Поиск по этому блогу

Быў выпадак "А яны ўсё тэлефануюць"

 

Быў выпадак

 

А яны ўсё тэлефануюць

 

Прайшло некалькі гадоў, як у маёй кватэры памянялі тэлефон. З таго часу да мяне штодзень тэлефануюць як да абанента ДСУ-65.  У інтэрнэце нашы службоўцы пакінулі стары нумар, а дадзеную памылку чамусьці не выпраўляюць, хоць і прасіў аб гэтым розных афіцыйных асоб (магчыма, хочуць, каб людзі часцей звярталіся ў даведачную службу і плацілі за гэта грошы).

Вось некаторыя фрагменты маіх размоў з тымі, хто тэлефануе да мяне.

Фрагмент першы.

-- Гэта ДСУ-65?

-- Ужо даўно няма яго тут.

-- Як “няма”?

-- Няма!

-- Яно ўжо не стаіць?

-- Стаіць, але не тут.

Прашу, каб шукалі патрэбны нумар тэлефона, бо гэты хатні, мой.

Фрагмент другі.

-- У вас асфальт ёсць?

-- Гарачы ці халодны?

-- А ў вас які?

-- Ёсць гарачы і халодны.

-- Мне патрэбен свежы!

-- Свежы будзе заўтра.

-- Тады патэлефаную заўтра.

Прашу, каб шукалі патрэбны нумар тэлефона, бо гэты хатні, мой.

Фрагмент трэці.

-- Мы хочам пералічыць вам грошы.

-- Вялікія ці малыя?

-- За выкананую працу хочам пералічыць, за тое, што вы працавалі ў нас.

-- Цяпер нам не патрэбны грошы.

-- Яны ў вас лішнія?

-- Грошы не бываюць лішнія.

Прашу, каб шукалі патрэбны нумар тэлефона, бо гэты хатні, мой.

Фрагмент чацвёрты.

-- У вас можна заказаць пясок?

-- Марскі ці рачны?

-- У вас бывае нават марскі?

-- Не толькі марскі, але і акіянскі.

-- Жартуеце ці праўду кажаце?

Прашу каб шукалі патрэбны нумар тэлефона, бо гэты хатні, мой.

Некаторыя з тых, хто тэлефануе, стараюцца размаўляць са мною па-беларуску. І гэта радуе.

                                                                                        1. 06. 2021 года.

                                                                                                  Аляксей Якімовіч