Поиск по этому блогу

Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Спосабы выражэння дзейніка


Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Спосабы выражэння дзейніка

Што трэба ведаць пра дзейнік?

Дзейнік – гэта галоўны член сказа, які звязаны з выказнікам і адказвае на пытанні назоўнага склону х т о? або ш т о?

Як яго распазнаць?

Каб распазнаць дзейнік, трэба ўстанавіць яго сувязь з выказнікам і паставіць пытанне.
З-за хмар выйшла сонца. Выйшла (ш т о?) сонца. Дзейнік – сонца.
Карысна ведаць.
У 1596 годзе беларус Лаўрэнцій Зізаній выдаў  "Граматыку" для народа з дадаткам "Лексіс" (слоўнік), у якім на старажытнай беларускай мове растлумачыў значэнне многіх  царкоўнаславянскіх слоў. У “Лексісе” можна знайсці шмат слоў жывой сучаснай мовы беларусаў.
Назавіце дзейнікі ў сказах.
Пагартаем "Лексіс" Лаўрэнція Зізанія.
Обиліе -- достаток.
Пабудуйце і запішыце сказ са словам "дастатак" у ролі дзейніка. (Згода і дастатак у хаце – заслуга і гаспадара, і гаспадыні, і іх дзяцей.) Зрабіце сінтаксічны разбор гэтага сказа.
Праца са сказамі.
Спішыце, раскрываючы дужкі. Падкрэсліце дзейнікі ў сказах. Якую пазіцыю (месца) ў сказе звычайна займае дзейнік? Растлумачце парадак слоў у сказах.
1. Усё ў садзе расцвіло ў гэты лагодны вясенні час: і яблыні, і грушы, і чарэшні, і слівы. 2. На маё пытанне адкажа Міхась.
Для даведкі (напісана на пераноснай дошцы). У апавядальным сказе з прамым парадкам слоў дзейнік знаходзіцца перад выказнікам. У пытальных, пабуджальных, клічных сказах выказнік, як правіла, папярэднічае дзейніку.
Да якой часціны мовы адносіцца выдзеленае слова? Што вы ведаеце аб гэтай часціне мовы?
З другога сказа выпішыце слова, у якім гукаў больш, чым літар.
У якім сказе ўзмацняецца сэнсавая роля дзейніка? (Там, дзе ён стаіць пасля  выказніка.)
Фізкультхвілінка.
На столі, на сцяне вачыма напішыце прыгожае беларускае слова “дзейнік” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.
У гасцях у тлумачальнага слоўніка.
Выкарыстаўшы ўзор, прачытайце і запішыце слоўнікавы артыкул да слова "аналаг". (Тое, што з'яўляецца адпаведнасцю з чым-небудзь, падабенствам чаго-небудзь.)
Узор. Дзеяч, -а, м. Асоба, што праявіла сябе ў якой-небудзь галіне дзейнасці. Вядомы дзеяч.
Пабудуйце і запішыце сказ са словам "аналаг". Абазначце яго як член сказа. (Гэты абутак – аналаг абутку вядомай італьянскай фірмы.)
              [2, стар. 23, “Слоўнік іншамоўных слоў”]
              [1, стар. 103, “Тлумачальны слоўнік”]
Акцэнталагічная хвілінка.
Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.
Аналаг, акунь, дзявяцера, дакумент, камель, чорнабароды.
Адказ. Аналаг, акунь, дзявяцера, дакумент, камель, чорнабароды.
Хвілінка кемлівасці.
Прыдумайце і запішыце сказы, каб наступныя словы і спалучэнні былі дзейнікамі.
Прачытанае (дзеепрыметнік у значэнні назоўніка), заўтра (прыслоўе ў значэнні назоўніка), смелы (прыметнік у значэнні назоўніка), бачыць (неазначальная форма дзеяслова), пяць (лічэбнік), нешта (займеннік), акуляры (назоўнік), Вялікая Айчынная вайна (сінтаксічна непадзельнае словазлучэнне), Міхась з дзедам (сінтаксічна непадзельнае словазлучэнне), брыльянты ночы – кроплі расы (вобразны апісальны зварот -- перыфраза), бабіна лета (фразеалагізм).
Прыкладны адказ. 1. Прачытанае пакінула глыбокі след у душы Міхася. 2. Няхай кожнага з нас парадуе светлае заўтра! 3. Смелы там знойдзе, дзе баязлівы згубіць (Прыказка). 4. Бачыць ветлівую ўсмешку любімага чалавека – радасць для душы. 5. Пяць на восем -- сорак. 6. Нешта азвалася ў густым хмызняку. 7. Акуляры -- назоўнік у форме множнага ліку. 8. Вялікая Айчынная вайна прайшлася па многіх лёсах. 9. Міхась з дзедам назбіралі цэлае вядро спелых чарніцаў. 10. Брыльянты ночы заіскрыліся пад першымі промнямі сонца. 11. Бабіна лета прыйшло непрыкметна і прынесла з сабою безліч тонкіх лёгкіх павуцінкаў.
Утварэнне словазлучэнняў.
Утварыце магчымыя спалучэнні лічэбнікаў два, двое, дзве з назоўнікамі па схеме "лічэбнік + назоўнік". Прыдумайце з імі чатыры сказы так, каб дадзеныя словазлучэнні былі дзейнікамі.
Суткі, сястра, сабака, школьніца, дзеці, жанчына, шпак, вёска, акуляры, нажніцы, куры, качкі, саначкі, боты, граблі, трэніроўкі, вучаніца.
Для даведкі (напісана на картцы). Зборныя лічэбнікі спалучаюцца а) з назоўнікамі, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку: двое дзвярэй, б) з назоўнікамі, якія абазначаюць асоб мужчынскага полу, дзяцей, маладых істот: трое салдат, в) з назоўнікамі, якія абазначаюць парныя прадметы: двое лыжаў, г) са словамі "людзі", "коні", "гусі", "свінні": трое свіней, д) з асабовымі займеннікамі: папрасілі нас дваіх, мы ўсе трое.
Вызначце граматычныя прыметы лічэбніка "два".
Выкананне практыкавання.
Дапішыце патрэбныя канчаткі прыметнікаў. Пры ўзнікненні цяжкасцей у вызначэнні роду нескланяльных запазычаных назоўнікаў звярніцеся да тлумачальнага слоўніка. З дадзенымі словазлучэннямі пабудуйце сказы так, каб нескланяльныя назоўнікі былі дзейнікамі.
Вядом.. канферансье, маршрутн.. таксі, рэдк.. калье, свеж.. рагу, смачн.. эскімо, нов.. кафэ, шырок... шасэ, маленьк.. поні, прасторн.. фае, даведачн.. бюро, апушчан.. жалюзі.
Перакладчыкі.
Запішыце афарызмы па-беларуску. Вызначце дзейнікі і спосабы іх выражэння. Зрабіце сінтаксічны разбор двух-трох сказаў.
Ничто не останется безнаказанным (Лівій).
Исход крупных дел часто зависит от мелочей (Лівій).
Уже сама перемена труда уменьшает усталость (Плаўт).
Труд укрепляет тело (Манілій).
Словы для даведкі: исход --выйсце, выхад, канец, зыход, усталость -- стомленасць.
Ці згодны вы з выказваннем рымскага паэта Манілія?
Як трэба адносіцца да працы, да даручанай справы?
Самастойная праца.
Спішыце, устаўляючы прапушчаныя літары і раскрываючы дужкі. Падкрэсліце дзейнікі. У дужках укажыце, чым яны выражаны.
1. Міхал з Антосем, як старыя, займалі месцы канцавыя (Якуб Колас). 2. Песн..й вясны лебядзінаю, скінуўшы зімнія чары, шэпчуцца явар з калінаю ў сумнай далін.. над ярам (Янка Купала). 3. Сядзіць на сонцы каля хаты Марына з сынам на руках (Якуб Колас). 4. На прыгуменні, поруч з садам, павець з гумном стаяла радам (Якуб Колас). 5. Пасля поўдня Уладзік з дзядзькам Антосем выбраліся ехаць у лес (Кузьма Чорны). 6. Многа год таму назад я тут са Сцяпанам збіраў гр..бы (Кузьма Чорны). 7. Пачынаўся пір гарой, любімае бабуліна задаволенне (Максім Горкі).
Раскрыйце лексічныя значэнні слоў "павець" (страха на слупах, пад якой трымаюць розныя сельскагаспадарчыя прылады, дровы і інш.), "гумно" (будынак для складвання і абмалоту збожжа).
Знайдзіце словы, у якіх назіраецца характэрная асаблівасць беларускай фанетыкі -- ужываецца зацвярдзелы зычны ... ([ш]).
         [1, стар. 93,  228, “Тлумачальны слоўнік”]
Адказы. Дзейнікі: Міхал з Антосем; явар з калінаю; павець; Марына з сынам; Уладзік з дзядзькам Антосем; я са Сцяпанам; пір гарой.
Праца са сказам.
Запішыце сказы. Вызначце спосаб выражэння дзейніка. Для гэтага выберыце патрэбнае тлумачэнне:
1) выражаны займеннікам у Н. скл.;
2) выражаны сінтаксічна непадзельным словазлучэннем;
3) выражаны назоўнікам у Н. скл. (або іншай часцінай мовы, якая ўжываецца ў значэнні назоўніка ў Н. скл.);
4) выражаны фразеалагізмам;
5) выражаны неазначальнай формай дзеяслова.
Аповесць Аляксея Якімовіча “Здраднік” расказвае пра трагічныя падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі нашай краіны ў сямнаццатым стагоддзі.
Хто напісаў аповесць “Мой сябар Дон Кіхот”? (Аляксей Якімовіч.)
Тэст.
Адзначце сказы, у якіх выдзеленыя словы (словазлучэнне) -- дзейнікі.
1. Некаторыя мае аднакласнікі вельмі добра здалі выпускныя экзамены.
2. Выдатная якасць -- быць працавітым.
3. Заўжды слухай разумных і добрых, мой унучак.
4. Старэйшыя ў гэты спякотны жнівеньскі дзень засталіся дома.
5. Брахаць -- не цэпам махаць.
Адказ. Сказы, у якіх выдзеленыя словы -- дзейнікі: 1, 2, 4, 5.
5. Мытны кантроль.
Н а с т а ў н і к. Як вядома, у творах вуснай народнай творчасці шырока выкарыстоўваецца лічба "тры": тры сыны ў казках, 3-галовы змей, ішоў Іван тры дні і тры ночы, тры полі павінен быў перайсці. Надавалі гэтай лічбе і магічны сэнс: тры чалавекі -- бацька, маці і дзіця -- складаюць аснову жыцця.
Сёння я задам вам тры пытанні да тэмы "Спосабы выражэння дзейніка". Пастарайцеся правільна на іх адказаць.
З чаго складаецца граматычная аснова двухсастаўнага сказа?
Што называецца дзейнікам?
Чым выражаецца дзейнік?

Выкарыстаная літаратура

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.
2. Булыка, А. М. Слоўнік іншамоўных слоў. / А. М. Булыка, Мінск : Нар. асвета, 1993. – 398 с