаві яго, Аленка.

-- Кот.

Хіба кот б’ецца?

-- Б’ецца, калі напісаць і прачытаць наадварот (Аляксей Якімовіч “Слёзкі Сонца”, стар. 91) [8, с. 91, “Слёзкі Сонца”].

Назавіце слова з нулявым канчаткам. Абазначце яго аснову.

Праца з тэкстам.

Прачытайце тэкст. Назавіце асновы ў выдзеленых словах. Якое з гэтых слоў не змяняецца і не мае канчатка?

У хаце бабуля, дзядуля, Аленка і тата Аленкі.

-- Ну, мужчыны, пойдзем на двор! Градкі трэба ўскапаць! – урачыста паведамляе бабуля.

Дзядуля бярэ шапку і разам  з бабуляй накіроўваецца на двор. Тата Аленкі заходзіць у залу і бярэ ў рукі газету.

-- Тата, а ты не мужчына? – зірнуўшы ў залу, пытаецца Аленка (Аляксей Якімовіч “Слёзкі Сонца”, стар. 90) [8, с. 90, “Слёзкі Сонца”].          

Дайце назву тэксту. Вызначце яго тэму.

Выразнае чытанне.

Мы ўсе прыгожа вымаўляем беларускія словы, асабліва вершы на беларускай мове ў нас гучаць выдатна. Так? Паслухайце верш пра вераб’я і Антосіка.

Напявае верабей:

                                                       -- Чык-чырык! Чык-чырык!

                                                       А Антосік падняў крык:

                                                       -- Ў гэты час я спаць прывык!

                                                                                Аляксей Якімовіч.

Цяпер давайце разаб'ёмся на два рады і пагуляем у тэатр. Першы рад будзе выконваць ролю аўтара, а другі – вераб’я і Антосіка. Паўтарайце за мною словы верша.

Выдзеліце аснову слова “крык”. Якое значэнне гэтага слова заключаецца ў ёй?

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Выпраўце памылку і запішыце сказ правільна.

Стаіць на сцяжынцы і горка плача маленькі вожык. Упаў ён, зачапіўшыся за дзень. (Пень.)

Прачытайце. Як вы супакоілі б вожыка, які плача? Што сказалі б? Я параіў бы яму не плакаць, быць больш уважлівым, асцярожным.

Як вы разумееце сэнс слова “асцярожны”?

Пры напісанні слова “асцярожны” ў якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Растлумачце правапіс літары я ў словеасцярожны”.

Перакладзіце на рускую мову слова "асцярожны". Параўнайце гучанне і напісанне.

Назавіце ў сказах словы, якія складаюцца толькі з асновы. Як вы вызначылі гэта?

Гукавая гульня "Назавіце словы".

Прачытайце і назавіце патрэбныя словы.

                                                   Хваліцца нам Ніна:

                                                   -- Я снегавіка … (зляпіла)!

                                                   Адказаў ёй Дзіма:

                                                   -- Яго сонца … (растапіла).

                                                               Аляксей Якімовіч.

Колькі асоб прымае ўдзел у размове?

Дзяўчынка Ніна атрымала заданне вызначыць аснову і канчатак у слове “зляпіла”. Вось як яна зрабіла гэта: зляпіла□.

Ці правільна выканала Ніна заданне? Дакажыце гэта. Што трэба зрабіць, каб правільна вызначыць канчатак і аснову слова?

Праца са словам.

Настаўнік. Паслухайце кароткую размову.

-- Тата, давай сходзім у грыбы.

-- Няма калі мне цяпер, сынок. Да сустрэчы з дэлегацыяй рыхтуюся. Выступленне трэба дапісаць.

-- Дык што мне цяпер рабіць? Сядзець і пазяхаць?

-- Градкі на агародзе вадзічкай палі. Хто дбае, той і мае     [4, с. 112, “Беларускія прыказкі Я. Рапановіча”].

Якую прыказку вы пачулі ў гэтым дыялогу? Назавіце ў прыказцы словы, якія абазначаюць дзеянні чалавека.

Як вы разумееце сэнс слова “дбае”? (Стараецца.)

Вызначце аснову і канчатак у слове “сходзім”.

Растлумачце значэнне слова “дэлегацыя”. (Група дэлегатаў ад якой-небудзь арганізацыі, калектыву, дзяржавы.) [1, с. 116, “Тлумачальны слоўнік”].

Параўнайце гучанне і напісанне слова “дэлегацыя” ў рускай і беларускай мовах.

Падбярыце сінонім да слова “дэлегацыя”. (Прадстаўнікі.)

Складзіце і запішыце сказ са словам “дэлегацыя”

Пры напісанні слова “дэлегацыя” ў якім месцы падсцерагае вас нядобрая чараўніца Памылка Памылкаўна? Чаму?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Дэлегацыя -- слоўнікавае слова. Запомніце, як яно пішацца і гучыць.

Фізкультхвілінка.

Н а с т а ў н і к. Я буду чытаць вам сцвярджэнні, якія могуць быць правільнымі ці памылковымі. Калі вы згодны са сказаным, папляскайце ў далоні, калі не – прысядзьце.

1. У слове "земляны" пасля з пішам літару я. (Вучні прысядаюць.)

2. У слове "леснікі” пасля л пішам літару я. (Вучні прысядаюць.)

3. У слове "светлаваты” пасля в пішам літару е. (Вучні пляскаюць у далоні.)

Хвілінка кемлівасці.

Складзіце сказ, у якім ёсць слова з разыходжаннем напісання і вымаўлення.

У з о р. Ры(б, п) ка ў рацэ, ды не ў руцэ [4, с. 264, “Беларускія прыказкі Я. Рапановіча”].

Вызначце аснову і канчатак у словах “рацэ”, “руцэ”.

Канструяванне тэксту.

Прачытайце пераблытаныя сказы. Пастаўце іх у патрэбным парадку і складзіце  тэксты.

1. -- Па нашай хаце сапраўдная бура прайшлася! -- прыйшоўшы дамоў, жахнулася мама.

2. -- Я іх не ганяю. Яны самі за мною бегаюць.

3. -- Хто рана ўстане, той многа зробіць, -- з гонарам сказала Аленка.

4. -- Ты чаму цалюткі дзень сабак ганяеш?

         (Аляксей Якімовіч “Каб мама ўсміхалася”, стар. 107, 111) [6, с. 107, 111].

Колькі тэкстаў у вас атрымалася? 

Гэтыя дыялогі называюцца смяшынкамі. Ці згодны вы з такім азначэннем?

Назавіце асновы выдзеленых слоў. Растлумачце іх значэнне. (Буравецер разбуральнай сілы, звычайна з дажджом або снегам; цалюткіцэлы, увесь дзень.)                [1, с. 64, “Тлумачальны слоўнік”].

Пішам “з гонарам”. А як чытаем? (З гонарам перад звонкім зычным г .)

Праца з дыялогамі.

Дапоўніце дыялогі адказамі дзеючых асоб. Устаўце прапушчаныя літары. У якой частцы слова яны знаходзяцца?

-- Што табе падабаецца, дзяўчынк..? (-- Мне падабаецца спяваць.)

-- Чаму з пустым кубк.. ходзіш, Алесік? Чаму ягады не збіраеш? (-- Калі наемся, адразу ж пачну збіраць.)

У слове “кубкам” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Кубачкам.)

Якое правіла вы прымянілі?

Рэдагаванне тэксту.

Прачытайце тэкст, устаўце прапушчаныя канчаткі.

Шпачок і Сарока сядзелі ў трав.. паміж клёнаў.

-- Я зразумеў, што кожн.. слова мае сваё лексічнае значэнне, -- падаў голас Шпачок. – А што гэта такое?

-- Лексічнае значэнне называюць тое, што слова абазначае. Напрыклад, духмян.., -- сказала Сарока.

-- Духмян.. – значыць пахуч.. . Пахуч.. хлеб! – усклікнуў Шпачок. – Сарока-белабока, я здагадаўся! Каб раскрыць значэнне слова, можна падабраць блізкія па значэнні словы. Не ўсе ведаюць, што такое яліна. А калі скажаш елк.., то адрузу зразумеюць (Аляксей Якімовіч, “Казкі-падказкі”, казка “Здагадаўся”, стар. 11) [7, с. 11, “Казкі-падказкі”].

Гульня "У ката".

Усе дзеці становяцца ў адзін рад, а насупраць стаіць выбраны лічэннем кот. Усе скачуць і крычаць:

-- Тра-та-та, тра-та-та,

                                                     Не баімся мы ката!

Кот робіць выгляд, што не звяртае на іх увагі. Калі дзеці надта разыдуцца, кот скокне. Усе заміраюць. Хто зварухнецца або засмяецца, пераходзіць да ката (З народнага).  (“Беларускія народныя гульні”, стар. 38) [3, с. 38 “Народныя гульні”].

Вызначце слова, якое не мае канчатка.

Як вы будзеце вызначаць канчатак у словах “выгляд”, “скокне”, “заміраюць”?

Праца з вершам.

Прачытайце наступны вершаваны тэкст і запішыце яго па памяці.

Сняжынкі са сняжынкамі

                                                Гуляюць ў вышыні.

                                                Прыгожыя на сонейку

                                                Нябесныя агні.

                                                         Аляксей Якімовіч.

У аснове якога слова пры яго змяненні можа адбывацца чаргаванне зычных [к] – [ц]? (Сняжынка -- сняжынцы.)

Перакладчыкі.

Запішыце па-беларуску народныя загадкі. Абазначце канчаткі назоўнікаў.

1. Без ног, без крыльев, а к небу поднимается. (Дым.) 2. Два брата в воду смотрят, а вместе не сходятся. (Берега.) 3. Из воды родился и в воду превратился. (Снег.) 4. Белый, а не сахар, без ног, а идёт (Снег.) [4, с. 355, 356, 357, “Беларускія прыказкі Я. Рапановіча”]. 

С л о ў н і к: подниматься – узнімацца; превратиться – ператварыцца.

Канструяванне тэксту.

Складзіце тэкст на тэму "Якія бываюць рыбы?" Правільна ўжывайце ў тэксце канчаткі.

С л о в ы  д л я  д а в е д к і.

Лятучыя рыбкі; як самалёцікі; скакучыя рыбы; як спартсмены; прыліпучыя рыбкі; прыклейваюцца; да іншых рыб; як ліпучкі; пявучыя рыбы; трашчаць, як конікі.

Творчая праца.

Падзяліцеся думкамі,   як дарослыя, пабудуйце тэксты.

Тэмы тэкстаў.

Ці добра быць здаровым? Чаму?

Ці добра мець сяброў, якія старэйшыя за цябе? Чаму?

Ці добра пазычыць што-небудзь і не аддаваць?

Ці добра ведаць шмат казак, вершаў, прыказак? Чаму?

Ці трэба дапамагаць дарослым? Чаму?

Ці трэба дапамагаць слабым? Чаму?

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а словы мамы – Ох! Ох! Ох!  – потым прамовіце і вы.

Сядзіць мама, вымаўляе:

                                                 -- Ох! Ох! Ох!

                                                 Залатыя рукі мае

                                                 Мой сынок Цімох.

                                                         Аляксей Якімовіч.

Вы сцвярджаеце, што ў выдзеленых словах ёсць канчаткі. Абгрунтуйце сваё сцвярджэнне. 

Абазначце асновы ў гэтых словах.

  Дакажыце, што слова “Цімох” не мае канчатка.

Як вы разумееце выраз залатыя рукі?

Цяпер прамовім разам, пакажам, як вымаўляе мама: “Ох! Ох! Ох!”

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                           Зайч(ы, і)к з радасці у скокі,

                                                           І давай ён з дзеда кпіць!

                                                           - Ты, дзядок, стары, н(е, я)дужы:

                                                           Дзе табе мяне дагнаць?

                                                           Дзед н(я, е)спрытны, няуклюжы...

                                                           Памагчы мо табе ўста(т, ц)ь? --

                                                           Дзед ляжыць і ўста(т, ц)ь не можа --

                                                           Хітры быў стары дзядок!

                                                           -- Ой, прапаў! Хто мне паможа?

                                                           Плеч(ы, і) ўсе пабіў і бок! --

                                                           Тут падскочыў зайчык к дзеду:

                                                           -- Будзеш, дзед, зайцоў лавіць?.. [5, с. 150, “Раніца ў нядзельку”, “Дзед і зайчык”].

Раскрыйце сэнс выразаў з радасці у скокі, дзе табе мяне дагнаць. Якімі выразамі іх можна замяніць? (Пачаў скакаць, табе мяне не дагнаць.)

Вызначце аснову і канчатак у слове “дзядок”.

Тэст.

Адзначце слова, у якім аснова і канчатак вызначаны няправільна.

1. Сасонка.

2. Вясёлка.

3. Звонка. (Няправільна.)

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Што такое аснова слова?

Як  можна вызначыць канчатак і аснову слова?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў , А., Гайдукевіч, І. Шуба , П.  Тлумачальны слоўнік беларускай мовы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. Для сярэд. школы. 2-е выд., перапрац. і дап.  – Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларуская дзіцячая літаратура: Хрэстаматыя: Вучэб. дапам. /Склад. М.Б. Яфімава, В. М. Ляшук. --  Мінск : Выш. шк.,  1996. – 655 с.

3. Беларускія народныя гульні : / Мінск : Юнацтва, 1993. – 39 с.

4. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

5.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

6. Якімовіч, Аляксей. Каб мама ўсміхалася : апавяданні, казкі, смяшынкі / А. М. Якімовіч. – Мінск : Нар. асвета, 2010. – 120 с.

7. Якімовіч, Аляксей. Казкі-падказкі / А. М. Якімовіч. -- Мінск  : Нар. асвета, 2012. – 104 с.

8. Якімовіч, Аляксей. Слёзкі Сонца : апавяданні, казкі, смяшынкі / А. М. Якімовіч. – Мінск : “Нар. асвета”, 2014. – 94 с.    

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 24 (2018 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.