Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: напісанне складаных прыметнікаў разам

 

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ

 

Тэма: напісанне складаных прыметнікаў разам.

Псіхалагічны настрой.                             

                                                          Цяжкі, чэрвеньскі,

                                                          Шматскладовы –

                                                          Гэта словы нашай мовы.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Успамінаем.

Складанымі называюцца словы, якія маюць у сваім складзе некалькі каранёў (два ці болей).

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: рыбалоўны ці рыба-лоўны?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Пачнём з правіла.

Запомніце! Разам пішуцца складаныя прыметнікі, утвораныя ад складаных назоўнікаў, якія пішуцца разам  [4, стар. 179, “Беларуская мова”].

Напрыклад: ватарпольны.

Прыметнік ватарпольны ўтвораны ад назоўніка ватарпола, які пішацца разам.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: рыбалоўны.

Для даведкі.

Ватарпола – воднае пола, спартыўная камандная гульня з мячом на вадзе [2, стар. 63, “Слоўнік іншамоўных слоў”]. 

Назавіце слова.

                                                             Пішам разам 

                                                                            Водаправодны,

                                                             Жалезабетонны,

                                                             … (Параходны).

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Растлумачце напісанне разам  прыметнікаў “водаправодны”, “жалезабетонны”, “параходны”.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: кароткатэрміновы ці каротка-тэрміновы?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Чытаем правіла.

Помніце! Складаныя прыметнікі, утвораныя ад словазлучэнняў, у тым ліку ад геаграфічных назваў, якія па форме не з’яўляюцца словазлучэннямі, пішуцца разам [6, стар. 164, “Беларуская мова”].

Напрыклад: народнагаспадарчы.

Складаны прыметнік “народнагаспадарчы” ўтвораны ад словазлучэння назоўніка з прыметнікам “народная гаспадарка”.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: кароткатэрміновы.

Скорагаворка.

У трохпакаёвай кватэры знаходзіцца іншамоўны слоўнік (Аляксей Якімовіч).     

Якая арфаграма паўтараецца ў словах скорагаворкі?

Як утвораны складаныя прыметнікі, выкарыстаныя ў скорагаворцы? (Ад словазлучэнняў назоўнікаў з лічэбнікам і займеннікам.)

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма напішыце беларускае слова “складаны” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: супрацьзаконны ці супраць-законны?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звяртаемся да правіла.

Запамінаем! Складаныя прыметнікі, утвораныя ад спалучэнняў слоў, што адказваюць на пытанні дзе? куды? калі? як?, з прыметнікамі пішуцца разам [6, стар. 164, “Беларуская мова”].

Напрыклад: супрацьмінны.

Прыметнік “супрацьмінны” ўтвораны ад спалучэння прыслоўя і прыметніка.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: супрацьзаконны.

                     [4, стар. 179, “Беларуская мова”]

Працуем са спалучэннямі слоў.

Са словам “шматпудовы” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Як утвораны складаны прыметнік “шматпудовы”?         

Для даведкі: шматпудовы кіт – шматпудовы цяжар на душы.

Праца са сказам.       

Складзіце скорагаворку са слоў.

Мікрараён, густанаселены, новы, гарадскі. (Новы гарадскі мікрараён густанаселены.)

Растлумачце напісанне выдзеленага слова.

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                 Дзень і ноч працуе кран:

                                                 Будзе трохпавярховы.

                                                 Кажуць многія, што ён

                                                 Дом будуе новы.

Адказ: 1 – 1, 2 – 4, 3 – 3, 4 – 2.

Знайдзіце ў вершы прыметнік з арфаграмай на вывучанае правіла. Ад якога словазлучэння ён утвораны? (Ад словазлучэння назоўніка з лічэбнікам.)

Ці можам мы сказаць, што слова “кран” – амонім?

Сустрэча з фразеалагізмам.

Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які абазначае  “гаварыць у адзін голас; гаварыць гучна пра незвычайную навіну”.

                                                      -- Наступае зімавіца,

                                                      А мы зусім голыя, --

                                                      …,

                                                      Бярозкі беластволыя

Вы лічыце, што прыметнік беластволыя з’яўляецца складаным. Абгрунтуйце сваю думку.

Які складаны прыметнік можна  ўтварыць з першай часткай бел-? (Белакрылы.) Як вы яго напішаце?

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: кя у небуб ьцю’б [3, стар. 351, “Фразеалагічны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                          Тады [летам] штодня ўставай дасвета,

                                          І агнявокая дзянніца,

                                          Як маладая чараўніца,

                                         Цябе сагрэе мілым смехам,

                                         Авее духам ч(ы, і)стым бораў,

                                         Палёў, лугоў, нябёс прастораў

                                         І сыпне радасць ні(з, с)кім стрэхам… [5, стар. 194, “Паэмы Я. Коласа”].

Вызначце складаны прыметнік і растлумачце яго напісанне.

Растлумачце лексічнае значэнне слова “дзянніца”. (Яркае асвятленне гарызонту перад усходам сонца; ранішняя зара.) [1, стар. 104, “Тлумачальны слоўнік”].

Адказ на пытанне.

 Якія складаныя прыметнікі пішуцца разам?

Тэст.

Назавіце прыметнікі, напісаныя правільна, разам.

1) Пешаходны;

2) лесатэхнічны;

3) шматпавярховы;

4) вагона-рамонтны;

5) жыццярадасны;

6) ледакольны;

7) рыбамаразільны.

Адказ: 1, 2, 3, 5, 6, 7.

                                                                                                            

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Булыка, А. М. Слоўнік іншамоўных слоў. / А. М. Булыка, Мінск : Нар. асвета, 1993. – 398 с.

3. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

4. Гваздовіч, Г. А. і інш. Беларуская мова : Падруч. для 10-га кл. устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі з бел. мовай навучання з 11-гадовым тжэрмінам навучання / Г. А. Гваздовіч, М. М. Круталевіч, У. П. Саўко. – 2-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 2004. – 239 с.       

5. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

6. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання  / Г. М. Валочка [і інш]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --  240 с.

 

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, кастрычнік 2021 года, № 10.