Поиск по этому блогу

Быў выпадак "Праз чыгунку"

 

Быў выпадак

 

Праз чыгунку

 

У жыцці людзей задараюцца небяспечныя і неверагодныя выпадкі.

Так, са сродкаў масавай інфармацыі даведаўся аб тым, што ў Францыі ваенны самалёт пацярпеў катастрофу. Лётчык катапульціраваўся на вышыні ста метраў. Парашут не раскрыўся, але пілот усё-ткі выратаваўся: разам з катапульціруемым крэслам ён упаў на парнік з памідорамі, прабіў яго і прызямліўся ў памідорах.

Нешта падобнае было і ў мяне. У той час я працаваў настаўнікам у Касцянёўскай школе, якая знаходзілася на тэрыторыі Слонімскага раёна, Гродзенскай вобласці.

Закончыліся ўрокі. Да школы пад’ехала легкавушка, у якой сядзелі зяць (ён быў за рулём) і дачка нашай супрацоўніцы – завуча школы. У легкавушку (нам трэба было дабрацца да горада Слоніма) яна запрасіла і мяне разам з настаўніцай матэматыкі.

Уперадзе сядзелі зяць завуча (злева, за рулём), дачка (справа), а на заднім сядлзенні – я, завуч і настаўніца матэматыкі.

Нам трэба было пераехаць праз чыгунку, якая ішла з горада Гродна. Яна знаходзілася непадалёку ад школы.

Выехалі і сталі ажыўлена размаўляць, забыўшыся пра ўсё на свеце. Раптам каля самай чыгункі, каля пераезду, дачка завуча крыкнула, звярнуўшыся да мужа: “Стой!” Той зрэагаваў імгненна, затармазіў каля пераезда. У гэты час перад намі пранёсся пасажырскі цягнік. Ён ехаў з Гродна, якраз з таго боку, дзе сядзела дачка завуча. У апошні момант яна заўважыла яго і папярэдзіла мужа.

“Бог хоча, каб хтосьці з нас жыў”, -- прамовіла настаўніца матэматыкі.

Да самага Слоніма мы ехалі моўчкі. Жах апанаваў намі. Як гаворыцца, добра тое, што добра заканчваецца.

                                                                            Аляксей Якімовіч