Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. ПАЎТАРЭННЕ. ВЫМАЎЛЕННЕ І ПРАВАПІС Ў

 

Творчы ўрок у 3 класе.  ПАЎТАРЭННЕ.  ВЫМАЎЛЕННЕ  І ПРАВАПІС  Ў

 

Мэты: актуалізаваць, сістэматызаваць і паглыбіць веды вучняў аб правапісе  ў; выпрацоўваць уменні і навыкі правільна пісаць   ў; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; выхоўваць у іх любоў і павагу  да беларускай мовы;  паказаць значэнне народных прымет у жыцці чалавека.

                   

Ход урока

1. Арганізацыйны этап.

Н а с т а ў н і к. Добры дзень, дарагія трэцякласнікі. Сёння мы з вамі зноў прыйшлі на ўрок беларускай мовы.

А цяпер прамовім разам:

-- Я буду слухаць уважліва.

-- Я буду пісаць акуратна.

-- Я буду працаваць старанна.

-- Мне трэба добра вывучыць беларускую мову.

-- Беларуская мова – наша родная мова.

Н а с т а ў н і к. Мы гатовы да супрацоўніцтва.             

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Прачытайце і адгадайце загадку. Устаўце прапушчаныя літары.

                                                            Без ног,

                                                            Без кр..лаў,

                                                            А да неба ўзніма..цца. (Дым.) [2, с. 355, “Беларускія прыказкі…”].

                                                                                    З народнага.

Назавіце словы з ў.

4. Чыстапісанне.

Назавіце тыя літары, пасля якіх пішацца ў.

            П, а, я, л, о, ё, ы, і, э, е, ф, у.

 

Запішыце гэтыя спалучэнні.

       аў   яў   оў   ёў   ыў   іў   эў   еў   уў

Прыдумайце і запішыце шэсць слоў з літарай ў.

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к. "У нескладовае", так здарылася, згубіла свой значок. Плача, бядуе, бо знайсці не можа. Спадзяюся, вы дапаможаце ёй пасля таго, як паслухаеце казку.

6. Актуалізацыя ведаў па асноўных пытаннях вывучанага.

Стварэнне займальнай формы ўвядзення задання. Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Вырашыў Шпачок скласці верш. Пра што можна верш скласці? Вядома, пра тое, што ты сам бачыў.

А Шпачок якраз нядаўна на рэчцы быў. Толькі-толькі вярнуўся адтуль. Вось і вырашыў напісаць верш "На рэчцы".

- Я на рэчцы сёння быу, - такі першы радок запісаў на чыстым аркушы паперы.

Пра што далей пісаць? Успомніў Шпачок, якую вялізную вусатую рыбу – Сама -- бачыў у рэчцы. Той падплыў да берага і з вады пазіраў на Шпачка. Гэты ж Сом і раней да берага прыплываў, з цікавасцю глядзеў з-пад вады.

- Сом вусаты зноу прыплыу, - такі вось другі радок атрымаўся.

Што ж далей было? Ага, яму, Шпачку, захацелася пагаварыць з Сомам. Цікава было даведацца, што пад вадою робіцца. І Шпачок спытаўся. Думаеце, адказаў Сом? Не, маўчаў як вады ў рот набраў.

- Размауляць Сом  не умеу,

Там я доуга не сядзеу, - дапісаў два апошнія радкі Шпачок і вырашыў прачытаць, праверыць, што  атрымалася:

                                                         Я на рэчцы сёння быу,

                                                        Сом вусаты зноу прыплыу.

                                                        Размауляць Сом не умеу,

                                                       Там я доуга не сядзеу.

Здзівіўся Шпачок: чамусьці не гучыць запісаны верш так, як задумана. І словы, здаецца, правільныя, але ўсё роўна штосьці не так.

Вырашэнне займальнай сітуацыі.

Чаму не гучыць верш Шпачка? (Шпачок забыўся, што ў беларускай мове ёсць нескладовы зычны гук [ў], які абазначаецца  літарай ў.)

Чаму гук  [ў] называецца нескладовым? (Ніколі не ўтварае склада.)

Які значок згубіла літара ў?

Да чаго ён падобны? (Да падкоўкі.)

Успомніце: калі пішацца  літара ў. Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага дапаможніка.

Дапамажыце Шпачку, напішыце верш правільна.

Самастойная праца ў спалучэнні са слоўнікавай працай.

Прачытайце сказы, якія напісала дзяўчынка Насця. Як і Шпачок, яна таксама не ведала правіла, пераблытаўшы ў і у. Дапамажыце і ёй, выпраўце памылкі.

Летам Міхась паехау ў вёскў да бабўлі Ўльяны. Разам з бабуляй ён там часта хадзіу на пошту.

У якім значэнні ўжываецца ў другім сказе слова "пошту"? Выберыце патрэбнае тлумачэнне.

Пошта -- 1) установа для перасылкі пісем, пасылак, грошай, газет і інш. 2) Перасылка, дастаўка чаго-небудзь з дапамогай гэтай установы. 3) Тое, што дастаўлена гэтай установай (пісьмы, пасылкі і інш.) [1, с. 257, “Тлумачальны слоўнік”].

Пры напісанні слова "пошта" ў якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Слова "пошта" перакладзіце на рускую мову. Параўнайце гучанне і напісанне.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Пошта -- слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і падкрэсліце літару ш.

Узнаўленне пачутага, прачытанага і раней вывучанага.

Выберыце і ўстаўце патрэбнае.

Літара ў пішацца пасля (галосных, зычных)  літар, не бывае (у сярэдзіне сказа, на пачатку сказа), (перад знакамі прыпынку, пасля знакаў прыпынку), (вялікай літарай, малой літарай).

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Цікава ведаць! У вершаваных тэкстах, каб надаць вершу рытм, пасля галосных можа пісацца у (складовае), а пасля зычных -- ў (нескладовае).

Дзеля рытму паэты ў вершаваных тэкстах іншы раз скарачаюць і вялікую літару Ў.

Праца з вершам.

Прачытайце вершы, правільна вымаўляючы зычны гук [ў]. Знайдзіце ў тэкстах радкі, дзе ў, у ўжываюцца для рытму.

                                       Ўжо Костусь двойчы неўзаметкі

                                       Саскокваў з печы на разведкі,

                                       У вокны доўга прыглядаўся,

                                       Ў малюнкі так ён углыбляўся,

                                       Што ў іншы свет перабіраўся.

                                       На шыбе ўсё: снапкі ржаныя,

                                       Чароты хвацкія, буйныя,

                                       І розных красак, траў нямала  [3, с. 153, “Новая зямля”].

                                                                Якуб Колас.

Падбярыце літаратурныя адпаведнікі да аўтарскіх слоў “неўзаметкі” (непрыкметна), “на разведкі” (на разведку”), “чароты” (чараты).

Мой родны кут, як ты мне мілы!..

                                      Забыць цябе не маю сілы!

                                      Не раз, утомлены дарогай,

                                      Жыццём вясны мае убогай,

                                      К табе я ў думках залятаю

                                      І там душою спачываю [3, с. 3, “Новая зямля”].

                                                             Якуб Колас.

Раскрыйце сэнс слова “ўбогі”. (Няшчасны, незайздросны, бедны.)

Праца з дэфармаванымі словамі.

Устаўце прапушчаную літару.  Назавіце слова, якое не дзеліцца на склады. Чаму?

Жо..ты, ша..ковы, здаро..е, да..но, во..к, наста..нік, касмана..т, ласта..ка.

Адказы на пытанні.

Запішыце пытанні і адказы на іх.

Куды пайшоў Пятрусь? (Пятрусь пайшоў у школу.)

Куды адправіўся Мікола? (Мікола адправіўся да дзядулі.)

Калі Алесь збіраў грыбы? (Алесь у чацвер  збіраў грыбы.)

Якая літара, акрамя а, паўтараецца ў словах "пайшоў", "адправіўся", "збіраў"? Растлумачце яе правапіс.

Пераказ.

Прачытайце тэкст.

Сабраліся неяк на лясной палянцы літары.

            -- Я тут самая галоўная, -- заявіла літара “а”.

-- Чаму ты тут самая галоўная? – надзьмулася літара “б”. Не спадабалася ёй гэткая заява сяброўкі.

Літара “а” крыху падумала і адказала:

-- Бо я ўмею скакаць. Вельмі высока магу падскочыць, калі захачу. Паказаць?

-- Пакажы! – гучна ўсклікнула літара “о”.

Літара “а” разагналася і падскочыла высока-высока.

Раскрычаліся літары. Кожная хоча даказаць, што яна нешта ўмее. Толькі літара “ў” прамаўчала, ні слоўца не сказала. Яна не любіла выхваляцца.

-- Маўчыш, сяброўка? Няма чым табе пахваліцца? – падступілася да літары “ў” літара “а”.

-- Я магу з слова “сланы” ўтварыць слова “слаўны”, -- паведаміла літара “ў”.

Падбярыце загаловак да тэксту і перакажыце яго, выкарыстаўшы план.

План

1. На лясной палянцы.

2. Спрэчка літар.

3. Сціпласць літары ў.

Апорныя словы: самая галоўная, скакаць, падскочыць, высока-высока, ні слоўца не сказала, падступілася, з слова.

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Выпраўце памылку і запішыце сказ правільна. Растлумачце напісанне ў.

Кот убачыў мыш і прамовіў: "Кыш!" (Мяў!)

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце верш і назавіце патрэбнае слова.

                                                              У садочку вішаньку

                                                              Янка пасадзіў.

                                                              Каб не засыхала,

                                                              Вадзічкаю … (паліў).

                                                                                Аляксей Якімовіч.

Надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, кастрычнік 2020 года, № 10.

Растлумачце правапіс у, ў.

Праца са словам.

Здагадайцеся, якая літара "ўцякла" з наступных слоў:

Жа..рук, а..сянка, мышало.. балотны, дрозд пе..чы, кніга..ка, мухало..ка, ж..уравель.

Што аб'ядноўвае дадзеныя словы? (Гэта назоўнікі, назвы птушак, ва ўсіх словах ёсць ў.)

Прачытайце народныя прыметы. Пра якіх птушак гаворыцца ў іх? Як вы разумееце змест гэтых прымет?

Ж..ра..лі ляцяць высока – зіма яшчэ далёка.

Ж..ра..лі ляцяць нізка – зіма ..жо блізка [2, с. 218, “Беларускія прыказкі”].

Спішыце прыметы. Устаўце замест кропак літару у або ў.

Вясёлая хвілінка.

Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а крык жураўлёў – курлы-курлы! – потым перадасце і вы.

                                                          Над намі ў небе

                                                          Жураўлі ляцяць.

                                                          “Курлы-курлы!” --

                                                          Вітаючы, крычаць.

                                                                 Аляксей Якімовіч.

Цяпер пакажам, як крычаць жураўлі, прамовім разам: “Курлы-курлы!”

Растлумачце правапіс ў.

Фізкультхвілінка.

Пакажыце, як жураўлі лятаюць над лугам, як вітаюць нас, як потым паступова аддаляюцца.

Хвілінка кемлівасці.

Складзіце сказ, у якім ёсць словы з выбарам напісання раздзяляльных знакаў і у, ў.

Для даведкі. Словы з выбарам напісання раздзяляльных знакаў: верб(', ь)і,  сала(у, ў)і. (Каля крынічкі сабраліся і верб(', ь)і, і сала(у, ў)і.)

Перакладчыкі.

Перакладзіце словы на беларускую мову і запішыце іх.

Травка, рвал, скамейка, полный, молчать, толстый, автомат, сказал, посмотрел, козявка.

Які гук вымаўляецца ў беларускіх словах замест [в] і [л] у рускіх словах?

Слоўнік: козявка -- казяўка (казюлька, казюля).

Праца з дэфармаваным тэкстам.

Якія літары трэба ўставіць замест кропак у словах? Выпішыце гэтыя словы. Калі магчыма, падзяліце іх для пераносу. Знайдзіце слова, якое складаецца з аднаго [ў].

Узор. Ад - гук - нуў - ся.

 

                                                                Два Дзятлы

Па суседстве жылі Дзяцел Стракаты і Дзяцел Беласпінны. Абодва яны мелі свае ялінкі. На гэтых ялінках раслі прыгожыя шышкі.

Восенню Дзяцел Стракаты і Дзяцел Беласпінны неслі спелыя шышкі ў свае “кузні” і выбіралі з іх смачнае насенне.

Дзяцел Беласпінны кожны год некалькі шышак пакіда.. на ялінцы. А Дзяцел Стракаты з кожнай шышкі насенне выбіра.. .

Не..забаве каля ялінкі Дзятла Беласпіннага з’яві..ся цэлы лясок з маладзенькіх ялінак.

“Мой сусед незвычайны чара..нік, няйначай”, -- часта дума.. Дзяцел Стракаты, седзячы на сваёй адзінокай ялінцы.

Ён так і не зразуме.., чаму каля ялінкі суседа з’яві..ся малады лясок. (Аляксей Якімовіч   [5, с. 84, “Слёзкі Сонца”]).

Вызначце, што перадае загаловак тэксту: тэму ці асноўную думку?

Чаму каля ялінкі Дзятла Беласпіннага з’явіўся цэлы лясок?

Узбагачаем мову народным словам.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                           Ходзіць дзе(д, т) белабароды

                                                           полем, лесам, пералескам,

                                                           засцілае р(э, е)чкі лёдам,

                                                           брыльянцістым снежным блескам.

 

                                                           Сыпле ін(е, я)й на б(я, е)розы,

                                                           туліць др(э, е)вы лё(х, г)кім пухам,

                                                           крые руні, травы, лозы

                                                           белай во(у, ў)наю – кажухам [4, с. 66, “Раніца ў нядзельку].

                                                                        Якуб Колас. 

Раскрыйце сэнс слоў "рунь", "воўна". (Рунь --  усходы раслін, якія засяваюцца восенню і зімуюць пад снегам. Воўна -- авечая шэрсць).

У слове "дзед" напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, як патрэбна яе пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Дзядуля.)

Якое правіла вы прымянілі?

Тэст.

1. Пасля якіх літар вы напішаце ў? Патрэбнае падкрэсліце.

а) а;

 б) м;

 в) е.

2. Якія словы не дзеляцца на склады? Патрэбнае падкрэсліце.

а) устаю;

 б) стаў;

 в) траўка.

3. Якія словы напісаны правільна? Патрэбнае падкрэсліце.

а) вуліца Ўсходняя;

 б) пакаціўся ўніз;

 в) пайшоў уперад.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Які гук [ў]: зычны ці галосны?

Пасля якіх гукаў вымаўляецца [ў]?

Калі пішацца літара ў?

Чаму ў выдзеленых словах не пішацца ў: паехалі на Урал, прыйшлі да Уладзіка?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3.  Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

4.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

5. Якімовіч, Аляксей. Слёзкі Сонца : апавяданні, казкі, смяшынкі / А. М. Якімовіч. – Мінск : “Нар. асвета”, 2014. – 94 с.

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 20 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.