Пісьменнік і яго прыхільнікі -- 2
Гісторыя другая
Не спыняючыся, ідзе вялікасць час, пакідаючы ў нашай душы
ўспаміны, падобныя на глыбокія сляды. Некаторыя з іх прыемныя, светлыя, а
бываюць і сумныя, гаркаватыя.
Так сталася, што я, жывучы ў горадзе Слоніме, пераехаў
жыць з вуліцы Яршова на іншую, якая носіць імя нашага слаўнага асветніка
Францыска Скарыны. Непадалёку будаваўся новы пяціпавярховік, каля якога стаяла
бляшаная будка на колах. Гэта, як зразумеў пазней, было прыстанішча вартаўніка.
Аднаго разу з будкі выйшла цёмнавалосая жанчына сярэдніх гадоў. Яна здалёку
ўсміхнулася мне. Я прыпыніўся, прывітаўся з ёю і пачаставаў яблыкамі, якія нёс
у поліэтыленавым пакеце. Потым не раз і не два вітаўся з ёю, нават заводзіў
нейкую размову.
Той шматпавярховік пабудавалі, кудысьці павезлі і будку.
А я па-ранейшаму сустракаўся з той жанчынай. Яна жыла непадалёку ад мяне з
дарослым сынам у доме, які стаяў насупраць майго. Нашы шляхі, асабліва вясною і
ўлетку, часта перасякаліся Убачыўшы мяне, цёмнавалосая маладзіца віталася і прыязна ўсміхалася, як і тады,
першы раз. Я таксама ўсміхаўся, нешта казаў і ішоў далей. Як зваць яе, не
цікавіўся.
Прабеглі, прамільгнулі гады. Неяк гэтая добразычлівая
жанчына, сустрэўшыся, працягнула мне “Газету Слонімскую” (цяпер яна не
выходзіць, не выдаецца).
-- Бярыце, -- сказала. – Тут ваша апавяданне.
Я сумеўся, не зразумеў, чаму яна так робіць, але газету
(гэты нумар быў не свежы, даўні, выйшаў гадоў за сем да таго дня), канешне,
узяў і падзякаваў. А неўзабаве даведаўся, што гэтай жанчыны не стала.
Дык што ж адбылося? Мая цёмнавалосая суседка шмат гадоў
захоўвала ў сябе газету з маім апавяданнем, напэўна, у цішыні даставала са
сваёй схованкі, узіралася, перачытвала, а калі адчула, што крадзецца бяда,
аддала яе мне, каб не страцілася, не прапала. Яна была прыхільніцай майго
друкаванага слова, маіх творчых здабыткаў. А не казала пра гэта, не
прызнавалася. Вось як бывае.
За сталом пісьмовым
Слова выспявае.
Няхай маіх прыхільнікаў
Вакол яно збірае.
Аляксей Якімовіч
2025 год