Ветэран вайны з вёскі Васілевічы
Непадалёку ад горада Слоніма, што знаходзіцца ў
Гродзенскай вобласці, размясцілася вёска Васілевічы. Цягнецца яна ўздоўж ракі
Шчары, славіцца сваімі працавітымі
людзьмі. Многіх з іх я ведаў, бо нарадзіўся і жыў у суседняй вёсачцы
Парэчча. Разам з васілевіцкімі хлопцамі і дзяўчатамі вучыўся ў Парэцкай
васьмігадовай школе.
Нядаўна сустрэўся з такім васілевіцкім жыхаром, сваім
аднакласнікам Сасноўскім Мікалаем. Разгаварыліся, і ён стаў расказваць мне пра
свайго бацьку Сасноўскага Мікалая Раманавіча, які нарадзіўся 15 мая 1928 года.
Потым паказаў мне пасляваенны фотаздымак бацькі і яго жонкі Марыі Паўлаўны.
Прыгожыя, хоць і пастарэлыя людзі глядзяць з фотаздымка на мяне. На грудзях
Мікалая Раманавіча зіхацяць два ордэны і сем медалёў.
Заслужыў іх ветэран вайны. У 1943 годзе ў
пятнаццацігадовым узросце пайшоў у партызанскі атрад, які дзейнічаў на
Слонімшчыне. У ім было нямала васілевіцкіх хлопцаў і мужчынаў. Канешне, як і
ўсім народным мсціўцам, яму было нялёгка. Яго часта пасылалі ў разведку.
Канешне, зброі з сабою не браў. Босы, у парваных нагавіцах заходзіў у варожыя
гарнізоны і прыглядваўся, запамінаў, каб потым паведаміць камандзіру атрада пра
чужыя ўмацаванні. Аднаго разу немцы яго затрымалі, падазрэнне выклікаў ён у іх.
Мікалай ужо ведаў, што яго будуць не толькі дапытваць, але і правяраць: дадуць
вінтоўку і папросяць, каб сабраў і разабраў яе. Так яны не раз і не два рабілі,
каб выявіць падпольшчыка ці партызана.
На падобную хітрынку хлапчук не паддаўся: прытварыўся,
што зусім не ўмее карыстацца зброяй. Усыпаўшы гарачых, каб запомніў і не
бадзяўся каля сакрэтных аб’ектаў, яго адпусцілі дамоў. Дома ён прабыў толькі
тыдзень, а потым зноў пайшоў у той жа самы атрад, дзе ўжо чакалі яго.
Зноў стаў хадзіць у разведку, выконваў іншыя небяспечныя заданні.
Асабліва цяжка прыйшлося яму ў час блакады, калі немцы шчыльным кальцом
акружылі партызанскі атрад, вырашылі яго знішчыць. Трэба было прарваць кальцо,
вырвацца з гэтых нядобрых абцугоў. Прылёгшы за ядлоўцавым кустом, Мікалай
выстраліў і адразу ж адкаціўся ўбок. Праз імгненне прагучала кулямётная чарга.
Кулі, як злосныя металічныя восы, паднялі мох каля ядлоўцавага куста, там, дзе
ён толькі што знаходзіўся.
У 1944 годзе пасля вызвалення Сонімшчыны ад
нямецка-фашысцкіх захопнікаў Мікалай добраахвотна адправіўся на фронт. Пачаліся,
як кажуць у народзе, новыя суровыя будні. Воінская часць, у якой ён
знаходзіўся, вызваляла польскія гарады і мястэчкі. Потым яна апынулася ва
Ўсходняй Прусіі каля Кенігсберга (цяпер гэты горад называецца Калінінградам).
Гітлераўцы як мага ўмацавалі Усходнюю Прусію, сцягнулі сюды нямала войска. Нашым
салдатам прыйшлося нялёгка. Трэба было адваёўваць ці не кожны метар зямлі. У
час аднаго з баёў Мікалай быў у траншэі разам зямляком з Парэчча Жывулькам
Канстанцінам. Канстанціна цяжка параніла, адарвала нагу. У адчаі ён хацеў
падарваць сябе гранатай, але Мікалай не дазволіў яму гэта зрабіць: вырваў з
рукі гранату без чакі і кінуў яе ўбок. Неўзабаве прагучаў выбух.
Я добра помню Жывулька Канстанціна, разам з яго сынам
Ванем вучыўся ў адным класе. Яго бязногі бацька не сядзеў склаўшы рукі,
працаваў у мясцовым калгасе, нават узначальваў жывёлагадоўчую ферму.
Неўзабаве быў кантужаны і паранены Мікалай Раманавіч. Яго
дэмабілізавалі з войска. Вярнуўся ў Васілевічы, запісаўся ў знішчальны
батальён, які вёў барацьбу з бандытамі, быў конюхам, працаваў у калгаснай
стальмашні. Стальмах, як вядома, робіць і рамантуе вазы. Гэтым займаўся і
Мікалай. Рабіў колы, драбіны, аглоблі і іншае начынне не толькі для вазоў, але
і для саней. А потым, будуючы шлакабетонную хату, навучыўся сталярнічаць. Як
гаворыцца, жыццё прымусіла. Усё ў хаце зрабіў сваімі рукамі: і вокны, і дзверы,
і падлогу як трэба наслаў.
А яшчэ ён падняў на ногі і выхаваў разам з Марыяй
Паўлаўнай шасцёра дзяцей. Усе знайшлі сваё месца ў жыцці, апраўдалі бацькоўскія
надзеі. Коля доўгі час працаваў вадзіцелем на Слонімскай птушкафабрыцы, Міша –
інжынерам у калгасе “Перамога”, Зіна – на Слонімскай фабрыцы “Тэкстыльшчык”,
Аня – у Слоніме на фабрыцы пуха-пер’евых вырабаў, Валя – маляром у Брэсце, Лёня
асвоіў прафесію зваршчыка, спыніўся ў Століне. Не пустуе бацькоўская хата. Тут
жыве Зіна.
У 2015 годзе Мікалая Раманавіча не стала. Уся вёска
праводзіла ветэрана вайны і працы ў апошні шлях. Прыехалі ваеннаслужачыя,
урачыста прагучаў ваенны салют.
-- Якім запомніўся табе бацька? – запытаўся я ў
аднакласніка Мікалая.
-- Патрабавальным, справядлівым і добрым. А яшчэ мяне
здзіўляла яго вялікая фізічная сіла. Пад двумя пахамі ён мог спакойна несці два
стокілаграмовыя мяхі з зернем, -- прагучала ў адказ.
Аляксей
Якімовіч
![]() |
Ветэран вайны і працы Мікалай Раманавіч і яго жонка Марыя Паўлаўна |
![]() |
Мікалай - мой аднакласнік, які расказаў пра свайго бацьку Мікалая Раманавіча |