ВЫВУЧАЕМ
БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ
Тэма: правапіс
азначальных займеннікаў сам (сама, само, самі).
Псіхалагічны настрой.
Прадзед, бацька,
Кіпень, выбуховы –
Гэта словы нашай мовы.
Аляксей Якімовіч.
• Якія
словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?
Хвілінка
кемлівасці.
•
Прачытайце словазлучэнні з займеннікамі мужчынскага і ніякага роду ў назоўным
склоне адзіночнага ліку і, карыстаючыся даведкай, праскланяйце іх.
Сам настаўнік, сам малюнак, само сонца.
Для даведкі.
Займеннікі мужчынскага (сам) і ніякага (само) роду адзіночнага ліку маюць
наступныя канчаткі: Р. -- -ога,
Д. -- -ому, В. – як Н. або Р. (у мужчынскім родзе), -о
(у ніякім родзе), Т. -- -ім, М.-- -ім [3, стар. 193,
“Беларуская мова”].
Працуем са спалучэннямі слоў.
• З
займеннікам само прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным
значэннем.
• Ці
з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?
• Вызначце
род займенніка само і растлумачце правапіс яго канчатка.
Для даведкі: само адбылося – само па сабе.
Ведайце! Займеннік сам (сама, само, самі)
паказвае на асобу ці прадмет, якія самастойна ўтвараюць дзеянне [3, стар. 192,
“Беларуская мова”].
Назавіце
слова.
Пішам без памылак:
Самому пастарацца,
Самому
расквітацца,
Самому … (насмяяцца.)
Аляксей Якімовіч.
• Абазначце
канчаткі займеннікаў і растлумачце іх правапіс.
Хвілінка
кемлівасці.
•
Прачытайце словазлучэнне з займеннікам жаночага роду ў назоўным склоне
адзіночнага ліку і, карыстаючыся даведкай, праскланяйце яго.
Сама настаўніца.
Для даведкі.
Займеннікі жаночага роду адзіночнага ліку маюць наступныя
канчаткі: Р. -- -ой, Д. -- -ой,
В. – -ую, Т. -- -ой (-ою),
М.-- -ой [3, стар. 193, “Беларуская мова”].
Назавіце
слова.
Пішам без памылак:
Самой намаляваць,
Самой папрацаваць,
Самой … (паспяваць.)
Аляксей Якімовіч.
• Абазначце
канчаткі займеннікаў і растлумачце іх правапіс.
Праца са сказам.
Складзіце скорагаворку са слоў.
Захапляюся, сама, любуюся, сама. (Сама захапляюся, сама любуюся.)
• Займеннікі
са скорагаворкі пастаўце ў вінавальным склоне і растлумачце правапіс іх
канчаткаў.
Хвілінка
кемлівасці.
Прачытайце словазлучэнне з займеннікам у назоўным склоне
множнага ліку і, карыстаючыся даведкай, праскланяйце яго.
Самі вучні.
Для даведкі.
Займеннікі множнага ліку маюць наступныя канчаткі: Р. -- -іх, Д. -- -ім, В. – -і,
Т. -- -імі, М.-- -іх [3, стар. 193, “Беларуская мова”].
[4, “Беларуская мова”]
Назавіце слова.
Пішам без памылак
Самім трэніравацца,
Самім разганяцца,
Самім … (разбягацца).
Аляксей Якімовіч.
• Абазначце канчаткі займеннікаў і растлумачце іх
правапіс.
Фізкультхвілінка.
На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя літары с, а, м, і, потым напішыце беларускае слова
“імгненне” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.
Праца з вершам.
Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея
Якімовіча.
З леечкі старанна
Сам я пасадзіў.
У той жа дзень паліў.
Вішаньку ў садочку.
Адказ: 1 – 4, 2 – 2, 3 – 1, 4 – 3.
• Вызначце
ў вершаваным тэксце займеннік і праскланяйце яго.
Сустрэча з
фразеалагізмам.
Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які
абазначае “не горшыя за іншых”.
Без вас лужок скосім,
Не йдзіце за намі.
Абыдземся без падказкі.
Мы … .
• Знайдзіце
ў вершаваным тэксце слова з арфаграмай на вывучанае правіла. Растлумачце яе
напісанне.
Словы фразеалагізма,
напісаныя наадварот: імас з імасув [1, стар. 258,
“Фразеалагічны слоўнік”].
Скорагаворка.
Света сама ўзяла самую вялікую галінку
(Аляксей Якімовіч).
• Якая
арфаграма паўтараецца ў словах скорагаворкі?
Узбагачаем мову словам Якуба
Коласа.
Раскрываючы дужкі, запішыце словы з прапушчанымі
літарамі. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.
С(е, я)бры на верх гары ўзняліся,
Аж
упацелі, засапліся,
І
ногі іх спынілісь самі.
А
слаўны від перад с(я, е)брамі
З
гары высокай адчыняўся! [2, стар. 246, “Паэмы Я. Коласа”].
• Падбярыце літаратурныя
адпаведнікі да аўтарскіх слоў “спынілісь”, “від”, “адчыняўся”. (Спыніліся, выгляд, адкрываўся.)
• Назавіце
азначальны займеннік у вершаваным тэксце. Праскланяйце яго.
Для даведкі.
Сябры – дзядзька Антось і Грышка Верас.
Адказы на пытанні.
• Ці можа займеннік сам паказваць на асобу ці
прадмет?
• Які
канчатак мае займеннік сама ў творным склоне?
Тэст.
• Назавіце
займеннікі, напісаныя правільна.
1. Самога.
2. Самаго.
3. Самім.
4. Самой.
5. Самый.
6. Саміх.
7. (Пры) саміх.
Адказ: 1, 3, 4, 6, 7.
Выкарыстаная літаратура
1. Гаўрош,
Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара
філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага. –
Мн., “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.
Перад загал. аўт. : Н. В.
Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.
2. Колас, Я.
Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448
с.
3. Малажай, Г. М. і
інш. Беларуская мова : Падруч. для 6-га кл. шк. з рус. мовай навучання. /
Г. М. Малажай, З. М. Кавалевіч, С. Р. Рачэўскі. – Мн. : Нар. асвета, 1996.
-- 238 с., [4] л. іл.: іл.
4. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў
агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання / Г. М. Валочка [і інш].
– Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --
240 с.
Гэты ўрок (у ім
могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і
літаратура”, студзень 2022 года, № 1.