Поиск по этому блогу

Апавяданне "Русалка"

 

                                                                                             Аляксей Якімовіч

 

РУСАЛКА

Апавяданне

 

Выдадзены ў выдавецтве “Беларусь”.

Якімовіч, А. М. Русалка : фантастычна-містычныя апавяданні  / Аляксей Якімовіч . – Мінск : Беларусь, 2020. – 136 с.

 

1

Працяжна зазваніў тэлефон. Раман падняў трубку і прамовіў, пазяхнуўшы:

-- Ало!

-- Гэта я, Ларыса. Пазнаў мяне? -- пачуўся з трубкі ласкавы жаночы галасок.

-- Чаму ж не! -- зноў пазяхнуў Раман.

-- Не выспаўся? -- запыталася Ларыса.

Сапраўды, сёння ён адчуваў сябе блага: гудзела ў галаве, у целе была млявасць. Нейкія пачвары з разяўленымі пашчамі ўсю ноч яму сніліся. Некалькі разоў прачынаўся, а потым доўга не мог заснуць.

-- Ты чуў, што ў нашым возеры ўчора тапельца знайшлі? -- прагаварыла Ларыса.

-- У якім? -- адразу не дайшло да Рамана.

-- У тым, што знаходзіцца за горадам, каля лесу, дзе звычайна загараем мы. Нейкі мужчына пайшоў купацца і ўтапіўся.

"Кожны год там топяцца, кожны год вадалазы небаракаў з дна возера паднімаюць. Не ведаеш броду -- не лезь у ваду," -- падумаў Раман і пазяхнуў так, што аж за вушамі штосьці хруснула.

-- Раман, ты цяпер будзеш дома?

Зразумела, чаму тэлефануе каханка. Збіраецца прыехаць да яго. Прыйдзецца рыхтаваць закуску, а потым разам з ёю піць віно. Надакучыла.

-- Не магу... Разумееш?..

-- Разумею! -- пакрыўдзілася Ларыса і паклала тэлефонную трубку.

Раман сеў на канапу. Насупраць, на мяккім крэсле, выцягнуўшыся, ляжаў пакаёвы сабачка Жучок -- пушысты, чорны, з белай падкоўкай на ілбе.

Ужо трэці год пасля разводу ён, Раман, жыве разам з Жучком у аднапакаёвай кватэры на першым паверсе пяціпавярховіка.

-- Цяжка аднаму, але і з гэтай жанчынай не хочацца быць. Не даспадобы яна мне, -- паскардзіўся Жучку Раман.

Сабака глядзеў на Рамана як заварожаны. Яму, канешне, хацелася саскочыць з крэсла, сесці гаспадару на калені, палашчыцца, але гаспадар не клікаў, не даваў такой каманды.

Раман устаў з канапы, пацягнуўся і прагаварыў у задуменні:

-- Можа, нам з табою на возера схадзіць? Пасядзім каля вады, свежым паветрам падыхаем. Весялей субота пройдзе.

Жучок саскочыў з крэсла і, трубою падняўшы пушысты хвост, пабег да дзвярэй.

2

Нядаўна прайшоў дождж, і людзей каля возера яшчэ не было. Скрыжаваўшы ногі, Раман сядзеў на беразе і моўчкі глядзеў на шырокую палоску вады. Каля яго драмаў Жучок, стомлены летняй гарачынёй і дарогай.

З бярозавага гаю, які суцэльнай сцяной цягнуўся ўздоўж возера, перабягаючы з пагорачка на пагорачак, даносіліся спевы птушак.

Раман нарадзіўся ў лясной вёсачцы і змалку навучыўся распазнаваць птушыныя галасы.

"Чтэрліч! Чтэрліч! Чтэрліч!" -- стараецца, спявае даверлівая птушка -- сітаўка белая, ці, як яе яшчэ называюць, пліска. Яна хоць і невялікая, але стройная, прыгожая: хвост доўгі, ногі тонкія і доўгія, верх, хвост, крылы і грудзі чорныя, спіна шэрая, ніз белы. Калі бегае па зямлі, бесперапынна ківае галавою і трасе хвастом.

"Сіп-сіп-сіп-сіа-саі-сіа", -- падаў свой галасок конік лясны. Звычайна ён спявае, седзячы на верхавіне дрэва, потым з песняй узлятае ўгору і, зрабіўшы дугу, зноў садзіцца на дрэва.

"Р-р-р-р!.. " -- нечакана ўскочыў і злосна забурчаў Жучок.

"Хтосьці да нас набліжаецца", -- падумаў Раман і, азірнуўшыся,  зніякавеў. На бярозе ў доўгай белай кашулі з расшпіленым каўнерыкам сядзела прыгожая дзяўчына. Распушчаныя валасы раскідаліся па плячах, агромністы вянок, як незвычайнае кола, пакрываў яе галаву. Прамяністымі раскосымі вачыма яна з цікаўнасцю глядзела на Рамана.

Жучок гучна забрахаў. Хлопец узяў яго на рукі і крыкнуў, звярнуўшыся да дзяўчыны:

-- Ты хто?

Тоненькім белым пальчыкам прыгажуня прыгладзіла шоўкавыя бровы і заспявала прыемным аксамітным голасам:

Сонца ціха скацілася з горкі;

                                               Месяц белы заплаканы свеціць,

                                               Аглядае бахматыя зоркі,

                                               Цягне з возера срэбныя сеці.

 

                                               Ў іх русалкі заблуталі косы, --

                                               Рвуць бліскучыя, яркія ніці;

                                               Ноч плыве над зямлёй, сее росы,

                                               Ноч шапоча русалкам: “Засніце”.

-- Дык ты Русалка! Ты ведаеш верш Максіма Багдановіча “Над возерам”,-- здагадаўся Раман.

Жучок занерваваўся, стаў вырывацца. Раман мацней прыціснуў яго да грудзей.

-- Так, я Русалка, -- прамовіла дзяўчына і калыхнула смуглявымі стройнымі ножкамі. --  Закахаўся ў мяне, Раман?

Раман каўтнуў сліну.

-- Ты ведаеш, як мяне зваць?

-- Я даўно за табою сачу. Падары мне прыгожы залаты пярсцёнак. Не пашкадуеш.

Раман апусціў вочы.

-- Грошай у мяне няма. Ад зарплаты да зарплаты жыву.

-- У цябе легкавушка ёсць. Прадай яе, -- усміхнулася Русалка і, саскочыўшы з бярозы, схавалася ў лесе.

3

Вярнуўшыся дамоў, Раман прылёг на ложак і заплюшчыў вочы. Як жывая, паўстала перад ім Русалка. "Купі мне залаты пярсцёнак", -- гарэзліва ўсміхаючыся, прагаварыла яна.

Каля стала заскавытаў Жучок, мабыць, прадчуваючы нядобрае.

Раман ускочыў з ложка, узяў з этажэркі томік вершаў свайго любімага паэта Максіма Багдановіча і, адкрыўшы яго, уголас прачытаў:

Скучна мне ў глыбіне, ў цішыне;

                                            Ўспамінаю я на дне аб вясне;

                                            Я вясною пляснусь-ўскалыхнусь,

                                            Зеляною муравой убярусь.

                                            Выйду, белая, з цёмнай вады, --

                                            Бачу: ў лес ідуць людскія сляды;

                                            Кінусь, брошусь я за німі з ракі:

                                            Асвяціце вы мне пуць, аганькі!

                                            А людзей атышчу, абайду,

                                            Вочы ўсім ім зацямню, адвяду.

                                            І туды, дзе лягла цемень, мгла,

                                            Дзе зялёны крыж свой ель падняла, --

                                            Ўсіх туды заваблю, завяду:

                                            "Вы пацешце-ка мяне, маладу!"

                                            Як пачну абнімаць, цалаваць, --

                                            Будуць біцца, заціхаць, уміраць.

                                            А я гучна смяюсь, хахачу,

                                            Абхвачу іх, не пушчу, шчакачу!

                                            Хараша ты, ігра, весяла!

                                            Харашы вы, нежывыя цяла!

                                            Але блізка гадзіна утра --

                                            Разгарнецца за лесам зара.

                                            І з нудою я ў рэчку лажусь,

                                            Горка плачу, рвусь з вады, груддзю б'юсь!

Раман загарнуў кнігу і асцярожна, нібы баючыся, што яна ўзарвецца, паставіў на этажэрку. Зразумела, чаму Русалка з'явілася перад ім. Прыгажосцю і ласкавымі словамі хоча заваражыць, каб потым у возеры ўтапіць, як многіх утапіла. Трэба забыцца пра яе, выкінуць з галавы, жыць так, як раней жыў.

Зірнуўшы на бажніцу, што вісела ў куце, ён перахрысціўся і прашаптаў:

-- Божа, дапамажы мне. Пазбаў ад спакусы д'ябла.

4

Ноччу распачалася навальніца. Дождж ліў як з вядра, непадалёку з трэскам грымеў гром, вогненныя маланкі доўгімі вужакамі распаўзаліся па небе.

Жучок, які ляжаў каля стала, раптам забрахаў і кінуўся на кухню.

"Мабыць, хтосьці каля пад'езда стаіць, ад дажджу хаваецца, а Жучку здаецца, што ў кватэру хоча залезці. Заўтра суседзі скажуць, што спаць не дае",  -- падумаў Раман і, злезшы з ложка, накіраваўся на кухню, каб забраць сабаку.

На кухні каля акна стаяў плячысты мужчына ў чорным касцюме, чорных пальчатках і чорным капелюшы. З капелюша на падлогу сцякала вада.

Убачыўшы гаспадара, Жучок падскочыў да мужчыны, стараючыся схапіць яго за калашыну. Той адкінуў Жучка нагою і ледзяным голасам прагаварыў:

-- Забяры сабаку, чалавек!

Раманава рука пацягнулася да нажа, які ляжаў на кухонным стале. Мужчына заўважыў гэта.

-- Не хапайся за нож. Я не грабежнік, а Чорт.

Раман адчуў, як заказытала ў пятах. Відаць, страх прабраўся і туды.

-- Ты мне не верыш? -- сказаў мужчына і, зняўшы капялюш, рукою дакрануўся да рожкаў на лобе. -- Бачыш?

Раман прысеў на кукішкі і ўзяў на рукі Жучка.

"Вух!" -- недзе каля самага дома гулка, як у бочку, вухнуў гром. Маланка на імгненне асляпіла вочы Раману. Ён устаў і прытуліўся да сцяны.

Чорт надзеў капялюш і ухмыльнуўся.

-- Мяне прыслала да цябе Русалка, што на возеры жыве.

-- Як ты ў кватэру залез? -- не сваім, нібы драўляным, голасам прагаварыў Раман.

Чорт кіўнуў галавою, паказаўшы на акно.

-- Акно на кухні адчынена. Русалка хоча, каб ты на наступную ноч  прыйшоў на возера. Што ёй перадаць?

-- Можа, у пакой зойдзем, там пагаворым? -- звярнуўся да Чорта Раман. Яму трэба было супакоіцца, сабрацца з думкамі, выйграць час, перш чым даць адказ.

-- Там бажніца. А мы, нячысцікі, баімся яе, як і святога крыжа. Прыйдзі на возера. Няшчасная Русалка сохне па табе.

-- Дай мне падумаць, -- папрасіў Раман.

-- Прыйдзеш! -- ухмыльнуўся Чорт і праз адчыненае акно вылез на двор.

5

Раман апусціў на падлогу Жучка і зачыніў акно. Што ж рабіць? Паслухацца Чорта? Магчыма, праз некалькі дзён вадалазы і яго паднімуць з вады. Але ж цягне на возера. Хочацца яшчэ раз глянуць на Русалку. Мабыць, трэба пайсці. Залаты пярсцёнак ён не стане купляць. Купіць вогненныя ружы і медны крыжык. Крыжык ад нячысцікаў яго абароніць.

6

На другі дзень каля прадуктовага магазіна, дзе размяшчаўся невялікі базарчык, Раман у гандляркі купіў букет чырвоных руж, а потым падышоў да кіёска, у якім жанчына сталага ўзросту прадавала рэлігійную літаратуру.

-- У вас можна купіць медны крыжык? -- прамовіў ён, саромеючыся.

Жанчына дакранулася рукою да бледна-жоўтага маршчыністага твару. Яму здалося, што гэтым рухам рукі яна стараецца адгарадзіцца ад яго.

-- У Бога паверылі, мужчына?

-- Я даўно веру ў Бога, -- таропка прагаварыў Раман і працягнуў руку, як працягваюць жабракі, просячы міласціну.

Жанчына паклала на потную Раманаву далонь медны крыжык на доўгай шоўкавай нітцы.

-- Мужчына, Бог абароніць вас. Паверце мне.

7

Раман ішоў па тратуары, сціскаючы ў руцэ букет руж.

-- Зазнаўся, сваіх не пазнаеш? -- пачулася побач.

Раман падняў галаву і ўбачыў перад сабою Ларысу.

-- Новую каханку завёў? Ружы ёй нясеш?

Нафарбаваныя Ларысіны губы крывяцца ва ўсмешцы, шэрыя прыжмураныя вочы працінаюць Рамана.

-- Завёў. Русалку, -- праўду сказаў Раман.

Ларыса хіснулася з боку на бок, нібы п'яная.

-- Дзе ж яна табе сустрэчу прызначыла?

-- На возеры. Там, дзе тапельцаў знаходзяць, -- нявесела прагаварыў Раман і пакрочыў, вылаяўшыся пра сябе.

8

Сцямнела. Стрэлка гадзінніка паказала дванаццаць гадзін ночы.

Раман пагладзіў Жучка і сказаў ватным голасам:

-- Бывай, браток. Я да сваёй Русалачкі пайду. Магчыма...

Раман так і недаказаў да канца. На ягоных вачах выступілі слёзы. Яму стала шкада сябе, адзінокага, безабароннага, нешчаслівага.

А Жучок забег наперад, скача гаспадару пад ногі, з кватэры не пускае.

-- Супакойся, браток! -- сказаў Раман і, зірнуўшы на стол, заўважыў на ім медны крыжык.

" Божа! Да нячысцікаў іду, а крыжык забыўся, бо не прывык яго насіць", -- падумаў ён і, узяўшы са стала крыжык, надзеў яго сабе на шыю.

9

Каля возера пры святле месяца русалкі ў доўгіх белых кашулях вадзілі карагод і спявалі песню на словы Максіма Багдановіча. Сярод іх была і яна, ягоная Русалка, самая прыгожая, самая жаданая. Яе звонкі аксамітны голас выдзяляўся сярод галасоў сябровак, вабіў, чараваў:

                                               Месяц круглы ўстаў на небе,

                                               Блішчыць невысока,

                                               Ўвесь чырвона-жоўты, быццам

                                               Пугачова вока.

                                                     

 

                                              З мілым, задушэўным зыкам

                                              Важкі хрушч лятае;

                                              Пра няшчаснае каханне

                                              Нехта запявае.

 

                                              Голас полем пракаціўся,

                                              У бары аддаўся:

                                              “А дзе ж тая крынічанька,

                                              Што голуб купаўся?”

 

                                              І снуюцца сумна ў сэрцы,

                                              Ўюцца адгалоскі

                                              Роднай песні, простай песні

                                              Беларускай вёскі…

З чароту вылез Чорт, заўсміхаўся, пазіраючы на русалак.

-- Дзяўчаткі, наш сваток з'явіўся! -- гукнула Раманава Русалка.

-- У возера яго! Няхай там госця сустракае! -- падхапіла адна з яе сябровак.

З крыкам, з піскам русалкі кінуліся да Чорта, паднялі яго, расшугалі і кінулі ў возера. Чорт штосьці крыкнуў і схаваўся ў вадзе.

Раман стаяў як здранцвелы. Зараз і да яго падбягуць гэтыя маладыя, зграбныя дзяўчаткі і, расшугаўшы, кінуць у возера. Дзесьці там сядзіць Чорт, чакае яго. Трэба ўцякаць, ратавацца, пакуль жывы, пакуль не позна.

Раман, напэўна, так і зрабіў бы: павярнуўся б і кінуўся б наўцёкі, але ягоная Русалка махнула рукой, знак падаўшы сяброўкам, і тыя як га сказаць схаваліся ў чароце.

Раман дыхаў цяжка, як пасля імклівага бегу. Да яго падышла Русалка і запыталася:

-- Любы, гэтыя ружы ты мне прынёс?

-- Табе. Прынёс, -- каўтнуўшы сліну, сказаў Раман і працягнуў Русалцы букет.   

Яна ўзяла яго і ўздыхнула.

-- Дзякую, любы. Мне ніколі хлопцы кветак не дарылі. Аднаго разу мамка цюльпаны падарыла, калі шаснаццаць гадоў споўнілася.

-- Табе толькі шаснаццаць? -- збянтэжыўся Раман.

-- Ужо сямнаццаць. Можна абняць цябе, любы?

-- Калі ласка, -- зусім разгубіўся хлопец.

-- Свой крыжык знімі.

-- Навошта?

-- Ён мяне да цябе не падпускае.

Амаль нічога не цямячы, Раман узяўся за крыжык двума пальцамі і ад неспадзеўкі войкнуў.

-- Што з табою, любы? -- прыўзняла бровы-дужкі Русалка.

Раман паднёс да вачэй пальцы, якімі браўся за крыжык. Яны пачырванелі, як ад апёку.

-- Бачыш? Крыжык, як агнём, пячэцца.

Русалка ўсміхнулася, паказаўшы роўныя белыя зубы.

-- За нітку вазьміся і знімі. Знімеш?

Раман кіўнуў галавою.

-- Напэўна, зніму.

-- Не знімай, бо загінеш! -- пачуўся голас Ларысы. Узняўшы рукі, яна стаяла каля лесу.

-- Ларыска! -- вырвалася ў Рамана.

-- У возера яе! -- з нянавісцю крыкнула Русалка і паімчалася да Ларысы. З чароту высыпалі русалкі-сяброўкі і панесліся за ёю. Падскочылі, акружылі дзяўчыну, цягнуць да возера. З узнятымі рукамі бяжыць яна, зайшлася ў крыку.

-- Рама-ан!..

Раман намацаў на грудзях медны крыжык (цяпер ён не пёкся), зняў яго і кінуў Ларысе, гукнуўшы:

-- Лаві!

Ларыса злавіла крыжык, а русалкі, як па камандзе, нырнулі ў возера, падняўшы пырскі.

-- Жыццё чалавека даражэй, чым каханне! -- бяскроўнымі вуснамі  прашаптаў Раман.

10

На вадзе сіратліва калыхаўся букет чырвоных руж. Раман і Ларыса стаялі на беразе і моўчкі глядзелі на яго.

-- Учора я сказаў табе, што Русалцы нясу букет. Не думаў, што паверыш, -- парушыў маўчанне Раман.

-- Я і не паверыла б, калі б не Жучок, -- азвалася Ларыса.

Раман усміхнуўся, як хворы.

-- Але ж Жучок не ўмее гаварыць.

-- Мне твае суседзі патэлефанавалі і паведамілі, што вые, не сціхаючы. Я кінула трубку і на возера пабегла. Ногі самі сюды мяне павялі. Раман, я табе патрэбна? Скажы мне!

-- Канешне, патрэбна, -- прагаварыў Раман і, цяжка ўздыхнуўшы, зірнуў на возера.