Поиск по этому блогу

Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Сказы з аднароднымі членамі. Спосабы выражэння аднародных членаў сказа


Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Сказы з аднароднымі членамі. Спосабы выражэння аднародных членаў сказа

Што трэба ведаць пра аднародныя члены сказа?

Перакладчыкі.
Перакладзіце на беларускую мову.
Однородными являются такие члены предложения, которые выполняют одинаковую синтаксическую функцию и связаны между собой сочинительной связью. При сочинительной связи, выражающейся с помощью союзов и интонации или только перечислительной интонации, слова соединяются как равноправные, не зависящие друг от друга.
Слоўнік: сочинительный -- злучальны.
                          
Як распазнаць аднародныя члены сказа?

Каб распазнаць аднародныя члены сказа, трэба ад аднаго і таго ж слова паставіць да іх пытанне.
У дзесяць гадзін раніцы мы падышлі да лесу і спыніліся. 
Мы (ш т о  з р а б і л і?) падышлі, мы (ш т о  з р а б і л і?) спыніліся. Аднародныя члены: падышлі, спыніліся.
Праца з вершаваным тэкстам.
Выразна прачытайце тэкст уголас, захоўваючы патрэбную інтанацыю.

Блік і сцяна

          На сцяне з’явіўся блік,
                                                      Праз хвіліну згінуў, знік.
                                                      Блік рухавы, не ўцякай,
                                                      Са мной крыху пагуляй.
                                                                                           Аляксей Якімовіч.
Назавіце сказы, у якіх ёсць аднародныя члены. Як яны звязаны паміж сабой?
Суразмоўніцтва.
Адкажыце на пытанні. Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага дапаможніка.
З якімі відамі сувязі аднародных членаў сказа вы знаёмыя?
Якія злучнікі выкарыстоўваюцца для сувязі аднародных членаў сказа?
У якіх сэнсавых і граматычных адносінах знаходзяцца аднародныя члены сказа?
Якія бываюць віды злучальных злучнікаў а) паводле значэння, б) паводле спосабу ўжывання?
Лінгвістычны каментарый настаўніка.
Ведайце! Аднародныя члены сказа звычайна выражаюцца аднымі і тымі ж часцінамі мовы, аднак магчыма і рознае іх марфалагічнае выражэнне.
Праца са сказамі.
Прачытайце. Назавіце аднародныя члены сказа, вызначце, якімі сродкамі яны звязаны паміж сабой. Устаўляючы прапушчаныя літары, выпішыце паасобку сказы са спалучальнымі, супраціўнымі, размеркавальнымі злучнікамі і без злучнікаў. Вызначце сказ, у якім аднародныя члены маюць рознае марфалагічнае выражэнне. (11.)
1. Без ахвоты, без стара..я не давядзеш да канца пачатую справу. 2. Поле, лес і лу.. для Алеся былі як адкрытая кніга. 3. Дарога то падымалася на ўзгоркі, то апускалася ў ла..чыны, разгортваючы ўсё новыя і новыя малюнкі (Якуб Колас). 4. Міхась не толькі старанна вучыўся, але і дапамагаў бацькам па гаспадарцы. 5. Не то аген..чыкі-іскрынкі, не то праменьчыкі сонца мігцелі ў вышыні. 6. Насця часта прыходзіла да бабулі, ды не дапамагала ёй. 7. Антось любіў кветкі, але не садзіў іх, ленаваўся. 8. Тата прывёз з магазіна хле.., сыр ды пячэнне. 9. Чуласць – вось аснова жыцця не толькі ў нашай сям’і, але і ў нашай вёсцы. 10. Каршун быў стары, вялікі, з загнутай сярпом дзюбай, з доўгімі і вострымі кіпцюрамі (Якуб Колас).
Раскрыйце сэнс слова "чуласць". (Уважлівасць  да каго-небудзь, да чаго-небудзь.)
Падбярыце сінонімы да слова "чуласць". (Душэўнасць, шчырасць, сардэчнасць.)
Падбярыце аднакаранёвыя словы да назоўніка "чуласць". Выдзеліце ў іх корань. (Чулы, расчуліцца.)
Пры напісанні слова "чуласць" у якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?
Падбярыце рускі адпаведнік да слова "чуласць". (Чуткость.) Параўнайце гучанне і напісанне.
Пабудуйце сказ ці словазлучэнне са словам "чуласць". (Праявіць чуласць.)
Праца з табліцай.
Пазнаёмцеся з табліцай.
Знакі прыпынку пры аднародных членах сказа
------------------------------------------------------------------------------------------------------------
Коска паміж аднароднымі членамі сказа
ставіцца, калі яны спалучаны
------------------------------------------------------------------------------------------------------------
злучальнымі злучнікамі
а) супраціўнымі адзіночнымі: [○, але ○]
                                                   [○, ды (= але) ○]
                                                   [о, а ○],
б) паўторнымі спалучальнымі і размеркавальнымі: [і ○, і ○]
                                                                                        [ці ○, ці ○],
в) парнымі                                                                     [як ○, так і ○]
                                                                                       [не толькі ○, але і ○],
г) калі спалучаны інтанацыяй без злучнікаў            [○, ○]
------------------------------------------------------------------------------------------------------------
не ставіцца, калі яны
спалучаны адзіночнымі спалучальнымі і размеркавальнымі злучнікамі: [○ і ○], [○ ці ○]
                                                                                                          [○ ды (= і) ○], [○ або ○]
утвараюць непадзельныя спалучэнні                                            [і грэх і смех]
                                                                                                          [ні кала ні двара]
------------------------------------------------------------------------------------------------------------
Карысна ведаць.
У 1596 годзе беларус Лаўрэнцій Зізаній пастараўся, выдаў  "Граматыку" для народа з дадаткам "Лексіс" (слоўнік), у якім на старажытнай беларускай мове растлумачыў значэнне многіх  царкоўнаславянскіх слоў. У “Лексісе” можна знайсці шмат слоў жывой сучаснай мовы беларусаў.
Ці ёсць аднародныя члены сказа ў тэксце?
Пагартаем "Лексіс" Лаўрэнція Зізанія.
Стебліе -- салома.
Выкарыстаўшы слова "салома", складзіце і запішыце сказ з аднароднымі членамі. (Летам і восенню мы з татам заўжды нарыхтоўвалі на зіму і  сена, і салому.) Зрабіце сінтаксічны разбор гэтага сказа. Якімі часцінамі мовы выражаны аднародныя члены сказа?
Фізкультхвілінка.
На столі, на сцяне вачыма напішыце прыгожае беларускае слова “цукерачка” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.
У гасцях у тлумачальнага слоўніка.
Выкарыстаўшы ўзор, прачытайце і запішыце слоўнікавы артыкул да слова "базіліка". (Будынак (як правіла, касцёл) прамавугольнай формы з двума радамі калон унутры.)
Узор. Дзеяч, -а, м. Асоба, што праявіла сябе ў якой-небудзь галіне дзейнасці. Вядомы дзеяч.
Выкарыстаўшы слова "базіліка", пабудуйце і запішыце сказ з аднароднымі членамі. (Базіліка ўразіла нас сваёй веліччу, прыгажосцю.)
[2, стар. 45, “Слоўнік іншамоўных слоў”]  
[1, стар. 103, “Тлумачальны слоўнік”]
Акцэнталагічная хвілінка.
Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.
Базіліка, вусы, трэсці, фартух, некаторы, зайцы.
Адказ. Базіліка, вусы, трэсці, фартух, некаторы, зайцы.
Лінгвістычны каментарый настаўніка.
Ведайце! Аднародныя члены сказа могуць быць развітыя (маюць пры сабе залежныя словы): Ён спяваў вельмі прыгожа, хоць крыху строга і суха.
Хвілінка кемлівасці.
Прачытайце верш.
Не хавайся, зорачка

          На небе месячык,
                                                         Зорачку шукае.
                                                         Дзе яна падзелася,
                                                         Думае, гадае.

                                                         -- Зорачка, зорачка,
                                                         Хутчэй засвяціся,
                                                         Не хавайся, зорачка,
                                                         Прыйдзі, адгукніся.

                                                         Успомні, ясна зорачка,
                                                         Як з табой гулялі.
                                                         Хмаркі кучаравыя
                                                         Шчасцейка жадалі.

                                                         Няма цяпер шчасцейка,
                                                         Сумна, адзінока.
                                                         Я плыву, узнімаюся
                                                         На гару высока.

                                                         З вочак маіх срэбных
                                                        Падаюць слязінкі.
                                                        Іх ловяць, трымаюць
                                                        Ручкамі травінкі.

                                                        Цябе не знайшоўшы,
                                                        Палячу туды!
                                                        Дзе прапала, зорачка?
                                                        Пазбаў ад нуды.

                                                         Зорачка, зорачка,
                                                         Хутчэй засвяціся.
                                                         Не хавайся, зорачка,
                                                         Перада мной з’явіся.
                                                                               2020 год.
Верш “Не хавайся, зорачка” надрукаваны ў дадатку да “Газеты Слонімскай” «Отдушина» ад 20 мая 2020 года, № 21 (820).                                                                          Аляксей Якімовіч.
Як спалучаюцца аднародныя члены ў сказах верша? Пакажыце гэта графічна. Ці з'яўляюцца гэтыя аднародныя члены развітымі?
Назавіце словы, у якіх назіраецца характэрная асаблівасць беларускай фанетыкі -- ужываецца зацвярдзелы зычны ... ([р]).
Лінгвістычны каментарый настаўніка.
Ведайце! Ёсць сказы, якія маюць некалькі радоў аднародных членаў сказа: Песня і казка ходзяць у пары, сеюць на свеце дзівы і чары (Янка Купала).
Проба сіл.
Запішыце сказы, расстаўляючы, дзе трэба, знакі прыпынку. Падкрэсліце аднародныя члены сказа, у дужках укажыце, якія сэнсавыя адносіны яны выражаюць. Вызначце сказы з некалькімі радамі аднародных членаў. Чым яны выражаны?
Узор. Міхась зайшоў (выказнік) у клас і сеў (выказнік) (паслядоўнасць) за свой стол.
1. Петрык паклаў у стажок апошняе сасновае палена(,) сеў на калодку і, не стрымаўшыся, сам сабе ўсміхнуўся (Аляксей Якімовіч). 2. Каля самага лесу ўзвышаецца каменны гмах, абкружаны паркам, у якім растуць і высачэзныя ліпы(,) і стройныя таполі(,) і клёны (Аляксей Якімовіч). 3. На агародзе маці з бацькам садзяць бурачкі(,) капусту(,) на градках сеюць агуркі(,) моркву(,) цыбулю (Аляксей Якімовіч). 4. Сёлета не ўрадзілі ні грушы(,) ні яблыні. 5. Кроплі дажджу, вялікія(,) цёплыя, дружна барабанілі па страсе(,) па падаконніку(,) па шыбе.  5. Не толькі ноччу(,) але і днём вясковыя хлапчукі і дзяўчынкі баяліся заходзіць у гэты стары(,) здзічэлы парк. 6. Сонца ўжо звярнула з поўдня(,) але свяціла горача (Якуб Колас). 11. І думкі(,) і мары мае там, дзе родная вёсачка(,) рэчка.
Назавіце прыметнік, да якога можны прымяніць наступнае выказванне:
          Вёсны -- вясна!..
                                                                Пасля мяккай зычнай напішам я:
                                                                У першым складзе перад націскам яна.
                                                                                                                                (Вялікія.)
                  [3, стар. 83, “Здраднік”]
Аналіз тэксту.
Азнаёмцеся з наступным тэкстам. Што ён сабой уяўляе? Як вы будзеце ім карыстацца?
Коскай раздзяляюцца ўсе аднародныя члены сказа, калі папярэднія з іх звязаны паміж сабой без злучнікаў, а наступныя -- пры дапамозе паўторнага злучніка і.
Напрыклад:
Жыццё чулася ў траве, у гаёчку, і лясочку, на палях, і на лугах, і ў зялёненькім лужочку, і ў крынічных берагах (Якуб Колас).
○, ○, і ○, ○, і ○, і ○, і ○
Здаўна нашы продкі ігралі  на дудцы, на скрыпцы, і на цымбалах, і на звычайным свсітку.
○, ○, і ○, і ○
(З Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі.)
Параўнальны аналіз схемаў.
Параўнайце схемы.
1. ○, і ○, і ○
... і ○, і ○, і ○
Чаму ў 2-й схеме перад першым злучнікам і коска не ставіцца?
Параўнальны аналіз сказаў.
Прачытайце з патрэбнай інтанацыяй два блізкія па сэнсе сказы. Які з іх, на вашу думку, больш выразны? Пры дапамозе чаго гэтая выразнасць дасягаецца?
У садзе гудзелі працавітыя пчолы, бухматыя чмялі, бзыялі мухі і авадні.
У садзе гудзелі працавітыя пчолы і чмялі, бзыялі мухі і  авадні.
Лінгвістычны каментарый настаўніка.
Ведайце! Адзін з сінтаксічных сродкаў выразнасці маўлення -- парнае спалучэнне аднародных членаў сказа. У ролі аднародных членаў, аб'яднаных папарна, нярэдка ўжываюцца антонімы: Зімой і летам, восенню і вясною вясковы чалавек заўсёды знаходзіць сабе  працу.
Самастойная праца.
Прачытайце тэкст. Якім спосабам аб'яднаны аднародныя члены ў сказе? Растлумачце пастаноўку знака прыпынку пры іх.
         Сосны і вязы, дубы і асіны
                                                       Вокала возера вартай пасталі.
                                                                             Янка Купала.
Падбярыце літаратурны адпаведнік да аўтарскага слова “вокала”. (Вакол.)  
Перакладчыкі.
Запішыце афарызмы па-беларуску. Пастаўце прапушчаныя знакі прыпынку. Зрабіце сінтаксічны разбор аднаго-двух сказаў.
Честный человек не должен принимать ни денег(,) ни похвал, на которые он не имеет права (Бенджамін Франклін).
Управляй своей работой(,) не давай ей управлять тобою (Бенджамін Франклін).
Или не берись(,) или доводи до конца (Авідзій).
Живи честно(,) никому не вреди(,) воздавай каждому своё (Сенека).
Словы для даведкі: похвала -- пахвала, вредить -- шкодзіць, воздавать -- аддаваць.
Ці згодны вы з рымскім філосафам і паэтам Сенекам? Як трэба жыць?
Лінгвістычны каментарый настаўніка.
Ведайце! Не з'яўляюцца аднароднымі членамі сказа 1) словы, якія паўтараюцца з мэтай узмацнення: Іду, іду і канца дарогі не бачу; 2) устойлівыя фразеалагічныя спалучэнні тыпу ні рыба ні мяса; спалучэнні дзеясловаў, якія выступаюць у ролі аднаго выказніка: пайду пагляджу, вазьму ды і скажу і інш.
Выкананне практыкавання.
Спішыце, раскрываючы дужкі. Устаўце, дзе трэба, знакі прыпынку. Дайце вусна поўную характарыстыку аднародным членам сказа (сінтаксічная функцыя, як звязаны паміж сабою, значэнне злучнікаў (сэнсавыя адносіны), спосабы аб'яднання, марфалагічнае выражэнне). Вызначце сказы са словамі, якія не з'яўляюцца аднароднымі членамі.
1. Дзень быў яркі(,) сонечны і цёплы (Якуб Колас). 2. Буду пець я свае песні ці то ў будні(,) ці то ў святы! (Янка Купала). 3. Неба несціхана слязілася ні то драбнюсенькім дожджыкам(,) ні то буйной вільгаццю (Цішка Гартны). 4. Тыя гады прымусілі нас змалку дзён прывучыцца да плуга і касы(,) да пілы і сякеры(,) да гэбля і долата(,) да молата і кавадла (Кузьма Чорны). 5. Толькі бацька(,) ды маці(,) ды старэйшы брат ведалі, які характар у Петруся. 6. Ні за што ні пра што пакрыўдзілі хлопца.  7. Буслы збіраліся ў чароды і доўга стаялі (на) грудах або ляніва аглядалі лагчыны (Якуб Колас). 8. Ні з таго ні з сяго раскрычаліся ў гэты ранні час каля студні суседкі. 9. Міхась узяў ды і паслаў пісьмо ў газету.
Падбярыце сінонім да слова "студня". (Калодзеж.)
Тэст.
Назавіце нумары сказаў, у якіх трэба ставіць коскі паміж аднароднымі членамі.
1. Я стаяў каля дошкі глядзеў на аднакласнікаў і прыслухоўваўся да іх шэптаў.
2. Школьнікамі мы працавалі і ў полі і на лузе.
3. Шпакі селі на яблыню і гучна засвісталі.
4. Бабуля першая залезла у аўтобус села на мяккае сядзенне і паказала ўнуку на вольнае месца.
5. Увабраліся ў зялёнае адзенне яблынькі і грушкі вішанькі і чарэшні парэчкі і агрэст.
Адказы. Нумары сказаў, у якіх трэба ставіць коскі: 1, 2, 4, 5.
5. Мытны кантроль.
Н а с т а ў н і к. Прапаную вам закончыць прыказку "пераліваць з пустога..." (у парожняе.)
Спадзяюся, што і зараз вы правільна адкажаце на пытанні да тэмы "Сказы з аднароднымі членамі", не будзеце пераліваць з пустога ў парожняе.
Якія члены сказа называюцца аднароднымі? Якія члены сказа могуць быць аднароднымі?
Якія злучнікі пры аднародных членах сказа заўсёды з'яўляюцца адзіночнымі? Якія -- адзіночнымі і паўторнымі?
Калі паміж аднароднымі членамі сказа коска ставіцца, а калі -- не ставіцца?

Выкарыстаная літаратура

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.
2. Булыка, А. М. Слоўнік іншамоўных слоў. / А. М. Булыка, Мінск : Нар. асвета, 1993. – 398 с.
3. Якімовіч, А. М. Мой сябар Дон Кіхот : аповесці / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2018. – 333 с. : іл. – (Бібліятэка прыгод і фантастыкі).