Аляксей Якімовіч
Вачэй не паказваць
Мастацкая гіпотэза
У вёсцы
Дзераўная жылі па суседству Змітрок і Мікіта. Мікіта панадзіўся хадзіць да
Змітрака, каб пазычыць што-небудзь.
Прыйшоў неяк, топчацца ў парозе.
-- Сусед, пазыч сваю
сякеру. Заўтра прынясу.
-- Навошта табе мая
сякера? – здзівіўся Змітрок. Ён ведаў, што ў кожнага гаспадара ёсць свае
прылады працы.
-- У маёй сякеры
тапарышча пабілася, сукаватыя калоды не пасяку ёю, зусім даб’ю, -- паскардзіўся
Мікіта.
-- Новае зрабі!
Мікіта пачухаў
патыліцу.
-- Канешне, зраблю, але
не сёння. Сёння дровы трэба калоць. Жонка заядае. У хаце каля печы ні палена
няма.
Хоць і не хацелася
Змітраку сваю сякеру ў чужыя рукі даваць, але ўсё-ткі прынёс яе з каморкі,
працягнуў Мікіту.
-- Бяры. Толькі
тапарышча паберажы!
Праз некалькі дзён
Мікіта зноў заявіўся і пачаў здалёку:
-- Сусед, мне на лузе
сена трэба зграбці.
Змітрок паціснуў
плячыма.
-- Хіба я табе
перашкаджаю?
-- Не перашкаджаеш,
канешне. Але ў маіх граблях аж тры зубы паламаліся. Шчарбатыя ў гумне стаяць.
-- Новыя зрабі.
-- Няма калі рабіць!
Хмарыцца на дварэ. Дождж можа пайсці!
-- Граблі хочаш
пазычыць? – здагадаўся Змітрок.
-- Яшчэ як хачу! –
усклікнуў Мікіта.
Змітрок мусіў даць яму
граблі, пазычыў.
Надвячоркам прынёс іх
Мікіта без двух зубоў.
Змітрок узяў граблі і
пакруціў іх, падзівіўшыся.
-- Зубы выламаў?
-- Калі б не гроб сена,
то не выламаў бы. Купіны на балоце, няроўнае! Сам ведаеш, -- стаў тлумачыць
Мікіта.
“Чаму ж ты новыя зубы
не зрабіў і не ўставіў?” – хацеў сказаць Змітрок, але пасаромеўся. Дый Мікіта
яго апярэдзіў, іншую гаворку распачаў:
-- Сусед, пазыч рэшата.
-- Муку трэба прасеяць?
-- Канешне, муку!
-- А з тваім рэшатам
што здарылася?
-- Наша са стала ўпала
і пакацілася. А жонка спатыкнулася і на яго звалілася. Трэснула, паламалася
яно! – нявесела закончыў Мікіта.
“Апошні раз пазычаю.
Больш нічога не выпрасіш ты ў мяне”, -- вырашыў Змітрок і даў, пазычыў суседу
рэшата.
А вечарам жонка Таклюся
прайшлася па хаце і запыталася:
-- Змітрок, дзе наша
рэшата? Мне муку трэба прасеяць. Хлеб буду пячы.
Змітрок цяжка ўздыхнуў.
-- Мікіта кожны дзень
ходзіць і ходзіць, пазычае! Сёння нашы граблі пакалечаныя прынёс.
-- І рэшата ты яму
пазычыў?
-- Не змог адмовіць!
Жонка паглядзела на
Змітрака і заспявала:
Сусед
ў хату ходзіць,
Нешта
пазычае,
Не
магу адмовіць,
Духу
не хапае.
-- Не хапае! – паўтарыў
Змітрок.
А Таклюся далей спявае:
Граблі ён пазычыў,
Без
зубоў прынёс.
Жыць
з такім суседам
Вызначыў мне лёс.
-- Такі лёс! – з
горкасцю прамовіў Змітрок.
-- Навучу цябе, як
Мікіту адвадзіць, адвучыць, каб не прыходзіў да нас пазычаць, -- прамовіла
жонка.
Змітрок наставіў вушы.
-- Слухаю!
-- Цяпер ты да яго
штодзень хадзі і прасі, каб нешта пазычыў!
-- У мяне ўсё сваё, --
адказаў Змітрок. – Навошта мне чужое, пазычанае?
-- А каб адвадзіць! --
сказала жонка.
“Трэба паспрабаваць,
зраблю так, як яна кажа”, -- падумаў Змітрок і на другі дзень адправіўся да
Мікіты.
-- Касу пазыч, Мікіта.
У Мікіты вочы на лоб
палезлі, як пачуў гэта.
-- А твая дзе?
-- Ляжыць! Паламаў!
-- А я сваю не кляпаў!
“Шкадуеш, жмінда! На
чужое ласы”, -- падумаў Змітрок.
-- Некляпанай пакашу.
-- Няма! Няма! Няма
касы! – замахаў рукамі Мікіта. – Некаму пазычыў.
На наступны дзень
Змітрок прыйшоў да яго, каб плужок пазычыць. І плужок Мікіта не даў,
пашкадаваў. А на трэці дзень у хату не пусціў Змітрака. Убачыўшы на падворку,
замкнуўся, схаваўся.
-- Дапамагла табе мая
парада? – пацікавілася ў Змітрака Таклюся.
-- Яшчэ як дапамагла!
Ужо не прыходзіць да нас, вачэй не паказвае. Баіцца, каб я не папрасіў у яго
што-небудзь.
-- Сядай за стол,
заспяваем з такой радасці, -- прапанавала Змітраку жонка.
Змітрок і Таклюся селі
за стол і заспявалі разам:
Не
з’яўляецца Мікіта,
Не
прыходзіць пазычаць.
Не
паглядвай на чужое.
Сваім
сярпом трэба жаць.
Вось так Змітрок з
Дзераўной прыдумаў выраз вачэй не
паказваць. Напэўна, вы ўжо
здагадаліся, што ён азначае не прыходзіць
да каго-небудзь, куды-небудзь, не з’яўляцца там, у яго.
Надрукавана ў кнізе “Нязваныя
госці”.
Якімовіч, А. М. Нязваныя госці : прыгодніцка-гістарычная
аповесць, мастацкія гіпотэзы, вершы, прыпеўкі для настрою / Аляксей Якімовіч. –
Мінск : Беларусь, 2022. – 199 с.