Поиск по этому блогу

Цікавае з гісторыі Беларусі


Цікавае з гісторыі Беларусі

Людзі

Чалавек на тэрыторыі Беларусі з’явіўся ў сярэднім палеяліце (прыкладна 100 – 40 тысяч гадоў таму).
Першы гістарычна вядомы князь першай старажытнабеларускай дзяржавы – Полацкага княства – князь Рагвалод (сярэдзіна 10 стагоддзя).
Самымі паспяховымі Вялікімі князямі Вялікага Княства Літоўскага лічацца Альгерд (1345 – 1377 г.г.) і Вітаўт (1392 – 1430 г. г.). У час іх кіраўніцтва ВКЛ пашырыла свае межы да Чорнага і Балтыйскага мораў і да вытокаў рэк Волга, Ака (на ўсходзе) і да Варшаўскага ваяводства (на захадзе).
Першым епіскапам, які на нейкі час замураваўся ў манастырскай вежы і жыў пустэльнікам, быў Кірыл Тураўскі. Ён пісаў звароты да веруючых, малітвы-споведзі, аповесці-прытчы.
Упершыню рускія людзі пачалі пасяляцца ў беларускім краі ў канцы 15 стагоддзя. Звычайна гэта былі бежанцы ад царскага прыгнёту з Масковіі і іншых раёнаў Расіі.
Першы чалавек у свеце, які апісаў на схемах, канструкцыях, малюнках шматпрыступкавую ракету ў выдадзенай у 1650 годзе ў сталіцы Нідэрландаў Амстэрдаме кнізе “”Вялікае мастацтва артылерыі”, -- беларус з Віцебшчыны Казімір Семяновіч.
Самы вядомы тэрарыст, які ў 1881 годзе бомбай забіў цара Расійскай імперыі, -- беларускі дваранін Ігнат Грынявіцкі.
Першы беларус, які атрымаў званне Героя Савецкага Саюза (1936 г.), – М. А. Сяліцкі.
Першы двойчы Герой Савецкага Саюза – лётчык-знішчальнік маёр Грыцавец С. І. (збіў 40 самалётаў ворага, у тым ліку 7 за адзін дзень).
Адзіны ў свеце лётчык, які ў час Курскай бітвы ў адным паветраным баі збіў 9 самалётаў, -- беларус: старшы лейтэнант Аляксандар Гаравец (1915 – 1943 г. г.)
Ураджэнцы Брэстчыны П. Клімук і Міншчыны У. Кавалёнак  першымі сярод беларусаў сталі лётчыкамі-касманаўтамі і двойчы Героямі Савецкага Саюза.  

Культура, асвета і рэлігія

Першыя школы на тэрыторыі Беларусі з’явіліся ў 11 стагоддзі пры манастырах і пра дварах князёў.
Упершыню на тэрыторыю Беларусі хрысціянства прыйшло ў 10 стагоддзі з Візантыі.
Першымі хрысціянамі ў Полацкім княстве былі Рагнеда і Ізяслаў.
Першую друкарню заснаваў у Вільні (сталіцы Вялікага Княства Літоўскага) ў 1522 годзе Францыск Скарына. Тут ён выдаў “Малую падарожную кніжыцу” на старабеларускай мове.
Першая друкарня ў Брэсце з’явілася ў 1533 годзе.
Першая друкарня ў Нясвіжы з’явілася ў 1562  годзе.
Самы старажытны манументальны (каменны) храм на тэрыторыі Беларусі – Полацкі Сафійскі сабор (сярэдзіна 11 стагоддзя).
Першая друкаваная беларуская кніга “Псалтыр” была выдадзена ў 1517 годзе ў Празе Францыскам Скарынам (на сорак сем гадоў раней, чым першая друкаваная руская кніга).
У 1523 годзе ў Кракаве ўпершыню выдадзена паэма Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”.
У 16 стагоддзі ў Беларусі ўпершыню з’яўляюцца батлейкі – перасоўныя лялечныя тэатры.
Першую беларускую энцыклапедыю стварыў Я. Ф. Карскі. У 1922 годзе ён закончыў працу над трохтомным выданнем “Беларусы”.  
У 1926 годзе рэжысёрам Ю. Тарычам па аповесці Міхася Чарота “Свінапас” быў створаны першы мастацкі фільм “Лясная быліна” (на тэму грамадзянскай вайны).
У 1921 годзе на тэрыторыі Заходняй Беларусі, занятай белапалякамі, упершыню было створана Таварыства беларускай школы. Яго ўзначаліў Браніслаў Тарашкевіч.

Іншае

Самы старажытны горад Беларусі – сталіца Полацкага княства Полацк.
Першыя печы-домніцы, зробленыя з гліны, у Беларусі з’явіліся ў 7 стагоддзі да н. э. Людзі знаходзілі на балоце бурую жалезную руду і выплаўлялі з яе жалеза.
Першы манетны двор у нас з’явіўся каля 1381 – 1382 г. г.
Першы манетны двор у Брэсце з’явіўся ў 1659 годзе.
Першы манетны двор у Гродне з’явіўся ў 1706 годзе.
Першыя суседскія абшчыны сфарміраваліся ў Беларусі ў 8 стагоддзі.
Самая першая (і адна з найпершых у Еўропе) Канстытуцыя – Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 года – напісана на старабеларускай мове. Перакладалася на лацінскую мову (1530 г.), на польскую (1532 г.) і іншыя мовы.
Самая буйная бітва сярэднявечча – Грунвальдская (15 чэрвеня 1410 года). З абодвух бакоў удзельнічала больш чым 200 тысяч вояў. З 40 палкоў 30 прыбылі пад баявымі сцягамі з выявай “пагоні”, з іх 20 палкоў з’яўляліся этнічна беларускімі. У выніку гэтай бітвы вораг страціў забітымі 40 тысяч вояў, 15 тысяч вояў было ўзята ў палон. Пасля такога разгрому рыцараў Тэўтонскага ордэна на нашы землі 500 гадоў не ступала нага ўзброенага немца.
У першых летапісных упамінаннях аб гарадах называецца больш чым 30 гарадоў на тэрыторыі Беларусі: Тураў, Заслаўль, Віцебск (10 стагоддзе), Брэст, Мінск, Пінск (11 стагоддзе), Гомель, Гродна (12 стагоддзе), Навагрудак, Слонім, Магілёў (13 стагоддзе).
У 1927 годзе на 15 з’ездзе Усерасійскай Камуністычнай партыі бальшавікоў упершыню было прынята рашэнне аб правядзенні палітыкі калектывізацыі сельскай гаспадаркі. 
У 1932 – 1933 гадах у Беларусі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўпершыню быў уведзены пашпартны рэжым. Але калгаснікі пашпартоў не атрымалі.
Згодна Кнізе рэкордаў Гінэса, самае масавае знойдзенае пахаванне (больш 30 тысяч чалавек) ахвяр рэпрэсій, расстраляных спецкамандамі НКВД да 1941 года, знаходзіцца ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам.
Першая беларуская палітычная партыя з’явілася восенню 1902 года ў Санкт-Пецярбурзе. Яе стварылі студэнты-беларусы В. Іваноўскі, А. Пашкевіч, І. Луцкевіч і іншыя.
У 1955 годзе ўпершыню быў зацверджаны Дзяржаўны гімн БССР.