Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. ПАЎТАРЭННЕ ВЫВУЧАНАГА Ў 3 КЛАСЕ. АПАВЯДАЛЬНЫЯ, ПЫТАЛЬНЫЯ, ПАБУДЖАЛЬНЫЯ СКАЗЫ

 

Творчы ўрок у 3 класе. ПАЎТАРЭННЕ ВЫВУЧАНАГА Ў 3 КЛАСЕ. АПАВЯДАЛЬНЫЯ, ПЫТАЛЬНЫЯ, ПАБУДЖАЛЬНЫЯ СКАЗЫ

 

Мэты: актуалізаваць, сістэматызаваць і паглыбіць веды вучняў аб апавядальных, пытальных і пабуджальных сказах; фарміраваць уменні і навыкі вызначаць від сказа і перадаваць інтанацыю на пісьме з дапамогай знакаў  прыпынку ў канцы сказа;  садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас; абуджаць цікавасць да беларускай мовы; выхоўваць працавітасць; прывіваць павагу да гісторыі роднага краю.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

                                                          Сустрэчы, здзяйсненні,

                                                          Адкрыцці, размовы.

                                                          Любім, вымаўляем

                                                          Нашай мовы словы.

                                                                    Аляксей Якімовіч.

Якія беларускія словы вы ведаеце? Назавіце іх.         

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Прачытайце і ўстаўце прапушчаныя арфаграмы. Растлумачце іх напісанне.

Хлапч..к не змо.. сказаць пра..ду. Ён пача.. вадзіць усіх за нос.

Вы запісалі словы ці сказы?

Якое спалучэнне слоў вас зацікавіла? (Вадзіць за нос.)

Што яно азначае?

4. Чыстапісанне.

                      Му  ну  ку

Мы любім нашу мову.

Як вы разумееце сэнс гэтага выразу?

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к. Сябры! Сёння вы трапіце ў краіну сказаў. Сказ вельмі важная асоба ў мове, таму што наша мова, як адзначалася вышэй, складаецца са сказаў. Сёння з дапамогай Шпачка і Сарокі  мы паўторым вывучанае пра сказ. Паслухайце казку.

6. Актуалізацыя  ведаў па  асноўных пытаннях вывучанага.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Неяк Шпачок сустрэў Сароку і прызнаўся ёй:

- Сарока-белабока,  зайздрошчу табе. Ты так шмат ведаеш!

Сарока задрала галаву.

- Але, нямала!

Шпачок апусціў галоўку.

-- А я думаю і не магу дадумацца!..

-- Магчыма,  тваю бяду адной лапай развяду, -- усміхнулася, пашкадавала Шпачка Сарока.

Шпачок з надзеяй паглядзеў на суседку і востраёю хваёваю іголкаю на мокрым пасля дажджу пяску напісаў:

раніца             сярэбраны

трава              кропля

блішчаць        раса

на

А крыху ніжэй так.

Раніцай на траве блішчалі сярэбраныя кроплі расы.

Сарока ўважліва паглядзела на Шпачка, чакаючы ад яго далейшага тлумачэння. 

- Дзе тут  асобныя словы, а дзе -- сказ? -- у роспачы ўсклікнуў Шпачок, тыцнуўшы хваёвай іголкай у напісанае.

- Ведайце, Шпачок! -- на "вы" звярнулася да Шпачка Сарока. – Кожны сказ выражае закончаную думку. Сказы складаюцца са слоў, звязаных паміж сабою па сэнсе.

- І гэта ўсё? -- раскрыў дзюбку Шпачок.

Як патрабавальная настаўніца, Сарока строга паглядзела на Шпачка.

- Не ўсё. Кожны сказ мае свае межы, якія пры размове ці чытанні вызначаюцца інтанацыяй. У канцы сказа мы звычайна паніжаем голас і спыняемся.

-- Як аддзяляюцца сказы адзін ад аднаго? – усклікнуў Шпачок.

-- Знакамі прыпынку: кропкай, клічнікам або пытальнікам. Ад сэнсу сказа і яго інтанацыі залежыць выбар знака прыпынку.

Шпачок з нецярпеннем пераступіў з лапкі на лапку.

- Усё?

- Запомніце, Шпачок! Першае слова ў сказе з'яўляецца яго пачаткам і пішацца з вялікай літары, -- сказала Сарока.

- Я здагадаўся! - уклікнуў Шпачок. Мой сказ пачынаецца са слова...

- З якога слова пачынаецца сказ Шпачка? Назавіце гэты сказ. Вызначце яго від.

Гутарка па ўзнаўленню пачутага і вывучанага.

Якія асаблівасці сказа як адзінкі мовы вы можаце назваць?

Дзе гаворыцца пра словы, а дзе -- пра сказы? Якія знакі прыпынку вы паставіце ў канцы гэтых сказаў? З дапамогай якіх слоў утвараюцца пытальныя сказы?

Праца з тэкстам.

У гэтым тэксце гаворыцца пра сказы. Ці згодны вы з такім сцвярджэннем? 

Яны ў сваёй краіне самі сабе гаспадары, жывуць паасобку і шукаюць сяброў, пытаючыся адзін аднаго: ты хто ці ты што? ты які? ці ты якая? ты што робіш ці ты што рабіў? (Пра часціны мовы.)

Яны жывуць разам і звязваюцца адно з адным па сэнсе. Мы сустракаемся з імі кожны раз, калі нам трэба нешта расказаць, папрасіць, параіць адзін аднаму, запытаць ці выказаць здзіўленне. (Пра сказы.)        

Праца з вершаваным тэкстам.

Прачытайце верш з патрэбнай інтанацыяй. Колькі ў ім сказаў? Вызначце іх від.

                                                   Хто ні пройдзе па трапіне,

                                                  На пясочку след пакіне.

                                                  А чые ж гэта сляды?

                                                  Хто ішоў тут і куды?

                                                  Ды якія кіпцюрышчы!

                                                  Гэта, пэўна, след ваўчышчы.

                                                                                Якуб Колас [5, с. 11, “Раніца ў нядзельку”. “Грыбы”].

Падбярыце літаратурны адпаведнік да аўтарскага слова “трапіна”. (Сцяжынка.)

Праца з практыкаваннем.

Прачытайце. Які сказ выражае пытанне, які -- паведамленне, а які -- моцнае пачуццё? Якія знакі прыпынку трэба паставіць у канцы кожнага сказа?

                                                          Ён зірнуў,

                                                          Карпануў

                                                          І назад адскочыў(.)

                                                          Там залёг

                                                          У бярлог…

                                                          Што ж то за клубочак(?)

                                                          Не сцярпеў,

                                                          Паглядзеў,

                                                          Што ж гэта быць можа(?)

                                                          І пазнаў,

                                                         Загукаў:

                                                         -- Тата, а вось вожык(!) –

                                                         Вожык звіўся ў клубок

                                                         І маўчок –

                                                         І не чхне, хітруга(.)

                                                         Дай  жа глянуць, дружок,

                                                         Галубок,

                                                         Што ты за звяруга(!)

                                                         Пакажыся ты нам

                                                         Сам-насам,

                                                         Без сваіх іглятак(.)

                                                                       Якуб Колас            [5, с. 16, “Раніца ў нядзельку”. “Грыбы”].

Вызначце сэнс слова “карпануць”. (Нагою калупнуць, адкінуць мох.)

Падбярыце літаратурны адпаведнік да аўтарскага слова “іглятак”. (Іголак.)

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце верш і назавіце патрэбныя словы.

                                                 Прывёз Заяц дровы.

                                                 Здзівіліся … (Совы.)

                                                 Печку ён хоча паліць?

                                                Дык цяпер лета … (стаіць!)

                                                                    Аляксей Якімовіч.

Колькі сказаў у вершы? Які з іх вымаўляецца з асаблівым пачуццём? Чаму? Вызначце яго від.

Хвілінка адкрыцця.

Прачытайце. Вызначце межы сказаў. Адзначце іх пачатак (вялікая літара) і канец (знак прыпынку).

Гулялі на полі два маразы, два родныя браты: мароз Сіні-нос і мароз Чырвоны-нос(.)

гуляюць-пагульваюць маразы, адзін аднаго пахвальваючы(.) а ноч ясная-ясная(.) прасторна маразам на волі(.) а ціха, так ціха, нібы жывой душы не засталося на свеце(.) перабеглі маразы з поля на лес(.) бегаюць, палускваюць, з дрэва на дрэва пераскокваюць, зайчыкаў палохаюць(.) (Якуб Колас) [5, с. 141, “Раніца ў нядзельку”. “Два маразы”].

Як вы думаеце, што пачынаюць гэтыя сказы -- апавяданне ці казку?

Што далей магло здарыцца з маразамі? Раскажыце, выкарыстаўшы розныя віды сказаў.

У слове “мароз” напісанне літары з не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, звярніцеся да слова ласкава, утварыце яго памяншальна-ласкальную форму. (Марозік.)

Фізкультхвілінка.

Пакажыце, як гуляюць два маразы, як потым яны нападаюць на вас, хочуць замарозіць. Вы бароніцеся ад іх, выконваеце фізкультурныя практыкаванні, і яны адступаюць.

Складанне сказаў.

З наступных слоў складзіце сказы. Дакажыце, што яны з'яўляюцца апавядальнымі.

1.Рыжанькая, пад, прытаілася, лісічка, бярозкай.

2. У, птушкі, весела, зялёным, спявалі, садзе.

3. Шэры, сеў, на, шустры, галінку, верабейчык, рабіны.

4. Рэха, звонкае, бяжыць, дарогі, да, дрэва, дрэва, ад.

5. Кроплі, па, скачуць, шкле, пырскаюць, дажджу.

6. Вясной, кожны, садзе, чарэшня, першай, зацвітае, у, год.

7. Пчолы, лятаюць, над, працавітыя, кветкамі, духмянымі.

8. У, пчалы, аса, джала, і, ёсць.

У слове “год” напісанне зычнай не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, звярніцеся да слова ласкава, утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Гадочак.) Якое правіла вы прымянілі?

Праца са слоўнікавым словам.

Як вы разумееце сэнс слова "джала"? (Орган абароны і нападу ў пчол, вос, шэршняў і іншых насякомых.) [1, с. 102,  “Тлумачальны слоўнік”].

Падбярыце роднасныя, аднакаранёвыя словы да слова "джала".

Складзіце і запішыце апавядальны, пытальны і пабуджальны сказ са словам "джала".

Пры напісанні слова "джала" ў якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна?

Перакладзіце на рускую мову слова "джала". Параўнайце гучанне і напісанне.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Джаліць -- слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і выдзеліце спалучэнне літар дж.

Перакладчыкі.

Перакладзіце тэкст на беларускую мову і запішыце. Інтанацыю на пісьме перадайце з дапамогай знакаў прыпынку ў канцы сказаў.

Пошли мы с товарищем полоть в поле. Идём себе потихоньку и слышим – перепел нам из травы: «Подь полоть! Подь полоть!»

Подходим к полю – пигалицы круглокрылые встречают нас. Вспархивают над нашими головами и нас спрашивают: «Чьи вы? Чьи вы?» (Виталий Бианки «Голоса в поле».) [2, с. 100, Виталий Бианки. “Лесная газета”].

Слоўнік: перепел – перапёлка; подь – ідзі; пигалица – кнігаўка, вспархивать – успырхваць, узлятаць.

Выразна прачытайце сказ, у канцы якога стаяць клічнікі. Растлумачце іх пастаноўку.

Чаму ў канцы апошняга сказа стаяць пытальнікі?

Гульня "Прадоўжы ланцужок".

Першы вучань называе слова на тэму "Праца на школьным агародзе". Другі паўтарае яго і дабаўляе сваё, трэці паўтарае два першых і дабаўляе сваё і гэтак далей, пакуль не атрымаецца сказ.

Узор: 1. Мы... 2. Мы любім... 3. Мы любім працаваць... 4. Мы любім працаваць на... 5. Мы любім працаваць на школьным... 6. Мы любім працаваць на школьным агародзе.

Які знак прыпынку вы паставіце ў канцы гэтага сказа? Чаму?

Творчая праца.

Дапоўніце сказы патрэбнымі словамі. Што выражае кожны сказ?

... чалавек, парамантуй нашу шпакоўню. Разам з сябрамі ... лаўку. Ідзіце хутчэй ... . Уважліва прачытайце новае ... .

Словы для даведкі: у хату, зрабі, правіла,  добры.

Самастойная праца.

Прачытайце. Пра што расказваецца ў гэтым  тэксце? Якую назву вы далі б тэксту?

Красавік – месяц цёплы і вільготны, месяц першых дажджоў і паводак.

Вясна ўвайшла ў свае правы, адчула сваю моц.

Сонца грэе ўсё цяплей. Зямля вызвалілася з-пад снегу. На вербах з’явіліся на змену “коцікам” маленькія кволыя лісточкі.

Вяртаюцца з цёплых краёў на радзіму жоравы, буслы, гусі, качкі                                (Віталь Вольскі, “Красавік”) [3, с. 23, “Месяц за месяцам”].

Адкажыце на пытанні. Адказы запішыце. Растлумачце, якія знакі прыпынку вы паставіце ў канцы сказаў. Чаму? З якой літары (з вялікай ці малой) пачнеце пісаць сказы?

1. Якое надвор’е стаіць у красавіку?

2. Як грэе сонца ў гэты час?

3. Што з’явілася на вербах на змену “коцікам”?

4. Якія птушкі вяртаюцца на радзіму ў красавіку?

Для даведкі: красавік – месяц цёплы; адчула моц; усё цяплей; з-пад снегу; кволыя лісточкі; жоравы.

Вызначце значэнне слова “кволы”. (Слабы, хілы, далікатны.) [1, с. 167,  “Тлумачальны слоўнік”].   

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а потым і вы пакажаце, як косіць каса, прамовіце: “Жых-жах, жых-жах!”

                                                   На балоце траўка,

                                                   На траўцы раса.

                                                   Сёння косіць траўку

                                                   Вострая каса.

                                                           Аляксей Якімовіч.

Цяпер пакажам, як каса косіць траўку, прамовім разам: “Жых-жах, жых-жах!”

Якія сказы ўжываюцца ў вершы?

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   Тут Сымонка сваю душу

                                   Мо(г, х) прад дзедам разгарну(т, ц)ь.

                                   Запыта(т, ц)ь пра тое-сёе

                                   Дзе(д, т)ку добрага свайго,

                                   Бо Сымон не меў спакою --

                                   Ўсё цікавіла яго  [4, с. 272 -- 273, “Сымон-музыка”].

Колькі сказаў у вершы? Што яны выражаюць?

Растлумачце значэнне выразу "душу разгарнуць" (падзяліцца з кімсьці сваімі думкамі, перажываннямі). Што новага даў ён вам?

Ці можна зразумець з верша, як Сымонка адносіцца да дзеда?

Як трэба адносіцца да старэйшых?

Раскрыйце значэнне слова "тое-сёе" (нешта, штосьці). Падбярыце да яго сінонім.

Тэст.

Падкрэсліце слова і апавядальны сказ.

1. Цёмныя хмаркі каля нашай вёскі з’явіліся апаўдні.

2. Хмаркі.

3. З'явіліся каля вёскі.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Якія сказы называюцца апавядальнымі?

Якія сказы называюцца пытальнымі? З дапамогай якіх слоў яны ўтвараюцца?

Што выказваецца ў пабуджальных сказах? Складзіце сказы, якія выражаюць просьбу і загад.

Якія знакі прыпынку ставяцца ў канцы сказаў?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Бианки, В. В. Лесная газета. / Виталий Бианки. – Минск : Юнацтва, 1997. – 589 с. : ил.

3. Вольскі, В. Месяц за месяцам :  / Віталь Вольскі. – Мінск : Нар. асвета, 1979. -- 159 с.

4.  Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

5.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 19 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.