Поиск по этому блогу

Уяўленні, якія ўзнікаюць у мяне, калі чую словы “наган”, “о-го-го”

 

Калі чую словы “наган”, “о-го-го”

 

Уяўленні, якія ўзнікаюць у мяне, калі чую слова “наган”.

Напрыканцы вайны мой бацька служыў у знішчальным батальёне, меў зброю – наган. Гэты наган застаўся ў яго і ў пасляваенны час. Тады ён працаваў у мясцовым сельсавеце.

Дзе звычайна захоўваўся наган? На вялікай арэхавай шафе, якая стаяла ў вялікім пакоі нашай хаты. Пра гэта я праведаў, калі падрос.

Аднаго разу мне вельмі захацелася ўбачыць, што знаходзіцца на шафе. Проста так дацягнуцца туды не мог. Таму паставіў каля шафы крэсла, стаў на яго і ўбачыў наган. Што гэта такое, тады ўжо ведаў. Мы, хлапчукі, часта хадзілі па навакольных палях, шукаючы гільзы ад патронаў. А іх там было параскідана нямала.

Мая рука міжволі пацягнулася да нагана. Я хуценька ўзяў яго і адчуў, што ён даволі цяжкі.

Саскочыўшы з крэсла, хадзіў па хаце і прыцэльваўся, уяўляючы сябе смелым воем. Потым, нагуляўшыся такім чынам, паклаў наган на шафу. Так працягвалася даволі доўга. Але мая мама настаяла, каб бацька здаў наган, як гаворыцца, кампетэнтным органам. Ён спачатку ўпарціўся, але затым паслухаўся яе, і наган аднаго дня знік з шафы, з нашай хаты.

Вось так я ўпершыню пазнаёміўся з сапраўднай зброяй. Калі трымаў яе ў сваіх руках, то адчуваў і хваляванне, і пэўны страх. А яшчэ было адчуванне ўпэўненасці, сілы.

А якія ўяўленні ўзнікаюць у вас, калі чуеце слова “наган”?

Вершаваная трэніроўка.

Замест кропак падбярыце (устаўце) патрэбныя словы з пяці і трох літар.

Падказкі.

Слова з пяці літар: назоўнік, які абазначае хатнюю жывёліну.

Слова з трох літар: назоўнік, які абазначае прадстаўніка багатага саслоўя.

                                                        Слова “наган”

                                                        Рыфмуецца са словам б..,

                                                        Яму сугучна і слова п.. .

 

Уяўленні, якія ўзнікаюць у мяне, калі чую слова “о-го-го”.

Мы звычайна вымаўляем “о-го-го”, калі здзіўляемся, выказваем захапленне, абурэнне ці клічам кагосьці.

Не раз і не два прыходзілася чуць яго і мне, калі з блізкімі хадзіў у ягады, у грыбы.

Вакол лес, таемны і іншы раз незнаёмы, страшнаваты. Шмат сцяжынак і дарог у ім. Невядома, куды незнаёмая можа завесці. Таму клікала мяне маці, калі адыходзіўся ад яе, знікаў з яе вачэй.

“О-го-го! Дзе ты, Лёнік (так мяне называлі ў вёсцы)?” – як трывожнае рэха, неслася па лесе. Наставіўшы вушы, я прыслухоўвася да мамінага голасу і, канешне, адклікаўся, а потым, мінаючы бухматыя кусты, бег да яе. Ні разу не заблудзіўся, ходзячы з мамаю па лесе. Заўсёды выручала мяне роднае, звонкае “о-го-го”.

А якія ўяўленні ўзнікаюць у вас, калі чуеце слова “о-го-го”?

Вершаваная трэніроўка.

Замест кропак падбярыце (устаўце) патрэбныя словы з пяці і чатырох літар.

Падказкі.

Слова з пяці літар: прыналежны займеннік у форме роднага склону адзіночнага ліку.

Слова з чатырох літар: пытальны займеннік у форме роднага склону адзіночнага ліку.

                                                        Слова “о-го-го”

                                                        Рыфмуецца са словам м..,

                                                        Яму сугучна і слова к.. .

 

Для даведкі (выкарыстоўвайце толькі для кантролю патрэбныя словы, напісаныя наадварот): нараб, нап; огйам, огак.

                                                                         Распрацаваў Аляксей Якімовіч