Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс. Правапіс лічэбнікаў, прыслоўяў, прыназоўнікаў, злучнікаў, часціц разам

 

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ

 

Тэма: правапіс лічэбнікаў, прыслоўяў, прыназоўнікаў, злучнікаў, часціц разам.

Псіхалагічны настрой.                            

                                                          Разумны, смачны,

                                                          Свавольны, сумесны,

                                                          Рознакаляровы –

                                                          Гэта словы нашай мовы.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

• Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

• Як  пішам: сямідзясяты ці сямі дзясяты?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Пачнём з правіла.

Запомніце! Разам пішуцца складаныя лічэбнікі з літарным напісаннем кожнай часткі [5, стар. 90, “Беларуская мова”].                     

Напрыклад: шасцісоты.

У гэтым прыметніку літарнае напісанне першай часткі шасці.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: сямідзясяты. 

Назавіце слова.

                                                             Пішам разам: 

                                                                            Пяцьдзесят буракоў,

                                                             Шэсцьдзесят васількоў,

                                                             Пяцьсот… (дамоў).

                                                                            Аляксей Якімовіч.

• Растлумачце напісанне разам  лічэбнікаў пяцьдзесят, шэсцьдзесят, пяцьсот.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

• Як  пішам: злева ці з лева?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Чытаем правіла.

Помніце! Разам пішуцца прыслоўі, утвораныя шляхам спалучэння прыназоўнікаў з іншымі часцінамі мовы [5, стар. 90, “Беларуская мова”].

Напрыклад: увечар.

Гэта прыслоўе ўтворана шляхам спалучэння прыназоўніка ў з назоўнікам вечар.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: злева.

Праца са сказам.       

Складзіце скорагаворку са слоў.

І, увысь, узняліся, буслы, паляцелі. (Буслы ўзняліся і паляцелі ўвысь.)

• Растлумачце напісанне выдзеленага слова.

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма напішыце беларускае слова “складаны” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

• Як  пішам: паблізу школы ці па блізу школы?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звяртаемся да правіла.

Запамінаем! Пішуцца разам прыназоўнікі, якія паходзяць ад прыслоўяў [5, стар. 90, “Беларуская мова”].

Напрыклад: знізу яблыні.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: паблізу школы.

Працуем са спалучэннямі слоў.

• Са словам “вакол” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

• Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

• У якім спалучэнні слова “вакол” з’яўляецца прыназоўнікам? Растлумачце яго напісанне.      

Для даведкі: абышоў вакол хаты --  вакол гаспадарыў туман.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

• Як  пішам: паколькі ці па колькі?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звяртаемся да правіла.

Запамінаем! Злучнікі, якія з’яўляюцца вынікам зліцця прыназоўніка з займеннікам ці словамі колькі, столькі: затое, прычым, паколькі, пішуцца разам, але словазлучэнні прыназоўнікаў з адпаведнымі займеннікамі ці неазначальна-колькаснымі словамі пішуцца асобна: паволі рабіў, затое грунтоўна – за што ўзяў, за тое і аддаў [5, стар. 90, “Беларуская мова”]. 

Напрыклад, у сказе “Ішоў хутка, паколькі (таму што) спяшаўся” злучнік паколькі пішам разам, а ў сказе “Паколькі (каштуюць) памідоры на базары?” спалучэнне прыназоўніка па і слова колькі пішам асобна.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: паколькі і па колькі -- у залежнасці ад значэння. .

Скорагаворка.

Пакуль сонца зойдзе, дамоў дойдзем (Аляксей Якімовіч).     

• Як вы лічыце, у выніку спалучэння якіх слоў утварыўся злучнік з гэтага сказа?

Для даведкі. Пакуль – прыслоўе і злучнік “на працягу некаторага часу, нейкі час”. Утвораны з па і калі [6, стар. 123, “Этымалагічны слоўнік”].

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

• Як  пішам: калісьці ці калі сьці?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звяртаемся да правіла.

Запамінаем! Займеннікі і прыслоўі з постфіксамі -сь, -сьці пішуцца разам [5, стар. 90, “Беларуская мова”].

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: калісьці.

                    [3, стар. 179, “Беларуская мова”]

Назавіце слова.

                                                             Пішам разам: 

                                                                            Хтосьці сказаў,

                                                             Камусьці аддаў,

                                                             Штосьці… (напісаў).

                                                                            Аляксей Якімовіч.

• Растлумачце напісанне слоў “хтосьці”, “камусьці”, “штосьці”.

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                         Мы пілуем

                                                         Уручную.

                                                         Старую

                                                         Сасну тоўстую,

Адказ: 1 – 4, 2 – 3, 3 – 1, 4 – 2.

• Знайдзіце ў вершы слова з арфаграмай на вывучанае правіла. Да якой часціны мовы яно адносіцца? Як утворана? (Прыслоўе ўручную.)

Сустрэча з фразеалагізмам.

Назавіце фразеалагізмы ў вершы Аляксея Якімовіча, якія абазначаюць “быццам знарок, быццам спецыцяльна” і “цяжкая часіна”.

                                                         А туман тут …

                                                         Разаслаўся, нібы дым.

                                                         У гэты цяжкі, …

                                                         Не дае ісці зусім.

• Да якой часціны мовы адносіцца слова “нібы”? Як яно ўтворана?

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: кя ан ьцсолз; ынроч ьнезд [2, стар. 314, 342, “Фразеалагічны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                  Унь на дзераве з б(я, е)розы

                                                  Ро(ш, ж)кі вытырклі і хвост,

                                                  Штось пабегла там у лозы,

                                                  Нешта скокнула пад мост.

                                                  А што там у пні за дзіва?

                                                  Вушы, нос і капыток…

                                                  Ну, напэ(ў, в)на там чарток

                                                  Прытаіўся палахліва [4, стар. 317 -- 318, “Паэмы Я. Коласа”].

• Назавіце слова з постфіксам -сь. Да якой часціны мовы ён адносіцца?

• Падбярыце літаратурныя адпаведнікі да аўтарскіх слоў “унь”, “дзераве”. (Вунь, дрэве.)

• Падбярыце сінонім да слова “вытырклі”. (Вылезлі.)

Адказ на пытанне.

•  Якія лічэбнікі, прыслоўі, прыназоўнікі, злучнікі, часціцы пішуцца разам?

Тэст.

Адзначце словазлучэнні з прыслоўямі:

1) побач з дарогай;

2) ішлі побач;

3) уздоўж ракі;

4) зрабіў насуперак;

5) насуперак жаданню;

6) насупраць ліпы;

7) стаў насупраць

Адказ: 2, 4, 7.

                                                                                                            

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

3. Гваздовіч, Г. А. і інш. Беларуская мова : Падруч. для 10-га кл. устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі з бел. мовай навучання з 11-гадовым тжэрмінам навучання / Г. А. Гваздовіч, М. М. Круталевіч, У. П. Саўко. – 2-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 2004. – 239 с.        

4. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

5. Валочка Г. М. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання / Г. М. Валочка [і інш.]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --  232 с.

6. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы / уклад. Г. А. Цыхун [і інш.]; рэд. В. У. Мартынаў. – Мінск : Навука і тэхніка, 1993. – Т. 8 : Н – П. – 270 с.

 

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, верасень 2022 года, № 9.