Поиск по этому блогу

Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Прыдатак як разнавіднасць азначэння


Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Прыдатак як разнавіднасць азначэння

Што трэба ведаць пра прыдатак?

Прыдатак – гэта азначэнне, выражанае назоўнікам, які дапасуецца з азначаемым словам звычайна ў склоне.

Як яго распазнаць?

Прыдатак характарызуе прадмет і звычайна дае яму іншую назву: гара-велікан.
Лінгвістычны каментарый настаўніка.
Ведайце! Прыдатак, выражаны ўласнай назвай, іншы раз можа не супадаць з паяснёным словам у родзе, ліку і склоне: часопіс “Прырода”. Гэта недапасаваныя прыдаткі.
Праца са сказамі.
Спішыце сказы, устаўляючы прапушчаныя літары. Хвалістай лініяй падкрэсліце прыдаткі. Скажыце, што яны абазначаюць.
1. Красуня-вясна прыйшла непрыкметна. 2. Цётка Аксеня пач..ставала  Алесю смачнымі грушамі.. 3. На жытнёвае поле з самай раніцы выйшлі караблі-камбайны. 4. Якуб Колас вельмі любіў раку Нёман. 5. У часопісе “Полымя” надрукаваны вершы нашага паэта-земляка 6. На доўгія вёрсты раскінуў лес-волат шатр..  (Якуб Колас). 7. Зорка Венера ўзышла над зямлёю (Максім Багдановіч). 8. Так хораша прыбраліся яблын..кі-дзяўчынкі!
Выпішыце прыслоўнае словазлучэнне. (Так хораша.)
Для даведкі (напісана на картцы). Прыдаткі могуць абазначаць розныя якасці прадмета, указваць на ўзрост, нацыянальнасць, прафесію і іншыя прыметы, называць уласныя імёны неадушаўлёных назоўнікаў. Прыдаткамі з'яўляюцца ўласныя найменні, якія абазначаюць назвы газет, часопісаў, прадпрыемстваў, мастацкіх твораў і да  т. п.
Проба сіл.
Дакажыце, што ў словазлучэннях рака Шчара, горад Слонім прыдаткі дапасаваныя, а ў словазлучэннях вёска Парэчча, горад Адэса -- недапасаваныя. Пабудуйце і запішыце сказы з прапанаванымі словазлучэннямі.
Назіранне за словам.
Прачытайце верш. Якія моўна-выяўленчыя сродкі выкарыстаны ў ім? Якую сэнсава-стылістычную ролю ў тэксце выконваюць прыдаткі? (Вобразна характарызуюць прадмет, даюць яму другую назву.) Як вы распазналі іх?
Акалічны народ гуслі знаў гусляра;
                                                Песня-дума за сэрца хапала;
                                                Вакол гэтай думы дудара-званара
                                                Казак дзіўных злажылась нямала.
                                                                              Янка Купала.
Падбярыце сінонім да слова "акалічны". (Навакольны.)
Падбярыце да дыялектнага слова "злажылась" літаратурны адпаведнік. (Склалася.)
Назавіце назоўнік, у якім гукі [д], [т] пры змякчэнні чаргуюцца з [дз′], [ц′]. На пісьме яны перадаюцца літарамі дз, ц. (Народ -- аб народзе.)
Проба сіл.
Дакажыце, што ў словазлучэннях рака Зяльвянка, горад Гомель  прыдаткамі будуць уласныя імёны, а ў словазлучэннях настаўнік Талерчык, інжынер Васілеўская, наадварот, прыдаткамі з'яўляюцца агульныя назоўнікі.
Карысна ведаць.
У 1596 годзе беларус Лаўрэнцій Зізаній выдаў  "Граматыку" для народа з дадаткам "Лексіс" (слоўнік), у якім на старажытнай беларускай мове растлумачыў значэнне многіх  царкоўнаславянскіх слоў. У “Лексісе” можна знайсці шмат слоў жывой сучаснай мовы беларусаў.
Назавіце прыдаткі ў сказах.
Пагартаем "Лексіс" Лаўрэнція Зізанія.
Младенецъ -- дзіця, вырастак.
Пабудуйце і запішыце словазлучэнне са словам "дзіця" ў ролі прыдатка. (Дзіця-пацеха). Зрабіце сінтаксічны разбор гэтага словазлучэння.
Фізкультхвілінка.
На столі, на сцяне вачыма напішыце прыгожае беларускае слова “прыдатак” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.
У гасцях у тлумачальнага слоўніка.
Выкарыстаўшы ўзор, прачытайце і запішыце слоўнікавы артыкул да слова "прашча". (Старажытная ручная зброя для кідання камення.)
Узор. Дзеяч, -а, м. Асоба, што праявіла сябе ў якой-небудзь галіне дзейнасці. Вядомы дзеяч.
Выкарыстаўшы слова "прашча", пабудуйце і запішыце сказ з прыдаткам. (Нядаўна ў музеі нам паказалі дзіва-прашчу.)
        [1, стар. 267, 103, “Тлумачальны слоўнік”]  
Акцэнталагічная хвілінка.
Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.
Апломб, вярба, засланка, камбайнер, беларусы, эксперт.
Адказ. Апломб, вярба, засланка, камбайнер, беларусы, эксперт.
Праца з табліцай.
Пазнаёмцеся з табліцай "Правапіс прыдаткаў".
Правапіс прыдаткаў
-----------------------------------------------------------------------------------------------------------------
Адзіночны прыдатак з паяснёным назоўнікам пішацца праз дэфіс:
калі абодва словы -- агульныя назоўнікі: хлопец-студэнт;
калі ўласны назоўнік стаіць перад агульным: Дняпро-рака.
Заўвага: калі адзіночны прыдатак стаіць перад паяснёным словам і сваім значэннем
адпавядае азначэнню-прыметніку, то дэфіс не пішацца: прыгажуня дзяўчына (= прыгожая дзяўчына ).
------------------------------------------------------------------------------------------------------------------
Дэфіс не ставіцца:
калі ўласны назоўнік стаіць пасля агульнага: рака Дняпро;
калі паміж прыдаткам і паяснёным словам складваюцца рода-відавыя адносіны: грыб
масляк;
пасля слоў пан, панове, спадар (спадарыня), таварыш, грамадзянін, наш брат: спадар
міністр.
------------------------------------------------------------------------------------------------------------------
Выкананне практыкавання.
Знайдзіце і выпішыце сказы з прыдаткамі, уласнымі назвамі, а таксама з развітымі прыдаткамі, якія маюць пры сабе паясняльныя словы.
1. Мой тата нядаўна купіў канапу-ложак. 2. Мой сябар намаляваў прыгожую карціну “Вясна”. 3. Рагвалод, першы полацкі князь, як мага ўмацоўваў сваю родную Полацкую зямлю. 4. Цудоўная паэма Якуба Коласа “Новая зямля” на працягу многіх гадоў не пакідае абыякавымі многія пакаленні беларусаў. 5. Малы хлопчык, унучак дзедаў, сядзеў на возе (Паўлюк Трус).  6. Янка, малы сямігадовы хлопчык, пасвіў гусей на выгане (Змітрок Бядуля). 7. Прыгожа гучаць вершаваныя радкі беларускай народнай песні “Шумяць вербы”.
(Сказы з прыдаткамі, уласнымі назвамі: 2, 4, 7. Сказы з развітымі прыдаткамі: 3, 5, 6.)
Назавіце назоўнікі, да якіх можны прымяніць наступнае выказванне:
Акуратна,
                                                                                    ад душы
                                                                     о, э пад націскам пішы.
Ці супадае вымаўленне слова "радкі" з напісаннем? Чаму?
Перакладчыкі.
Перакладзіце афарызмы на беларускую мову і запішыце. Пастаўце прапушчаныя знакі прыпынку, назавіце сказ з прыдаткам. Зрабіце сінтаксічны разбор словазлучэння з прыдаткам.
Мать(-) земля (Цыцэрон).
Врач (--) философ; ведь нет большой разницы между мудростью и медициной (Гіпакрат).
Речь (--) врач (Гіпакрат).
Словы для даведкі: мудрость -- мудрасць, речь -- гаворка, размова, слова.
Самастойная праца.
Пры спісванні падкрэсліце прыдаткі і пастаўце, дзе трэба, дэфіс або двукоссе.
1. На берагах возера Бяздоннае нахіліліся кучаравыя сятрычкі(-)вербы. 2. Прыгажуня сасна, пакінуўшы суседак, залезла на высокі, парослы травою пагорак. 3. Расцвілі ружы(-)кветкі над краем (Паўлюк Трус). 4. Каля самай вёскі нас сустрэлі загарэлыя на сонцы хлопцы(-)падлеткі. 7. Варотамі Мінска многія лічаць будынкі гасцініцы (“)Мінск(“) і галоўнага паштамта, якая выводзяць нас на шырокі праспект (“)Незалежнасці(”). 8. Над Віллёй(-) ракой, па гары крутой туман сцелецца (Янка Купала).
Праца са сказам.
Запішыце сказ. Растлумачце, згодна з якім правілам пішацца дэфіс. Для гэтага выберыце патрэбнае тлумачэнне:
1) абодва словы -- агульныя назоўнікі;
2) уласны назоўнік стаіць перад агульным.
У рэгістратуры паліклінікі мяне ветліва сустрэла дзяўчына-медсястра.
Тэст.
Адзначце сказы, у якіх дапушчаны памылкі пры адзіночным прыдатку.
1. Будынак гмах стаяў пры самым уездзе ў горад.
2. Над хвалямі мора насіліся чайкі-рыбаловы.
3. Мужчына-вартаўнік спыніў нас на прахадной завода.
4. Бацька вучыў нас любіць зямлю матулю, беражліва адносіцца да яе.
5. Чытайце беларускі літаратурны часопіс “Маладосць”!
Адказы. Сказы з памылкамі: 1, 4.
5. Падвядзенне вынікаў урока.
Н а с т а ў н і к. Вядома, што ліку "сем" здаўна надаваўся таямнічы сэнс. "Сем" -- гэта чвэртка месяца, колькасць дзён у месяцы -- сядміцы. У сузор'і Вялікай Мядзведзіцы знаходзіцца сем зорак. У казках таксама лічба "сем" сустракаецца часта: 7-галовы змей, 7-мільныя боты-скараходы, асілак, які адным махам семярых пабіў.
Сёння лік "сем" для нас не такі таямнічы, як для продкаў, але чалавек часам задумваецца, чаму існуе сем колераў у спектры, сем тонаў (нот). У матэматыцы "сем" -- самы вялікі лік у простым дзясятку.
Цяпер я задам вам сем пытанняў да тэмы "Прыдатак як разнавіднасць азначэння". Пастарайцеся правільна адказаць на іх.
Што такое прыдатак?
Якую ролю прыдатак выконвае ў сказе?
Што можа абазначаць прыдатак?
Калі прыдатак пішацца праз дэфіс?
У якіх выпадках дэфіс пры прыдатках не ставіцца?
Калі ўласнае імя не з'яўляецца прыдаткам?
Калі прыдаткі бяруцца ў двукоссе і пішуцца з вялікай літары?

Выкарыстаная літаратура

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.