Поиск по этому блогу

Уяўленні. "Калі чую словы “гармонь”, “дом”"

 

Калі чую словы “гармонь”, “дом”

 

Уяўленні, якія ўзнікаюць у мяне, калі чую слова “гармонь”.

Пяцідзесятыя гады 19 стагоддзя. Маё басаногае дзяцінства. Маладыя хлопцы запрашаюць з суседняй вёскі вядомага гарманіста. У суправаджэнні барабаншчыка з вялікім барабанам ён паважна крочыць па вясковай вуліцы. Неўзабаве заходзіць у звычайную вясковую хату, дзе хлопцы і дзяўчаты ладзяць танцы. Для гэтага гаспадар і гаспадыня хаты выдзяляюць ім самы большы пакой – святліцу. Ён хутка запаўняецца моладдзю. Нас, малечу, туды не пускаюць: месца малавата. Але некаторым хлапчукам удаецца пракрасціся, прабрацца ў незвычайную святліцу.

Гучыць гармонь, заўзята іграе гарманіст. Барабаншчык старанна б’е ў барабан тонкімі мядзянымі талеркамі і драўлянаю булавою. Гучыць музыка, праз адчыненае акно разносіцца па вёсцы. Сёння свята не толькі ў хлопцаў і дзяўчат, якія танцуюць, разбіўшыся на пары, але і ў нас, у дзяцей.

Ажывае вёска, ажываюць людзі.

А якія ўяўленні ўзнікаюць у вас, калі чуеце слова “гармонь”?

Вершаваная трэніроўка.

Замест кропак падбярыце (устаўце) патрэбныя словы з пяці і чатырох літар.

Падказкі.

Слова з пяці літар: назоўнік, да якога можна падабраць сінонім “полымя”.

Слова з чатырох літар: назоўнік, які абазначае жывёліну.

Слова “гармонь”

                                                        Рыфмуецца са словам а..,

                                                        Яму сугучна і слова к.. .

 

Уяўленні, якія ўзнікаюць у мяне, калі чую слова “дом”.

Наша сям’я жыла ў даваенным дзедавым доме. Мне ён падабаўся. Хоць быў і не надта вялікі, але там усім нам хапала месца. Дый выглядаў ён някепска. Дзед Аляксандар  надзейна, са смалістых бярвенняў яго пабудаваў. Усе куточкі, у тым ліку і на гарышчы, я ведаў, вывучыў у гэтым доме. Але праз нейкі час бацька вырашыў пабудаваць новы дом побач з дзедавым. Помніцца, як сабраліся мужчыны-майстры, як старанна цюкалі яны сякерамі, ачэсваючы бярвенні. Тоўстыя сасновыя трэскі разляталіся навокал, незвычайнай, дзіўнай падлогай, якая пахла смалою, усцілалі падворак. Потым мы, дзеці, збіралі гэтыя свежыя трэскі, складвалі пад страхою, каб затым спаліць у печцы.

Весела, з ахвотаю працавалі майстры-мужчыны, незабыўны, святочны настрой стваралі яны для мяне і маіх блізкіх.

А якія ўяўленні ўзнікаюць у вас, калі чуеце слова “дом”?

Вершаваная трэніроўка.

Замест кропак падбярыце (устаўце) патрэбныя словы з шасці і сямі літар.

Падказкі.

Слова з шасці літар: назоўнік у творным склоне, да якога можна падабраць аднакарэннае слова “каса”.

Слова з сямі літар: назоўнік у творным склоне, які абазначае з’яву прыроды.

                                                        Слова “дом”

                                                        Рыфмуецца са словам к..,

                                                        Яму сугучна і слова д.. .

 

Для даведкі (выкарыстоўвайце толькі для кантролю патрэбныя словы, напісаныя наадварот): ьнога, ьнок; моцсак, можджад.

                                                                         Распрацаваў Аляксей Якімовіч