Поиск по этому блогу

Пісьменнік і яго прыхільнікі -- 9

 

Пісьменнік і яго прыхільнікі -- 9

 

Гісторыя дзявятая

 

Сяргей Уладзіміравіч Пешын – мой незабыўны чалавек.

Упершыню пазнаёміўся з ім, калі ў выдавецтве “Беларусь” у серыі “Школьная бібліятэка” рыхтаваўся да друку мой зборнік “Авповесці” (выйшаў у 2010 годзе). Туды ўвайшлі аповесці “Залатая дзіда”, “Эльдарада просіць дапамогі”,”Там мая казка”. Наша знаёмства было кароткім. Я заскочыў у выдавецтва, каб вырашыць пытанне з аўтарскім ганарарам. Тады яго і ўбачыў.

Праз нейкі час Сяргея Уладзіміравіча прызначылі дырэктарам выдавецтва “Беларусь”. Час ад часу перамаўляўся з ім па тэлефоне. Пасля таго, як стаў пісаць вершы, пачаў чытаць іх яму. Першы верш прачытаў, відаць, у 2020 годзе. Сяргей Уладзіміравіч заўжды ўважліва мяне слухаў, а затым выказваў кароткую пахвалу. Звычайна пасля маёй прапановы адказваў: “Давай. Чытай”.

Не ведаю, што так падзейнічала на яго. Ці то мае вершы, ці то ўся мая творчасць, ці нешта іншае, але праз пэўны час ён прапанаваў мне выпусціць зборнік маёй прозы. Канешне, я не стаў адкладваць на потым, адразу ж паслаў у выдавецтва “Беларусь” фантастычна-містычныя апавяданні. Яны доўга пыліліся ў маім літаратурным партфелі, акрамя мяне, анікому не былі патрэбны. У 2020 годзе нарэшце пабачылі свет пад назвай “Русалка”. Іх тыраж склаў 800 экземпляраў, аб’ём – 135 кніжных старонак. Разышліся даволі хутка, чытачы зацікавіліся імі.

Далей усё пайшло як па масле. У 2021 годзе ў выдавецтве “Беларусь” з лёгкай рукі Сяргея Уладзіміравіча тыражом у 800 экземпляраў  і аб’ёмам у 135 кніжных старонак выходзіць зборнік “Пан” (падпісаны да друку 24. 01. 2021).  Яго змест склалі аднайменная дэтэктыўна-містычная аповесць і дэтэктыўныя апавяданні. Арыгінальную, незвычайную вокладку кнігі стварылі ў выдавецтве. Пан – герой твора – пазірае, схаваўшыся за папараццю. Яго вялікія, выразныя вочы глядзяць проста на вас. Сяргей Уладзіміравіч сказаў мне, што ўсе наведвальнікі яго кабінета ў першую чаргу глядзяць менавіта на гэту кнігу, менавіта яна прыцягвае іх увагу. “Пан” разышоўся яшчэ хутчэй, чым “Русалка”.

Як гаворыцца, апетыт прыходзіць у час ежы. У літаратурным партфелі плакалі мае вершы, прасіліся на волю. Прапанаваў Сяргею Уладзіміравічу выпусціць іх разам з прозай. Ён адразу ж пагадзіўся, сказаўшы: “Толькі вершы не ідуць, не распаўсюджваюцца”. Неўзабаве ў тым жа 2021 годзе ўбачыў свет зборнік дэтэктыўных апавяданняў, вершаў і антывірусных прыпевак  “Карп у футры” тыражом у 800 экземпляраў і кніжным аб’ёмам у 167 старонак (падпісаны да друку 26. 05. 2021). А 24. 09. 2021 года Сяргей Уладзіміравіч падпісаў да друку маю кнігу “Загадкавы храм”, у якую ўвайшлі дэтэктыўная аповесць, вершы і прыпеўкі. Яе тыраж склаў 800 экземпляраў, аб’ём – 127 кніжных старонак. Калі мне не змяняе памяць, яна выйшла не ў 2021 годзе, а ў пачатку 2022 года.

Скажу шчыра, такая актыўнасць з боку выдавецтва “Беларусь” мяне моцна здзівіла, не верылася ў тое, што адбываецца. Пра сябе ўжо называў Сяргея Уладзіміравіча сваім дырэктарам. Калі ў выдавецтве склалася нялёгкае фінансавае становішча, ад яго неяк пачуў: “Дзякую вам. Вы вельмі дапамаглі нам”.

З тоўстага літаратурнага партфеля дастаў аповесць “Белакрылая птушка”, фантастычна-дэтэктыўную аповесць “Жывое Дрэва” і вершы. У 2022 годзе тыражом у 800 экземпляраў і аб’ёмам у 199 кніжных старонак яны выходзяць прыгожай кнігай “Белакрылая птушка” (падпісана да друку 23. 12. 2021). На вокладцы – партрэт маёй мамы, якая ў гады вайны вучылася ў беларускамоўнай школе. Работнікі выдавецтва знайшлі яго ў маім блогу і прапанавалі змясціць на вокладцы. “Яна вельмі прыгожая. Сапраўдная белакрылая птушка”, -- так сказалі мне.

Зноў распакоўваю літаратурны партфель. Дастаю адтуль прыгодніцка-гістарычную аповесць “Нязваныя госці”, мастацкія гіпотэзы “Як узніклі фразеалагізмы”, вершы і прыпеўкі для настрою.  2022 год. Выходзіць мая кніга “Нязваныя госці” (падпісана да друку 27. 01. 2022) тыражом у 900 экземпляраў і аб’ёмам у 199 кніжных старонак.

У 2023 годзе Сяргей Уладзіміравіч прапанаваў мне выдаць прыгодніцка-фантастычную аповесць “Эльдарада просіць дапамогі” і яшчэ некалькі твораў з тым, каб павялічыць аб’ём кнігі, зрабіць яе па-сапраўднаму тоўстай. Я разгубіўся, сказаў, што такая аб’ёмная кніга не разыдзецца. Сяргей Уладзіміравіч запэўніў мяне, што разыдзецца. Усе нашы размовы, як і раней, адбываліся па тэлефоне. Разам з “Эльдарада просіць дапамогі” паслаў аповесці-казкі “Як дэтэктывы звярам дапамаглі”, “Чарадзейная дудка”, вершы і школьныя прыпеўкі. Усё гэта выйшла ў тым жа 2023 годзе пад назвай “Эльдарада просіць дапамогі” тыражом у дзевяцьсот экземпляраў і аб’ёмам у 487 кніжных старонак. Адразу ж пасля гэтага Сяргей Уладзіміравіч паведаміў мне, што пакідае пасаду дырэктара выдавецтва “Беларусь”, што хоча перайсці на іншую, больш спакойную працу. Такая навіна стала для мяне непрыемнай неспадзеўкай. Я разумеў, што маё шанцаванне на зыходзе, прасіў Сяргея Уладзіміравіча, каб папрацаваў у выдавецтве яшчэ. А кніга “Эльдарада просіць дапамогі” атрымала прэмію Гродзенскага аблвыканкама імя А. І. Дубко за творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва ў 2023 годзе.

Сяргей Уладзіміравіч пакінуў выдавецтва. Псля яго як па інерцыі ў 2024 годзе тыражом у тысячу экземпляраў і аб’ёмам у 159 кніжных старонак выходзяць мае займальныя гісторыі пра літары беларускага алфавіта пад назвай “Жылі-былі літары”. Як стала вядома мне, Акадэмія педагогікі рэкамендуе іх для пазакласнага чытання ў першым класе.

Цяпер падвядзём вынікі. За адносна кароткі час дзякуючы Сяргею Уладзіміравічу Пешыну ў выдавецтве “Беларусь” выдадзены восем маіх кніг агульным тыражом у 6 800 экземпляраў і аб’ёмам у 1608 старонак.

Што было б з імі, калі б не Сяргей Уладзіміравіч? Пакрываліся б тоўстым пластом пылу ў маім літаратурным партфелі.