Поиск по этому блогу

Апавяданне "Жывая Сляза"

 

                                                         Аляксей Якімовіч

 

ЖЫВАЯ СЛЯЗА

Апавяданне

 

Выдадзена ў выдавецтве “Беларусь”.

Якімовіч, А. М. Русалка : фантастычна-містычныя апавяданні  / Аляксей Якімовіч . – Мінск : Беларусь, 2020. – 136 с.

1

Трэці дзень Аксеня не ўставала з ложка. У яе балела, кружылася галава, а ногі здзервянелі.

У невялікім пакойчыку, дзе сіратліва стаяў яе металічны ложак з жорсткай драцяной сеткай, было душна, цёмна. Учора нявестка Галя забараніла сыну Толіку адвешваць цяжкія цёмна-карычневыя шторы на акне і адчыняць фортку.

-- Я ў адной газеце чытала, -- сказала яна Толіку рэзкім крыклівым голасам, -- што старыя і хворыя людзі да цемнаты павінны прывыкаць. Тады ім паміраць лягчэй.

-- Але ж мама яшчэ жывая, -- паспрабаваў запярэчыць Толік.

-- Я так сказала! -- як адрэзала Галя і, крутнуўшы клубамі, выйшла з пакойчыка.

Апусціўшы галаву, Толік пацягнуўся за Галяй.

Аксеня прамаўчала. Яна не хацела, каб сын сварыўся з жонкай.

"Бом-бом, бом-бом"... -- дзевяць разоў прастукаў гадзіннік, што вісеў на калідоры. Зараз адчыняцца дзверы, і яе Толік, як звычайна, прынясе ёй манную кашу. Прысядзе на краёчак ложка і пачне карміць, як некалі яна яго малога карміла з лыжкі.

-- Куды ідзеш? -- данёсся з кухні крыклівы Галін голас.

-- Маму пакармлю, -- густым мужчынскім басам прамовіў Толік.

Галя гучна засапла. Яна заўжды так сапла, калі злавалася.

-- Хто табе даражэй: я ці твая мама? Выбірай!

Аксеня адчула, як заказытала ў горле. Неўзабаве пачнецца кашаль: доўгі, нудны, цяжкі. Зноў прыйдзецца затуляць рот далонямі і прасіць Бога, каб спыніў яго. Інакш Галя зусім разнервуецца.

-- Толік, яе хваробы мяне да сухотаў давядуць!

-- А я што магу зрабіць? -- панура адказаў сын.

У горле, на шчасце, перастала казытаць. Аксеня выцягнула ўздоўж цела худыя рукі, уважліва прыслухоўваючыся да гаворкі.

-- Не хадзі да яе. Няхай памірае. Яна ўжо нажылася на свеце. Яна цяпер нам перашкаджае. Толік, свая кашуля бліжэй да цела. Запомні гэта.

Твар у Аксені балюча перасмыкнуўся, але яна не заплакала: чакала, што скажа сын.

-- Толік, яе хутка зусім паралізуе. Дык што? Работу кінеш і за няньку будзеш сядзець? Я вас не пракармлю. У мяне дачушка, Светачка, у першы клас ходзіць. Ёй і туфелькі, і прыгожыя банцікі трэба купіць. Ты не ведаеш, ты не купляеш. Усё на мне. Хто табе даражэй: я ці твая мама? Выбірай!

-- Няхай памірае! -- не сваім, пісклявым голасам прагаварыў сын.

"Божа, чаму ж я не аглухла!" --  падумала Аксеня і застагнала ціха, як параненая, нікому не патрэбная жывёліна.

2

Надвячоркам дзверы адчыніліся, і да Аксені ў пакойчык зайшла ўнучка Светачка. Як і сын, яна была круглатварая, светлавалосая.

Аксеня ўздрыгнула ўсім сваім збалелым целам і мацней зашчаміла зубы, каб не ўсклікнуць, не напалохаць Светачку.

Азірнуўшыся, Светачка подбегам накіравалася да ложка.

-- Бабулька, ты яшчэ не памерла?

У Аксені зашчымела на душы.

-- Унучачка, адвесь шторку. Няхай сонейка на нас паглядзіць.

Светачка пакруціла кучаравай галоўкай.

-- Мне мама забараніла. А ты сама мне казала, каб расла паслухмянай дачкой.

У Аксені задрыжалі губы, а вочы заплылі слязамі.

-- Яна цябе паслала, каб ты праверыла, ці жывая я?

-- Я сама здагадалася, што трэба праверыць, -- прызналася Светачка. -- Калі ты памрэш і цябе пахаваюць, я ў твой пакой перабяруся. Тут урокі буду рабіць.

-- Унучачка, наша хата вялікая. Хіба табе мала месца?

Светачка зірнула ў патрэсканае старэнькае люстэрка на сцяне, любуючыся сваім прыгожым тварыкам.

-- Гэты пакой у нас самы сонечны. Так мама сказала.

Аксеня паглядзела на бажніцу, што стаяла на стале (яе Галя нядаўна зняла з покуці, хацела забраць, але яна, Аксеня, не дазволіла), і прашаптала:

-- Божа! Даруй ім іх грахі.

-- Бабулька, у цябе губы зусім сінія, -- прамовіла Светачка і тыцнула пульхненькай ручкай Аксені ў твар.

Кап -- выкаціўшыся з Аксенінага вока, на гэтую пульхненькую ручку капнула вялікая мутнаватая сляза.

-- Бабулька, твая сляза пячэцца! -- усклікнула Светачка і, змахнуўшы слязу з рукі, выскачыла з пакойчыка.

3

Дзверы ў пакойчыку засталіся адчыненыя. Аксеня чула, як Светачка прыбегла ў залу, дзе Галя і Толік глядзелі нейкі тэлевізійны фільм, і паскардзілася:

-- Мамачка, у бабулі сляза з вока капнула і мне ручку апякла.

-- Чаго ж ты пабегла туды? Хто цябе прасіў? -- накінулася на дачку нявестка.

-- Я хацела праверыць, ці не памерла яна! -- усхліпнула Светачка.

Нейкую хвіліну ў зале было ціха, а потым Галя ўсклікнула:

-- Толік, глянь! У Светачкі сапраўды рука апечаная! У тваёй мамкі слёзы сталі ядавітыя!

Аксеня ведала, што Галя цяпер трымае дачку на каленях, цалуе ў шчочку, гладзіць па валасах, супакойваючы, а Светачка, песцячыся, туліцца да яе.

-- Дажыліся! -- гучна ўздыхнуў Толік.

Нявестка, было чуваць, заварушылася на крэсле. Крэсла жаласна застагнала пад ёй.

-- Я не магу ў адной хаце з ёю знаходзіцца! Прыдумай што-небудзь!

-- Светачка, бабуля слабенькая? -- пацікавіўся сын.

-- Зусім слабенькая. Яна нават не варушыцца, -- паведаміла ўнучка.

-- Чула? -- звярнуўся да Галі Толік. -- Ужо не варушыцца. Трэба пачакаць.

4

-- Ці ж я вінаватая, што да такіх гадоў дажыла, што мая сляза стала пякучая? Мне хацелася б яшчэ крыху пажыць, на іх паглядзець і парадавацца, але няма як. Пара паміраць, -- старэчымі бяскроўнымі вуснамі прашаптала Аксеня і, заплюшчыўшы вочы, склала на грудзях рукі.

-- Аксеня Іванаўна, табе рана паміраць, -- пачуўся побач тоненькі дзявочы галасок.

Старая расплюшчыла вочы і павярнула галаву. Хто ж яе па бацьку называе? Калісьці муж-нябожчык так ганараваў.

-- Я тут, Аксеня Іванаўна, -- зноў пачуўся той жа тоненькі дзявочы галасок.

Аксеня ўбачыла, што на белым бліскучым біле ложка стаіць невялікі прадаўгаваты шарык з ручкамі, з вочкамі, з ножкамі.

Аксеня не здзівілася. Яна ведала, што ў гэтым неспакойным, непрадказальным жыцці ўсяго можна чакаць.

-- Хто ты? -- запыталася ў шарыка.

-- Твая Сляза. Мяне Светачка з рукі на падлогу змахнула, а я ўпала і ажыла!

-- Ты апякла Светачцы ручку. Цяпер яна бацькам скардзіцца, -- з дакорам прагаварыла Аксеня.

-- Няхай скардзіцца! -- разявіўшы кругленькі зубасценькі роцік, усклікнула Сляза і, саскочыўшы з біла на падлогу, адвесіла на акне штору.

Праз даўно нямытую шыбіну засвяціла сонейка. Ягоны цёплы праменьчык прабег па Аксеніным твары. Аксеня ад неспадзеўкі прыжмурылася. А праменьчык светлым зайчыкам заскакаў па падлозе. Хоць фортка была зачынена, але Аксеня адчула, што ў пакойчыку дыхнула вясною, якая красавала на двары.

Жанчына крыху прыўстала, каб убачыць Слязу. Ёй здалося, што яна пабяжыць на двор, уцячэ, і тады ёй адной прыйдзецца паміраць.

-- Дзе ты, Сляза?

-- Я тут! Зараз вады ў конаўку набяру і твар памыю табе, Аксеня Іванаўна.

Сляза выбегла на сярэдзіну пакоя, а затым закруцілася, як ваўчок, і знікла ў дзвярах.

Аксеніна галава ўпала на мулкую, збітую падушку. Вось і знайшлася ёй памочніца. Напэўна, сам Бог паслаў яе.

5

Праз некалькі хвілін Сляза з'явілася ў пакойчыку. У сваёй маленькай ручцы яна трымала вялікую бляшаную конаўку з вадой.

Упершыню за апошнія дні на Аксеніных губах прабегла штосьці падобнае на ўсмешку.

-- А ты не слабенькая, Сляза!

Сляза паставіла конаўку на табурэтку, падбегла да вялікага куфра, што стаяў пры сцяне, і адчыніла яго.

-- Не трэба! Не трэба! -- захвалявалася Аксеня. -- Там ляжыць Светачкін пасаг: ручнікі, якія я сама ткала, вышывала...

-- Трэба! -- цвёрда сказала Сляза і дастала з куфра беласнежны, вышыты васількамі ручнік.

-- Што ты задумала? -- ціха прамовіла Аксеня. Яна зразумела, што Сляза не паслухаецца яе, зробіць па-свойму.

Сляза намачыла ручнік у конаўцы і старанна выцерла Аксені не толькі твар, але і рукі, і грудзі.

Аксеня адчула, што галава перастала балець і дыхаць стала лягчэй. Яна паварушыла нагамі. Як і раней, ногі слухаліся яе.

-- Аксеня Іванаўна, ты памаладзела! -- у захапленні ўсклікнула Сляза і павесіла ручнік на біла ложка.

6

З кухні данёсся ўсхваляваны Галін голас:

-- Толік, кран на кухні адкручаны! Вада так і прэ!

-- Закруці, калі прэ! -- гукнуў з залы Толік.

-- Ты забылася кран закруціць, -- з папрокам звярнулася да Слязы Аксеня.

А Сляза ўселася на біла і махае ножкамі як нічога ніякага.

Галя, як відаць, закруціла кран і, выйшаўшы з кухні, спынілася на калідоры, непадалёку ад Аксенінага пакойчыка.

-- Толік, яна кран адкруціла, на кухню хадзіла.

-- Яна ж памірае, -- неахвотна адказаў сын.

-- Кажу табе, што яна. Я яшчэ не здурнела. Хадзі сюды, праверым, чым там займаецца.

Аксеня абаперлася рукою аб падушку і села. Што ж, няхай бачаць сын і нявестка, што яна не памерла і не збіраецца паміраць. Магчыма, нарэшце паразумнеюць яны, загаворыць у іх сумленне.

-- Аксеня Іванаўна, не здавайся, -- падахвоціла старую Сляза і з біла пераскочыла на стол, схаваўшыся каля бажніцы.

7

Разам з Галяй і Толікам у пакойчык прыйшла і Светачка. Галя трымала яе за руку, мабыць, баялася адпусціць ад сябе.

Аксеня крадком зірнула на Толіка. Пад вачыма ў сына цёмныя кругі. А ўчора, калі карміў яе маннай кашай, іх не было. Відаць, таксама, як і яна, непакоіцца, перажывае. Можа, сапраўды ёй трэба памерці, каб не перашкаджаць ім, не займаць месца ў хаце?

Галя тыцнула кароткім тоўстым пальцам, паказаўшы на конаўку.

-- Конаўка на табурэтцы! Я ж табе казала!

-- А вунь мой ручнічок! Бабуля яго з куфра дастала! -- загаласіла Светачка.

Толік пераступіў з нагі на нагу. Яму, канешне, было няёмка.

-- Мама, мяне магла б паклікаць. Я вады прынёс бы.

Аксеня апусціла галаву. Што ж рабіць? Апраўдвацца, прасіцца ў іх? А ці зразумеюць яны? Цяпер мала хто слухае старых. Маладзейшыя сябе разумнейшымі лічаць. Не, яна прамаўчыць. Няхай саромяць, няхай выказваюць свае крыўды. Ім таксама набалела.

Нявестка гучна засапла. "Злосці набіраецца", -- адзначыла пра сябе Аксеня і прыгнулася, сцялася ў камячок.

-- Штору адвесіла! Знайшлася мне гаспадыня! -- закрычала Галя.

Старая затуліла рот далонню, каб уголас не заплакаць.

-- Мамачка, -- неспадзявана крыкнула Светачка, -- на нашым стале маленькі чалавечак танцуе!

На стале стаяла і крыўлялася Сляза.

-- Гэта мая Сляза, -- каб не перапалохаліся блізкія, паведаміла Аксеня. -- Яна мне вады прынесла.

-- І вады прынесла, і шторы адвесіла, -- пахвалілася Сляза.

-- Яна гаворыць! -- здзівілася Светачка.

-- Толік, злаві яе і выкінь, -- загадала Галя і ўгнула галаву ў плечы.

Наставіўшы рукі, Толік з аглядкай стаў набліжацца да Слязы. Твар у яго пабялеў, а вочы шырока расплюшчыліся.

Сляза нерухома стаяла на стале.

У Аксені міжволі закалаціліся худыя плечы. Зараз сын зловіць Слязу, занясе на двор і растопча чаравікам. А яна ж жывая, ёй будзе балець. Можа, сказаць пра гэта Толіку? Не, не паслухаецца яе сын.

-- Лаві! -- сыкнула Галя.

-- Татка, злаві яе! -- сцяўшы ручку ў кулачок, гукнула Светачка.

Толік грудзьмі налёг на стол, прыгаршчамі накрыў Слязу і адскочыў, узняўшы рукі.

-- Галя, яна пячэцца!

Сляза паказала яму язычок.

-- А ты як думаў! Мацярынская сляза пякучая.

Галя зыркнула на Аксеню і выскачыла з пакойчыка, цягнучы за сабою Светачку. Толік пабег за жонкаю.

8

-- Ну й выдра! -- паківала галавою Сляза.

-- Наша Галя не такая кепская. Мой Толік дагледжаны ходзіць, -- заступілася за нявестку Аксеня. Яна не хацела яе абгаворваць.

-- Гладкі! Ад'еўся пры табе, Аксеня Іванаўна, -- заўважыла Сляза і, размахваючы ручкамі, пабегла ў залу. Неўзабаве схавалася там за мяккім крэслам.

9

У зале знаходзілася ўся сям'я: Галя, Толік і Светачка.

Галя сядзела на мяккім крэсле і трымала на каленях Светачку, а Толік хадзіў па зале і вохкаў, хукаючы на апечаную далонь.

-- Во да чаго дажыліся, ё маё! Маці слязою руку апякла!

Галя з пагардай паглядзела на мужа.

-- Не плач. У міліцыю патэлефануй.

Толік застыў, як мумія.

-- Навошта?

-- Няхай міліцыя арыштуе Слязу і ў турму пасадзіць, -- падказала Светачка.

Галя з пяшчотай пацалавала дачку ў патыліцу.

-- Разумненькая ты ў мяне! А твой татка ёлупень.

Толік стаяў і моршчыў лоб.

-- Што надумаў, кікімара? -- не сцярпела Галя.

Толік, было відаць, зусім разгубіўся.

-- Што людзі скажуць, калі праведаюць?

-- Мне ўсё роўна, што скажуць. Я не для людзей, а для сябе жыву, -- заявіла Галя.

Не стрываўшы, Сляза балюча ўшчыкнула маладзіцу за тоўстую лытку.

Галя не войкнула, не закрычала, а мацней абняла дачку і прашаптала:

-- Яна тут, каля мяне!

-- Хто? -- зноў не дайшло да Толіка.

На сярэдзіну залы выбегла Сляза і замахала ручкамі, даказваючы:

-- Міліцыю яны выклічуць! Тэлефануйце! Няхай прыязджае міліцыя! Няхай давядзе Аксеню Іванаўну да плачу! Не дзесяць, не дваццаць, а сто маіх слязінак-сястрычак у вашай хаце паселіцца. Паўцякаеце з хаты. Міліцыя вам не дапаможа.

Галя і Толік з жахам слухалі Слязу, а яна, задаволеная сабою, далей распавядала:

-- Беражыце Аксеню Іванаўну. Так дагаджайце, каб ніводная слязінка не выкацілася з яе вачэй.

-- Толік, бяжы ў аптэку, лекаў маме купі, -- падала голас Галя. Яна сядзела на крэсле і дыхала цяжка, як пасля імклівага бегу.

10

У гэты дзень Аксеня як зноў на свет нарадзілася. Сын прынёс з аптэкі розных лекаў, накарміў маннай кашай. Ён сядзеў на табурэтцы і ўсміхаўся ёй.

Нездарма кажуць: бацькі даруюць сваім дзецям. Так і Аксеня. Яна забылася пра крыўды, забылася на хвіліну, што ныюць рукі, пячэ ад лежні спіна.

-- Толічак, на тваёй кашулі гузік вось-вось адарвецца. Давай я яго прышыю.

-- Мама, у цябе рукі калоцяцца. Ты іголку ў нітку не прадзенеш, -- напомніў пра нямогласць і хваробу Толік і ўстаў з табурэткі. -- Ну, я пайду. Свінням есці трэба даваць.

11

-- Аксеня Іванаўна, твой сыночак як не той стаў, -- ці то з пахвалой, ці то з асуджэннем сказала Сляза. Яна стаяла на стале.

-- Ён у мяне заўжды быў добры, ласкавы, паслухмяны, -- пахвалілася Аксеня і нечакана звярнулася да Слязы: -- Ты мая Сляза? Так?

-- Так, -- кіўнула галоўкай Сляза, не разумеючы, чаго хоча ад яе гаспадыня.

Аксеня ўдыхнула ротам свежае паветра, што прыплыло ў пакойчык праз адчыненую фортку, і прагаварыла з ласкай, каб не адмовіла ёй Сляза:

-- Ты бачыш, як сын завіхаецца каля мяне. Хачу яму аддзячыць, але ні грошай, ні сіл у мяне няма. Я ведаю: ты штосьці прыдумаеш, дапаможаш, калі пажадаеш. Першы і апошні раз цябе прашу.

Сляза села на стол, выцягнула ножкі і кулачком падперла падбародак.

-- Дапаможаш? -- з надзеяй запыталася Аксеня.

-- Так і быць. Але табе, Аксеня Іванаўна, трэба прытварыцца мёртвай.

Жанчына зніякавела. Не, на такое яна ніколі не пагодзіцца, гэткі грэх на душу не возьме.

-- Аксеня Іванаўна, -- мацней сказала Сляза, -- ты хочаш ашчаслівіць свайго сына?

-- Яшчэ як хачу!

-- Значыць, табе прыйдзецца прытварыцца мёртвай. Роўненька ляжы і ні на што не зважай.

-- Але ж я буду дыхаць. Яны пазнаюць, што жывая, -- паспрабавала запярэчыць Аксеня.

-- Не пазнаюць, -- сказала Сляза. -- Яны даўно не заўважаюць, што ты дыхаеш.

Аксеня заплюшчыла вочы, роўненька выцягнулася і склала рукі на грудзях, задраўшы галаву.

-- Божачка! Божа! -- на ўсю моц загаласіла Сляза. -- Вось і памерла ты, Аксеня Іванаўна. Не чакала я, што так хутка на той свет адправішся і неўзабаве мяне з сабою забярэш.

12

У пакойчык убеглі Галя, Толік і Светачка. Стоўпіліся каля дзвярэй.

--  Адправілася? -- кіўнуўшы галавою, паказала на Аксеню Галя.

-- Уздыхнула і адправілася, -- усхліпнула Сляза.

Толік выцер рукавом сухія вочы.

-- Ты таксама неўзабаве за ёю туды адправішся? -- націснуўшы на слова "туды", прагаварыла Галя, звярнуўшыся да Слязы.

-- Адпраўлюся, калі Аксеню Іванаўну пахаваеце. Яна прасіла, каб Толік ёй магілку каля старой грушы выкапаў.

Толік гучна шмаргануў носам.

-- Не магу. Як-ніяк, радня я ёй.

Галя няласкава зірнула на мужа.

-- Бяры рыдлёўку, сякеру, драбіны і бягом бяжы. Хоць раз сваю мамку паслухайся.

-- І я з ім пайду, -- сказала Сляза і саскочыла са стала на падлогу.

13

Галя сядзела на табурэтцы, паставіўшы яе ў дзвярах, і з ухмылкай глядзела на свякроў. Побач стаяла Светачка. Яна не зводзіла з Аксені вачэй, у якіх застылі здзіўленне і страх.

-- Светачка, ты не баішся бабулі? -- пацікавілася Галя.

-- Бабулька, -- нараспеў, як дарослая, раптам прамовіла Светачка, -- ні адна слёзка ўжо не выкаціцца з тваіх вачэй. Ні мамку, ні татку ты не патрывожыш. Памерла, а ляжыш як жывая. Хутка суседачкі прыйдуць, развітаюцца з табою, мамка і татка вяночак купяць, каля цябе пакладуць. І я прынясу табе букецік.

Ухмылка з Галінага твару знікла, трывожна стала на яе душы. Ёй успомнілася, як калісьці прыйшла ў гэтую хату, як з радасцю сустракала яе свякроў, як потым самую цяжкую работу сама старалася зрабіць.

-- Бабулька! -- усхліпнула Светачка.

-- Хадзем, дачушка. Няхай адпачывае яна, -- сказала Галя і, ціха ступаючы, выйшла з пакойчыка.

14

Аксеня засталася адна, але ёй не было адзінока. Усё-ткі шкадуюць яе і Светачка, і Толік, і, мабыць, Галя. Калі яна сапраўды памрэ, то па-людску ў апошні шлях правядуць: і прыгожую дамавіну закажуць, і ў святочнае адзенне прыбяруць, і паплачуць на развітанне. Значыць, і яна штосьці зрабіла, нездарма на гэтым свеце пражыла.

-- Божа, даруй нам, грэшным! -- усцешаная, прагаварыла старая.

15

Сляза падвяла Толіка да разгалістай старой грушы-дзічкі і паказала.

-- Тут капай

-- Тут карэнні, і зямля гліністая, цвёрдая, -- скрывіўся Толік.

-- Аксені Іванаўне ў такой зямлі будзе добра ляжаць, -- сказала Сляза.

-- Так, добра, суха, -- пагадзіўся Толік і, адмераўшы крокамі, пачаў капаць магілу.

Сляза сядзела на нагрэтым сонцам камяні і назірала за Толікам. Старанна капаючы дол, Толік упарыўся. Ён скінуў кашулю. Пот выступіў на ягоным лобе, спацелі грудзі, спіна.

-- Спяшаешся? -- парушыла маўчанне Сляза.

Толік з сілай загнаў рыдлёўку ў зямлю.

-- Канешне, спяшаюся. Ты сядзіш, адпачываеш, а мне і вянок трэба заказаць, і са святаром дамовіцца, і ў сельсавет збегаць, і гарэлкі купіць. Як падумаю пра ўсё гэта, дык моташна становіцца.

Сляза злезла з каменя і стала на краі магілы. Толік зноў з сілай загнаў рыдлёўку ў зямлю. Вострае лязо аб штосьці глуха стукнула.

-- Што там? -- пацікавілася Сляза.

Толік нагнуўся і рукамі разгроб пясок.

-- Старая дамавіна, але яшчэ цэлая. Відаць, дубовая.

-- Бач ты! Гэтулькі ў зямлі праляжала, а не згніла! -- здзіўлена прагаварыла Сляза і дадала: -- Адарві накрыўку. Магчыма, у дамавіне скарб ляжыць.

-- Ты так думаеш? – азваўся Толік і, узяўшыся за накрыўку, пацягнуў на сябе. Накрыўка прыўзнялася.

У дамавіне ляжаў шкілет. Ён заскрыгітаў зубамі і, павярнуўшыся, лёг на бок. Толік ускочыў, імкнучыся вылезці з магілы, але свежая зямля абвалілася, шухнула на яго і засыпала па калені.

Сляза ўсміхнулася, а Толік закрычаў:

-- Я здагадаўся! Ты мяне жывым хочаш пахаваць!

Сляза тупнула ножкай.

-- Капай, бо сапраўды пахаваю.

Толік хіснуўся, як п'яны, тоненька заенчыў, выцягнуў ногі з пяску, пакінуўшы там туфлі,  і стаў шпурляць зямлю наверх. Па ягоным твары цяклі слёзы, перамешваючыся з салёным потам.

Рыдлёўка зноў глуха стукнула аб дамавіну.

-- Мамачка! -- закрычаў Толік.

16

Лежачы на ложку, Аксеня пачула сынаў крык. "Толіку кепска, бяда яго падсцерагла. Можа, Галю паклікаць, папрасіць, каб на могілкі збегала? Але ж перапалохаецца яна, мой голас пачуўшы. Адно застаецца: памаліцца, Бога папрасіць, каб дапамог сыну," -- падумала Аксеня і, шырока расплюшчыўшы вочы, пачала казаць Малітву бацькоў за дзяцей:

-- Госпадзе, Божа наш, ты дабраславіў нашае сужэнства дзяцьмі ды паставіў нас настаўнікамі й праваднікамі іхнымі; Ты аддаў пад апеку нашу вінаграднік Свой, які мы маем даглядаць. Дзеля гэтага просім Цябе, Госпадзе, дай нам чысты розум і волю непахісную, каб мы маглі рассудна й належна выхаваць іх на годных людзей і справядлівых слугаў Тваіх. Дабраслаў, Ойча нябесны, дзетак нашых, пашлі добрую волю ў сэрцы іхныя, добрыя жаданні й намеры, любоў да ўсяго, што разумнае, праведнае й святое. Ахавай іх Тваёй святой ласкай, а мы будзем славіць Цябе ўва ўсе дні жыцця нашага. Амін.

17

-- Скінь накрыўку! -- загадала Толіку Сляза.

Толік знізу ўверх паглядзеў на Слязу і, набраўшыся рашучасці, зусім адарваў накрыўку, скінуўшы яе на бок. У дамавіне ў нагах шкілета ляжаў збан, поўны залатых капеек. Яны блішчалі ў прамянях заходзячага сонца, вабілі да сябе.

Толік задрыжаў усім целам і працягнуў руку, каб узяць багацце.

-- Маё! -- скрыгітнуў зубамі шкілет і сеў у дамавіне.

Толік хуценька адняў руку, прытуліўшы яе да сэрца, якое білася часта, трывожна.

Сляза апусціла ў магілу драбіны і звярнулася да Толіка:

-- Баішся ўзяць? Дык вылазь!

-- Яму не пакіну! -- гукнуў Толік і, схапіўшы збан, па драбінах вылез з магілы.

18

У Аксеніным пакойчыку каля збана з залатымі капейкамі сабраліся Галя, Светачка і Толік.

-- Галя, шкілет мне золата не даваў, але я яго не пабаяўся! -- пахваліўся Толік.

Галя асцярожна, двума пальцамі ўзяла капейку і паднесла яе да вачэй, разглядваючы.

-- Машыну купім, летам на мора паедзем загараць.

-- Бабулю з сабою возьмем? -- пацікавілася Светачка.

-- Дачушка, бабуля даўно памерла, -- напомніла Галя.

"Трэба паміраць, " -- падумала Аксеня і ўздыхнула ў апошні раз.

Па краёчку ложка да Аксені падышла Сляза і закрыла ёй вочы, а потым саскочыла на падлогу і расцяклася невялікай мутнаватай калюжынкай.

Светачка заўважыла калюжынку. Тыцнула ў яе пальчыкам і адразу ж адхапіла яго.

-- Мамачка, вось калюжынка. Яна пячэцца!

-- Сляза ператварылася ў калюжынку, -- здагадалася Галя. -- Толік, вытры яе хутчэй!

-- Чым? -- запытаўся Толік.

-- А хоць рукавом.

-- Так, так, -- сказаў Толік і рукавом кашулі старанна выцер калюжынку.