Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс. Правапіс асабовых канчаткаў дзеясловаў першага спражэння

 

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ   

 

Тэма: правапіс асабовых канчаткаў дзеясловаў першага спражэння.

Псіхалагічны настрой.                            

                                                     Маркотны, журботны,

                                                    Дзіцячы, вечаровы --

                                                    Гэта словы нашай мовы.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

• Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Ствараем праблемную сітуацыю.

• Кажуць, дзякуюць – водзяць, садзяць?

• Вызначце спражэнне прыведзеных дзеясловаў з ненаціскнымі канчаткамі.

Што трэба ведаць, каб правільна зрабіць гэта?

Хвілінка кемлівасці.

Звернемся да правіла.

Запомніце! Тып спражэння дзеясловаў з ненаціскнымі канчаткамі можна вызначыць па неазначальнай форме. Да другога спражэння адносяцца дзеясловы, якія ў інфінітыве заканчваюцца на –іць, -ыць (касіць, прасіць, вучыць), за выключэннем аднаскладовых тыпу шыць, крыць, піць і ўтвораных ад іх: дапіць, вымыць, а таксама дзеясловы цярпець, вярцець, нанавідзець, гнаць, залежаць, належаць, спаць, стаяць, баяцца. Астатнія дзеясловы з ненаціскнымі канчаткамі – першага спражэння [5, стар. 61, “Беларуская мова”].

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Вызначаем спражэнне па інфінітыве.

Водзяць, садзяць – вадзіць, садзіць: заканчваюцца на –іць. Значыць, адносяцца да другога спражэння.

Кажуць, дзякуюць – казаць, дзякаваць: заканчваюцца на –аць. Значыць, адносяцца да першага спражэння.

Назавіце слова.

                                                        Кратаць паперу,

                                                        Выбраць тавар,

                                                        Бачыць Веру,

                                                        Наведваць … (базар).

                                                                    Аляксей Якімовіч.

• Вызначце спражэнне дзеясловаў з вершаванага тэксту.

Хвілінка кемлівасці.

Выкарыстаўшы даведку, праспрагайце дзеясловы вязаць, кратаць у адзіночным ліку.

Для даведкі.

1-я асоба (я) -- -у (-ю).

2-я асоба (ты) -- -эш (-еш), -аш.

3-я асоба (ён, яна, яно) -- -э (-е), -а  [2, стар. 173, “Беларуская мова”].

Адказ: вяжу, кратаю; вяжаш, кратаеш; вяжа, кратае.

Назавіце слова.

                                                       Бацька арэ,

                                                       Хлапчук пазірае,

                                                       Дзяўчынка вянок пляце

                                                       І гучна … (спявае).

                                                                       Аляксей Якімовіч.                                               

• Растлумачце правапіс канчаткаў дзеясловаў, выкарыстаных у вершаваным тэксце.

Хвілінка кемлівасці.

Выкарыстаўшы даведку, праспрагайце дзеясловы “вязаць”, “кратаць” у множным ліку.

Для даведкі.

1-я асоба (мы) -- -ом (-ём), -ам (-ем).

2-я асоба (вы) -- -аце (-яце), -еце.

3-я асоба (яны) -- -уць (-юць) [2, стар. 173, “Беларуская мова”].

Адказ: вяжам, кратаем; вяжаце, кратаеце; вяжуць, кратаюць.

Назавіце слова.

                                                       Хлопцы аруць,

                                                       Дзеці пазіраюць,

                                                       Дзяўчаты вянкі плятуць

                                                       І гучна … (спяваюць).

                                                                      Аляксей Якімовіч.                                               

• Растлумачце правапіс канчаткаў дзеясловаў з вершаванага тэксту.

Помніце! Асаблівай увагі патрабуе 2-я асоба множнага ліку дзеясловаў. Тут пад націскам ужываюцца канчаткі –аце (-яце), не пад націскам -- аце (-еце)  [2, стар. 173, “Беларуская мова”].

Напрыклад: араце, вяжаце, паважаеце.

Працуем са спалучэннямі слоў.             

• Са словам “ісці” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

• Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

• Пастаўце дзеяслоў ісці ў форме другой асобы множнага ліку. (Ідзяце.)

Для даведкі: ісці хутка – ісці ў людзі.

Праца са сказам.       

Складзіце скорагаворку са слоў, запісаўшы іх у алфавітным парадку.

Прыехаць, хочаце, сустрэцца, думаеце? (Хочаце прыехаць, думаеце сустрэцца?)

• Растлумачце правапіс выдзеленых літар.

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя спалучэнні літар аце, яце, потым напішыце беларускае слова “дзіцяці” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Хвілінка кемлівасці.

Адзначаем! Напісанне галосных у канчатках дзеясловаў першага спражэння залежыць ад характару асновы і месца націску.

Пасля зацвярдзелых зычных пад націскам пішуцца -о, -э (беражом,  беражэш), не пад націскам – -а. (вяжам,  вяжаш)    [2, стар. 173, “Беларуская мова”].

• Дапоўніце сцвярджэнні адпаведнымі прыкладамі з даведкі.      

Для даведкі: ты вяжаш, яна вяжа, мы вяжам; ты арэш, яна арэ, мы аром.

Назавіце слова.

                                                         Мы бяром пячэнне,

                                                         Ты бярэш лімон,

                                                         Мы бяром цукеркі,

                                                         Яна бярэ … (батон).

                                                                Аляксей Якімовіч.

• Растлумачце правапіс канчаткаў дзеясловаў, выкарыстаных у вершаваным тэксце.

Хвілінка кемлівасці.

Запамінаем! Пасля мяккіх зычных і пасля галосных пішуцца наступныя канчаткі:

1) Пад націскам -- -ё, не пад націскам -- -е. (Мы вязём, мы пяём, мы едзем.)

2) У першым складзе перад націскам – -я. (Вы везяце, вы пеяце.) [4, стар. 189, “Беларуская мова”].

• Дапоўніце сцвярджэнні адпаведнымі прыкладамі з даведкі.      

Для даведкі: мы вязём, мы пяём, мы едзем; вы везяце, вы пеяце.

                  [2, стар. 173, “Беларуская мова”]

                  [5, стар. 61, “Беларуская мова”]   

Назавіце слова.

                                                        Ты пячэш аладкі,

                                                        Мы пячом пірог.

                                                        Ты зграбаеш сена,

                                                        Мы кладзём у … (стог).

                                                                   Аляксей Якімовіч.

• Растлумачце правапіс канчаткаў дзеясловаў з вершаванага тэксту.                                                 

Скорагаворкі.

Зацвітаеце і сонца чакаеце, вясну сустракаеце (Аляксей Якімовіч).

• Якая арфаграма паўтараецца ў словах скорагаворкі?

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                       Пішам і чытаем,

                                                       Ў школу дружна ходзім,

                                                       Веды набываем.

                                                       Стараемся, працуем,

Адказ: 1 – 2, 2 – 1, 3 – 4, 4 – 3.                  

• Знайдзіце ў вершы словы з арфаграмай на вывучанае правіла. Растлумачце іх напісанне. Адно з іх праспрагайце ў адзіночным ліку.

Сустрэча з фразеалагізмамі.

Назавіце фразеалагізмы ў вершы Аляксея Якімовіча, якія абазначаюць   “прайшло многа часу, адбыліся вялікія змены” і “ашукаць, схітраваць, падмануць”.

                                                           Некалі квітнела,

                                                           Жыло маё сяло.

                                                           Калі яго пакінуў,

                                                           Шмат … .

 

                                                           Далей трымайся ад Алеся.

                                                           З ім цяжка справы весці.

                                                           Ён любіць падмануць,

                                                           … .

• Вызначце ў вершаваным тэксце дзеясловы першага спражэння. Адзін з іх праспрагайце ў множным ліку.

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: ыдав олкяцарп; локав ацьлап іцсевба [1, стар. 35, 36, “Фразеалагічны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                              Нікла жыцце ў шумным лесе,

                                              Агаляўся твар зямлі,

                                              І ляцелі ў паднябе(с, сс)і

                                              З звонкім крыкам жураўлі.

                                              Восень ткала ўжо красёнцы

                                              Мяккай чырвані ў лістах,

                                              Восень спеў вяла бя(з, с)концы,

                                           З ветрам ходзячы ў кустах…          [3, стар. 284, “Паэмы Я. Коласа”].

• Якім словам можна замяніць дзеяслоў “нікла”? (Заціхала.) 

• Падбярыце літаратурны адпаведнік да аўтарскага слова “жыцце”. (Жыццё.)

• Вызначце ў вершаваным тэксце дзеясловы першага спражэння. Праспрагайце адзін з іх.

Адказы на пытанні.     

•  Ад чаго залежыць напісанне галосных у канчатках дзеясловаў першага спражэння?

•  Калі ў канчатках дзеясловаў першага спражэння пішуцца о, э, а калі – а?

• Якія канчаткі ўжываюцца ў дзеясловах другой асобы множнага ліку першага спражэння?

Тэст.

Назавіце дзеясловы першага спражэння.

1) Класці;

2) берагчы;

3) цярпець;

4) збіраць;

5) залежаць;

6) сцерагчы;

7) сшываць.

Адказ: 1, 2, 4, 6, 7.

 

Выкарыстаная літаратура

                                                                                                            

1. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

2. Гваздовіч, Г. А. і інш. Беларуская мова : Падруч. для 10-га кл. устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі з бел. мовай навучання з 11-гадовым тжэрмінам навучання / Г. А. Гваздовіч, М. М. Круталевіч, У. П. Саўко. – 2-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 2004. – 239 с.        

3. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

4. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання / Г. М. Валочка [і інш]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --  232 с.

5. Валочка Г. М. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 7-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання / Г. М. Валочка, В. У. Зелянко, С. А. Язерская. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --  240 с.

 

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, сакавік 2022 года, № 3.