Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 4 класе. НЕАЗНАЧАЛЬНАЯ ФОРМА ДЗЕЯСЛОВА. УТВАРЭННЕ НЕАЗНАЧАЛЬНАЙ ФОРМЫ ДЗЕЯСЛОВА З ДАПАМОГАЙ СУФІКСАЎ -ЦІ, -ЦЬ, -ЧЫ

 

Творчы ўрок у 4 класе. НЕАЗНАЧАЛЬНАЯ ФОРМА ДЗЕЯСЛОВА. УТВАРЭННЕ НЕАЗНАЧАЛЬНАЙ ФОРМЫ ДЗЕЯСЛОВА З ДАПАМОГАЙ СУФІКСАЎ -ЦІ, -ЦЬ, -ЧЫ

 

Мэты: засвоіць паняцце неазначальная форма  дзеяслова; выпрацоўваць уменні і навыкі адрозніваць і ўтвараць неазначальную форму дзеяслова; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; вучыць ствараць добры настрой вакол сябе.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

Паўтараем з рознай інтанацыяй і сілай голасу:

(Ціха.) Я люблю беларускую мову!

(Мацней.) Я люблю беларускую мову!

(Моцна.) Я люблю беларускую мову!

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Адгадайце, з якой часцінай мовы мы сустрэнемся сёння на ўроку. З гэтай часціны мовы пачынаюцца народныя параўнанні.

Баяцца як агню.

Ведаць як свае пяць пальцаў.

Выгадаваць як кветачку ў садочку.

Сапраўды, народныя параўнанні пачынаюцца з дзеяслова.

• Успомніце, што вам вядома пра дзеяслоў.

• Прачытайце дзеясловы, устаўце патрэбныя літары і растлумачце іх правапіс.

Ста..ляць, ха..іць, с..іхаць, пале..ці, па..трымаць.

4. Чыстапісанне.

Назавіце літару, якую сёння будзем пісаць на хвілінцы чыстапісання. Яна знаходзіцца ў пачатку слоў “фільм”, “фільтр”, “фіялка”. (ф.)

     пф    хф    тф...

• Вызначце паслядоўнасць літар і прадоўжыце пісаць гэты ланцужок у патрэбным парадку да канца радка. (Літара ф пішацца па парадку з усімі парнымі глухімі зычнымі.)

     (чф    цф    шф    сф)

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

На гэтым уроку мы пашырым свае веды аб дзеяслове, пазнаёмімся з яго  неазначальнай формай. А дапаможа нам казка. Паслухайце яе, калі ласка.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Аднаго разу, так здарылася, Сарока і Шпачок трапілі ў цёмны-цёмны яловы лес, куды нават сонца не прабівалася.

-- Тут так  ціха! -- прамовіла Сарока.

-- І так няўтульна! -- скурчыўся Шпачок.

-- Давай разбудзім гэтую цішыню, -- прапанавала Сарока.

-- Як? -- не зразумеў Шпачок.

--  Песняй. Будзем спяваць. Я і ты.

-- Песняй разбудзім, -- пагадзіўся Шпачок і заспяваў, засвістаў на ўсе лады.

Сарока паглядзела на яго, усміхнулася і застракатала.

Неўзабаве мурашак у вялікім мурашніку разбудзілі птушкі. Захадзілі, заварушыліся мурашкі, прыслухоўваючыся. За мурашкамі розныя жучкі, чарвячкі прачнуліся,  на пянькі пазалазілі, каб убачыць  спевакоў.

Нечакана з самага гушчару вылез вялікі надзьмуты Мядзведзь. У гэты дзень ён быў не ў духу.

--  Не трэба спяваць, не трэба цішыню парушаць!.. Хто дазволіў?.. Я разбяруся!.. -- насварыўся Мядзведзь і пайшоў без настрою.

Сарока паглядзела яму ўслед і прагаварыла ў задуменні:

-- Спяваць, парушаць -- гэта неазначальная форма дзеяслова.

-- На якія пытанні адказваюць дзеясловы ў неазначальнай форме? -- уздыхнуўшы, пацікавіўся Шпачок.

-- На пытанні што рабіць? або што зрабіць? -- адказала Сарока.

Гутарка.

• Ці падняў сабе настрой Мядзведзь, накрычаўшы на Сароку і Шпачка?

• Які настрой дапамагае чалавеку, а які перашкаджае? Чаму?

• Ідучы ў школу, ці бераце вы з сабою добры настрой?

• Чым вам падабаецца дзеяслоў спяваць? Што чуецца вам у гэтым слове?

Праца са словам.

Прачытайце дзеясловы ў неазначальнай форме “спяваць”, “ісці”, “стрыгчы”. На якія літары яны заканчваюцца? (На -ць, -ці, -чы.)

Спяваць -- значыць весяліцца, паднімаць настрой сабе і іншым, дарыць радасць людзям.

• У слове “дарыць” пішам ры. А як чытаем? (Цвёрда.)

Праца з практыкаваннем.

Утварыце неазначальную форму наступных дзеясловаў і запішыце, паставіўшы да іх пытанні ш т о   р а б і ц ь? або ш т о  з р а б і ц ь?. Назавіце дзеясловы, у якіх можна вызначыць час, лік, асобу.

Падмяту -- ...       грабу -- ...

выпушчу -- ...      лаўлю -- ...

калю -- ...            нашу -- ...

крыкну -- ...         падрэжа -- ...

адгадаю -- ...       аб'еду -- ...

• Абазначце прыстаўку ў тых словах, дзе яна ёсць.

• Як вы разумееце сэнс слова “аб'язджаць”?

• Ці з'яўляюцца роднаснымі (аднакаранёвымі) словы “аб’еду”, “аб'езд”, “аб'ездзіць”, “аб'ездчык”, “аб'язджаць”?

• Хто такі аб'ездчык? (Служачы лясніцтва, які наглядае за вядзеннем лясной гаспадаркі на сваім участку, кантралюе працу леснікоў) [1, с. 8, “Тлумачальны слоўнік”].

• Складзіце словазлучэнні са словам “аб’язджаць”.

• Ці можа слова “аб’язджаць” ужывацца ў пераносным значэнні? (Аб’язджаць каня.)

• Выдзеліце корань у слове “аб’язджаць”.

• Пры напісанні слова “аб’язджаць” у якім месцы вас падпільноўвае нядобрая чараўніца Памылка Памылкаўна? Чаму?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Аб’язджаць – слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і абазначце арфаграмы.

Віктарына.

Знайдзіце “лішняе” слова.

Узяць, напісаць, прамовіць, узняць, косць, танцаваць, песціць.

• Падбярыце аднакаранёвыя назоўнікі да дзеясловаў у неазначальнай форме.

Напісаць (пісьмо), знайсці (знаходка), прамовіць (мова), падтрымаць (падтрымка), танцаваць (танец),  нахіляць (нахіл), купляць (пакупка).

• У слове “знаходка” напісанне зычнай літары д не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Знаходачка.) Якое правіла вы прымянілі?

Гульня “Сказ-жартаўнік”.

Прачытайце сказ і выпраўце памылку.

Як прыгожа цвітуць дзеткі на лузе! (Кветкі).

• Ці з’яўляецца дзеясловам у неазначальнай форме слова “цвітуць”?

Хвілінка кемлівасці.                                                    

Складзіце сказ, у якім ёсць дзеяслоў у неазначальнай форме і слова з выбарам напісання галоснай літары ў корані.

Узор. Кнігу, як і з(е, я)млю, трэба шанаваць і любіць.

Гукавая гульня “Назавіце слова”.

Прачытайце і назавіце патрэбнае слова.

                                                 Вельмі добра каля рэчкі

                                                 На пясочку загараць.

                                                 Калі сонейка прыгрэе,

                                                 Можна моўчкі … (паляжаць).

                                                                  Аляксей Якімовіч.

• Вы сцвярджаеце, што ў гэтым вершаваным тэксце ёсць дзеясловы ў неазначальнай форме. Абгрунтуйце сваё сцвярджэнне.

• Якімі словамі можна замяніць словы “бавіць час”? (Праводзіць час.)

Фізкультхвілінка.

Н а с т а ў н і к. Я буду чытаць вам сцвярджэнні, якія могуць быць правільнымі ці памылковымі. Калі вы згодны са сказаным, папляскайце ў далоні, калі не – прысядзьце.

1. У слове "радзіма" пасля а пішам д. (Вучні прысядаюць.)

2. У слове "хадзіць” пасля а пішам д. (Вучні прысядаюць.)

3. У слове "глядзець” пасля я пішам дз. (Вучні пляскаюць у далоні.)

Чытанне працягу казкі.

Настаўнік. Паслухайце працяг казкі пра Сароку і Шпачка.

Сарока і Шпачок неўзабаве пакінулі змрочны яловы лес, прыйшлі ў сасновы бор.

У сасновым бары зусім іншае жыццё ідзе: сонца ласкава свеціць, птушкі весела спяваюць, матылькі мільгаюць, лятаюць.

-- Добра, калі сонейка свеціць, усміхаецца, -- прамовіў Шпачок.

-- Вельмі добра, -- пагадзілася Сарока і прапанавала сябру: -- Давай і мы сонейку ўсміхнёмся.

-- Давай! -- узрадаваўся Шпачок.

Сталі яны побач і так прыемна ўсміхнуліся сонейку, што яно яшчэ больш  расцвіло.

Заўважыла іх Вавёрачка, вядомая свавольніца. Замахнулася шышкаю і закрычала з сасны:

-- Не прапушчу вас, калі са мною ў святлафор не пагуляеце. -- Гульня простая: я называю слова, а вы падбіраеце да яго іншае  -- антонім -- дзеяслоў у пачатковай (неазначальнай) форме. Першае маё слова такое: загарацца.

-- Антонім да яго -- тухнуць, -- сказала Сарока.

-- Праходзь, -- дазволіла Вавёрачка і ў Шпачка пытаецца: -- А які антонім ты падбярэш да слова “падняць”?

-- Апусціць, -- сказаў Шпачок. І для яго загарэўся зялёны агеньчык святлафора.

Узнаўленне пачутага.

Назавіце дзеясловы, выкарыстаныя ў казцы. Пастаўце іх у неазначальнай форме і падбярыце антонімы або сінонімы.

Самастойная праца.

 Спішыце прыказкі, паставіўшы выдзеленыя дзеясловы ў неазначальнай форме. Ці можна вызначыць у іх час, лік, асобу?

1. Гавару (гаварыць) трэба паасобку, а спяваю (спяваць) разам. 2. Да ўсяго трэба прывык (прывыкнуць). 3. Дзе не паклаў, там і шукаю (шукаць) няма чаго. 4. Пастаўлю (паставіць) на ногі. 5. Сказаў (сказаць) лёгка, ды зрабіў (зрабіць) цяжка    [2, с. 244, 245, 246, 262, 265, “Беларускія прыказкі Я. Рапановіча”].

• Як вы разумееце выраз прыказкі паставіць на ногі? (Дапамагчы таму, хто апынуўся ў цяжкім становішчы.)

• Вызначце форму дзеяслова дапамагчы.

Віктарына.

Ці правільна пабудаваны сказ?

Памый рукі і яблыкі і пачынай іх есці.

• Ці з’яўляецца дзеясловам у неазначальнай форме слова “есці”? Дакажыце гэта.

• Падбярыце сінонімы да наступных дзеясловаў у неазначальнай форме.

Змяркацца (цямнець), разлічвацца (плаціць), размаўляць (гаварыць, гаманіць), запалаць (загарэцца), бегчы (імчацца, несціся).

• Пастаўце ў неазначальнай форме дзеясловы іду, таўку, кажу.

Перакладчыкі.

Запішыце прыказкі па-беларуску. Над дзеясловамі ў неазначальнай форме пастаўце літару н.

1. Жизнь прожить – не поле перейти и не песенку спеть. 2. Жить можно по-разному: живёт и кот, и собака. 3. Говорят лишь бы говорить. 4. С работой дружить – счастливо жить. 5. Что спина сделает, то рот схватит. 6. Чтобы работать так хотелось, как скакать.

Слоўнік: схватит – ухопіць; скакать --  скакаць.

Вясёлая хвілінка.

Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а словы – ха-ха-ха  – потым прамовіце і вы.

                                                          У пакоі клетка

                                                          Драцяная вісіць.

                                                          А у гэтай клетцы

                                                          Папугай сядзіць.

-- Ха-ха-ха, --

                                                          Папугай смяецца.

                                                          Ён самы разумны.

                                                          Так яму здаецца.

                                                                Аляксей Якімовіч.

• Ці ёсць у гэтым тэксце дзеяслоў у неазначальнай форме? Абгрунтуйце сваю думку.

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                           А зіма аж пачарнела --

                                                           Годзе ёй тут кросны тка(ц, т)ь!..

                                                           Гэй, маленства, жыва, смела

                                                           Вый(д, дз)ем  весну прывіта(ц, т)ь!

 

                                                           А як сла(у, ў)на каля хаткі

                                                           Нам пабега(ц, т)ь, пагуля(т, ц)ь!

                                                           Ну, зіма, збірай манаткі,

                                                          Годзе нас табе ўшчуваць! [3, с. 88, “Раніца ў нядзельку”, “Песня аб вясне”].

• Назавіце дзеясловы ў  неазначальнай форме.

• Раскрыйце значэнне слоў “кросны” (хатні ткацкі станок), “маленства” ( тут: малыя), “манаткі” (дробныя рэчы, пажыткі), “ушчуваць” (тут: сварыцца, караць).

Тэст.

Знайдзіце словы -- назвы дзеянняў. Падкрэсліце патрэбнае.

1. Лічыць.

2. Лік.

3. Капаць.

• Падкрэсліце словы, якія адказваюць на пытанні што робіць? што робяць?

1. Сушыць.

2. Нясу.

3. Гамоняць.

• Падкрэсліце дзеясловы ў неазначальнай форме.

1. Звінець.

2. Спяваюць.

3. Свістаць.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

• Чаму словы “іду”, “гаварыць”, “прыйшоў” адносяцца да дзеясловаў?

• Якая форма дзеяслова з'яўляецца неазначальнай?

• Чым адрозніваецца неазначальная форма ад іншых форм дзеяслова?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў , А., Гайдукевіч, І. Шуба , П.  Тлумачальны слоўнік беларускай мовы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. Для сярэд. школы. 2-е выд., перапрац. і дап.  – Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 23 (2018 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.