Поиск по этому блогу

Апісанне “Каля сцяжынкі”

 

Апісанне “Каля сцяжынкі”

 

Пясчаная, утаптаная людзьмі сцяжынка, на схілах прабітая імклівымі ручайкамі. У канаўцы сцяжынкі ляжаць нанесеныя вадою каменьчыкі самай рознай формы (і пляскатыя, і круглыя, і прадаўгаватыя, старанна вытачаныя прыродай) і колеру (белыя, цёмныя, шэрыя, чырванаватыя).

Злева ад сцяжынкі – выкашаны бензакасілкай лужок у плямінах выгаралай, парыжэлай на сонцы травы. Воку няма за што зачапіцца. Гляджу на траву, на лісткі малачаю. Яны цягнуцца да сонца, стараюцца хутчэй падрасці, як і дзеці, якім вельмі хочацца стаць дарослымі.

З правага боку сцяжынкі – няскошаны лужок. Сюды яшчэ не дабралася цывілізацыя ў выглядзе бензакасілкі і чалавека з закратаванай маскай на галаве. Тут трава высокая, расце купінкамі, падобнымі на ганарыстыя, адасобленыя чубы. Яна стракаціць кветкамі: блакітнымі, белымі, ружовымі. Некаторыя з іх адцвілі, ківаюць цёмнымі галоўкамі, напоўненымі насеннем. Побач, быццам густы лясок, узвышаецца асака. Сцябліны у яе шырокія і вострыя, як шабелькі, некаторыя ўжо пажухлі, пажаўцелі. Дакранаюся пальцамі да сцяблінкі-шабелькі, асцярожна, каб не парэзацца, праводжу па ёй двума пальцамі. А яна казычацца і нясе ў душу цяпло і замілаванасць.

Воддаль стаіць дзікая яблынька, кучаравая, разгалістая, быццам незвычайная бухматая копка, усыпаная спелымі чырванаватымі яблыкамі, якія ў гэты час амаль нікога не вабяць. Гуляе, бяжыць нябачны ветрык і гайдае лісткі, прарэзаныя паўкруглымі маршчынкамі, якія цягнуцца ад сярэдзіны, ад нітачкі, што чарэньчыкам злучае іх з галінкаю,  да зубчатых краёчкаў.

На самым краі лужка сабраліся маленькія асінкі. Каб было спарней і весялей, яны кусцікамі прабіваюцца з зямлі. Лісцікі на іх маладыя, шырокія, свежыя, як шчочкі немаўлят, а верхавінкі чырванаватыя, гнуткія. Ніякі вецер ім не страшны (Аляксей Якімовіч).

                   Ваколіца горада Слоніма каля вуліцы Скарыны. 3. 09. 2018 г. 

[Урывак з аповесці “Белакрылая птушка”, с. 12] 

Зборнік выйшаў у выдавецтве “Беларусь”

Якімовіч, А. М. Белакрылая птушка : аповесці, вершы / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 199 с.