Праверце сваю логіку і інтуіцыю. “Жылі-былі літары --1”
Логіка
– уменне разважаць і рабіць вывады.
Сінонімы
да слова “інтуіцыя”: чуццё,
прадбачлівасць, здагадка.
У мінскім выдавецтве “Беларусь” выйшла мая кніга
“Жылі-былі літары (займальныя гісторыі пра літары беларускага алфавіта)”.
1. Урывак з кнігі.
Сядзіць чорны мураш на пяньку і
дзьме ў дудачку: "Ду-ду-ду, ду-ду-ду, ду-ду-ду...".
Прыгожа іграе дудачка, нават
птушкі перасталі спяваць, заслухаліся.
Падышоў да чорнага мураша рыжы
мураш, паслухаў і пацікавіўся:
-- Ты сам зрабіў гэтую дудачку?
Чарныш скончыў іграць і
паведаміў:
-- Тата крыху дапамог.
-- Твой тата, як відаць,
сапраўдны майстар, а я... -- Рыжык цяжка ўздыхнуў. Ён не прывык скардзіцца.
-- Нешта не атрымалася ў цябе?
-- здагадаўся Чарныш.
-- З пяці літар слова трэба
скласці, але не выходзіць у мяне, -- растлумачыў рыжы мураш.
-- Пакажы свае літары. Смялей!
-- скамандаваў Чарныш.
Рыжык дастаў з кішэні і паклаў
на пянёк літары "у", "о", "д", "к",
"б".
-- Як ты лічыш, з якой літары
пачынаецца маё слова?
У гэтым урыўку
расказваецца пра літару:
а) “М”;
б) “Д”.
• З двух варыянтаў выберыце патрэбны.
2. Урывак з кнігі.
У гэты дзень Верабейка вучыўся
правільна пісаць. Спачатку ён напісаў розныя словы. Потым са слоў пачаў
складваць цэлыя сказы. І тут адбылося нечаканае. З некаторых слоў уцяклі
літары...
Паглядзіце самі.
Алнка любавалася пралскамі. Каля дарогі рос густы льнік. Дзці всла правялі час. Каля плота скача Врабй.
Гэта было вечарам. А раніцай да
Верабейкі прыляцела Сінічка.
-- Падзівіся! -- паказаў ёй
Верабейка на складзеныя сказы. -- Літары ўцяклі!
-- А ты ласкава пакліч іх і
расстаў па сваіх месцах.
-- Не ведаю, якія трэба
клікаць. Ад гэтай нядобрай беганіны ў мяне ў галаве ўсё пераблыталася.
-- Разгубіўся, выходзіць, --
заўважыла Сінічка.
-- Выходзіць! Выходзіць! -- у
роспачы зачырыкаў Верабейка. -- Звярні ўвагу на апошняе слова ў апошнім сказе.
Нейкі Врабй скача! Цуд у дзіравым рэшаце!
-- Нейкі?.. Эх ты! Забыўся, як
называешся.
У гэтым урыўку
расказваецца пра літару:
а) “Е”;
б) “У”.
• З двух варыянтаў выберыце патрэбны.
3. Урывак з кнігі.
На сунічнай палянцы гулялі
чорны мураш і рыжы мураш. Убачыў іх жук і вырашыў напалохаць. Праляцеў
нізка-нізка і загудзеў з пагрозаю: "Ж-ж-ж... Ж-ж-ж... Ж-ж-ж...
Ж-ж-ж..."
Але не спалохаліся чорны мураш і рыжы мураш.
-- Я не баюся цябе, жук! -- закрычаў Чарныш.
І Рыжык не змаўчаў, азваўся:
-- Я таксама цябе не баюся!
Далей паляцеў жук-свавольнік, прагудзеўшы на развітанне:
-- Ж-ж-ж... Ж-ж-ж... Ж-ж-ж... Ж-ж-ж...
У гэтым урыўку
расказваецца пра літару:
а) “З”;
б) “Ж”.
• З двух варыянтаў выберыце патрэбны.
Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю). 1. “Д”. 2. “Е”. 3. “Ж”.
Якімовіч, А. М. Жылі-былі літары:
займальныя гісторыі пра літары беларускага алфавіта / Аляксей Якімовіч. – Мінск
: Беларусь, 2024. – 159 с.