Поиск по этому блогу

Першы дзень на працы

 

Першы дзень на працы

 

Паведамляе Пятрусь.

-- Я яшчэ студэнт, але неўзабаве закончу вышэйшую навучальную ўстанову. Мяне чакае першы працоўны дзень. Канешне, хвалююся. Не ведаю, як мяне сустрэнуць на працы, як складзецца яна.

Што мне параіце?

 

• Што Вы, нашы эксперты, думаеце пра гэта. Якім быў Ваш першы працоўны дзень?

• Што параілі б Петрусю?

 

Эксперт Антось.

-- Добра помню свой першы працоўны дзень. Мне здалося, што навокал усё шэрае: калідор, кабінеты, людзі. Было цяжка, хацелася нават заплакаць, паскардзіўшыся на свой лёс. Але паступова я прывык да гэтай шэрасці. Напэўна, і сам стаў такі ж шэры. Прывыкнеш і ты. Чалавек да многага прывыкае.

 

Эксперт Насця.

-- На працы мяне сустрэлі насцярожана. Відаць, не паверылі, што нешта ўмею, што змагу справіцца з даручаным заданнем. Старалася як мага, хацелася спадабацца калектыву. І праз нейкі час стала там сваёй. Старайся і ты. І тады, павер мне, дасягнеш пастаўленай мэты.

 

Эксперт Уладзімір.

-- Не заўсёды старанне выручае. Трэба быць не толькі старанным, але і хітраватым. У калектыве розныя людзі. Многія жадаюць табе дабра, а для некаторых ты той аб’ект, на які можна зваліць усе непрыемнасці. Асабліва бойся, асцерагайся падхалімаў, якія выслужваюцца перад начальствам. Ім вельмі хочацца залезці да цябе ў душу, каб зразумець твой настрой, твае адносіны да кіраўніцтва, выпытаць. Скажаш нешта кепскае пра начальства – адразу ж пабягуць да яго і ўсё-ўсё данясуць, да драбіначкі, нават прыбавяць ад сябе. Такім чынам яны ўзвысяцца, заслужаць ласку ў начальніка, а цябе апусцяць.

 

Эксперт Таццяна.

-- З першага дня я стала прыглядвацца да таго калектыву, у які прыйшла працаваць, бо ведала, што там могуць быць мае канкурэнты, тыя людзі, якім здаецца, што займу іх месца. З імі старалася трымацца, як кажуць, на адлегласці. А іншы раз і супакойвала, каб паказаць, што на іх месца не прэтэндую.

 

Эксперт Марына.

-- Падобнымі канкурэнтамі могуць быць і людзі прадпенсіённага ўзросту альбо пенсіянеры. Многія з іх не хочуць ісці на пенсію. Ім хочацца атрымліваць і пенсію, і зарплату, каб мець болей грошай. Асцерагайся такіх.

 

Эксперт Алесь.

-- Не канфліктуй з начальствам, Пятрусь. Ад начальства многае залежыць, у тым ліку і тваё будучае.

 

• А што пра гэта думаеце Вы, нашы чытачы?