Поиск по этому блогу

Зборнік казак і апавяданняў "Слёзкі Сонца"

Мой брат Уладзімір з нашым сабакам Шарыкам на нашым падворку.
На козлах, якія на заднім плане, калісьці я напілаваў шмат дроў, рыхтуючы іх на зіму
Я каля веласіпеда




                                                                                                         Аляксей Якімовіч














СЛЁЗКІ СОНЦА

Апавяданні, казкі, смяшынкі, п'ескі


Той, хто прачытаў кнігі беларускага пісьменніка Аляксея Якімовіча "Каб мама ўсміхалася" і "Хітрая ліса", з задавальненнем прачытае і гэтую.
Апавяданні, казкі (сярод іх ёсць і прытчы), смяшынкі, п'ескі, як старэйшыя сябры, раскажуць вясёлыя, пазнавальныя гісторыі пра людзей і казачных жывёл, пра значэнні слоў і матэматычныя знакі, навучаць мудрасці, дабрыні, спагадлівасці і ўзаемавыручцы -- таму, без чаго ў жыцці нельга абысціся.
Кніга адрасуецца дзецям дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
Выпушчана выдавецтвам “Народная асвета” ў 2014 годзе.
Якімовіч, А. М. Слёзкі Сонца : апавяданні, казкі, смяшынкі : для дзяцей мал. шк. узросту / А. М. Якімовіч ; маст. Л. У. Пашчасцева. – Мінск : Народная асвета, 2014. – 94 с. : іл.
Можна друкаваць у гэтым варыянце.




















Апавяданні

ХТО САМЫ СТАРАННЫ?

На лаўцы каля пад'езда сядзелі сябры-трэцякласнікі Міхась, Пятрусь і Алесь.
-- Я самы старанны, -- сказаў Міхась. -- Я тату і маме на дачы заўсёды дапамагаю. Учора з татам у садку ўсю траву згрэблі.
-- Я самы старанны, -- не пагадзіўся Пятрусь. -- Пазаўчора мы з татам на дачы яблынькі падкармілі, учора з мамай бурачкі прапалолі, а сёння паедзем у вёску бабулі дапамагаць.
-- Я самы… -- пачаў Алесь.
-- Памаўчы ты! -- перапыніў яго Міхась. -- Няма ў вас дачы.
-- І бабулі ў вёсцы няма. Твая бабуля ў горадзе жыве, -- дадаў Пятрусь.
Алесь цяжка ўздыхнуў і прамовіў:
-- Можна дапамагаць не толькі на дачы і ў вёсцы. Праца заўсёды знойдзецца. Толькі каб жаданне было.
З-за рога дома выйшла цётка Ніна. Яна працавала дворнікам, убірала каля іхняга дома.
-- Адпачываеце? -- прыязна ўсміхнулася яна хлапчукам і абаперлася на граблі, якія трымала ў руках.
-- Урокі мы ўжо вывучылі. Цяпер можна і адпачыць, -- адказаў Міхась.
-- Заслужылі адпачынак, -- як дарослы, зазначыў Пятрусь.
-- А не чыталі, што напісана на дошцы аб'яў? -- неспадзявана пацікавілася цётка Ніна.
Алесь устаў з лаўкі і гучна прачытаў:
-- Шаноўныя жыхары дома! Сёння Дзень добраўпарадкавання двара. Дапамажыце нашым дворнікам.
-- Чамусьці не дапамагаюць мне шаноўныя жыхары. Мабыць, аб'яву яшчэ не прачыталі, -- паскардзілася цётка Ніна.
-- Напэўна, не прачыталі, -- пагадзіўся Міхась.
-- У наступны раз большымі літарамі яе напішыце, -- параіў Пятрусь.
-- А вы не хочаце дапамагчы?
-- Я дапамог бы, але дамоў трэба ісці, -- нахмурыўся Міхась.
-- І мне дамоў трэба ісці, -- заявіў Пятрусь.
Міхась і Пятрусь усхапіліся з лаўкі і накіраваліся ў пад'езд.
-- А табе дамоў не трэба ісці? -- звярнулася да Алеся цётка Ніна.
-- Я хачу дапамагчы вам. Дайце, калі ласка, граблі, -- папрасіў Алесь.
-- Я пажартавала, а вы паверылі! -- усклікнула цётка Ніна і весела засмяялася.
-- А я не жартую. Дайце, калі ласка, граблі! -- паўтарыў хлапчук.
Цётка Ніна працягнула Алесю граблі. Алесь узяў іх і пачаў грэбці каля пад'езда.
"Старанны хлапчук расце ў гэтым доме", -- гледзячы на Алеся, падумала цётка Ніна.

ЭСЭМЭСКА

Насця і Алеся вучацца ў чацвёртым "Б" класе.
Насця добра бачыць Алесю. Алеся сядзіць насупраць яе, каля самага акна. Рад сталоў іх раздзяляе. Але любая адлегласць не перашкода, калі ў цябе і ў тваёй сяброўкі ёсць мабільны тэлефон. З дапамогай мабільных тэлефонаў можна перадаваць эсэмэскі. Нават у час урокаў.
Другім урокам у іхнім класе матэматыка. Сёння кантрольная работа. Яшчэ ўчора Насця папрасіла Алесю, каб дапамагла выканаць кантрольную работу. Алеся адразу ж пагадзілася. Па матэматыцы ў яе дзясятка.
Сто восемдзесят пяць мінус дзевяноста сем. Колькі ж будзе? Не хочацца вылічваць, галаву ламаць.
Насця глядзіць на Алесю і ледзь чутна шэпча:
-- Колькі?
Алеся ледзь прыкметна ківае галавою (маўляў, зразумела цябе, сяброўка) і хуценька націскае  на кнопкі свайго мабільнага тэлефона. На экране мабільнага тэлефона Насці імгненна высвечваецца патрэбная лічба: 88.
Насця з палёгкаю ўздыхае і выводзіць у сшытку дзве прыгожыя васьмёркі.
Побач з Насцяй спынілася настаўніца матэматыкі Ніна Пятроўна. Яна ўважліва глядзіць на дзве васьмёркі ў Насціным сшытку і, задаволеная, усміхаецца.
А Насця няспешна выводзіць далей: 325 памножыць на 78. Множанне Насці даецца нялёгка, блытаецца яна ў ім, бо табліцу не вельмі добра ведае. Цяжкая гэтая табліца. Яе кожны дзень трэба вучыць.
Калі ж Ніна Пятроўна адыдзецца ад парты? Няўжо не надакучыла ёй стаяць? Няўжо ногі не забалелі? Вось каб сказаць цяпер: "Сядзьце на крэсла, Ніна Пятроўна, адпачніце крыху!" Моцна здзівілася б яна.
Нарэшце Ніна Пятроўна адышлася ад Насці, села за настаўніцкі стол. Усё-ткі забалелі ёй ногі, стамілася.
Амаль не гледзячы, Насця націскае на кнопкі мабільнага тэлефона і шле Алесі наступную эсэмэску: "Чакаю адказ на множанне".
Алеся, як звычайна, ледзь прыкметна ківае галавою. Неўзабаве прыходзіць адказ: 25350.
"25350", -- старанна піша ў сшытку Насця.
Трэба было б адпачыць, перадыхнуць, але няма калі. Яшчэ з задачай трэба разабрацца. Нейкая незразумелая яна.
Адзін садоўнік прадаў 148 кілаграмаў яблыкаў, другі садоўнік прадаў на шаснаццаць кілаграмаў яблыкаў больш, чым першы, трэці садоўнік прадаў на адзінаццаць кілаграмаў яблыкаў менш, чым другі. Колькі кілаграмаў яблыкаў прадалі тры садоўнікі?
Першы, другі, трэці… Сонца ў акно свеціць, вочы слепіць, сон наганяе. Зусім не хочацца думаць. Чаму ж Алеся не прысылае эсэмэску з рашэннем гэтай незразумелай задачы?
Мабільны тэлефон ціха азваўся, шчоўкнуў тры разы.  
Ёсць эсэмэска, прыслала Алеся!
Трэба хутчэй перапісаць рашэнне. Але ж Ніна Пятроўна чамусьці насцярожылася, на яе, Насцю, пільна глядзіць. Вось каб паслаць ёй такую эсэмэску: "Не перажывайце за мяне, Ніна Пятроўна".
Насця старанна моршчыць лоб, каб паказаць, што моцна думае.
Настаўніца паварочвае галаву і глядзіць у акно.
Здаецца, пранесла.
Насця выцірае з ілба малюсенькую кропельку поту і хуценька перапісвае рашэнне задачы.
Вось і ўсё.
"Дзякуй, Алеся. Я ўсё перапісала. Н.", -- набірае і шле яшчэ адну эсэмэску Насця. Няхай ведае сяброўка, што нездарма старалася.
Але чамусьці Алеся не кіўнула галавою, не пацвердзіла, што атрымала паведамленне.
"Атрымала?" -- хацела запытацца ў аднакласніцы Насця, але Ніна Пятроўна нечакана прамовіла ў задуменні:
-- Хтосьці эсэмэску мне прыслаў!
Насця насцярожылася.
А Ніна Пятроўна дастала з сумачкі мабільны тэлефон, паглядзела на яго і заморгала вачыма.
-- Насця, ты мне эсэмэску прыслала! Мне!
-- Я? -- вырвалася ў Насці.
-- Дзякуй, Алеся. Я ўсё перапісала. Н., -- прачытала настаўніца на экране свайго мабільнага тэлефона.
Насця пачырванела і сказала:
-- Прабачце, Ніна Пятроўна. Я нумар мабільнага тэлефона пераблытала.

ПЕСНЯ МАЁЙ БАБУЛІ

Заўтра ў школе здаюць макулатуру. Алеся вынесла з кладоўкі тоўстую кіпу старых газет, паклала яе на падлогу і села на табурэтку. Усе гэтыя газеты яна цяпер  павінна перабраць, роўненька скласці. Так мама загадала. Не хочацца перабіраць старыя газеты. На двары сонца свеціць, сяброўка Насця яе чакае.
-- Мамачка, я потым роўненька паскладаю газеты! -- гукнула Алеся.
-- Мы з табою дамовіліся, дачушка! -- з кухні азвалася мама. Большую частку свайго жыцця мама, мабыць, на кухні праводзіць. То варыць, то парыць, то смажыць там. Стараецца дагадзіць не толькі тату і ёй, Алесі, але і бабулі, якая жыве адна на суседняй вуліцы.
"Мы з табою дамовіліся…". Прыйдзецца складаць, пыл рукамі выціраць. А што зробіш? Мама не любіць, калі з ёю спрачаюцца.
Алеся падняла некалькі газет і ўбачыла ў кіпе пажаўцелы ад часу лісток, вырваны з вучнёўскага сшытка ў клетачку. Ён быў спісаны роўнымі прыгожымі літарамі.
Дзяўчынка ўзяла лісток у рукі і прачытала пра сябе:
Люлі-люлі-люляшу,
                                                         Я дзіцятка калышу,
                                                         Нітачку звіваю,
                                                         Песеньку спяваю.
Нейкі дзіўны верш! Дзе ж яна яго чула? Словы такія знаёмыя!
Люлі-люлі-люляшу,
                                                         Я дзіцятка калышу…
Гэта ж песенька!..
-- Што выведу нітку
                                                        Камару на світку,
                                                        Астануцца кончыкі
                                                        Камару на штончыкі, --
далей ледзь чутна прачытала Алеся.
Ласкавыя, лагодныя словы.  Прыемна гучаць, лашчаць вуха.
Алеся не вытрывала і ціха заспявала:
Люлі-люлі-люляшу,
                                                         Я дзіцятка калышу,
                                                         Нітачку звіваю,
                                                         Песеньку спяваю.
Добра сядзець вось так, перад старымі газетамі, глядзець на гэты пажаўцелы лісток і ціха спяваць. Светлым ручайком журчаць радочкі слоў:
Што выведу нітку
                                                          Камару на світку,
                                                          Астануцца кончыкі
                                                          Камару на штончыкі.
-- Спяваеш, дачушка? -- данёсся з кухні мамін голас. Канешне, моцна здзівілася мама. Не чакала яна, што яе дачка-трэцякласніца заспявае, сеўшы каля старых газет.
Алеся прамаўчала. Яна прытуліла лісток да грудзей. Здаецца, успамінаецца… Так, успамінаецца… Гэтую прыгожую песеньку ёй не раз спявалі, калі была зусім малая. Таму і запомнілася.
-- Люлі-люлі-люляшу,
                                                       Я дзіцятка калышу,
                                                       Нітачку звіваю,
                                                       Песеньку спяваю, --
не гледзячы на паперку, прамовіла Алеся.
Хто ж спяваў ёй, цешыў? Мама?.. Канешне, мама. Яна ўмее спяваць. Голас у яе моцны, прыгожы. А хто ж яшчэ?.. Хто нахіліўся над ёю, маленькаю неразумнаю дзяўчынкаю?.. Чый стомлены твар у зморшчынках бачыць яна? Вочы ўсміхаюцца…
На калідоры паказалася мама. Усё-ткі вырашыла праверыць, чым займаецца дачка.
-- Я здагадалася! -- усклікнула дзяўчынка і аж устрапянулася ўся.
-- Што здарылася, дачушка? -- як было відаць, затрывожылася мама.
Алеся адняла ад грудзей і працягнула маме пажаўцелы лісток.
Мама зірнула на лісток і цяжка ўздыхнула.
-- Мамачка, я здагадалася. Гэта песня маёй бабулі. Яна яе запісала?
-- Бабулін почырк.
-- Яна запісала і ў нас пакінула?
-- Так, дачушка.
-- Напэўна, хацела, каб мы ўбачылі гэты лісток.
-- Напэўна!
-- А нехта з нас у старыя газеты яго кінуў. Разам са старымі газетамі на макулатуру хацелі здаць.
-- Так выйшла.
-- А я яго знайшла!
-- Разумніца ты, дачушка!
Нейкі час было ціха. Толькі мерна стукалі на сцяне ходзікі. Безуважныя да ўсяго, яны адлічвалі час.
-- Дачушка, я катлет напякла. Зараз тваёй бабулі занясу, -- нясмела прагаварыла мама. Яна быццам апраўдвалася перад дачкою.
Знізу ўверх шырока расплюшчанымі вачыма Алеся паглядзела на маму.
-- Я занясу катлеты бабулі. Можна?
-- Але ж ты нядаўна мне казала, што табе з сяброўкай абавязкова трэба сустрэцца.
-- А ўчора мне разбалелася галава, моцна стамілася я ў школе! -- на адным дыханні прагаварыла Алеся.
-- Так, -- кіўнула галавою мама.
-- А пазаўчора была на танцавальным гуртку!
-- Так, -- зноў кіўнула галавою мама.
-- І гэтак кожны дзень!..
-- Засумавала без бабулі, дачушка? -- сказала мама.
-- Засумавала! -- прамовіла дзяўчынка.
Сёння яна прыйдзе да бабулі, пачастуе яе свежымі катлетамі. А потым яны сядуць побач і заспяваюць:
Люлі-люлі-люляшу,
                                                        Я дзіцятка калышу,
                                                        Нітачку звіваю,
                                                        Песеньку спяваю.

СЯБАР

Трэцякласнік Васілёк не хоча хадзіць у школу. У чацвёртым "В" класе вучыцца Мікіта, які жыве ў суседнім двары. Чамусьці неўзлюбіў гэты чацвёртакласнік Васілька. Першы раз восенню пакрыўдзіў. Ён, Васілёк, ішоў са школьнай бібліятэкі, пад пахай нёс кнігу "Казкі". А Мікіта выскачыў з класа і наляцеў на яго, ледзь з ног не збіў. Кніга на падлогу ўпала. Васілёк нагнуўся, каб падняць яе, але Мікіта не дазволіў. Нагою што сілы стукнуў па ёй, у самы кут загнаў і паімчаўся, задаволены.
З таго дня праходу не дае. То пстрычкай пачастуе, то перадражніць, то яшчэ што-небудзь дзеля здзеку прыдумае. Ён высокі, чырванашчокі. Сіла так і прэ з яго.
Канешне, можна было б настаўніцы паскардзіцца. Але ж настаўніца не будзе ахоўваць цэлы дзень, не прыставіць варту. Дый сябрукі ёсць у Мікіты. Адпомсцяць сябрукі.
Трэба цярпець, трэба асцерагацца, абыходзіць задзіру.
Вось і сёння Васілёк выйшаў на двор і азірнуўся. А Мікіта вылез як з-пад зямлі. Стаіць і нахабна ўхмыляецца:
-- Ты, малы, цяпер на вераб'я падобны!
Васілёк сцяўся, угнуў галаву ў худзенькія плечы і падумаў: "Я цяпер сапраўды як спалоханы верабейка".
-- Малы, ведаеш, як чырыкае верабей? -- выхваляецца, стараецца паказаць сябе перад сябрукамі Мікіта. Яны непадалёку стаяць.
Васільку, вядома, трэба было прамаўчаць. Пастаяць, сцяўшыся. Мікіта даў бы яму пстрычку і пабег бы.
Але чамусьці не прамаўчаў Васілёк, кіўнуў галавою.
-- Ведаю.
Мікіта з сілаю пацягнуў яго за грудзі.
-- Чырыкай!
-- Джыу-джыу, джыу-джыу… -- вырвалася з грудзей Васілька.
-- Цяпер ты кожны дзень перада мною будзеш чырыкаць! -- зарагатаў Мікіта і паскакаў да сябрукоў.
Буйныя слёзы выступілі на вачах Васілька. Ён не выцер іх, не змахнуў рукою. Яму хацелася, каб убачылі іх аднакласнікі і пашкадавалі яго. Але аднакласнікі таропка праходзілі міма. Яны не хацелі звязвацца з Мікітам і яго кампаніяй.
-- Джыу-джыу, джыу-джыу… -- быццам перадражніваючы сябе, з горкасцю прамовіў хлапчук і падняў галаву.
Перад ім стаяў сабака. Звычайны цёмна-карычневы дварняк з вялікаю галавою і доўгімі абвіслымі вушамі. Поўсць на ім была ўскалмачаная, збітая.
Гэты сабака цэлымі днямі стаяў каля школы і чакаў пачастунку. Яго многія ведалі, называлі Шарыкам.
Вочы ў Шарыка былі вялікія і сумныя. "І ў мяне цяпер, напэўна, гэткія ж самыя сумныя вочы", -- нявесела падумаў Мікіта. Ён дастаў з поліэтыленавага пакета кавалак піражка і кінуў Шарыку. Сабака злавіў яго ў паветры і праглынуў як муху.
-- Бывай, Шарык! -- прашаптаў Мікіта і пацягнуўся дамоў.
Вечарам з працы прыйдзе мама і спытаецца як звычайна:
-- Як у школе, сынок?
А ён адкажа, нібыта завучанае правіла:
-- У школе добра, мама.
-- Урокі ўжо вывучыў?
-- Яшчэ не ўсе.
-- То вучы хутчэй.
На гэтым іхняя размова скончыцца. Маме няма калі доўга гаварыць. Трэба зварыць есці, папрасаваць адзенне, бялізну… Шмат чаго ёй трэба зрабіць, каб назаўтра, як звычайна, з цямна адправіцца на працу.
Калі б дома жыў тата, то маме, вядома, было б лягчэй. І яму, Васільку, у гэтую цяжкую хвілінку ён нешта параіў бы. Але тата ў замежнай камандзіроўцы. Цэлы год будзе там.
Цэлы год Васільку прыйдзецца цярпець Мікітавы здзекі.
Каля пад'езда Васілёк спыніўся. Побач стаяў Шарык. Ён віляў хвастом і сумнымі вачыма аддана глядзеў на хлапчука.
"Шарык ад самай школы да самага дому мяне правёў," -- здагадаўся Васілёк і, перш чым адчыніць дзверы пад'езда, сказаў:
-- Пачакай трохі, Шарык. Нешта смачненькае табе прынясу.
Шарык запомніў Васілька, прывык да яго. Кожны дзень чакаў каля школы і праводзіў дамоў. Васілёк купіў ў магазіне расчоску з доўгімі рэдкімі зубамі і прычасаў Шарыка, а ўзбітую поўсць астрыг.
Неяк разам з Шарыкам яны пайшлі на возера, якое было непадалёку. Васілёк шпурнуў у возера трэску і папрасіў сабаку:
-- Прынясі!
Не раздумваючы, Шарык кінуўся ў возера, зубамі схапіў трэску, вылез на бераг і страсянуўся каля Васілька. Буйныя кроплі паляцелі на адзенне і на твар хлапчука. Васілёк весела засмяяўся.
-- Радуешся, малы? -- як заўжды, пачулася нечакана.
Васілёк азірнуўся і ўбачыў Мікіту. Воддаль тоўпіліся яго сябрукі.
-- Даўно хачу сустрэцца з табою, верабей. Ад мяне не схаваешся, не спадзявайся! -- свідруючы Васілька халоднымі вачыма, прагаварыў Мікіта.
Хлапчук ступіў убок, хацеў мінуць забіяку і пайсці.
-- Не ўцякай! Каму сказаў?-- спыніў Васілька вокліч Мікіты.
"Ён быццам не гаворыць, а страляе ў мяне", -- зазначыў пра сябе Васілёк і зірнуў на Шарыка. Шарык шырока раскрыў рот, пазяхнуў і зноў страсянуўся.
-- Чырыкай, малы!
Шарык, заўважыў Васілёк, насцярожыўся.
Мікіта стукнуў Васілька па плячы і зарагатаў.
-- Цярпі, казак, -- атаманам будзеш.
-- Не хачу быць такі, як ты! -- глуха прамовіў Васілёк.
Мікіта падняў угору кулак.
-- У возеры хочаш пакупацца?
"Гыр-р-р…" -- з пагрозаю гыркнуў Шарык і наблізіўся да Мікіты.
Мікіта азірнуўся і паглядзеў на сябрукоў. А тыя зарагаталі.
-- Хадзем, Шарык, -- паклікаў Васілёк.
Сабака не скрануўся. Ён са злосцю глядзеў на Мікіту.
-- Малы, Шарык мяне не ўкусіць. Ён да кожнага ідзе, лашчыцца! -- выгукнуў Мікіта.
-- А ты пагладзь яго, -- параіў Васілёк.
-- Не, -- пакруціў галавою Мікіта. -- Татку скажу, што кусаецца, на людзей нападае… Татка ў міліцыю заявіць. Міліцыянеры прыедуць і застрэляць яго.
-- Не застрэляць, не дачакаешся.
-- Чаму?
-- Я Шарыка дамоў забяру. Ён у нас будзе жыць.
-- Маці не дазволіць, малы.
-- Я ўжо дамовіўся з мамай, -- сказаў Васілёк і няспешна накіраваўся дамоў.
Шарык пабег за Васільком.

ХТО САМЫ СМЕЛЫ?

Каля пяціпавярховага дома на спартыўнай пляцоўцы сустрэліся трэцякласнікі Міхась, Пятрусь і Алесь.
-- Я самы смелы, -- сказаў Міхась. -- Я цемнаты не баюся, ноччу адзін у хаце магу быць.
-- Я самы смелы, -- запярэчыў Пятрусь. -- Я ноччу адзін нават на дачы магу быць.
-- Я самы смелы… -- пачаў Алесь.
-- Памаўчы! -- перапыніў Алеся Міхась. -- Калі мы на мінулым тыдні паштовыя скрынкі ў пад'ездзе хацелі паадкрываць, ты не пагадзіўся з намі.
-- Наадрэз адмовіўся, спалохаўся, -- дадаў Пятрусь.
-- Нельга чужыя паштовыя скрынкі адкрываць, -- заўважыў Алесь.
З пад'езда выйшла цётка Ніна. Яна жыла з хлапчукамі ў адным пад'ездзе і часта сустракалася з імі.
Непадалёку стаяла легкавушка цёткі Ніны. Жанчына наблізілася да яе, адчыніла дзверцы і азірнулася.
-- Нешта здарылася ў яе, няйначай, -- выказаў здагадку Міхась.
-- Напэўна, машына не заводзіцца: акумулятар сеў, -- з выглядам знаўцы прагаварыў Пятрусь і пазяхнуў. Учора добра не выспаўся ён: да апоўначы глядзеў тэлевізійны фільм.
-- Сапраўды, не заводзіцца мая машына, сеў акумулятар, -- пачуўшы размову хлапчукоў, неяк весела прагаварыла цётка Ніна.
-- Бывае! -- як дарослы, развёў рукамі Пятрусь.
-- Можа, дапаможаце? З горачкі штурхніце, а далей я сама паеду.
-- Мне ў магазін трэба ісці, мама паслала, -- паведаміў Пятрусь і пакрочыў да суседняга дома.
-- І мне ў магазін трэба ісці! -- усклікнуў Міхась і накіраваўся за Петрусём.
Да цёткі Ніны падышоў Алесь.
-- Я дапамагу, вашу легкавушку з горачкі штурхну, -- сказаў.
Цётка Ніна ўсміхнулася.
-- Пажартавала я, Алесік. А твае сябры ўцяклі, спалохаліся.
Алесь моўчкі глядзеў на цётку Ніну.
--  Не верыш, што пажартавала?
Алесь пакруціў галавою.
Цётка Ніна села ў легкавушку, завяла яе і паехала, усміхаючыся.

СНЕЖНЫ ТУМАН

У гэты дзень распачалася мяцеліца. Васілька і Алесю са школы адпусцілі раней. Яны ішлі па дарозе, якая вяла ў іхнюю вёску Загор'е. У некаторых месцах вецер ужо перамёў дарогу. Прыходзілася перабірацца праз сумёты.
-- Алеська, трымайся побач, не адставай! -- напомніў сястры-трэцякласніцы Васілёк. Ён вучыцца ўжо ў шостым класе. Яму ісці лягчэй.
-- Трымаюся, не адстаю! -- азвалася Алеся і ўтуліла галаву ў падняты каўнер паліто.
Наляцеў халодны вецер, жорсткімі крупамі сыпануў у твар. Васілёк на імгненне заплюшчыў вочы. Можа, вярнуцца ў школу і там бацьку пачакаць? Ён на трактары прыедзе, забярэ іх. Але ж калі гэта будзе? У разгары працоўны дзень.
Васілёк расплюшчыў вочы. Побач стаіць сястрычка. Малайчына, не адстала ад яго.
-- Пойдзем, Алеська?
-- Пойдзем.
Канешне, Алеся разумее, што няма як доўга тут стаяць. Хутка зусім замяце дарогу. Вунь як стараецца, свішча вецер.
Васілёк зірнуў на тоўсты, набіты кнігамі і сшыткамі партфель, які вісеў за плячыма Алесі.
-- Дай партфель, -- прагаварыў.
-- Сама панясу, -- запярэчыла Алеся.
Хлапчук хуценька зняў з плячэй сястры партфель і ў чарговы раз напомніў:
-- Не адставай!
Васілёк ідзе няспешна, пакідаючы ў снезе глыбокія сляды. У гэтыя сляды, ведае ён, ступае Алеся. Слядок у слядок, каб было лягчэй. Так заўжды яны робяць зімою.
Пачаўся яловы лес. Стала цішэй, спакайней. Толькі ў самых вершалінах з пагрозаю гудзіць вецер, калыша вялізныя снежныя шапкі старых ялін.
Азірнуўшыся, Васілёк усміхнуўся сястры. І яна ўсміхнулася краёчкамі вуснаў. Шчочкі чырвоныя ад марозу, пасмачкі валасоў, што вылезлі з-пад вязанай шапачкі, пакрыў белы іней.
-- Васілёк, глянь! Вунь ліса! -- раптам усклікнула Алеся.
Сапраўды, уперадзе на дарозе стаяла прыгожая рыжая ліса. Прыўзняўшы вострую мордачку, яна з цікаўнасцю глядзела на дзяцей.
-- Не ўцякае! -- сумелася Алеся.
-- Уцячэ, калі падыдзем бліжэй, -- упэўнена прагаварыў Васілёк і пакрочыў далей. Ён ведаў, што лясныя звяры ўцякаюць ад чалавека, не любяць сустракацца з ім.
-- Чаго яна выбегла на дарогу? -- запыталася сястра.
-- Мабыць, мышкуе, -- адказаў Васілёк.
-- Што ты сказаў? -- недачула Алеся.
-- Мышкуе, мышэй ловіць!
-- У такую мяцеліцу? Можа, яна хворая, шалёная?
-- Не шалёная. Глядзі, як высока галаву трымае, -- сказаў Васілёк і падняў тоўсты сук, абламаны ветрам.
Ліса падскочыла і пабегла, знікла ў лесе, быццам і не было яе.
-- А я табе што казаў! -- павесялеў Васілёк.
Лес скончыўся. Далей трэба ісці па адкрытым месцы, праз поле. Да Загор'я ўжо недалёка: кіламетры паўтара, не болей. Але вецер усхадзіўся яшчэ больш, нібы ашалеў. Дарогі амаль не відаць, наваколле быццам у тумане. У снежным тумане.
Васілёк ведае, што туман утвараецца з маленькіх кропелек вады. Яны плывуць над зямлёю адна за адной. А гэты туман утварыўся з безлічы сняжынак. У ціхі зімовы дзень сняжынкі прыгожыя, дыяментамі пераліваюцца, а цяпер яны сякуць па твары, слепяць вочы.
Хлапчук ступіў і па самы пояс праваліўся ў снег.
-- Мы з дарогі збіліся! -- выклікнула Алеся.
Васілёк і сам зразумеў, што яны збіліся з дарогі, згубілі яе. Па цаліку ў вёску прыйдзецца ісці, па пояс у снезе. Але ж у такім змроку не дойдзеш да Загор'я, заблудзішся.
Справа цямнее край лесу. Яго яшчэ можна разгледзець. Туды трэба кіравацца. Каб толькі сястрычка не адстала, не згубілася.
-- Алеська, вазьміся за маю куртку і трымайся моцна, нізашто не адпускай! Зразумела?
Дзяўчынка абедзвюма рукамі ўзялася за куртку брата. Яна адразу ўсё зразумела.
Васілёк павярнуў направа і пабрыў па снезе, прабіваючы для сястры дарогу. А яна спалохалася, загаласіла:
-- Куды ты? Куды-ы?..
Хлапчук павярнуў галаву і крыкнуў:
-- Каля лесу сцірта саломы стаіць! Забы-ылася-а?..
-- А-а-а!.. -- вырваўся з грудзей дзяўчынкі гучны вокліч і адразу ж згінуў, прапаў у снежным тумане. Снежны туман праглынуў яго.
Васілёк брыў і брыў па снезе. Час для яго спыніўся. Валасы пад шапкай зліпліся, забалелі ногі…
А Алеся малайчына. Трымаецца рукамі, не адпускае куртку. Такая не прападзе, будзе жыць.
Вось і сцірта. Як вялікі бухматы заснежаны дом, яна стаіць пры самым лесе.
-- Тут будзем начаваць? -- гледзячы на сцірту, ціха прамовіла Алеся.
-- Тут.
-- Мы не замерзнем тут?
Сястра стаяла і ківалася, як гнуткая былінка на лютым ветры.
-- Нам будзе цёпла тут, -- сказаў Васілёк і, нагнуўшыся, стаў выдзіраць са сцірты салому, каб зрабіць глыбокую нару.
Восенню салому склалі ў спрасаваных трактарам цюках. Таму яна не паддавалася, не выцягвалася. Але Васілёк скуб і скуб яе, выдзіраў па жменьцы, забыўшыся пра стому. Там, у снежным тумане, стаіць сястра і ківаецца, як былінка.
-- Васілёк, мне холадна! -- не стрывала, падала галасок.
-- А наша хатка ўжо гатовая. Лезь сюды! -- з нары паклікаў сястрычку Васілёк.
Алеся на каленках залезла ў нару і прытулілася да брата.
У сцірце шалясцелі, пішчалі неўгамонныя мышы.
-- Васілёк, я мышэй баюся, -- прызналася Алеся.
-- Супакойся. Яны не палезуць да нас.
-- Ты ведаеш?
-- Ведаю.
-- Я веру табе, -- сказала сястрычка і праз хвілінку дадала: -- Есці хочацца.
Хлапчук дастаў з кішэні пачак чыпсаў і працягнуў яго Алесі.
-- Вазьмі.
-- А ты?
-- Я не хачу есці, -- схлусіў Васілёк.
Алеся разарвала пачак, дастала з яго некалькі чыпсаў і працягнула іх Васільку.
-- Вазьмі.
-- Не хачу.
Васілёк адчуваў сябе вінаватым перад сястрою. Калі б не гэтыя чыпсы, то яны ўжо даўно былі б дома, грэліся б у цёплай хаце. Настаўнікі іх папярэдзілі, каб нідзе не бавіліся, адразу ішлі дамоў, а ён разам з Алесяй накіраваўся ў магазін, вырашыў купіць там чыпсы. Тады толькі распачыналася мяцеліца.
-- Вазьмі! -- настойліва прагаварыла Алеся.
Васілёк узяў чыпсы і паклаў у рот. З вачэй выплылі і пацяклі па шчоках здрадлівыя слязінкі. "Добра, што Алеся іх не бачыць", -- падумаў хлапчук і гучна шмаргануў носам.
-- Васілёк, ты плачаш? -- здагадалася Алеся.
-- Там, на полі, я моцна перажываў за цябе, сястрычка! -- прамовіў Васілёк.
-- Баяўся, каб не загінула я?
-- Вельмі баяўся.
-- Я таксама за цябе перажывала, шкадавала цябе.
Васілёк і Алеся непрыкметна заснулі, быццам самі сабою зліпліся ў іх вочы. А на полі бушавала мяцеліца, белым туманам затуляла наваколле.
2
Раніцай дзяцей разбудзіў працяжны гул. Яны вылезлі з нары і ўбачылі трактар. Ён вырваўся з лесу і нёсся да іх напрасткі, па полі. З кабіны высунуўся тата.
-- Мы ўсю ноч шукалі вас, дзеткі!.. -- закрычаў ён.
Вакол было ціха. Над лесам узнімалася сонца. Мільёнамі прыгожых дыяментаў пераліваліся сняжынкі.
Васілёк і Алеся, прытуліўшыся, стаялі каля сцірты.

СЛЁЗКІ СОНЦА

-- Дзеці, як утвараюцца хмары? Хто раскажа? -- запыталася Ніна Пятроўна ў пяцікласнікаў.
Васілёк падняў руку. Няўжо не выкліча, не заўважыць яго настаўніца? Ён ведае, як утвараюцца хмары.
-- Калі ласка, Васілёк, -- усё-ткі заўважыла Ніна Пятроўна, выклікала.
Хлапчук устаў, кашлянуў, каб прачысціць горла, і сказаў:
-- Хмары -- слёзкі сонца.
У класе зашапталіся, а Рыгор, які сядзеў на суседнім радзе, заўсміхаўся.
Настаўніца нахмурылася.
У класе стала ціха.
-- Хмары -- слёзкі сонца, -- цвёрда паўтарыў Васілёк, хоць і не зразумеў, каго асудзіла настаўніца. Выклік можна было пачуць у ягоных словах.
-- Няпраўда! -- не сцярпеў, выкрыкнуў Рыгор і ўскочыў з-за стала. Ён быў выдатнікам, першым вучнем у класе.
-- Пачакай, Рыгор, -- прамовіла Ніна Пятроўна.
Рыгор кіўнуў лабастаю галавою і сеў.
Васілёк стаяў роўненька, выцягнуўшыся ў струнку. Ён чакаў, калі Ніна Пятроўна дазволіць яму гаварыць.
-- Васілёк, ты дакажаш нам, што хмары -- слёзкі сонца? -- краёчкамі вуснаў усміхнулася настаўніца.
На ілбе Васілька выступілі кропелькі поту.
"Я яшчэ не даказваў сваю думку. Мне цяжка. Зразумейце мяне і не смейцеся, калі ласка", -- хацелася сказаць яму.
-- Дакажаш? -- напомніла Ніна Пятроўна.
Зараз настаўніца прамовіць: "Сядай". І тады выдатнік Рыгор у час перапынку з пагардай паглядзіць на яго і засмяецца проста ў твар.
-- На нашай планеце шмат вады…
-- Адкрыў Амерыку! -- усклікнуў Рыгор і азірнуўся, шукаючы падтрымкі ў аднакласнікаў.
-- Сонца награвае ваду, і яе кропелькі ляцяць да яго.
У класе зноў зашапталіся, данёсся чыйсьці смех.
-- Ніна Пятроўна, ён няправільна расказвае! -- запярэчыў Рыгор.
-- Чаму няправільна?
-- Трэба расказваць так, як напісана ў вучэбным дапаможніку.
-- Як, Рыгор?
-- Сонца за адну хвіліну выпарае на Зямлі мільярд тон вады.
Васілёк ведаў, што за адну хвіліну сонца выпарае на Зямлі мільярд тон вады. Дома ён часта ўяўляў, як сваімі цёплымі рукамі сонца дакранаецца да вады… Угору ляцяць пырскі, рассыпаюцца безліччу кропелек і паднімаюцца ўсё вышэй і вышэй.
-- Ты ўсё сказаў, Рыгор?
-- Магу яшчэ сказаць.
-- Потым скажаш. Цяпер твайго аднакласніка паслухаем, -- падахвоціў Васілька голас настаўніцы.
-- Я буду расказваць па-свойму. Так, як думаю, як уяўляю. Можна, Ніна Пятроўна?
-- Можна.
Рыгор, заўважыў Васілёк, скрывіўся і сцяў кулакі, нібыта перад бойкай.
-- Маленькія кропелькі імкліва ляцяць уверх. Да сонца! Да цёплых рук сонца! Шмат кіламетраў ляцяць, рассыпаюцца!.. Вакол іх цёплае паветра!... Усё цягнецца да цяпла. Хіба не так, Ніна Пятроўна?
-- На шматкіламетровай вышыні, дзе тэмпература больш нізкая, паветра ахалоджваецца, -- апярэдзіўшы Ніну Пятроўну, панура прагаварыў Рыгор.
-- А ты думаеш, кропелькі не ведаюць гэтага? -- запытаўся Васілёк.
Рыгор паціснуў плячыма. Ён не разумеў Васілька.
-- Ведаюць і ўсё роўна ляцяць, каб стаць хмаркамі -- слёзкамі сонца. Потым яны ўпадуць на Зямлю. Так будзе заўжды!
Васілёк замаўчаў. Яму не хапала слоў, ён не ведаў, што казаць далей.
-- Так і мы заўжды будзем цягнуцца да цяпла. Нас заўсёды будзе вабіць вышыня,-- сказала Ніна Пятроўна.

ХТО САМЫ ЛОЎКІ?

Каля пад'езда пяціпавярховіка непадалёку ад кучаравай вішанькі стаялі Міхась, Пятрусь і Алесь.
-- Я самы лоўкі, -- сказаў Міхась. -- Я на перакладзіне ўмею падцягвацца.
-- Я самы лоўкі, -- запярэчыў Пятрусь. -- Я на руках умею стаяць.
-- Я самы лоўкі…-- пачаў Алесь.
Але Міхась перапыніў яго:
-- Ты памаўчы. Учора мы з Петрусём да дзядзькі Кандрата ў сад залезлі. А ты адмовіўся.
-- Пабаяўся лезці праз плот. Табе здалося, што вельмі высокі ён! -- з пагардай прамовіў Пятрусь.
-- Я не хачу лазіць па чужых садах, -- прагаварыў Алесь.
З магазіна, які стаяў насупраць, выйшла бабуля. Яна адзела акуляры, дастала з сумкі кашалёк і пачала лічыць грошы.
Нечакана наляцеў моцны вецер, закружыўся ваўчком, выхапіў з рук бабулі грашовую купюру і кінуў на вішаньку.
-- Ого! -- вырвалася ў Міхася.
-- Грошы трэба лічыць не адыходзячы ад касы, -- гледзячы на бабулю, зазначыў Пятрусь.
Бабуля таропка перайшла праз дарогу, наблізілася да кучаравай вішанькі і падскочыла, намерваючыся дастаць грашовую купюру.
Міхась і Пятрусь засмяяліся.
-- Не, не дастану я. Прыйдзецца прасіць некага, -- павярнуўшыся да хлапчукоў, паскардзілася бабуля.
Міхась і Пятрусь засунулі рукі ў кішэні, адышліся і селі на лаўку. Яны стараліся не глядзець на жанчыну.
-- Вы не хвалюйцеся. Я зараз залезу на вішню і дастану вашы грошы, -- падахвоціўся Алесь.
Бабуля схапіла Алеся за рукаў.
-- Не трэба! Упадзеш з вішні, а потым мяне сумленне будзе мучыць.
-- Не ўпаду. Не будзе мучыць вас сумленне, -- стараўся пераканаць бабулю Алесь.
-- Не пушчу! Няхай прападаюць гэтыя грошы, -- прамовіла жанчына і змахнула з вачэй слязінкі.
-- Аж на вішню грошы вецер закінуў, пасмяяўся з вас! -- пачулася ззаду.
Алесь і бабуля азірнуліся і ўбачылі высокага стройнага юнака. Юнак падскочыў, нагнуў галіну і звярнуўся да бабулі:
-- Забірайце сваё багацце.
Жанчына ўзяла грошы, зашчаміла іх у кулаку і падзякавала юнаку:
-- Вялікі дзякуй табе, унучак.
-- Няма за што, -- адказаў юнак і пакрочыў далей.
Бабуля зірнула на Алеся і ўсміхнулася яму.

КОЛЬКІ ХЛАПЧУКОЎ?

У пяты "Д" клас зайшла настаўніца Наталля Іванаўна і сказала:
-- Хлапчукі, мама Мікіты Аляхновіча прывезла шмат макулатуры. Дапамажыце, калі ласка, перанесці яе ў склад.
Пяцікласнікі з шумам высыпалі на двор.
Каля ганка стаяла белая легкавушка. Яе адчынены багажнік быў запоўнены кіпамі макулатуры.
-- Вялікая ў вас сямейка, Наталля Іванаўна, -- заўважыла мама Мікіты.
Настаўніца кіўнула галавою.
Дзеці хуценька разабралі кіпы і накіраваліся ў склад.
-- А Дзяніса Сасноўскага няма, у класе застаўся! -- заўважыў Змітрок Сталярчук.
-- Ён за шторай схаваўся, -- прагаварыў Мікіта.
Дзяніс Сасноўскі цяпер стаяў каля акна і глядзеў на двор. "Цягайце гэтую пыльную макулатуру, калі вам так падабаецца. А я не хачу, не буду", -- думаў ён.
Міма яго праходзілі дзяўчынкі, усміхаліся.
Неўзабаве ў класе з'явіліся хлапчукі. Усе яны былі расчырванелыя, узбуджаныя.
Дзяніс сеў за стол і адкрыў кнігу. "Дам адпор, калі хто-небудзь з вас будзе чапляцца да мяне", -- падумаў ён.
-- Паслухайце, пяцікласнікі! -- пачуўся каля дзвярэй голас шасцікласніцы Алесі. Яна ў гэты дзень дзяжурыла ў школе.
Пяцікласнікі адразу супакоіліся і ўставіліся на Алесю. Ім хацелася ведаць, чаму менавіта ў іхнім класе з'явілася яна.
-- Колькі ў вас хлапчукоў і колькі дзяўчынак? -- прамовіла Алеся. -- Дзяўчынкам сёння прышчэпкі будуць рабіць.
--  Чатырнаццаць хлапчукоў і пятнаццаць дзяўчынак! --  пераглянуўшыся, гукнулі Мікіта і Змітрок.
-- Вы не памыліліся? Мне так і запісаць?
З-за стала ўскочыў Дзяніс Сасноўскі.
-- У нас пятнаццаць хлапчукоў!
-- Дык колькі ў вас хлапчукоў: чатырнаццаць ці пятнаццаць? -- разгубілася дзяжурная.
-- Пятнаццаць! Яны мяне не палічылі! -- усхвалявана прагаварыў Дзяніс.
Аднакласнікі дружна засмяяліся.

ШТО ЛЮБІЦЬ БАБУЛЯ?

-- Дзеці, што любіць наша бабуля? -- аднаго разу запыталася мама.
-- Наша бабуля на дачы любіць працаваць, -- сказаў Міхась.
-- Наша бабуля ежу любіць гатаваць, -- зазначыла Кацярына.
-- Наша бабуля ў кватэры любіць убіраць, -- прагаварыў Пятрусь.
-- Наша бабуля любіць нашу ласку, -- прамовіла Алеся і прытулілася да бабулі.

ШЛЯХ ДА БОГА

Дзядуля Максім і ўнук Алесь стаяць побач і моляцца перад іконай.
-- Ойча наш нябесны! Свяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё ды станься воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і выбач нам правіны нашы, як і мы выбачаем вінаватым прад намі, і не дай нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Бо Тваё ёсць валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпер і ўвесь час, і на вякі вякоў. Амін, -- басавіта гудзіць голас дзядулі Максіма.
-- Устаўшы ад сну, прыпадаем да Цябе, Добры, і анёльскую песню натхнёна пяем Табе: святы, святы, святы Ты, Божа, Багародзіцай памілуй нас.
Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу.
Госпадзе, што з пасцелі й сну падняў мяне, прасвятлі розум мой і сэрца маё, і вусны мае адчыні, каб пяяць Табе, Святая Тройца: святы, святы, святы Ты, Божа, Багародзіцай памілуй нас.
І цяпер і ўвесь час, і на вякі вякоў. Амін, -- тоненькім галаском выводзіць Алесь.
За акном устае сонца. Чуецца гул машын, даносяцца людскія галасы.
-- Неспадзявана Суддзя прыйдзе, і выявяцца ўчынкі кожнага, таму апоўначы са страхам усклікнем: святы, святы, святы Ты, Божа, Багародзіцай памілуй нас.
Госпадзе, памілуй, -- дружна гучаць галасы дзядулі Максіма і Алеся.
На падаконнік села цікаўная сініца. Паглядзела ў акно і моцна засвістала: "Ці-ці-фі, ці-ці-фі…".
-- Малітва -- гэта шлях да Бога, -- кажа Алесю дзядуля.
-- А які яшчэ шлях да Бога? -- цікавіцца маленькі Алесь.
-- Падумай, унучак. Потым, магчыма, сам скажаш мне.
-- Я абавязкова падумаю, -- абяцае Алесь і, узяўшы партфель, адпраўляецца ў школу.
Са школы Алесь прыходзіць толькі апаўдні.
-- Чым парадуеш, унучак? -- каля парога сустракае яго дзядуля Максім.
-- За гэты тыдзень па паводзінах мне паставілі прыкладную адзнаку, -- паведамляе Алесь.
-- Малайчына, унучак.
-- Дзядуля, гэта таксама шлях да Бога? Так я разумею?
-- Так, -- кажа дзядуля Максім і ледзь прыкметна ўсміхаецца.

Казкі

ЯК ДВА ЗАЙЦЫ ПАСЯБРАВАЛІ

Жылі па суседству два зайцы: Шарачок і Белячок. У Белячка усё было беленькае: і вушкі, і галава, і спінка, і нават маленькі хвосцік. А ў Шарачка ўсё было шэранькае: і вушкі, і галава, і спінка, і маленькі хвосцік.
Цэлы год два зайцы жылі па суседству, але віталіся толькі здалёку: ніяк не маглі пасябраваць. Яны былі сарамлівыя і нясмелыя зайцы.
Аднаго разу Шарачок вырашыў дроў на зіму напілаваць. Кожны год ён дровы пілаваў і пад страхою складваў, каб сохлі. А зімою ў печцы паліў, грэўся. Трашчаць у печцы сухія яловыя дровы, а Шарачок глядзіць на гарачы агонь і ціха спявае:
Раз, два, тры, чатыры пяць…
                                                 Дровы ў печачцы трашчаць.
Сам прыдумаў гэткую песеньку. Хоць яна была невялікая, але вельмі падабалася яму. Доўга мог яе спяваць.
Выйшаў Шарачок на двор, пацягнуўся, сонейку ўсміхнуўся. Весялей заіскрылася сонейка.
-- Раз, два, тры, чатыры, пяць…
                                              Трэба дровы пілаваць, --
прамовіў заяц і падняў тоўстае бярозавае бервяно, на козлы вырашыў пакласці.  Козлы -- падстаўку ў выглядзе бруса на чатырох ножках,  збітых накрыж, --  ён зрабіў яшчэ ў мінулым годзе.
"Пацяжэла бервяно, пад дажджом паляжаўшы, стала як алавянае. Калі б я з Белячком пасябраваў, то разам на козлы яго паклалі б", -- падумаў Шарачок.
А Белячок якраз з хаты выйшаў. "Дапамагчы табе, сусед?" -- хацеў запытацца, ды чамусьці рашучасці не хапіла.
Шарачок напружыўся, гучна ўздыхнуў і паклаў бервяно на козлы.
Падляцеў цікаўны Верабейка. Сеў на бервяно і гучна закрычаў: "Джыу-джыу, джыу-джыу…". Усё хоча бачыць і ведаць.
Шарачок падміргнуў Верабейку як добраму знаёмаму, узяў пілку і пачаў пілаваць.
"Жых-жах, жых-жах…" -- спявае вострая пілка. "Джыу-джыу, джыу-джыу…" -- нібыта заведзены, крычыць Верабейка.
Белыя апілкі сыплюцца з-пад пілкі, сеюцца па зямлі, быццам незвычайныя зярняткі.
Не вытрываў Шарачок і стаў падпяваць у такт пілцы:
-- Раз, два, тры, чатыры, пяць…
                                              Люблю дровы пілаваць.
                                              Раз, два, тры, чатыры пяць…
                                              Люблю дровы пілаваць.
На хвілінку пазайздросціў суседу Белячок. "Зараз і я вазьму пілку. Магчыма, і да мяне прыляціць які-небудзь цікаўны верабейка", -- падумаў ён.
"Жых-жах", -- заспявала вострая пілка і засела ў бервяне, тоненька дзынкнуўшы. Сціснула яе сырое бервяно, спыніла імклівы ход.
-- Ох! -- ад неспадзеўкі ўсклікнуў Шарачок. А Верабейка заскакаў, захваляваўся: "Джыу-джыу, джыу-джыу…". Не разумее, чаму пілка раптам заўпарцілася.
-- Сусед, пілку заціснула? -- вырвалася ў Белячка.
Мабыць, прамаўчыць Шарачок, не адкажа.
Неўзабаве ён, Белячок, апусціць галаву, павернецца і пасунецца ў хату. У хаце толькі павучок яго сустрэне. У куце павуцінку ён звіў, назойлівага Камарыка стараецца злавіць. Ды не даецца яму хітры Камарык.
-- Так заціснула, што не пацягнуць! -- усё-ткі адказаў Шарачок.
-- Я тваю бяду адной лапай развяду, -- прагаварыў Белячок і, узяўшы ў хаце кавалак мыла, намачыў яго і падышоў да суседа, упершыню пераступіў праз мяжу.
А Шарачок топчацца каля козлаў, зусім разгубіўся. І маленькі Верабейка анічога не разумее. Дзюбку адкрыў і на Белячка як заварожаны пазірае.
Белячок выцягнуў пілку і старанна змазаў яе мокрым мылам.
-- Навошта? -- усклікнуў Шарачок.
-- Каб не ціснула. Хітры прыём працы я прымяніў, -- паведаміў суседу Белячок.
-- Хіба гэта дапаможа пілцы? -- не паверыў Шарачок.
-- Давай праверым, -- прапанаваў Белячок.
Шарачок і Белячок узяліся з двух бакоў за ручкі і сталі пілаваць бервяно.
"Жых-жах, жых-жах…" -- як раней, заспявала вострая пілка. "Джыу-джыу, джыу-джыу…" -- як раней, нібыта заведзены, закрычаў Верабейка.
А Шарачок і Белячок сталі падпяваць у такт:
-- Раз, два, тры, чатыры, пяць…
                                              Цяпер будзем сябраваць.
                                              Раз, два, тры, чатыры пяць…
                                              Заўжды будзем сябраваць.
Вось так пасябравалі Шарачок і Белячок. Хітры прыём працы ім дапамог.

ДОМ

Гэты Дом стаяў на самым ускрайку вёскі. Яго даўно пакінуў Гаспадар, і ён пастарэў. Лісты шыферу на даху пацямнелі, пакрыліся мохам, а белая фарба на вокнах аблупілася. Аднаго разу белагаловы Хлапчук падбег да Дома і стаў падбіваць нагамі прыгожы жоўта-паласаты мяч.
-- Адзін, два, тры… -- лічыць, падбіваючы. Паслухмяна скача мяч у яго.
Ляцеў Верабейка. Убачыў белагаловага Хлапчука, сеў на здзічэлую яблыньку, якая расла непадалёку, цёмна-шэраю галавою круціць, дзівіцца.
-- Дваццаць тры! -- выклікнуў Хлапчук і моцна стукнуў жоўта-паласаты мяч нагою.
На гэты раз жоўта-паласаты мяч не паслухаўся Хлапчука:  моцна стукнуўся ў шыбу акна. Звонка дзынкнула шкло, і ў самым нізе, злева, у куточку,  разбілася, разляцелася. Ягоныя вострыя кавалачкі ўпалі на зямлю і заблішчалі на сонцы.
"Джыу-джыу", -- спалохана закрычаў Верабейка і паляцеў. Толькі яго і бачылі.
Белагаловы Хлапчук угнуў галаву ў плечы, азірнуўся і, схапіўшы мяч, таропка пакрочыў у вёску. "Пашанцавала мне, што гэты Дом пакінуты", -- падумаў ён і моцна прыціснуў жоўта-паласаты мяч да грудзей.
Прыляцеў Вецер. Заўважыўшы дзірку ў разбітай шыбе, ён уляцеў у Дом. "Магчыма, там нейкія паперы на стале ляжаць. Дык параскідаю іх. Няхай потым збірае Гаспадар", -- так разважыў Вецер-свавольнік.
Але ў Доме не было ні стала, ні крэслаў. Пуста было ў Доме.
-- А пылу тут! -- усклікнуў Вецер і гучна чхнуў, затуліўшы далонню рот і нос.
-- У пакоях шмат пылу сабралася. Што праўда, то праўда. І на падаконніках, і нават на падлозе, нібы попел, ляжыць пыл. Так што будзь асцярожны, -- падаў голас Дом. Яму даўно хацелася пагаварыць з кім-небудзь. Надакучыла маўчаць дзень і ноч.
Вецер яшчэ раз гучна чхнуў і паківаў касматаю галавою.
-- Неўзабаве прападзеш ты, развалішся!
-- Не прападу, -- запярэчыў Дом. -- У жыцці ў кожнага бываюць няўдачы. Наша жыццё чорна-белае.
Дом верыў, спадзяваўся, што вернецца Гаспадар і парамантуе яго, зробіць як цацку.
-- Прападзеш, стары! Глянь, колькі павуціны ў тваіх кутах, -- буркнуў Вецер. Ён не любіў, калі яму пярэчылі.
-- Я не стары, -- прамовіў Дом. Ён быў яшчэ моцны і сапраўды лічыў сябе маладым.
-- Хутка дакажу, што стары і струхлелы. Палятаю па свеце, сілы набяруся і твой дах, як былінку, падніму, разбуру! -- паабяцаў Вецер і паімчаўся на двор. На двары прасторна, ёсць дзе пагуляць яму.
-- Нявыхаваны ты. Лятаеш па свеце, а так і не набраўся розуму, -- ціха прамовіў Дом. Ён не паверыў, што Вецер-свавольнік можа падняць яго дах і кінуць кудысьці як непатрэбшчыну.
З бур'яну, які сцяною стаяў вакол Дома, выйшаў жоўта-паласаты кот, падобны на прыгожы мяч Хлапчука.
-- Ты чуў, як Вецер мне пагражаў? -- запытаўся ў жоўта-паласатага ката Дом.
-- Ён многім пагражае, -- адказаў кот і закруціў кончыкам хваста, каб паказаць, што не ў захапленні ад свавольніка.
-- Як зваць цябе? -- пацікавіўся Дом.
-- Барсік, -- важна адказаў кот.
-- А мяне Дом.
-- Проста Дом?
-- Проста Дом.
-- Цікава! -- прагаварыў Барсік і мяккай лапай дакрануўся да доўгіх белых вусоў. "Гэты Дом мне падабаецца, хоць я пакуль і не зразумеў, чаму падабаецца", -- падумаў ён.
"У Барсіка няма свайго дома. Нездарма з густога бур'яну вылез", -- здагадаўся Дом і пацікавіўся:
-- Ты дзе жывеш, шаноўны?
"А дзе прыйдзецца, як перакаці-поле я", -- падумаў кот, але сказаў па-іншаму:
-- Па свеце хаджу, добры дом сабе шукаю.
"Я добры Дом, трывалы Дом, моцны Дом. Трэба даказаць гэта Барсіку!" -- з хваляваннем падумаў Дом і сказаў:
-- Займай любы мой пакой і жыві.  Месца хопіць табе.
Барсік торкнуў лапай, паказаўшы на замок, які вісеў на дзвярах.
-- Запрашаеш, а дзверы замкнёныя!
-- Унізе ёсць шчыліна. Прыгніся і залезеш у сенцы. Не бойся, дзверы не прыціснуць цябе, -- паведаміў Дом.
-- У тваіх пакоях я буду жыць адзін ці з мышамі? -- запытаўся кот.
-- У маіх пакоях няма мышэй. Паразбягаліся без Гаспадара, -- прызнаўся Дом.
-- Нецікава мне без мышэй, не магу жыць без мышэй, -- прамурлыкаў Барсік і пасунуўся ў бур'ян.
Дому стала сумна-сумна. Яму хацелася заплакаць. Але ён ужо даўно не плакаў, развучыўся плакаць, бо ведаў, што ніхто не пачуе яго плачу і не пашкадуе, не суцешыць, не супыніць. А ад безупыннага плачу можна хутка разваліцца.
Ноччу на Дом наляцеў свавольнік Вецер. Ён стрымаў сваё слова, вярнуўся, набраўшыся сіл.
Спачатку Вецер прыгнуў да зямлі здзічэлую яблыньку, адламаў тоўстую галіну і кінуў у бур'ян. Якраз каля Барсіка ўпала тоўстая галіна, па спіне яму ледзь не агрэла.
Барсік выскачыў з бур'яну, праз шчыліну залез у сенцы і прамовіў:
-- Прытуліш мяне, Дом?
-- Я цябе даўно чакаю! -- узрадаваўся Дом.
Барсік зайшоў у прасторны пакой і сеў на падлозе.
 А Вецер дах хоча падняць, як былінку. Гудзіць, завывае, стогне, то з аднаго, то з другога боку падступаецца, стараецца схапіць яго.
-- Зараз ён твой дах падніме! -- не вытрываў, парушыў маўчанне спахмурнелы Барсік.
-- Не падніме, дарма стараецца, -- супакоіў жоўта-паласатага ката Дом.
І праўда, дарма стараўся, траціў сілу Вецер. Не падняў ён дах, як былінку. Загудзеў напаследак і панёсся ў поле.
-- А ты, Дом, яшчэ моцны, -- заўважыў Барсік. Павесялеў ён, па-іншаму на свет стаў глядзець.
-- Я ж казаў табе! -- напомніў Дом.
Кот устаў і прайшоўся па пакоі.
-- Думаю, з'явіўся б тут Гаспадар, калі б у газеце рэкламу далі.
-- Якую рэкламу? -- не зразумеў Дом.
-- Кароценькую. Што ў вёсцы Загор'е стаіць моцны, трывалы Дом.
-- Дай, калі ласка, кароценькую рэкламу, -- узрадаваўся Дом. "Гаспадар прачытае ў газеце кароценькую рэкламу, успомніць пра мяне і вернецца", -- разважыў ён.
Барсік высока ўзняў галаву. Як два гарачыя вугалькі, засвяціліся ў цемры яго вочы.
-- За аб'яву грошы трэба заплаціць, а ў мяне няма грошай. Пустыя кішэні!
Калі б у Барсіка былі грошы, то ён даўно даў бы вось такую кароценькую аб'яву: "Шукаю Гаспадара. Кот Барсік".
Некалі Барсік жыў у Гаспадара, гора не ведаў. А аднаго дня адправіўся на рэчку, рыбу захацеў палавіць. Потым у лясок падаўся, спелымі суніцамі вырашыў паласавацца. І заблудзіўся там, не знайшоў дарогу дамоў. Ужо цэлы год блукае, Гаспадара шукае.
Але Барсік не стаў казаць пра гэта Дому. Не захацеў сабе і яму настрой псаваць.
-- А ты зможаш зарабіць грошы? -- пацікавіўся Дом.
-- Калі вельмі пастараюся, то зараблю, -- пахваліўся Барсік.
Нейкі час было ціха. Толькі Вецер ўдалечыні ўсё гудзеў, сварыўся з кімсьці.
-- Дык пастарайся, зарабі! -- папрасіў Дом.
-- Я зараблю, пастараюся, -- паабяцаў кот. Ён ведаў, што Дом з нецярпеннем чакае ад яго адказу.
-- Ты ляж, супакойся. Цяпер табе трэба выспацца, адпачыць, -- параіў Дом.
-- Трэба, -- пагадзіўся Барсік і выцягнуўся на падлозе. Упершыню за апошні год добра стала яму.
Раніцай жоўта-паласатага ката разбудзіў усхваляваны вокліч Дома:
-- Хтосьці ідзе да нас, Барсік! Хутчэй глянь у акно!
Кот ускочыў на падаконнік і аслупянеў. Па ўтравелай дарожцы ішоў яго Гаспадар. Побач крочыў сын Гаспадара першакласнік Васілёк.
-- Тата, цяпер гэты Дом будзе наш? -- данёсся да Барсіка голас Васілька.
-- Наш, сынок. Мы з табою яго парамантуем, вокны пафарбуем.
-- Тата, -- раптам усклікнуў Васілёк, -- у гэтым Доме жыве наш Барсік!
Гаспадар павярнуў галаву і працягнуў да Барсіка руку. Барсік выгнуў спіну і гучна мяўкнуў.
"Гаспадар прыехаў. Мой і Барсікаў", -- здагадаўся Дом. Ён быў разумны Дом.

АСНОВА

Сядзіць на лаўцы заяц Шарачок і старанна вымаўляе, вучыць правіла:
-- Аснова -- гэта частка слова без канчатка…
Падышоў да яго заяц Белячок, прысеў на самым краёчку.
Шарачок адразу перастаў вучыць правіла, закрыў кнігу.
-- Я табе, відаць, перашкодзіў, -- нясмела пачаў Белячок. Надакучыла яму цэлы дзень сядзець у хаце. З сябрам захацелася сустрэцца.
Шарачок хітравата ўсміхнуўся і неспадзявана прамовіў:
-- Дзец назбірал у лес чырвон суніц.
Белячку здалося, што добра не расслухаў.
-- Што ты сказаў? Паўтары, калі ласка, -- папрасіў ён сябра.
-- Дзец назбірал у лес чырвон суніц, -- паўтарыў Белячок і зноў хітравата ўсміхнуўся.
Белячка быццам хваля паветра ўгору падкінула. Ён ускочыў з лаўкі.
-- Хто ўлез? Куды ўлез?
-- Трэба казаць "не ўлез", а "ў лес", -- прагаварыў Шарачок.
Ды не зразумеў яго Белячок, вырашыў, што пацяшаецца сябар. Хацеў лапай махнуць і ў хату пайсці, але Шарачок адкрыў кнігу і прачытаў:
-- Аснова -- частка слова без канчатка, у якой заключана канкрэтнае лексічнае значэнне.
"Канкрэтнае -- значыць пэўнае, дакладнае, тое, якое ёсць. Напрыклад: канкрэтны прадмет. Гэта той прадмет, які перада мною ці пра які я мару альбо гавару", -- падумаў Белячок.
-- Ты так і не зразумеў мяне? -- быццам здалёку, данёсся да Белячка голас суседа.
-- Здаецца, зразумеў, -- сказаў Белячок. -- У словах сказа Дзец назбірал у лес чырвон суніц няма канчаткаў. Іх лексічнае значэнне  заключана ў аснове.
-- Правільна разважаеш, Белячок. Лексічнае значэнне ўжытых у сказе слоў можна пазнаць нават без канчаткаў, пра гэта аснова паведаміць.
-- Цікава! -- у задуменні прамовіў Белячок.
-- Давай пабудуем сказы са словамі без канчаткаў, -- прапанаваў Шарачок.
-- Давай! -- пагадзіўся Белячок і сеў на лаўку.
-- На балоц касц кос трав, -- назваў свой сказ Шарачок.
А Белячок прыдумаў такі:
-- На наш фабрыц выпуск салодк цукерк.
Ціха на двары. Толькі птушкі пераклікаюцца, шчабечуць.
Сядзяць на лаўцы Шарачок і Белячок, будуюць сказы са словамі без канчаткаў і ўсміхаюцца. Весела ім.

ПАМІРЫЛІСЯ

Жылі-былі ў вучэбным дапаможніку лічба 55 і матэматычны знак Падзяліць. Аднаго дня паспрачаліся яны. Лічба 55 спрэчку завяла.
-- Я больш важная, чым ты, -- заявіла яна.
-- Чаму ты больш важная? -- абурыўся матэматычны знак Падзяліць.
-- Я складаюся не з адной лічбы, а з дзвюх. З дзвюх прыгожых пяцёрак!
-- Я таксама складаюся з дзвюх прыгожых кропак, -- адпарыраваў матэматычны знак Падзяліць.
-- А я… Я вялікая! А ты маленькі, непрыкметны! -- крыкнула лічба 55.
"Зараз паглядзім, хто з нас вялікі, а хто маленькі", -- падумаў матэматычны знак Падзяліць і стаў паміж дзвюма пяцёркамі.
-- Ой! -- спалохана войкнула лічба 55.
У адно імгненне матэматычны знак Падзяліць ў пяцьдзесят пяць разоў яе паменшыў.
Захваляваліся пяцёркі, з вучэбнага дапаможніка хацелі ўцячы. Але матэматычны знак Падзяліць зноў стаў на сваё месца.
-- Цяпер будзеш спрачацца? -- пацікавіўся ён у лічбы 55.
-- Не хачу спрачацца, хачу мірна жыць, -- сказала лічба 55.

НЕЗВЫЧАЙНЫ ФОКУС

-- А я ўчора быў у цырку. Там фокуснікі выступалі! -- сустрэўшыся з матэматычным знакам Плюс і лічбай 55, пахваліўся заяц Шарачок.
-- Мы таксама можам паказаць табе незвычайны фокус, -- заявіў Плюс.
-- Так, так, -- падтакнула лічба 55.
Не паверыў ім Шарачок. Ён так і сказаў:
-- Не веру.
-- Дык мы далей пойдзем, -- прагаварыў Плюс.
-- Каму-небудзь іншаму пакажам незвычайны фокус, -- дадала лічба 55.
-- Пабудзьце крыху! -- замахаў лапамі заяц. -- Вы, напэўна, хочаце паказаць, як прыгожая птушка з рукава вылятае?
-- Такім фокусам ужо нікога не здзівіш, -- усміхнуўся Плюс.
-- Наш фокус незвычайны, -- напомніла лічба 55.
-- Пакажыце незвычайны фокус! Хутчэй! -- загарэўся Шарачок. Ён любіў, калі яму паказвалі розныя фокусы.
-- Глядзі! -- сказаў Плюс і стаў паміж дзвюма пяцёркамі, з якіх складалася лічба 55.
-- Лічба 55 ператварылася ў лічбу 10! Не верыцца! -- пакруціў галавою Шарачок.
-- Оп-ля! -- прагаварыў Плюс і зноў стаў каля зайца.
-- Незвычайны фокус мы табе паказалі? -- пацікавілася ў Шарачка лічба 55.
-- Такога фокуса я яшчэ не бачыў! -- адказаў Шарачок.

ШПАЧОК

Бездапаможна махнуўшы маленькімі крыльцамі, Шпачок упаў у густую высокую траву. Нейкі час ён ляжаў на спіне задраўшы лапкі і амаль нічога не цямячы глядзеў на тоўстую вярбу. З дупла вярбы данеслася ціўканне і заціхла, абарвалася. Шпачок ведаў, што адтуль азваліся яго брацікі і сястрычкі. Яны сядзяць ва ўтульным гняздзечку, а ён ляжыць у траве, дзе ўсё чужое, страшнае.
Шпачыха-мама папярэджвала яго, каб не высоўваўся з гнязда.
-- Ты маленькі, сынок, яшчэ не акрэп, лятаць не ўмееш, -- казала яна.
А ён не паслухаўся: высунуўся з дупла, сарваўся і паляцеў уніз. Здавалася, доўга-доўга ляцеў, пакуль не ўпаў у гэтую траву. Неўзабаве прыляцяць тата і мама. Канешне, яны адразу заўважаць, што няма яго ў гняздзе.
Годзе ляжаць на спіне, як зусім бездапаможнаму. Нешта трэба рабіць. Трэба дзейнічаць. Так вучыў тата.
Шпачок устрапянуўся і ўстаў на лапкі. Магчыма, крыльцы паднімуць у паветра. Магчыма, неўзабаве прыляціць у роднае гняздо. Узрадуюцца брацікі і сястрычкі, прыціснуцца да яго і будуць бясконца казаць ласкавыя слоўцы. А ён раскажа ім, як падаў уніз, як узлятаў. Няхай ведаюць, што не разгубіўся, не пабаяўся, не расплакаўся.
На вачах Шпачка неспадзявана выступілі слёзы. Ён махнуў галавою, хацеў выцерці іх аб траву, але не ўтрымаўся і ўпаў, дзюбкай уткнуўся ў зямлю.
-- Асцярожней, шаноўны. Тут ты не адзін, -- данёсся да Шпачка тоненькі галасок.
Шпачок павярнуў галаву і ўбачыў маленькага рыжага Мураша.
"Я ледзь не пакалечыў яго", -- падумаў Шпачок і прамовіў:
-- Прабач. Я не заўважыў цябе. Трава вельмі густая.
-- Пад ногі глядзі, велікан! -- выказаў крыўду Мураш і пабег далей. Што ж, лета ў разгары. Шмат спраў у яго.
Шпачок зноў устрапянуўся і ўстаў на лапкі. А ён не такі ўжо маленькі, як раней здавалася: велікан, калі параўнаць з Мурашом. Трэба дзейнічаць! Трэба ўзляцець!
Шпачок некалькі разоў запар узмахнуў крыльцамі, але не ўзляцеў. Слабенькія крыльцы не паднялі яго ў паветра.
У дупле запішчалі брацікі і сястрычкі, паклікалі. Ён хацеў азвацца, але непадалёку пачулася мяўканне.
"Рыжы кот Пірат мяўкае, есці просіць!" -- здагадаўся Шпачок.
Пірат жыў непадалёку і часта паляваў за птушкамі, стараўся схапіць іх. А на днях падышоў да самай вярбы. Доўга стаяў каля дрэва, кіпцюрамі драў кару.
Шпачок прыгнуўся, затаіўся, на нейкае імгненне нават дыхаць перастаў.
Страшнае мяўканне заціхла. Трэба ўцякаць адгэтуль.
Абапіраючыся аб траву крыльцамі, Шпачок паклыпаў, нібы стары, ківаючыся. Ён не ведаў, куды ідзе. Страх гнаў яго ўперад. Ён ратаваўся, уцякаў ад рыжага ката.
Але Пірат заўважыў Шпачка. Ззаду наблізіўся да яго і мяўкнуў гучна, як пераможца: "Мяў!"
Шпачок імгненна павярнуўся да Пірата, расставіў крыльцы і наставіў дзюбку: вырашыў даць бой тлустаму кату.
"Мяў, мяў, мяў… Мяў-мяў-мяў…" -- зайшоўся ад смеху Пірат. Моцна рассмяшыў яго Шпачок.
Уволю насмяяўшыся, Пірат дакрануўся да Шпачка лапай. Шпачок адчуў, якія вострыя, небяспечныя ў рыжага ката кіпцюры.
-- Мама! -- у адчаі крыкнуў ён.
І мама, і тата пачулі крык Шпачка. Яны пранесліся нізка-нізка, ледзь не дакрануўшыся да Пірата. Пірат нагнуўся і мяўкнуў ад неспадзеўкі.
"Напэўна, зараз пабяжыць, уцячэ мой вораг", -- падумаў Шпачок.
Кот не ўцёк. Ён прагна глядзеў на птушаня. Ён выйшаў на паляванне.
 Над Піратам закружыліся мама Шпачыха і тата Шпак.
"Мяў!" -- са злосцю мяўкнуў Пірат і паказаў вострыя зубы. Ён не любіў, калі яму перашкаджалі ў час палявання.
-- Пірат! Пірат!.. -- данёсся да Шпачка тоненькі галасок дзяўчынкі.
"Гаспадынька Алеся Пірата кліча, шукае", -- здагадаўся Шпачок. Гэтая прыгожая бялявая дзяўчынка часта гуляла з Піратам на двары. Бывала, на павадку яго выводзіла. "Бяжы да гаспадынькі! Яна цябе шукае, хвалюецца!" -- ледзь не сказаў ён нахабнаму кату.
-- Пірат! Пірат! -- бліжэй пачуўся тоненькі галасок дзяўчынкі.
Пірат выцягнуў лапу. Неўзабаве яго выгінастыя белыя кіпцюры ўвап'юцца ў бурае крыло Шпачка. "Зараз падскочу і дзеўбану яму ў нос", -- вырашыў Шпачок.
Ён так і зрабіў бы, але з вышыні каменем упалі мама і тата.
"Мяў!" -- мяўкнуў Пірат і прыгнуўся.
-- А вось дзе ты! -- зусім побач пачуўся галасок Алесі.
Пірат зноў выцягнуў лапу і мяўкнуў.
-- Птушанятка хочаш знішчыць, разбойнік! Не дазволю! -- тупнула ножкаю Алеся і загадала: -- Дамоў бяжы!
Кот ашчэрыўся, як галодны.
-- Сваю злосць паказваеш мне? Зараз на павадок вазьму! -- прагаварыла Алеся і патрэсла ружовым пальчыкам.
Пірат абаранкам выгнуў хвост і бокам пацёрся аб Алесіну нагу. Ён не хацеў, каб гаспадынька ўзяла яго на павадок, быццам сабачку. Ён з пагардай адносіўся да сабак.
Алеся нагнулася, падняла Пірата і панесла, абедзвюма рукамі трымаючы перад сабою. Доўгі рыжы хвост ката цягнуўся па траве.
Каля Шпачка апусціліся мама і тата. Яны цяжка дыхалі і дрыжалі, нібыта ад холаду.
-- Сынок! -- толькі і прамовіла мама.
А тата запытаўся:
-- Ты зможаш ісці?
Шпачок кіўнуў галавою. Як і маме, яму было цяжка гаварыць. Моцна расхваляваўся ён.
-- Сынок, непадалёку хмызнячок. Там маміна сяброўка аўсянка ў траве гняздо сабе звіла. Яно выслана карэньчыкамі і воласам і добра замаскіравана ў траве.
Шпачок другі раз кіўнуў галавою, хоць і не зразумеў, што задумаў тата.
-- Ты пакуль пажывеш у гняздзе аўсянкі. Мы ўжо дамовіліся з ёю.
"Зінь-зінь-зінь-сіізіі", -- данеслася з тоўстай вярбы.
Шпачок падняў галаву і ўбачыў невялікую птушку, якая сядзела на галінцы. Галава, горла, грудзі і брушка ў яе былі жоўтыя з рэдкімі цёмнымі плямамі, спіна і бакі карычневыя, крылы і хвост бурыя.
-- Аўсянка ўжо чакае нас. Дойдзеш да яе гнязда, сынок?
-- Дайду! -- запэўніў тату Шпачок. Ён зразумеў, што тата хоча дапамагчы яму, выратаваць.
-- Шлях да гнязда аўсянкі будзе нялёгкі. Табе прыйдзецца прайсці праз гэтую траву, потым пралезці праз дзірку ў плоце, затым падняцца на пагорачак, -- папярэдзіў тата.
-- Я прайду праз гэтую траву, пралезу праз дзірку ў плоце, паднімуся на пагорачак. А калі падужэюць мае крыльцы, да вас прылячу, -- сказаў Шпачок.
Мама дзюбай дакранулася да яго, прыгладзіла пер'е.
Шпачок устаў і пахіснуўся.
-- Не бойся, сынок! -- усклікнула мама. -- Мы з татам з двух бакоў крыламі падтрымаем цябе.
-- Будзеце весці мяне, мамачка?
-- Будзем!
-- Дык пойдзем хутчэй! -- прамовіў Шпачок.
"Зінь-зінь-зінь-сіізіі", -- заспявала аўсянка, вітаючы бясстрашнага Шпачка.

ХТО НАЙБОЛЬШ ПАТРЭБЕН?

Вясёлы Садоўнік прывёз на рынак саджанцы. Цікава на рынку. Тут можна ўбачыць розны тавар: і вусаты авёс, і залацістую пшаніцу, і бліскучыя веласіпеды, і адзенне, і абутак, і нават жывую рыбу.
Стаіць Садоўнік каля самага ўваходу на рынак, свае саджанцы расхвальвае:
-- Не стой, саджанцы купляй: прыйдзе восень -- збярэш добры ўраджай.
Асвоіліся на рынку саджанцы, пасмялелі, між сабою гаворку завялі.
-- Мяне сёння першую купяць, -- падала голас Вішанька. Высокенькаю, стройнаю вырасла яна ў пітомніку Садоўніка. Не ленаваўся ён, як і іншыя саджанцы, вішаньку вадзічкай паліваў, засыхаць не даваў.
-- Чаму менавіта цябе сёння першую купяць? Скажы, шаноўная! -- не сцярпела ганарлівая Чарэшанька. Яна ведала, што многія любяць яе салодкія ягады.
-- Мы расцём каля кожнай хаты, не толькі смачнымі ягадамі частуем, але і падворкі ўпрыгожваем, ад ветру затуляем. І дарослыя, і малыя нам рады, -- адказала Вішанька і соладка пазяхнула. Амаль усю ноч яна не спала, чакала, калі на людны рынак яе прывязуць.
-- Не спрачайцеся! Сёння першую купяць… -- пачала Яблынька і замаўчала. Яна ведала, што зараз закрычаць яе нястрымныя сяброўкі: "Каго? Каго?"
Сапраўды, праз хвілінку выгукнулі Вішанька і Чарэшанька разам:
-- Каго? Каго?
-- Мяне, -- адказала Яблынька і ўсміхнулася. Яна вырасла кучаравенькай і ў думках называла сябе першай прыгажуняй.
-- Чаму вы так лічыце, суседачка? -- уступіла ў размову Грушка. Яна была выхаванай грушкай і да ўсіх звярталася на "вы".
-- Я найбольш патрэбная. Я самая, самая… Самая лепшая я! -- растлумачыла выхаванай Грушцы Яблынька.
-- Я найбольш патрэбная, -- заявіла Сліўка. Сёння Садоўнік ледзь не забыўся пра яе. І яна да гэтага часу ніяк не магла супакоіцца, усё перажывала і крыўдавала на яго.
Гамоняць саджанцы, спрачаюцца. Вішанька падскоквае, быццам певень на сваім сметніку, Чарэшанька, Яблынька і Сліўка галінкамі размахваюць, Грушка пра выхаванасць забылася, на "ты" сябровак стала называць. А вясёлы Садоўнік не заўважае гэтага, свой тавар усё расхвальвае:
-- Не тапчыся, купляй. Хочаш -- оптам забірай!
Да Садоўніка, заўважылі дрэўцы, падышоў Мужчына з сінявокім Хлапчуком.
-- Саджанцы хочаце купіць? -- пацікавіўся Садоўнік у Мужчыны і сінявокага Хлапчука.
-- Чарэшню куплю. Няхай расце на радасць сыну, -- паведаміў Мужчына і шырокаю далонню пагладзіў сінявокага Хлапчука па галаве.
Чарэшанька з гонарам паглядзела на сябровак. А тыя засумавалі, галінкі апусцілі.
-- Тата, ты казаў, што мы і Вішню купім, каля лавачкі пасадзім, -- напомніў бацьку сінявокі Хлапчук.
-- Канешне, купім, -- пагадзіўся Мужчына.
Моўчкі пераглянуліся саджанцы, не зразумелі, што тут адбываецца.
-- А Яблыня вам не патрэбна? -- пацікавіўся Садоўнік.
-- Вельмі патрэбна. Я яшчэ ў мінулым годзе хацеў купіць Яблыню, -- сказаў Мужчына.
"Значыць, я патрэбна ім, як і Чарэшанька з Вішанькай. У аднаго гаспадара мы будзем жыць", -- падумала Яблынька і ўсміхнулася.
-- Тата, -- звярнуўся да бацькі сінявокі Хлапчук, -- давай і Сліву купім.
-- Купім, ледзь не забыўся пра Сліву, -- кіўнуў галавою Мужчына і запытаўся ў Садоўніка: -- А Груша ў цябе ёсць?
-- Вось яна. -- Садоўнік дакрануўся да Грушкі і пагладзіў яе.
Разгубіліся дрэўцы: не ведаюць, якое з іх найбольш патрэбнае.
А вы ведаеце?

ЯК  ЗАЯЦ МЯДЗВЕДЗЮ НАСТРОЙ ПАДНЯЎ

Жылі-былі па суседству Заяц і Мядзведзь. Аднаго разу выйшаў Заяц на двор і бачыць: стаіць Мядзведзь на агародзе і молатам дубовы кол у зямлю забівае, плот рамантуе.
Канешне, Заяц падышоў да Мядзведзя і пацікавіўся:
-- Плот рамантуеш, сусед?
-- Гэты кол у зямлю ніяк не магу забіць! -- выгукнуў Мядзведзь.
-- Такім вялікім молатам кол у зямлю не можаш забіць? -- здзівіўся Заяц.
-- Не магу, -- адказаў Мядзведзь і, кінуўшы на зямлю цяжкі молат, старана выцер пот з ілба.
-- Можа, ты гэты кол не завастрыў як след? -- выказаў здагадку Заяц.
-- Яшчэ як завастрыў! Нібы іголка, ён у мяне. А чамусьці не лезе ў зямлю, хіліцца. Увесь настрой сапсаваў! -- Мядзведзь падняў молат і папрасіў Зайца. -- Адыдзіся ўбок, не трапячыся пад лапамі.
Заяц адышоўся ўбок, а Мядзведзь падняў важкі молат і што ёсць сілы стукнуў ім па калу. Кол пахіліўся і адшчапаўся з самага краю.
-- Зараз ты яго зусім пашчапаеш! -- паківаў галавою Заяц.
-- Сам бачу, што пашчапаю. Зноў у лесе дубовы кол прыйдзецца шукаць, -- прамовіў Мядзведзь і падняў угору молат.
-- Не бі, пачакай! -- спыніў суседа Заяц. -- Зараз мы з табою прыменім хітры прыём працы.
-- Які прыём? -- разявіў рот Мядзведзь.
Заяц узяў вядро з вадою, якое стаяла каля калодзежа, і старанна паліў зямлю каля кала.
-- Смяешся з мяне, сусед? -- бліснуў вачыма Мядзведзь.
-- Я ніколі з цябе не смяяўся, -- спакойна сказаў Заяц. -- Другі год мы тут з табою мірна жывём.
Мядзведзь падумаў, падумаў і прагаварыў:
-- І праўда, мы з табою ні разу не сварыліся. Але ўсё-ткі хачу запытацца: навошта ты каля кала зямлю вадою так старанна паліў?
-- Стукні молатам па калу -- і ўбачыш, -- усміхнуўся Заяц.
-- Адыдзіся, блізка не стой! -- папярэдзіў Мядзведзь і з сілаю стукнуў молатам па калу.
На гэты раз кол не пахіліўся, на некалькі сантыметраў зайшоў у зямлю.
У Мядзведзя твар выцягнуўся, стаў, як фасоліна. Глядзіць на Зайца, анічога не разумее.
Пашкадаваў Заяц Мядзведзя, вырашыў раскрыць яму хітры прыём працы.
-- Нядаўна ты дубовы кол у цвёрдую зямлю забіваў, -- пачаў тлумачыць.
-- Цвёрдая зямля непадатлівая! -- усклікнуў Мядзведзь.
-- У цвёрдую зямлю кол цяжка забіць, -- кіўнуў галавою Заяц. -- Дый не будзе ён сядзець у такой зямлі. А мяккая, вязкая зямля з усіх бакоў яго абхопіць быццам шчыпцамі.
-- Які ты разумны, сусед! -- усміхнуўся Мядзведзь. Добры настрой з'явіўся ў яго, іншымі вачыма на свет ён паглядзеў.
-- Ты таксама разумны, -- сказаў Заяц. -- Хутка дайшло да цябе.
-- Дзякуй за параду, сусед! Твой хітры прыём працы мне настрой падняў! -- крыкнуў Мядзведзь і стукнуў молатам па калу.

ЛІСІЧКІ

Сядзіць на лаўцы заяц Шарачок і ўсё паўтарае:
-- Лісічкі, лісічкі, лісічкі…
-- Сусед, ты сёння шмат лісічак назбіраў? -- падышоўшы да Шарачка, пацікавіўся заяц Белячок.
Шарачок  з недаўменнем паглядзеў на Белячка і лапамі развёў.
"Вось хітрун! У хвойніку лісічкі пасля ўчарашняга дажджу з'явіліся, а мне не хоча казаць", -- падумаў Белячок і накіраваўся дамоў, кошык вырашыў узяць.
-- Куды пойдзеш, шаноўны? -- гукнуў Шарачок.
Белячок спыніўся і паведаміў:
-- Зараз кошык вазьму і ў хвойнік пабягу. Лісічак хачу назбіраць.
-- Якіх лісічак? -- ускочыў з лаўкі Шарачок.
-- Звычайных, рыжых.
-- Няма ў хвойніку лісічак, яшчэ не з'явіліся.
-- А чаму ты нядаўна ўсё паўтараў як заведзены: "Лісічкі, лісічкі, лісічкі?" -- запытаўся Белячок.
Шарачок усміхнуўся. Нарэшце ён здагадаўся, пра што падумаў сябар.
-- Я правіла вучу, запамінаю.
-- Як яно называецца? -- хочацца ведаць Белячку.
-- Амонімы.
-- Першы раз чую такое слова, -- прызнаўся Белячок.
-- Амонімы пішуцца і вымаўляюцца аднолькава, але маюць рознае значэнне, -- растлумачыў Шарачок.
-- Як слова "лісічкі"? -- нарэшце дайшло да Белячка.
-- Так, слова "лісічкі" мае два значэнні. Адно значэнне -- грыбы, а другое -- звяры.
-- Я падумаў пра грыбы! -- расчаравана прагаварыў Белячок.

СПРЭЧКА

Сустрэліся на ўскрайку лесу заяц Белячок і заяц Шарачок.
--  А я сёння лятаў! -- пахваліўся Белячок.
-- На самалёце? -- усклікнуў Шарачок. Яму даўно хацелася палятаць на самалёце. "Калі б мне прапанавалі, то пагадзіўся б палятаць нават на самым маленькім самалёце ", -- іншы раз думаў ён, лежачы пад кусцікам і з зайздрасцю пазіраючы на лёгкія аблачынкі.
-- Хіба ў нашым ляску ёсць аэрадром, на які самалёт можа сесці? -- ледзь прыкметна ўсміхнуўся Белячок.
"І праўда, няма ў нас аэрадрома і, відаць, ніколі не будзе. Ніхто са звяроў не збіраецца яго будаваць. Чамусьці не патрэбен ён ім", -- з сумам падумаў Шарачок і зазначыў:
-- Значыць, ты падмануў мяне.
-- Я сапраўды лятаў! -- падскочыў Белячок. Было відаць, што моцна пакрыўдзіўся ён. -- Давай паспрачаемся.
-- На што паспрачаемся? -- пацікавіўся Шарачок. Ён не прывык адступаць, проста так здавацца.
-- На шакаладную цукерку, -- сказаў Белячок і дастаў з кішэні шакаладную цукерку ў прыгожай рознакаляровай абгортцы.
-- Я з табою паспрачаўся б, але ў мяне няма шакаладнай цукеркі, -- паведаміў сябру Шарачок.
-- Магчыма, заўтра мама дасць табе шакаладную цукерку.
-- Заўтра дасць, яшчэ ўчора паабяцала, -- прагаварыў Шарачок і дадаў, уважліва паглядзеўшы на сябра: -- Дакажы, што лятаў.
-- У сне лятаў, -- неспадзявана прагаварыў Белячок.
-- Лятаць на самалёце і лятаць у сне -- гэта не адно і тое, -- прамовіў Шарачок і застыў, як незвычайны слупок.
-- Слухай і на вус матай, -- пачаў тлумачыць Белячок.-- Ёсць словы, якія ўжываюцца і ў прамым, і ў пераносным значэнні. Лятаць на самалёце -- прамое значэнне. Лятаць у сне, лятаць у марах -- пераноснае.
 -- Я часта лятаю ў марах, -- прызнаўся Шарачок.
 -- Напэўна, шмат думаеш ты, -- сказаў Белячок і разгарнуў рознакаляровую абгортку на шакаладнай цукерцы.
Шарачок апусціў галаву і каўтнуў слінкі.
-- Хочаш пакаштаваць цукерку? -- пацікавіўся Белячок.
-- Не ведаю, -- прамовіў Шарачок.
Белячок разламаў цукерку на дзве роўныя палавінкі і адну з іх працягнуў Шарачку.
-- Бяры. Заўтра і тваю падзелім.
Шарачок узяў у сябра палавінку шакаладнай цукеркі і кінуў у рот. Цукерка была вельмі смачная. Яна адразу ж растала ў роце.
-- Сусед, пра што цяпер думаеш? -- запытаўся Белячок.
-- Аэрадром у нашым ляску хачу пабудаваць.
-- Вялікі аэрадром хочаш пабудаваць?
-- Вялікі, сапраўдны, такі, каб самалёты на яго садзіліся.
-- Такі аэрадром ты цяпер не пабудуеш.
-- Не пабудую, -- пагадзіўся Шарачок. -- Цяпер я яшчэ малы.
-- Вельмі не перажывай. Калі вырасцем і станем дарослымі, то разам пабудуем у нашым ляску сапраўдны аэрадром, -- сказаў Белячок.
"Мой сябар не падвядзе мяне, стрымае слова. Залатая душа ў майго сябра", -- падумаў Шарачок.

ЧАРАДЗЕЙНЫ ЗНАК

Ішлі па дарозе заяц Шарачок і матэматычны знак Мінус. Раптам выбегла з-за горачкі лічба 55. Спынілася каля Шарачка і Мінуса, цяжка задыхала.
-- Што здарылася, шаноўная? -- пацікавіўся Шарачок.
-- Мяне Воўк даганяе! Дапамажыце! -- усклікнула лічба 55.
-- Напэўна, сваволіла, моцна пакрыўдзіла Воўка,-- выказаў здагадку Шарачок. Ён ведаў, што памяркоўны Воўк без дай прычыны не стане чапляцца.
-- Падцкоўвалася з ім. Як сабака, брахала на яго. Дапамажыце, калі ласка, схавайце куды-небудзь!
-- Тут поле. Усё вакол відаць як на далоні. Не ведаю, куды схаваць цябе, -- развёў лапамі заяц.
-- Я дапамагу, у нуль імгненна ператвару, калі пажадаеш, -- азваўся Мінус.
-- Назаўсёды ў нуль ператворыш? -- жахнулася лічба 55. Яна вельмі ганарылася сабою і не хацела станавіцца іншаю лічбаю.
-- Не на доўга. Пяць хвілін нулём пабудзеш.
-- Ператворыш, не жартуеш?
-- Я не  прывык жартаваць. Я чарадзейны знак.
-- Ператварай, чарадзейны знак, -- пагадзілася лічба 55.
-- Хвіліначку! -- як вучань на ўроку, падняў лапу Шарачок. -- Спачатку паабяцай, што больш не будзеш сваволіць.
-- Не буду! Даю слова!
-- Верым, -- сказаў Мінус і стаў паміж дзвюма пяцёркамі, з якіх складалася лічба 55.
Імгненна ў нуль яна ператварылася.
Тут як тут Воўк. Выскачыў з-за горачкі.
-- Каля вас не прабягала лічба 55? -- запытаўся ў сяброў.
-- Не прабягала. Мы тут з нулём гуляем, свежым паветрам дыхаем, -- прамовіў Мінус.
-- Не знойдзеш яе тут, не шукай, -- запэўніў Воўка Шарачок.
Што заставалася рабіць Воўку? Павярнуўся ён і назад паляцеў.
-- Оп-ля! -- быццам фокуснік, усклікнуў Мінус і стаў на сваё ранейшае месца, побач з зайцам.
А свавольніца зноў стала сама сабой: лічбай 55.
-- Ну, як? Добра быць нулём? -- пацікавіўся ў яе Шарачок.
-- Не вельмі, -- адказала лічба 55.

ЯК КАМАРЫ ХАТКІ БУДАВАЛІ

Неяк сабраліся ў лагчынцы тры Камары і вырашылі хаткі сабе пабудаваць.
-- Цяпер нам да Жука трэба схадзіць, параіцца з ім, -- сказаў першы Камар.
-- Трэба, -- пагадзіўся з ім другі Камар. -- Лепшага будаўніка ў нашым лесе не знойдзеш.
-- Да чорнага Жука? -- вырашыў удакладніць трэці Камар, самы малодшы.
-- Да чорнага, -- адказаў першы Камар.
-- Ён вунь на тым пагорачку жыве, -- кіўнуўшы галавою, паказаў другі Камар.
-- Я не пайду да яго, -- заўпарціўся трэці Камар. -- Ён ужо стары, нічога не ведае.
-- Да чорнага Жука нават Мядзведзь нядаўна хадзіў, раіўся, -- пачаў пераконваць упартага брата першы Камар.
І другі Камар яму стаў дапамагаць:
-- А ўчора Ліс да яго прыходзіў. Ён старэйшаму сыну хату хоча пабудаваць.
Трэці Камар наставіў доўгі хабаток і прагудзеў:
-- Не пайду! Нізашто не пераканаеце. Тут, у лагчыне, на зайздрасць вам прыгожую хатку сабе пабудую.
Першы Камар і другі Камар цяжка ўздыхнулі і накіраваліся да чорнага Жука.
 Чорны Жук на калодачцы сядзеў, на сонейку грэўся, драмаў.
-- Добры дзень, шаноўны Жук, -- прывіталіся браты Камары.
-- І вам добры дзень, -- адказаў чорны Жук. -- Якая патрэба прывяла вас да мяне?
-- Хаткі сабе хочам пабудаваць, -- пачаў першы Камар.
-- Падкажы, шаноўны, дзе месца для хатак выбраць, -- дадаў другі Камар.
-- Тут, на пагорачку, будуйце. Пад елачкамі, у цяньку. Вы, як я памятаю, цянёк любіце.
-- Вельмі любім! -- дружна прамовілі браты Камары.
-- Дык не лянуйцеся, будуйце. І мне каля вас будзе весялей.
-- А што было б, калі б мы ў лагчыне свае хаткі пабудавалі? -- патаптаўшыся, запытаўся першы Камар.
-- Да першай навальніцы яны там прастаялі б, -- вось які адказ пачулі Камары ад чорнага Жука.
Моўчкі пераглянуліся яны і пад густымі елачкамі хаткі пачалі будаваць. Ад раніцы да вечару працуюць, не лянуюцца. А трэці Камар у лагчынцы хатку будуе, стараецца.
У адзін дзень закончылі яны нялёгкую працу, быццам дамовіліся.
 А вечарам распачалася навальніца з громам і бліскавіцаю.
Другі Камар якраз у першага Камара гасцяваў.
-- Да брата патэлефаную! -- сказаў першы Камар і, падняўшы трубку тэлефона, набраў патрэбны нумар.
-- Ало! Трэці Камар слухае, -- данёсся з трубкі спакойны голас малодшага брата.
-- Глянь у акно, братка! Магчыма, вада цябе ўжо залівае! -- гукнуў у трубку першы Камар. Сам хвалюецца, з нагі на нагу пераступае, адказу ад брата чакае.
-- Але, залівае! -- зірнуўшы ў акно, у роспачы закрычаў трэці Камар.
-- Кідай манаткі і ўцякай з хаткі. Да нас на пагорачак бяжы.
-- Бягу! -- данеслася з трубкі тэлефона.
-- Сказаў, што бяжыць да нас, -- паведаміў другому Камару першы Камар.
-- Невядома, ці дабярэцца такою навальніцаю! -- прамовіў другі Камар і паляцеў на двор. Першы Камар -- за ім не марудзячы.
"Вух!" -- вухнуў гром. Бліскавіца наваколле асвяціла.
Бачаць першы Камар і другі Камар: стаіць каля елачкі іхні ўпарты брат, трасецца. А ў лагчыне ўжо вада пеніцца, бяжыць.
-- Не стой пад дажджом, не мокні, -- звярнуўся да трэцяга Камара другі Камар.
А першы Камар дадаў:
-- Да мяне ў хатку хутчэй ідзі.
Старэйшыя браты прывялі малодшага брата ў хатку, як важнага госця, у чырвоны кут пасадзілі.
А трэці Камар апусціў галаву і горка заплакаў.
-- Знесла вада маю хатку. Дзе я цяпер буду жыць?
-- Побач з намі, -- сказаў першы Камар.
-- Разам табе хатку тут пабудуем, -- прагаварыў другі Камар.
Трэці Камар выцер горкія слёзы, падняў галаву і ўсміхнуўся.

РУЧАЙ

На беразе Ручая жылі тры сябрукі: Воўк, Ліс і Заяц. Аднойчы яны селі на лаўку і пачалі абурацца.
-- Як горкая рэдзька надакучыў мне гэтыя Ручай, -- выказаўся Заяц.
-- Мне таксама надакучыў. Дзень і ноч журчыць, спакою не дае, -- падхапіў Воўк.
-- А бывае, як расспяваецца, то хоць вушы затыкай. З ім нешта трэба рабіць,-- паківаў галавою Ліс.
Заяц падумаў, падумаў і прапанаваў:
-- Трэба яго спыніць.
-- Як? -- усклікнуў Воўк. Ён не разумеў, як можна спыніць імклівы Ручай.
І Ліс з недаўменнем паглядзеў на Зайца. Яму здалося, што сёння ён на сонцы перагрэўся.
-- Спынім, калі каменнем завалім і зямлёю засыплем, -- растлумачыў Заяц.
-- Штучны насып хочаш пабудаваць і Ручай затрымаць? -- здагадаўся Воўк.
-- Такі штучны насып дамбай называецца, -- зазначыў Заяц і ўсміхнуўся, задаволены сабою.
-- А хто дамбу будзе будаваць? -- пацікавіўся Ліс.
-- Разам возьмемся і пабудуем. Галоўнае -- пачаць, -- сказаў Заяц.
-- Так, так, -- падтакнуў Воўк.
Звяры пераглянуліся, уздыхнулі і пайшлі дамбу будаваць, каб Ручай спыніць.
Тры дні старанна працавалі, але высокую дамбу пабудавалі. Спыніўся перад дамбай Ручай.
-- Нарэшце ён супакоіўся! -- узрадаваўся Заяц.
-- Ужо не журчыць, не спявае, -- прыслухаўшыся, заўважыў Воўк.
-- Няхай стаіць, адпачывае, -- прамовіў Ліс.
-- Трэба і нам адпачыць, -- пацягнуўшыся, пазяхнуў Заяц. Як ніколі стаміўся ён за гэтыя тры дні.
Сябрукі ляглі пад бярозкай на мяккую траўку і заснулі. Свежы ветрык прабягае, іх лагодзіць, абдымае.
"Тук-тук-тук, тук-тук-тук… " -- раптам прабарабаніў па дрэве стракаты Дзяцел.
Нездарма ён падняў трывогу. Пакуль Заяц, Воўк і Ліс спалі, снілі салодкія сны, Ручай выйшаў з берагоў і да бярозкі стаў падбірацца.
А звяры спяць як пшаніцу прадаўшы.
"Тук-тук-тук, тук-тук-тук, тук-тук-тук…" -- мацней забарабаніў Дзяцел.
Усё-ткі разбудзіў ён звяроў. Усхапіліся яны.
-- Гэты Ручай зараз мой агарод затопіць! І морква, і бурачкі немаведама куды паплывуць! -- узяўся за галаву Заяц.
-- Вада да маёй хаты ўжо набліжаецца! -- закрычаў Воўк. -- Неўзабаве ў хату на лодцы прыйдзецца заязджаць.
-- Што будзем рабіць, сябры? -- заморгаў вачыма Ліс.
-- Няхай Заяц скажа. Ён параіў нам дамбу пабудаваць і Ручай спыніць, -- шчоўкнуў зубамі Воўк і штурхнуў Зайца.
-- Не штурхайся! -- узлаваўся Заяц. -- Я таксама ўмею штурхацца.
Стаяць Заяц, Воўк і Ліс, сварацца. Відаць, пабіліся б яны, калі б Дзяцел ім не параіў:
-- Дамбу хутчэй разбурыце, бо Ручай увесь наш лясок затопіць.
Паслухаліся звяры Дзятла: разбурылі высокую дамбу. Узрадаваўся Ручай, увайшоў у берагі і пабег па старой дарожцы.
Заяц, Воўк і Ліс селі на лаўку і  зноў гаворку завялі.
-- Ручай маленькі, а такі непаслухмяны! -- выказаўся Заяц.
-- Ёсць у яго сіла! -- прамовіў Воўк.
-- Вялікая сіла! -- дадаў Ліс.
-- Не трэба было нам гэтую дамбу будаваць, -- прагаварыў Заяц.
-- Пра лясную мудрасць мы забыліся, -- уздыхнуў Воўк.
-- Пра якую мудрасць? -- пацікавіўся Ліс.
-- Пра тую мудрасць, якая сцвярджае: сем разоў адмерай, а адзін раз адрэж, -- сказаў Воўк.

СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ

Выйшаў на вуліцу заяц Шарачок і бачыць: мядзведзь па вуліцы цягнецца галаву апусціўшы.
-- Што здарылася, Міхась? -- пацікавіўся Шарачок. Ён адразу здагадаўся, што ў мядзведзя непрыемнасці.
-- Звяры на палянцы цешацца, гуляюць, а мяне да сябе не бяруць. Кажуць, што перашкаджаю ім. Горка мне! -- паскардзіўся мядзведзь.
"Штосьці тут не так. У нашым ляску звяры дружныя, зычлівыя",-- падумаў Шарачок і зноў пацікавіўся:
-- Можа, ты правілаў гульні не ведаеш?
-- Слоў ветлівасці не ведаю.
Цяпер зайцу ўсё стала зразумела. Нядаўна іхнія звяры прыдумалі гульню, якая называецца "Словы ветлівасці". У час гульні такія словы трэба называць.
-- І заяц Белячок, і Ліс, і Воўк, і Вавёрка гуляюць, а я на вуліцы стаю, -- прамовіў мядзведзь.
-- Чаму не вывучыў словы ветлівасці? Паленаваўся, напэўна! -- паўшчуваў Шарачок.
-- Вывучыў бы, калі б былі ў мяне, -- агрызнуўся мядзведзь.
-- У мяне ёсць словы ветлівасці, на лістку запісаныя, -- паведаміў заяц.
-- Дай пачытаць! -- усклікнуў Міхась. Глядзіць на Шарачка як на добрага чараўніка.
Шарачок дастаў з кішэні аркуш паперы і разгарнуў перад мядзведзем.
-- Чытай і запамінай, Міхась.
Мядзведзь набраў у грудзі паветра, затым выдыхнуў яго і стаў чытаць:
-- Добрай раніцы! Прывітанне!
Ляцеў маленькі Верабей. Пачуў, як мядзведзь чытае. Сеў на плот, галавой ківае, словы ветлівасці запамінае.
-- Добры дзень! Дзень добры! -- прачытаў Міхась і ўсміхнуўся Шарачку. -- І так, і так можна казаць?
-- Можна, -- кіўнуў галавою Шарачок. -- Ад перастаноўкі гэтых двух слоў іх сэнс не змяняецца.
-- Добры вечар! Дабранач! Прыходзьце да нас часцей! -- прачытаў Міхась і пазяхнуў.
-- Цяжка, надакучыла чытаць? -- запытаўся Шарачок.
-- Язык можна зламаць, -- адказаў мядзведзь.
"Джыу-джыу, джыу-джыу…" -- накрычаў, насварыўся на Міхася Верабей.
Міхась скоса паглядзеў на Вераб'я і прачытаў:
-- Дзякуй за ўсё! Як жывяце? Як здароўе? Як сябе адчуваеце? Усяго добрага!
-- Можа, крыху на лаўцы пасядзіш, адпачнеш? -- прапанаваў мядзведзю Шарачок.
"Пакуль я буду адпачываць, заяц Белячок, Ліс, Воўк і Вавёрка гульню закончаць", -- падумаў Міхась і, паглядзеўшы на аркуш паперы, гучна прагаварыў:
-- Бывайце здаровы! Заставайцеся здаровы! Шчасліва! Будзем вас чакаць!
-- Вось і ўсё. Закончыўся наш урок, -- паведаміў заяц.
-- Дзякуй табе, Шарачок! -- гукнуў мядзведзь і пабег на палянку.
"Джыу-джыу, джыу-джыу…" -- прашчабятаў Верабей і паляцеў услед за мядзведзем.

ЧАМУ МЯДЗВЕДЗЬ МЁД ЛЮБІЦЬ?

Захварэў Мядзведзь, на ўвесь лес раскашляўся. Розныя кузуркі і птушкі перапалохаліся, пахаваліся. Ціха стала навокал.
Сабраліся звяры на паляне, сталі раіцца, як Мядзведзю дапамагчы.
-- Яго ліпавым чаем трэба напаіць, -- прапанаваў Воўк.
-- Мядзведзіца некалькі разоў паіла ліпавым чаем, але не дапамагло, -- сказаў Заяц. Ён жыў побач з Мядзведзем і ўсё пра яго ведаў.
-- Ліпавы чай не дапамог -- сухая дубовая кара дапаможа. Няхай ён у настоі з сухой бярозавай кары лапы папарыць, -- выказаўся Дзік.
-- Некалькі разоў парыў лапы ў настоі  з сухой дубовай кары, але не дапамагло, -- прагаварыў Заяц.
-- Мядзведзя малінамі трэба накарміць! -- выклікнуў Ліс.
-- Некалькі разоў Мядзведзіца малінамі карміла, але не дапамагло, -- адказаў Заяц.
Звяры замаўчалі, заўздыхалі, ужо хацелі разыходзіцца, але на паляну прыляцела Пчала з суседняга ляска. Села на кветку, крыху пакалыхалася і запыталася ў звяроў:
-- Чаму вы такія змрочныя?
-- Бяда ў нас, -- азваўся Воўк.
-- Мядзведзь занядужаў, захварэў, -- падаў голас Дзік.
-- Вельмі моцна кашляе. Горла яму баліць, -- паведаміў Ліс.
-- Розныя кузуркі і птушкі перапалохаліся, пахаваліся, а ў нас сон прапаў. Цэлымі начамі не спім, у ложках варочаемся, -- дадаў Заяц.
-- Не ведаеце, як яго можна вылечыць. Так я зразумела?
-- Не ведаем, -- сказаў Заяц і з надзеяй паглядзеў на Пчалу: -- Можа, ты што-небудзь нам параіш?
Пазіраюць звяры на Пчалу, адказу чакаюць.
-- Мядзведзю лыжку салодкага мёду трэба даць, -- сказала Пчала.
-- Няма ў нас салодкага мёду! -- развёў лапамі Заяц.
-- У мяне ёсць мёд. Дам хвораму, не пашкадую. Я палячу, а вы за мною бяжыце, не адставайце, -- прагудзела Пчала і дамоў паляцела.
Бягуць звяры за Пчалою, стаміліся, каля хаткі Пчалы спыніліся.
Пчала вынесла з хаткі лыжку мёду і Зайцу працягнула.
-- Вазьмі. Ты, бачу, самы галоўны.
Заяц кіўнуў галавою, узяў лыжку і пабег разам з Воўкам, Лісам і Дзікам.
Нарэшце ўваліліся яны ўсе да Мядзведзя ў хату. Мядзведзь на ложку ляжыць, кашляе так, што аж сцены трасуцца. Непадалёку Мядзведзіца на табурэтцы сядзіць, ціха войкае.
-- Штосьці хочаце сказаць мне? --  запытаўся Мядзведзь у звяроў.
-- Мы прынеслі лыжку пчалінага мёду. Мёд дапаможа табе, вылечыць, -- паведаміў Заяц і паднёс да Мядзведзя лыжку.
Скрывіўся Мядзведзь.
-- Мёд, напэўна, горкі.
-- Пчала казала, што салодкі, -- прагаварыў Заяц.
Мядзведзь узяў у Зайца лыжку, з'еў мёд, аблізнуўся і на ўвесь рот усміхнуўся.
-- Ужо не баліць табе горла? --  з надзеяй паглядзела на гаспадара Мядзведзіца.
-- Не баліць, перастала! -- усклікнуў Мядзведзь.
Вось так Пчала дапамагла Мядзведзю, вылечыла яго. З таго дня ён кожны дзень па лесе ходзіць, калоды з мёдам шукае.

ЧАМУ САВА НОЧЧУ ЛЯТАЕ?

Каля тоўстага векавога дуба цякла Крынічка, ціха спявала, выбівалася з зямлі. Непадалёку ў старым гняздзе Сарокі жыла Сава.
Аднаго разу Сава ўзяла каменьчык і дзеля пацехі кінула яго ў Крынічку.
Каменьчык булькнуў і апусціўся на пясчанае дно.
Сава засмяялася і яшчэ адзін каменьчык кінула ў Крынічку.
Не вытрывала Крынічка, папрасіла Саву:
-- Не кідайся каменьчыкамі. Баліць мне.
-- Табе баліць? -- здзівілася Сава. -- Ты вада, вадзяное люстэрка. Вадзяное люстэрка не адчувае болі.
-- Я жывая. Паслухай, як спяваю, -- прагаварыла Крынічка і заспявала званчэй.
Сава ўхмыльнулася, нагнулася над Крынічкай, палюбавалася на сябе, нібы ў люстэрку, і  падняла цяжкі камень.
-- Кінь камень! -- гукнула з дуба рыжая Вавёрка.
-- Ты мне не ўказчыца. Што хачу, тое і раблю каля свайго гнязда, -- заявіла Сава і пакруціла галавою, на якой выдзяляліся доўгія пучкі пёраў, падобныя на вушы.
.-- Гэтае гняздо не тваё. Некалі Сарока яго пабудавала, -- напомніла Вавёрка. Вывела яе з сябе ўпартая птушка.
-- Маё! -- гукнула Сава і кінула цяжкі камень у Крынічку. Пырскі вады паляцелі ўгору, хвалькі, як перапалоханыя, да беражкоў пабеглі.
   Цяжка ўздыхнула Крынічка і схавалася, на вачах прапала. Моцна пакрыўдзілася яна.
Разгубілася Сава, не разумее, што адбылося, вачыма лыпае.
-- Няма Крынічкі, згінула Крынічка! Што ж ты нарабіла, Сава? -- з горкасцю прамовіла Вавёрка.
-- Я не ведала, што яна такая далікатная!  -- сказала Сава.
-- Цяпер звяры будуць судзіць цябе! -- усклікнула Вавёрка.
Спалохалася Сава. У гняздо забілася, схавалася. З таго часу толькі ноччу з гнязда вылятае, Крынічку -- сваё вадзяное люстэрка -- усё шукае. І не знайшоўшы, глуха крычыць, быццам плача: "Ху-хуу… У-у-у…".

ЧАМУ ВЕЦЕР БУШУЕ?

Прыляцеў у лес Вецер.
-- Я самы смелы, я самы хуткі, я самы дужы, я самы лагодны, я самы прыгожы! -- гучна заявіў.
Не вытрываў, азваўся Заяц:
-- Ты ў нас не самы смелы.
-- А хто самы смелы? Скажы! -- гучна зарагатаў Вецер.
-- Самы смелы -- сон. Ён да кожнага прыходзіць, нікога не баіцца, -- сказаў Заяц.
Не паверыў Зайцу Вецер. Носіцца па лесе, расхвальвае сябе:
-- Я самы смелы, я самы хуткі, я самы дужы, я самы лагодны, я самы прыгожы!
Не сцярпеў, падаў голас Воўк:
-- Ты не самы хуткі.
-- А хто самы хуткі? Скажы! -- ухмыльнуўся Вецер.
-- Самая хуткая -- думка. Яна імгненна на самы канец свету залятае, -- сказаў Воўк.
Не паверыў Воўку Вецер. Імчыцца па лесе, крычыць:
-- Я самы смелы, я самы хуткі, я самы дужы, я самы лагодны, я самы прыгожы!
Вылез з бярлогі Мядзведзь, пацягнуўся і прагаварыў:
-- Ты не самы дужы.
-- А хто самы дужы? Можа, ты? -- запытаўся Вецер.
-- Самая дужая зямля. Шмат чаго на сабе яна трымае. І гэты лес, і горы, і нашы дамы, і нават маленькую ягадку.
Не паверыў Мядзведзю Вецер. Лятае па лесе, хваліцца:
-- Я самы смелы, я самы хуткі, я самы дужы, я самы лагодны, я самы прыгожы!
-- Ты не самы лагодны! -- абурыўся Барсук.
-- А хто самы лагодны? Можа, ты? -- выгукнуў Вецер.
-- Самая лагодная -- трава. Прыемна паляжаць на ёй у цёплы сонечны дзень, -- сказаў Барсук.
І Барсуку не паверыў Вецер. Гукнуў так, што аж дрэвы задрыжалі:
-- Я самы смелы, я самы хуткі, я самы дужы, я самы лагодны, я самы прыгожы!
Выскачыла з дупла Вавёрка, запярэчыла:
-- Не ты самы прыгожы.
-- А хто? -- разявіў рот Вецер.
-- Самая прыгожая вясёлка. Яна сем колераў мае. Калі з неба спускаецца, каб вады з рэчкі папіць, усе ёю любуюцца.
Узлаваўся Вецер, застагнаў, засвістаў. Кусцікі да самай зямлі прыгнуў, некаторыя дрэвы выкарчаваў, паваліў.
Вавёрка ў дупло хутчэй ускочыла, Заяц, Воўк, Ліс і Барсук у нару схаваліся, а Мядзведзь у бярлогу залез.
З таго дня так і павялося. Калі вельмі ўзлуецца,  разбушуецца Вецер, звяры хаваюцца ад яго.

ЯК АГОНЬ І ЛЁД ДУЖАЛІСЯ

Аднаго дня сустрэліся два сябрукі: Агонь і Лёд.
-- Я дужэйшы за цябе, -- заявіў Агонь.
-- Я дужэйшы за цябе, -- запярэчыў Лёд.
Ляцеў Камар. Прысеў на пянёк і пацікавіўся:
-- Чаго раскрычаліся, шаноўныя?
-- Не ведаем, хто з нас дужэйшы, -- паведаміў Агонь.
-- Рассудзі нас! -- папрасіў Лёд.
-- А вы падужайцеся, -- прапанаваў Камар.
Паслухаліся Камара Агонь і Лёд. Сышліся, пачалі дужацца.
Неўзабаве стала горача Лёду, пацямнеў ён.
-- Давай крыху пасядзім, адпачнем, -- прапанаваў.
-- Здаешся? -- запытаўся Агонь.
-- Не-э! -- адказаў Лёд.
-- Правільна! Правільна! -- крыкнуў Камар і аж падскочыў ад нецярпення.
Зноў дужаюцца, крэкчуць сябрукі.
А Камару дамоў трэба ляцець. Дома дзеці гасцінцаў чакаюць.
-- Дужайцеся, пакуль не надакучыць! -- гукнуў ён і на балота паляцеў.
Зусім пацямнеў Лёд, стаў крохкі, рассыпаўся на маленькія кавалачкі і расцёкся па зямлі калюжынай.
-- Я перамог! Я дужэйшы! -- выкрыкнуў Агонь. Танцуе, радуецца. Не заўважыў пад нагамі калюжыну, уступіў у яе і патух.
Выглянула з-за хмарак Сонца, да калюжыны дакранулася. Высахла калюжына, толькі мокрае месца ад яе засталося.

ШТО ХАЦЕЎ СКАЗАЦЬ МЯДЗВЕДЗЬ?

У гэты дзень Мядзведзь судзіў Барсука. Апусціўшы галаву, Барсук стаяў насупраць Мядзведзя, які сядзеў на высокай калодзе. Побач на тоўстым бервяне прымасціліся Заяц, Воўк і Ліс.
-- Учора ты пакрыўдзіў Зайца. Так? -- строга запытаўся ў Барсука Мядзведзь.
Барсук ніжэй апусціў галаву.
-- Маўчыш?
Барсук і на гэты раз прамаўчаў. Ён не лічыў сябе вінаватым.
-- Што ж, паслухаем сведак, -- абвясціў Мядзведзь. -- Хто ў нас сёння будзе сведчыць?
-- Я, Воўк! -- устаў Воўк.
-- Так і запішам: Воўк. Шаноўны, ты бачыў, як Барсук пакрыўдзіў Зайца?
-- Канешне, бачыў! Я побач стаяў. Барсук моцна штурхнуў Зайца, і Заяц упаў на зямлю, -- паведаміў Воўк і з асуджэннем паглядзеў на Барсука.
-- Да гэтага Барсук штурхаў Зайца?
-- Кожны дзень штурхае. Кожны дзень гляджу і дзіўлюся! 
-- Значыць, вінаваты Барсук?
-- Канешне, вінаваты.
-- А сябе ты не лічыш вінаватым? -- нечакана запытаўся Мядзведзь.
Барсук падняў галаву і хіхікнуў.
Мядзведзь нахмурыўся.
-- Я Зайца не штурхаў! Я не вінаваты! -- усклікнуў Воўк і паглядзеў на Барсука. -- Ён штурхнуў, ён няхай і адказвае.
-- Сядай, шаноўны, -- дазволіў Мядзведзь.
Воўк хуценька сеў і ўсміхнуўся Зайцу.
-- Наступны сведка… -- пачаў Мядзведзь.
-- Я, Ліс! -- ускочыў Ліс.
-- Так і запішам: Ліс. Шаноўны, ты бачыў, як Барсук пакрыўдзіў Зайца?
-- Канешне, бачыў! Я блізенька стаяў. Барсук моцна штурхнуў Зайца, і Заяц упаў на зямлю, а потым перакуліўся, -- паведаміў Воўк і з асуджэннем паглядзеў на Барсука.
-- Да гэтага Барсук штурхаў Зайца?
-- Кожны дзень крыўдзіць. У мяне вочы не на патыліцы. Бачу. 
-- Значыць, вінаваты Барсук?
-- Канешне, вінаваты.
-- А сябе ты не лічыш вінаватым? -- неспадзявана запытаўся Мядзведзь.
Барсук падняў галаву і хіхікнуў.
Мядзведзь нахмурыўся.
-- Я Зайца не штурхаў! Я не вінаваты! -- усклікнуў Ліс і зірнуў на Барсука. -- Ён штурхнуў, ён няхай і адказвае.
-- Ён адкажа, абавязкова адкажа, але і вам, шаноўныя, трэба задумацца.
Воўк і Ліс пераглянуліся і развялі лапамі. Яны так і не зразумелі, што хацеў сказаць ім Мядзведзь.

ДВА ГУЛЬТАІ

Сустрэліся два Гультаі.
-- Давай пагаворым, языкамі пачэшам, -- прапанаваў першы Гультай.
-- А навошта? -- запытаўся другі Гультай.
-- Магчыма, пасля гэтага гаспадарка ў нас наладзіцца.
-- Давай. Бываюць цуды на свеце.
-- У мяне свіння ў хляве стаіць галодная, -- паведаміў першы Гультай.
-- І ў мяне свіння ў хляве стаіць галодная, -- паведаміў другі Гультай.
-- Мая свіння на ўсю вёску вішчыць, -- сказаў першы Гультай.
-- І мая свіння на ўсю вёску вішчыць, -- сказаў другі Гультай.
-- Мая свіння пад падрубу рыецца, з хлява хоча вылезці, -- прамовіў першы Гультай.
-- І мая свіння пад падрубу рыецца, з хлява хоча вылезці, -- прамовіў другі Гультай.
-- Мой плот зусім перакасіўся, ужо валіцца, -- прагаварыў першы Гультай.
-- І мой плот зусім перакасіўся, ужо валіцца, -- прагаварыў другі Гультай.
-- Мая свіння ў лес уцячэ, калі з хлява вылезе, -- цяжка ўздыхнуў першы Гультай.
-- І мая свіння ў лес уцячэ, калі з хлява вылезе, -- цяжка ўздыхнуў другі Гультай.
Азірнуліся Гультаі і бачаць: дзве свінні навыперадкі ў лес бягуць.
-- Мая свіння ў лес пабегла! -- усклікнуў першы Гультай.
-- І мая свіння ў лес пабегла! -- усклікнуў другі Гультай.
-- Будзем даганяць? -- запытаўся першы Гультай.
-- Не будзем. Усё роўна не дагонім, -- адказаў другі Гультай.
-- Так, -- пагадзіўся першы Гультай. -- Няма цудаў на свеце.

РОЗНЫЯ ДУМКІ

Гэта было ў тыя часы, калі людзі і звяры сябравалі.
Неяк прыйшлі да Мядзведзя ў госці муж і жонка.
-- Раскажыце крыху пра сябе. Напэўна, у згодзе жывяце, -- распачаў размову Мядзведзь.
-- Па-рознаму бывае, -- прызнаўся муж.
-- Здараецца, што і да сваркі даходзіць, -- сказала жонка.
-- Я заўжды стараюся так павярнуць, каб па-мойму выходзіла, -- паведаміў муж.
-- Я таксама заўжды стараюся так павярнуць, каб па-мойму выходзіла, -- прамовіла жонка.
-- Значыць, з характарамі вы, -- зазначыў гаспадар лесу.
-- Цвёрды ў мяне характар. Што ёсць, то ёсць, -- кіўнула галавою жонка.
"Шкодная яна жанчына", -- падумаў пра сябе Мядзведзь.
-- І ў мяне цвёрды характар, -- пахваліўся муж.
"А ён добры мужчына", -- гледзячы на мужа, разважыў Мядзведзь.

ЖАДАННЕ

У цяністым ляску, пакрытым шаўкавістаю травою, жылі Козачка, Зубр і Алень.
Аднаго дня вярнулася Козачка з суседняга ляска і паведаміла сябрам:
-- У суседнім ляску растуць рознакаляровыя кветкі, а ў нас вакол непрыгожая трава!
-- Непрыгожая, уся зялёная! -- паківаў галавою Алень.
-- Сапраўды! -- азірнуўшыся, прагаварыў Зубр. -- Неяк няўтульна тут.
-- Давайце папросім Добрага Чараўніка, каб увесь наш лясок пакрыў рознакаляровымі кветкамі! -- прапанавала Козачка.
-- Добра ты прыдумала, -- адразу ж пагадзіўся Алень.
-- Вельмі добра. Няхай пазайздросцяць нам суседзі, -- сказаў Зубр.
Козачка, Зубр і Алень сталі побач і дружна крыкнулі:
-- Добры Чараўнік, мы хочам, каб у нашым ляску раслі толькі рознакаляровыя кветкі. Выканай наша жаданне!
Не пачуў звяроў Добры Чараўнік, хоць іхняе рэха далёка панеслася.
Яшчэ мацней крыкнулі Козачка, Зубр і Алень:
-- Добры Чараўнік, мы хочам, каб у нашым ляску раслі толькі рознакаляровыя кветкі. Выканай наша жаданне!
На гэты раз пачуў Добры Чараўнік, запытаўся ў звяроў:
-- Потым вы не пашкадуеце?
-- Не пашкадуем! -- падскочыўшы ад радасці, гукнулі Козачка, Зубр і Алень.
Імгненна знікла ў ляску зялёная трава. Вакол з'явіліся прыгожыя рознакаляровыя кветкі.
Бегаюць па ляску Козачка, Зубр і Алень, кветкамі любуюцца.
Нарэшце спыніліся яны.
-- Мне хочацца есці, сябры, -- прызналася Козачка.
-- І мне хочацца есці, -- прамовіў Зубр.
-- І мне хочацца есці, -- паскардзіўся Алень.
Козачка сарвала кветку, узяла ў рот, але не стала жаваць. Не спадабалася яна ёй.
-- Што будзем рабіць? -- зірнуўшы на кветкі, скрывіўся Зубр.
-- Прыйдзецца гэтыя кветкі рваць, на рынку прадаваць і траву купляць. Прывыклі мы да яе, -- прагаварыў Алень.
-- Прыйдзецца. А раней у нас была свая трава, -- сказала Козачка і цяжка ўздыхнула.

ЯК ЛІСА ВАРОНУ ПРАВУЧЫЛА

Прыляцела ў лясок Варона, села на высокую яліну і пачала крычаць:
-- Хачу бясплатнага сыру!.. Хачу бясплатнага сыру!..
Гадзіну крычыць, паўдня крычыць.
Зусім звяроў аглушыла.
-- Прыдумай што-небудзь, зрабі так, каб супакоілася яна, -- звярнуўся да рыжай Лісы Мядзведзь.
-- Яна супакоіцца толькі тады, калі атрымае бясплатны сыр. Дайце ёй бясплатнага сыру, -- сказала Ліса.
-- Няма ў нас бясплатнага сыру, -- развёў лапамі Мядзведзь. -- Усе мы купляем сыр.
-- Быў бы бясплатны -- не пашкадавалі б, далі б, -- азваўся Воўк.
-- Тады прынясіце пастку з сырам і пастаўце яе каля высокай яліны.
Мядзведзь і Воўк зрабілі, як параіла ім Ліса: прынеслі пастку з сырам і паставілі яе каля высокай яліны.
-- Шаноўная, бачыш сыр? -- зірнуўшы на Варону, гукнула Ліса.
-- Бачу! -- крыкнула Варона.
-- Увесь бяры, не шкадую!
-- У пастку мяне запрашаеш? -- натапырылася Варона.
-- Гэта не пастка, -- закруціла галавою Ліса.
-- А што гэта? -- раскрыла дзюбу Варона.
-- Мышалоўка! У мышалоўку ловяць не варонаў, а шэрых мышэй, -- растлумачыла Ліса.
-- Ты ўпэўнена? -- запыталася Варона.
-- Яшчэ як упэўнена! -- адказала Ліса.
Паверыла Лісе Варона. Зляцела з яліны і ў пастку залезла. Імгненна закрыліся за ёю дзверцы пасткі.
-- Адпусці мяне, Ліса! Я зразумела! -- каркнула Варона.
-- Што ты зразумела?
-- Зразумела, што бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы, -- прамовіла Варона і заплакала.
Пашкадавала Ліса неразумную Варону. Адчыніла дзверцы пасткі і выпусціла яе на волю.

Лёс

Сустрэліся Чалавек і яго Лёс.
-- Бачу, што моцна задумаўся ты, -- распачаў гаворку Лёс.
-- Не ведаю, кім мне стаць: Гандляром ці Паэтам? -- сказаў Чалавек.
-- Зайздросціш Гандляру?
-- Ёсць балячка ў душы.
-- Крыўдзіш! -- нахмурыўся Лёс. -- Табе наканавана быць Паэтам.
-- Мне часу будзе не хапаць. Не толькі днём, але і ноччу крылатую думку прыйдзецца шукаць.
-- Ведаю.
-- Грошай будзе бракаваць.
-- Такі твой лёс!
-- І твой таксама.
-- І мой таксама, -- прамовіў Лёс.
-- Ты лічыш, што Паэт вышэй за Гандляра?
-- Калісьці твой унук пра гэта скажа. Будзь Паэтам, Чалавек.
Прайшлі гады. Чалавек стаў Паэтам, не захацеў пярэчыць Лёсу.
Была вясна. Са школы вярталіся дзеці. Уперадзе крочыў унук Паэта.
З магазіна выйшаў Гандляр з кнігаю ў руках.
-- Вунь Гандляр пайшоў! -- прагаварыла светлавалосая дзяўчынка.
-- Ён кнігу купіў і дамоў панёс, -- зазначыла яе сяброўка.
-- Гэтую кнігу мой дзядуля напісаў, -- сказаў унук Паэта.

ДВА ДЗЯТЛЫ

Па суседству жылі Дзяцел Стракаты і Дзяцел Беласпінны. У Дзятла Стракатага верх, хвост і "вусы" былі чорныя, галава, шыя, брушка і палоскі на хвасце і крылах белыя, патыліца і падхвосце чырвоныя. У Дзятла Беласпіннага верх галавы быў чырвоны,  спіна белая, гэткія ж белыя палоскі ўпрыгожвалі крылы і бок хваста.
І Дзяцел Стракаты, і Дзяцел Беласпінны мелі свае ялінкі. На гэтых ялінках раслі прыгожыя шышкі.
Восенню Дзяцел Стракаты і Дзяцел Беласпінны неслі спелыя шышкі ў свае "кузні" і выбіралі з іх смачнае насенне.
Дзяцел Беласпінны кожны год некалькі шышак пакідаў на ялінцы. А Дзяцел Стракаты з кожнай шышкі насенне выбіраў.
Неўзабаве каля ялінкі Дзятла Беласпіннага з'явіўся цэлы лясок з маладзенькіх ялінак.
"Мой сусед незвычайны чараўнік, няйначай", -- часта думаў Дзяцел Стракаты, седзячы на сваёй адзінокай ялінцы.
Ён так і не зразумеў, чаму каля ялінкі суседа з'явіўся малады лясок.

ШТО ЛЮБЯЦЬ ПЕРШАКЛАСНІКІ?

-- Дзеці, што вы любіце? -- запытаўся Мядзведзь-настаўнік у першакласнікаў.
-- Я люблю марожанае, -- прамовіла Ваўчаня.
-- Я люблю смажаную бульбу, -- прызнаўся маленькі Дзік.
-- Я люблю па ляску гуляць! -- усклікнула Лісяня.
-- Я люблю на веласіпедзе катацца! -- гукнула Барсучаня.
А Зайчаня прамаўчала.
-- Ты што любіш? -- пацікавіўся ў Зайчаняці Мядзведзь.
-- Я люблю чытаць цікавыя казкі, -- ціха прагаварыла Зайчаня.
Ваўчаня, маленькі Дзік, Лісяня і Барсучаня не вытрывалі, засмяяліся. За цэлае лета ніводнай кнігі яны не прачыталі.
-- Не трэба смяяцца. Смяецца той, хто смяецца апошні. Так вучыць лясная мудрасць, -- сказаў Мядзведзь і падняў угору канверт.
Ваўчаня, маленькі Дзік, Лісяня і Барсучаня перасталі смяяцца, на Мядзведзя пазіраюць, цікавага паведамлення ад яго чакаюць.
-- Сёння Добры Чараўнік нам прыслаў пісьмо, -- паведаміў Мядзведзь і дастаў з канверта аркуш паперы ў лінейку.
-- Што піша Добры Чараўнік? -- выклікнула Ваўчаня.
-- Таго, хто раскажа цікавую казку, чакае прыз -- новенькі веласіпед, -- прачытаў Мядзведзь.
У класе стала ціха-ціха.
-- Дык хто з вас раскажа цікавую казку? -- запытаўся Мядзведзь.
Ваўчаня, маленькі Дзік, Лісяня і Барсучаня цяжка ўздыхнулі і апусцілі галовы. А Зайчаня смела паглядзела на Мядзведзя-настаўніка і падняло лапку.

НА ЛЯСНОЙ ПАЛЯНЦЫ

Неяк на лясной палянцы лічба 55 і матэматычны знак Памножыць збіралі спелыя суніцы.
-- Падышоў да іх заяц Белячок і ціха прамовіў:
-- Добры дзень, шаноўныя.
-- Добры дзень, -- адказаў матэматычны знак Памножыць.
-- Добры дзень, -- адказала лічба 55 і пацікавілася: -- Чаму ты такі сумны, заяц?
-- Настрою ў мяне зусім няма, -- прызнаўся Белячок.
Матэматычны знак Памножыць прысеў на пянёк і запытаўся:
-- Хто ж табе сёння настрой сапсаваў?
-- Яго з самага ранку ў мяне не было. Не з той лапкі я ўстаў, -- паскардзіўся заяц.
-- Мы можам падняць табе настрой, -- раптам заявіла лічба 55.
Хоць і не паверыў Белячок, што матэматычны знак Памножыць і лічба 55 могуць падняць яму настрой, але пагадзіўся:
-- Паспрабуйце. Я не супраць.
-- Спачатку вочы заплюшч, -- загадала лічба 55.
--  І доўга тут буду стаяць з заплюшчанымі вачыма? -- пацікавіўся заяц.
-- Хвіліну, не болей.
--  Няхай будзе так, -- кіўнуў галавою Белячок і заплюшчыў вочы.
-- Дзейнічай, шаноўны, -- звярнулася да матэматычнага знака Памножыць лічба 55.
-- Оп-ля! -- гукнуў матэматычны знак Памножыць і стаў паміж дзвюма пяцёркамі, якія ўтваралі лічбу 55.
Белячок расплюшчыў вочы і прагаварыў са здзіўленнем:
-- Лічба 25 перада мною з'явілася!
-- Оп-ля! -- гукнуў матэматычны знак Памножыць і зноў прысеў на пянёк.
-- А цяпер лічба 55 стаіць! -- прагаварыў Белячок і ўсміхнуўся.
Вось так матэматычны знак Памножыць і лічба 55 зайцу Белячку настрой паднялі.


ЧАМУ АДНОЛЬКАВАЯ?

Аднойчы Мядзведзь сустрэў на двары зайца Шарачка і зайца Белячка і востраю хваёваю галінкаю на мокрым ад дажджу пяску напісаў лічбы 37 і 25.
-- Ты нейкае заданне нам хочаш даць? -- выказаў здагадку Шарачок.
-- Крыху папрацуйце, вылічце суму гэтых дзвюх лічбаў, -- кіўнуў галавою Мядзведзь.
"Лічбаў дзве, а сума павінна быць адна. Цяжкае заданне даў нам гаспадар лесу", -- падумаў Шарачок і адламаў сухую яловую галінку.
"Мядзведзь нашу кемлівасць хоча праверыць", -- здагадаўся Белячок і таксама адламаў сухую яловую галінку.
Топчацца Мядзведзь, чакае, калі зайцы яго заданне выканаюць.
Нарэшце Шарачок напісаў на пяску: 37 + 25 = 62.
І Белячок напісаў на пяску: 25 + 37 = 62.
-- Шэсцьдзесят два! -- паглядзеўшы, зазначыў Мядзведзь.
-- Гэты прыклад мы запісалі па-рознаму, а сума чамусьці атрымалася адна! -- здзівіўся Шарачок.
-- Чаму яна аднолькавая? -- усклікнуў Белячок.
-- Бо ад перамены месцаў складаемых сума не змяняецца, -- растлумачыў зайцам Мядзведзь.

Смяшынкі

-- Мамачка, у магазіне цётка прадавец сказала, што сядзіць на касе. А я падумала, што яна сядзіць на крэсле. Хто з нас мае рацыю? -- звярнулася да мамы маленькая Аленка.
-- Напэўна, ты, дачушка.
--  --  --
У хаце бабуля, дзядуля, Аленка і тата Аленкі.
-- Ну, мужчыны, пойдзем на двор! Градкі трэба ўскапаць! -- урачыста паведамляе бабуля.
Дзядуля бярэ шапку і разам з бабуляй накіроўваецца на двор. Тата Аленкі заходзіць у залу і бярэ ў рукі газету.
-- Тата, а ты не мужчына? -- зірнуўшы ў залу, пытаецца Аленка.
-- -- --
Па тэлевізары паказваюць мастацкі фільм. Да гераіні фільма -- маладой дзяўчыны -- набліжаецца бандыт і патрабуе, каб аддала яму грошы.
-- Хутчэй прымяні прыём каратэ! -- падказвае дзяўчыне Аленка.
Быццам пачуўшы Аленку, гераіня фільма б'е бандыту левай нагой.
Бандыт адскоквае.
-- А цяпер правай дай! -- крычыць Аленка.
Быццам пачуўшы Аленку, гераіня фільма б'е бандыту правай нагой.
Бандыт падае, затым устае і, ківаючыся, набліжаецца да дзяўчыны.
-- Цяпер бокс прымяні! -- падказвае дзяўчыне Аленка.
Гераіня фільма б'е бандыта кулаком.
Бандыт падае і ляжыць нерухома.
-- Вось гэта па-нашаму! -- радуецца Аленка.
Гераіня фільма глядзіць на Аленку з экрана і ўсміхаецца.
-- Ты не ўсміхайся, а міліцыю выклікай, -- раіць дзяўчыне Аленка.
Быццам пачуўшы Аленку, гераіня фільма дастае з сумачкі мабільны тэлефон і выклікае міліцыю.
-- Калі прыедзе міліцыя, скажаш, што не перавысіла сродкі абароны, -- падказвае дзяўчыне Аленка.
-- -- --
-- Мама, я ведаю слова з трох літар, якое б'ецца.
-- Назаві яго, Аленка.
-- Кот, -- на лістку паперы старанна піша Аленка.
-- Хіба кот б'ецца? -- смяецца мама.
-- А ты прачытай яго наадварот.
-- Ток, -- чытае мама.
-- -- --
-- На дачах працуюць толькі пажылыя людзі? -- цікавіцца ў бабулі Аленка.
-- Як бачыш, унучка.
-- У маладзейшых у гэты час ціхі час, як у нас у садку?
-- Напэўна! -- уздыхае бабуля.
-- -- --
-- Пад елкамі так шмат іголак! -- вярнуўшыся з лесу, расказвае тата.
-- Я ведаю, хто іх там панакідаў! -- усклікае Аленка.
-- Хто? -- пытаецца тата.
-- Вожык!
-- -- --
-- Твой сябар Максім, -- тлумачыць пяцікласніку Алесю дзядуля, -- напэўна, ужо на танцы ходзіць.
-- Чаму ты так лічыш? -- пытаецца ўнук.
-- Ён паводзіць сябе як дарослы.
-- Дзядуля, ты таксама на танцы ходзіш? -- строга кажа Алесь.
-- -- --
-- Мама, у мяне шарык, -- прыйшоўшы дамоў, паведаміў Алесь.
-- Дзе ты ўзяў сабачку, сынок? -- гукнула з суседняга пакоя мама.
-- У мяне паветраны шарык! -- растлумачыў усхваляванай маме сын.


ЗМЕСТ

Апавяданні
Хто самы старанны?
Эсэмэска
Песня маёй бабулі
Сябар
Хто самы смелы?
Снежны туман
Слёзкі Сонца
Хто самы лоўкі?
Колькі хлапчукоў?
Што любіць бабуля?
Шлях да Бога
Казкі
Як два зайцы пасябравалі
Дом
Аснова
Памірыліся
Незвычайны фокус
Шпачок
Хто найбольш патрэбен?
Як Заяц Мядзведзю настрой падняў
Лісічкі
Спрэчка
Чарадзейны знак
Як Камары хаткі будавалі
Ручай
Словы ветлівасці
Чаму Мядзведзь мёд любіць?
Чаму Сава ноччу лятае?
Чаму Вецер бушуе?
Як Агонь і Лёд дужаліся
Што хацеў сказаць Мядзведзь?
Два Гультаі
Розныя думкі
Жаданне
Як Ліса Варону правучыла
Лёс
Два Дзятлы
Што любяць першакласнікі?
На лясной палянцы
Чаму аднолькавая?

Смяшынкі