Поиск по этому блогу

Маё першае апавяданне

 

Маё першае апавяданне

 

                                                                                                                     Аляксей Якімовіч

                                                          ПА ДАРОЗЕ СА ШКОЛЫ

 

Цёплым вясновым днём хлопчыкі-аднакласнікі вярталіся са школы. Хутка будзе ручай, а там і вёска побач, рукою падаць.

Перагаворваючыся, жартуючы, яны непрыкметна падышлі да ручая.

-- Наш ручай сёння вунь як разліўся! – заўважыў Косця.

-- Ён кладку можа знесці, – занепакоіўся Алесь.

І сапраўды, вясенняя паводка сарвала кладку.

Да хлопчыкаў падышла бабуля. Яна, відаць, ужо даўно была тут.

-- У госці да ўнучкі сабралася... Што рабіць, не ведаю. – Бабуля бездапаможна развяла рукамі.

Хлопчыкі адышліся ўбок.

-- Давайце абыдзем ручай, -- прапанаваў Рыгорка.

-- Мы абыдзем, а бабуля і да вечару да сваёй унучкі не дабярэцца, – не пагадзіўся Алесь.

-- Трэба новую кладку зрабіць! – рашуча рассек рукою паветра Вова. – Хіба адна бабуля ў вёску ідзе? Уяўляеце, што будзе тут, калі сцямнее?

-- Давайце знойдзем бервяно і зробім кладку, – падтрымаў Вову Алесь.

Бервяно ляжала каля ручая. Хлопчыкі ледзь змаглі падняць яго: цяжкае вельмі. Так-сяк прынеслі і перакінулі на другі бераг.

Рыгорка зірнуў на бабулю і сказаў:

-- Яшчэ парэнчы трэба зрабіць.

Па абодвух баках бервяна хлопцы ўбілі ў зямлю калкі і звязалі іх лазою -- атрымаліся парэнчы.

-- Пераходзьце, не бойцеся, – запрасіў бабулю Алесь і першым праз кладку перабег, каб бачыла бабуля, што кладка надзейная.

Жанчына асцярожна ступіла на кладку, узялася рукамі за парэнчы і, перайшоўшы на другі бераг, падзякавала:

-- Дзякуй вам, дзеткі.

Весела перагаворваючыся, аднакласнікі пабеглі ў вёску.

 

Упершыню надрукавана ў беларускамоўнай газеце для дзяцей “Піянер Беларусі”, калі вучыўся ў школе.

Потым было апублікавана ў кнізе (у ёй змешчаны творы дзяцей) “Напісалі кніжку самі”.

Напісалі кніжку самі. Мінск, “Беларусь”, 1967. 112 с. з іл.

Затым выйшла ў свет у кнізе “Каб мама ўсміхалася”.

Якімовіч, А. М. Каб мама ўсміхалася : апавяданні, казкі, смяшынкі : для мал. шк. узросту / А. М. Якімовіч ; маст. У. С. Пашчасцеў. – Мінск : Нар. асвета, 2010. – 120 с. : іл.