Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 4 класе. ЗНАКІ ПРЫПЫНКУ Ў СКАЗАХ З АДНАРОДНЫМІ ЧЛЕНАМІ

 

Творчы ўрок у 4 класе. ЗНАКІ ПРЫПЫНКУ Ў СКАЗАХ З АДНАРОДНЫМІ ЧЛЕНАМІ

 

Мэты: актуалізаваць, сістэматызаваць і паглыбіць веды вучняў аб знаках прыпынку ў сказах заднароднымі членамі; выпрацоўваць уменні і навыкі пастаноўкі знакаў прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі;  вучыць выкарыстоўваць сказы з аднароднымі членамі ў вуснай і пісьмовай мове; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; паказаць карысць фіззарадкі для здароўя.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

Прачытайце прыказкі. Якую з іх вы возьмеце з сабою на ўрок? Чаму?

Праца нікога не ганьбіць.

Спытаецца старасць, што рабіла маладосць.

Без мукі не нбыць навукі [1, с. 108, 170, 175, “Беларускія прыказкі Я. Рапановіча”].

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Устаўце прапушчаныя літары, растлумачце іх напісанне.

Зайц.. , дзікі, зубр.. жывуць у лесе.

Запішыце сказ, падкрэсліце граматычную аснову. 

Што цікавага заўважылі ў сказе? (Ёсць тры аднародныя дзейнікі.)

Складзіце схему сказа.

(         ,             ,                               дзе?.)

 4. Чыстапісанне.

Настаўнік. Зараз я прачытаю сказы. Калі вы згодны са сцвярджэннем, напішаце вялікую літару Ж, калі не -- малую літару ж.

1. Словы “дом” і “хата” блізкія па значэнні. (Ж)

2. Словы “жук” і “дарога” розныя па значэнні. (ж)

3. Словы “нагавіцы” і “штаны” блізкія па значэнні. (Ж)

4. Словы “ложак” і “лыжка” розныя па значэнні. (ж)

Праверце, ці такі ланцужок атрымаўся ў вас:

       Ж    ж    Ж    ж

Пішыце далей на гэтым радку, чаргуючы літары.

    Ж    ж    Ж    ж    Ж  ж  Ж  ж

На другім радку злучыце малую літару ж з галоснымі, якія ўказваюць на цвёрдасць зычных. Паўтарайце да канца радка.

Праверце, ці так атрымалася ў вас.

    жа    жо    жу    жы    жэ

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Настаўнік. Цягнуць за язык. Пра каго так гавораць? Хто не можа без дапамогі настаўніка адказаць урок. А пра таго, хто лянуецца, каму рабіць не хочацца і таму ён робіць ледзь-ледзь, пакрысе, кажуць: такі чалавек цягне ката за хвост. Думаецца, што такіх вучняў на сённяшнім уроку не будзе. Тэма яго: "Знакі прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі".

Пачнём яе з казкі.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі.

Аднаго разу сустрэліся Коска і лічбы "6" і "9".

-- Як жывяце, шаноўныя? -- пацікавілася ў лічбаў-сябровак Коска.

-- Добра жывём, -- адказала лічба "6".

-- Не сумуеце?

-- Нам няма калі сумаваць, -- сказала лічба "9". -- Амаль кожны дзень працуем: разам з іншымі лічбамі розныя прыклады, ураўненні і задачы рашаем.

Коска ўважліва паглядзела на сябровак і прамовіла:

-- Вы, як мне здаецца, адна на адну падобныя.

-- Многія так кажуць, -- азвалася лічба "6".

-- Некаторыя нас нават блытаюць, -- усміхнулася лічба "9".

-- Давайце я вас аднолькавымі зраблю, -- нечакана прапанавала Коска. Іншы раз яна любіла пацешыцца, пажартаваць.

-- Ты не зможаш нас зрабіць аднолькавымі, -- прагаварыла лічба "9".

-- Чаму? -- запыталася Коска.

-- Бо мы розныя, -- растлумачыла Косцы лічба "6".

-- Будзеце аднолькавымі, калі перакулю цябе! -- зірнуўшы на лічбу "6", усміхнулася Коска.

Лічба "6" са страхам паглядзела на Коску.

-- Не хачу быць перакуленай! Не хачу!

-- А якой ты хочаш быць? -- засмяялася Коска.

-- Хачу быць сама сабой -- лічбай "6", -- заявіла лічба "6".

-- Я таксама хачу быць сама сабой -- лічбай "9"! -- усклікнула лічба "9". Ёй здалося, што Коска зараз схопіць яе і імгненна перакуліць.

-- Напалохаліся? -- развесялілася Коска.

Лічба "6" і лічба "9" развіталіся з Коскай і таропка пакрочылі па дарожцы.

Вось такая яна, жартаўніца Коска!

Гутарка (агульнае знёмства са складаным сказам, адрозніванне складанага сказа ад простага).

Прачытайце сказы. Колькі граматычных асноў у кожным сказе? Назавіце просты і складаны сказ, а ў складаным  сказе -- яго часткі. Растлумачце пастаноўку косак.

На небе нечакана з’явілася цёмная хмарка.

На небе нечакана з’явілася цёмная хмарка, і на кучаравыя бярозкі, на зялёную траву ўпалі першыя кроплі дажджу.

Ці ёсць у складаным сказе аднародныя члены сказа?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! Складаны сказ мае некалькі частак. Кожная з іх -- сваю граматычную аснову.

Стварэнне і вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Разгледзьце сказы. Ці правільна пастаўлены ў іх коскі? Ці аднолькавыя гэтыя сказы па сваёй будове?

1. Міхась і Насця ўвайшлі ў клас, селі за парту.  2. Нечакана наляцеў вецер, і вершаліны дрэў загайдаліся, захісталіся. 3. Алеся прыўстала на дыбачкі,  паглядзела ўдалячынь і гукнула: “Не чую!”

Пішам не чую. А як чытаем? (Ня чую. Слова "не" перад націскным складам чытаецца як з літарай я.)

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! Спачатку вызначце, які гэта сказ: просты ці складаны.  А потым можна выкарыстоўваць правіла пра пастаноўку знакаў прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі,

Самастойная праца.

Падкрэсліце ў сказах граматычныя асновы.

Назавіце простыя сказы і складаны, сказы з аднароднымі членамі.

Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.

                                                   Смоўжык на дарожку

                                                   З хаткай выпаўзае,

                                                   На зялёнай траўцы

                                                   Слядок пакідае.

                                                              Аляксей Якімовіч.

                                                   Гром стараецца, вурчыць,

                                                   Ручаёк ў раку бяжыць.

                                                                Аляксей Якімовіч.

                                                   Гусі з выраю ляцяць

                                                   І глядзяць на сенажаць.

                                                                             Аляксей Якімовіч.

Чаму смоўж выпаўзае з хаткай? (Бо заўсёды носіць на сабе сваю хатку.)

У слове “смоўж” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, пастаўце гэты назоўнік у форме множнага ліку. (Смаўжы.)

Якое правіла вы прымянілі?

Самастойная праца.

Прачытайце верш Якуба Коласа. Растлумачце правапіс прапушчаных літар. Які знак прыпынку трэба паставіць у вершы? Чаму?

                                                   На усхо..е неба грае

                                                   Пералі..ным блескам

                                                   Сыпле зол..та над гаем

                                                   І над пер..лескам     [3, с. 127, “Раніца ў нядзельку”, “Усход сонца”].

Спішыце верш, уставіўшы патрэбныя літары і знак прыпынку.

Складанне верша.

Складзіце верш, разбураны нядобрай чараўніцай Памылкай Памылкаўнай.

Словы для выкарыстаня. 1-ы, 2-гі радкі: школе, дома, у дварэ, на, слова, гучыць, наша.  3-ці, 4-ы радкі: паветра, вада, як, як, мова, наша, нас, для.

                                                 Дома, ў школе, на дварэ

                                                 Гучыць наша слова.

                                                 Як паветра, як вада,

                                                 Для нас наша мова.

                                                       Аляксей Якімовіч.

Якія аднародныя члены сказа аўтар выкарыстаў у вершы?

Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.

Прачытайце верш з патрэбнай інтанацыяй.

Хвілінка адкрыцця.

Устаўце прапушчаныя літары. Ці ёсць у вершаваным тэксце аднародныя члены сказа?

Даўно па-беларуску

                                                     Пішу, ч..таю,

                                                     “Наста..нікі”, “сябры”

                                                     Цяпер вымаўляю.

                                                                Аляксей Якімовіч.

Пры дапамозе чаго тут звязаны аднародныя члены? (Пры дапамозе інтанацыі.)

Ці да аднаго і таго ж слова адносяцца аднародныя члены? Якое слова тут падразумяваецца? (Я.)

Падбярыце аднародны член сказа да слова “вымаўляю”. (Кажу.)

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Выпраўце памылку. Пастаўце патрэбны знак прыпынку пры аднародных членах сказа.

Да Міхася Алеся і Антося данёсся даляцеў вясёлы мех дзяцей. (Смех.)         

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце і назавіце патрэбныя словы.

                                                         Звініць званок,

                                                         У школу запрашае.

                                                         Яна як мама, як сястра,

                                                         Даўно мяне (чакае.)

Назавіце сказ з аднароднымі членамі сказа. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку у сказе з аднароднымі членамі. Якія гэта члены: галоўныя ці даданыя? 

Самастойная праца.

Уставіўшы прапушчаныя літары, з кожнага сказа выпішыце дзейнік у спалучэнні з выказнікам. У якім сказе дзейнік спалучаецца з трыма аднароднымі выказнікамі?

Ноччу сабака адпачываў у будзе, а рана-раненька прыбягаў да пад’езда і, сеўшы на заднія лапы, з нецярпеннем чакаў хлопчыкаў. Яны яго кармілі, а потым разам гулялі. Вушасцік па пятах хадзіў за хлопцамі, ні на крок не адставаў ад іх. Праўда, ён вельмі баяўся, калі непадалёку махалі дубцом. Убачыўшы каго-небудзь з дубцом, з усіх ног прыпускаўся на пагорак і хаваўся ў будзе. Ваня і Сяргей прасілі знаёмых, каб не палохалі сабаку (Аляксей Якімовіч “Каб мама ўсміхалася”, апавяданне “Дубец”, стар. 13) [5, с. 13, “Каб мама ўсміхалася”].

Назавіце складаныя сказы. З дапамогай якіх злучнікаў звязаны іх часткі? (Калі, каб.)

Ці можна з дапамогай гэтых злучнікаў звязаць аднародныя члены сказа?

Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў  сказах.

Падбярыце сінонім да слова “прыпускаўся”. (Бег.)

Праца са словам.

Вылучце з дадзеных слоў слова, якое рыфмуецца са словам «сон».

Хата, луг,  сыр, лён, цукар. (Лён.)

Раскажыце, што вы ведаеце пра лён.

Якая з гэтых загадак будзе загадкай пра лён?

                                                    Маленькі, сухенькі,

                                                    Усіх адзявае. (Лён.)

                                                             З народнага.

Складзіце і запішыце сказ са словам «лён».

Ці ёсць у загадцы аднародныя члены? Якім знакам прыпынку мы іх аддзялілі? [1, с. 344, “Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі”].

Хвілінка кемлівасці.

Складзіце сказ з аднароднымі членамі, у якім ёсць слова з выбарам напісання е, я. Дакажыце, што паміж аднароднымі членамі сказа трэба ставіць коску.

Узор. Да нас прыйшла вясёлая, зялёная в(е, я)сна.

Фізкультхвілінка.

Н а с т а ў н і к. Я буду чытаць вам сцвярджэнні, якія могуць быць правільнымі ці памылковымі. Калі вы згодны са сказаным, папляскайце ў далоні, калі не – прысядзьце.

1. У слове "шчэбет" пасля ч пішам літару е. (Вучні прысядаюць.)

2. У слове "сустрэча” пасля р пішам літару е. (Вучні прысядаюць.)

3. У слове "грэчка” пасля р пішам літару э. (Вучні пляскаюць у далоні.)

Праца з тэкстам.

Прачытайце. Устаўце прапушчаныя знакі прыпынку. Якімі членамі сказа з'яўляюцца выдзеленыя словы? Дакажыце, што гэтыя члены сказа -- аднародныя. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку пры аднародных членах сказа.

Хлопцы зарагаталі(,) загудзелі, а верабейка прыўстаў і затрос цёмна-шэрай галоўкай. На ягоным горлачку, прабіваючыся праз ускудлачанае пер’е, захадзіла(,) запульсавала нейкая жылачка. Бываючы з бацькам у лесе, Дзіма не раз і не два назіраў за птушкамі(,) любаваўся імі(,) слухаў іх спевы (Аляксей Якімовіч “Каб мама ўсміхалася”, апавяданне “Ножык”, стар. 35).  [5, с. 35, “Каб мама ўсміхалася”].

Падбярыце сінонім да слова “запульсавала”. (Забілася.)

Перакладчыкі.

Перакладзіце тэкст на беларускую мову і падкрэсліце аднародныя члены сказа.

 

Хищные птицы

 

Хищные птицы – одни из самых больших в мире. Они живут везде, кроме Антарктиды. Отряд дневных хищных птиц, или соколообразных, включает орлов, ястребов, коршунов, соколов, а также грифов, которые питаются падалью. Хищники хорошо летают, у них превосходное зрение и сильные когти, которыми они хватают добычу… (Д. Райан, Р. Куп, Х. Флинт «Животные», стр. 14)    [4, с. 14, «Животные»].

Слоўнік: хищный – драпежны; Антарктида – Антарктыда; дневной – дзённы; или соколообразный – альбо сокалападобны; превосходный – вельмі добры, цудоўны, выдатны; зрение – зрок.

Праца з тэкстам.

Устаўце патрэбныя літары. Пастаўце прапушчаныя знакі прыпынку пры аднародных членах сказа. Як вы будзеце разважаць, тлумачачы пастаноўку знакаў прыпынку?

Люты лічыцца апошнім мес..цам зімы. Лютуюць халодныя(,) рэзкія вятры(,) завеі(,) мяцеліцы.

Ласі, алені і казулі трымаюцца зімою статкамі. Ад суровых(,) халодных і рэ..кіх вятроў яны хаваюцца ў лясным гушчары. Між іншым, ласі не церпяць прысутнасці аленяў, а алені – ласё.. . У мясцовасці, дзе ёсць ласі, ніколі не бывае аленяў, і наадварот (В. Вольскі “Месяц за месяцам”, замалёўка “Люты”, стар. 13 –14) [2, с. 13 – 14, «Месяц за месяцам»].

Прыдумайце і запішыце назву, у якой адлюстравана асноўная думка тэксту.

Знайдзіце сказ, які паказвае зіму. Якая гэтая зіма?

Вясёлая хвілінка.

Вымаўляем правільна. Я прачытаю загадку, а словы – дзын-дзын-дзын  – потым прамовіце і вы.

Ён нам спаць не дазваляе,

                                               На зарадку запрашае.

                                               “Дзын-дзын-дзын”, -- звініць,

                                               Вельмі хоча разбудзіць.

                                                                    Аляксей Якімовіч.

Што гэта? (Гадзіннік.)

Цяпер прамовім разам, пакажам, як звініць гадзіннік: “Дзын-дзын-дзын”.

Растлумачце пастаноўку косак у тэксце.

Праца са словам.

Закончыце сказ. Падкрэсліце аднародныя члены як члены сказа.

Гадзіна, хвіліна, секунда – гэта … . (прамежкі часу.)

Што абазначае слова «секунда» ў пераносным значэнні? (Вельмі нядоўга, хвіліну, хвілінку, адзін этап.)

Падбярыце аднакаранёвыя словы да назоўніка секунда. (Секундны, секундамер.) 

Пры напісанні слова “секунда” ў якім месцы вас падсцерагае нядобрая чараўніца Памылка Памылкаўна? Чаму? Ці можаце вы прымяніць вядомае вам правіла, каб праверыць напісанне е ў ненаціскным складзе?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Секунда -- слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і выдзеліце ненаціскную літару е.

Складанне сказа.

Складзіце і запішыце сказ з аднароднымі членамі “пераліваецца”, “зіхаціць”. Падкрэсліце іх як члены сказа.

(Вада пераліваецца, зіхаціць на сонцы.)

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                               Ра(с, сс)тупіўся лес

                                               Ды ва ўсе бакі,

                                               А на пас(е, я)ках

                                               Ух, прастор які!

                                               А па купінах,

                                               Каля пнёў, лам(', ь)я

                                               Чырвань спелая,

                                               Тых суніц сям(', ь)я,

                                               Нібы ўсыпана

                                               Тут каралямі,

                                               І гл(я, е)дзяць яны

                                               Кралі-кралямі --

                                               Сакавітыя,

                                               Як налітыя,

                                               Ды ўсе ладныя,

                                               Ды панадныя [3, с. 108 – 109, “Раніца ў нядзельку”, “Ягады”].

Назавіце сказы з аднароднымі членамі.

Раскрыйце значэнне слоў “лам'ё” (ламачча), “чырвань”  (чырвонага колеру),  “панадны” (які прыцягвае да сябе).

Падбярыце сінонімы да слоў “каралі” (пацеркі, маністы), “краля-краляй” (прыгажуня).

Тэсты.

Адзначце сказы з аднароднымі членамі.

1. Трактар загудзеў, задрыжаў і крануўся, рушыў з месца.

2. У садзе спеюць вішні.

3. Мы збіраем ягады, шукаем грыбы, ласуемся арэхамі.

Адзначце складаныя сказы.

1. Ляцяць птушкі з далёкага поўдня, нясуць з сабою жаданую вясну.

 2. Сонца свяціла ў вочы, і таму Міхась не пазнаў аднакласніка.

3. Антось прыўстаў на дыбачкі, каб убачыць бацьку.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Раскажыце пра знакі прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі.

Якія сказы з’яўляюцца складанымі?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

2. Вольскі, В. Месяц за месяцам :  / Віталь Вольскі. – Мінск : Нар. асвета, 1979. -- 159 с.

3.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

4. Райан Д., Куп Р., Флинт Х. Животные. Моя первая энциклопедия / Д. Райан, Р. Куп, Х. Флинт, пер. с англ. И. М. Песковой. – Ж 67 М. : АСТ : Астрель, 2011. – 48 с.).

5. Якімовіч, Аляксей. Каб мама ўсміхалася : апавяданні, казкі, смяшынкі / А. М. Якімовіч. – Мінск : Нар. асвета, 2010. – 120 с. 

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 24 (2018 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.