Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. АПАВЯДАЛЬНЫЯ СКАЗЫ

 

Творчы ўрок у 3 класе. АПАВЯДАЛЬНЫЯ СКАЗЫ

 

Мэты: раскрыць вучням асаблівасці апавядальных сказаў; выпрацоўваць уменні і навыкі вызначаць апавядальныя сказы ў тэксце, чытаць іх з правільнай інтанацыяй, самастойна будаваць; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; прывіваць любоў да жывой прыроды; паказаць прыгажосць  лірычных твораў Якуба Коласа.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны этап.

Н а с т а ў н і к. Перад вамі тры сказы.

Хто з працай дружыць, той жыве і не тужыць.

Ад навукі галава не баліць.

Добраму ўсюды добра [4, с. 112, 174, 192, “Беларускія прыказкі”].

Які з іх вы возьмеце з сабою на ўрок?

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Прачытайце і растлумачце напісанне прапушчаных арфаграм. Адгадайце загадку.

                                                Ля..еў птах цераз дах,

                                                Сеў на варотах

                                                У ч..рвоных ботах. (Бусел.) [4, с. 344, “Беларускія прыказкі”].

                                                                      З народнага.

Якія знакі прыпынку стаяць у канцы сказа?

Аб чым у ім паведамляецца?

4.Чыстапісанне ў спалучэнні са слоўнікавай працай.

Як называецца наша краіна? (Рэспубліка Беларусь.)

                     Б  б  бм  бо  бч

                     Р..спубліка Беларусь Бр..ст

Растлумачце напісанне арфаграм.

Са  словам "Брэст” складзіце  сказ, у канцы якога ставіцца кропка. Аб чым у ім паведамляецца?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Рэспубліка Беларусь -- слоўнікавыя словы. Запішыце іх у слоўнік і выдзеліце арфаграмы.

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Н а с т а ў н і к. Сказы, як і людзі, маюць свае імёны, якія дапамагаюць нам адрозніваць іх. Імя гэтым сказам -- апавядальныя. Чаму яны так называюцца? Як іх трэба правільна будаваць? Як правільна чытаць? На гэтыя няпростыя пытанні нам дапамогуць адказаць казачныя героі Шпачок і Сарока.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Аднаго разу лясная гарэза Сарока ўбачыла знаёмага Шпачка, які сядзеў на пяньку і ўважліва глядзеў на ліст паперы.

Узрадавалася Сарока: ёй вельмі хацелася паказаць каму-небудзь свой падарунак -- падручнік беларускай мовы, які падарыў ёй казачны герой Тэкст.

Падскочыўшы да Шпачка, Сарока застракатала:

- А ў мяне ёсць падручнік! Мне яго падарыў мой найлепшы настаўнік Тэкст. Падарыў не проста так, а за кемлівасць і старанне.

Шпачок уздрыгануў ад неспадзеўкі, зірнуў на суседку і не сцярпеў, сваёй бядой падзяліўся:

- Хутка ў нашым ляску адбудзецца святочны канцэрт. Я папрасіў свайго сваяка вядомага паэта Салаўя, каб верш мне прыслаў. Музыку да яго хачу напісаць. Салавей штосьці прыслаў, але на верш гэта зусім не падобна. Адна блытаніна. Зірні, Сарока-белабока.

Сарока ўзяла ў Шпачка ліст і ўбачыла напісаныя на ім словы: верабей, скача, скача; да, прыляці, хутчэй, нас; з, будзем, табой, сябраваць; звонкія, спяваць, песні.

- Блытаніна? - падаў голас Шпачок.

- Я так не сказала б, - прамовіла Сарока. - Тут напісаны словы, з якіх трэба скласці сказы. Ведаеш, што такое сказ?

- Не ведаю, - апусціў дзюбку Шпачок.

- А я ведаю! Я ўжо вывучыла! - пахвалілася Сарока. -  Сказ --  гэта слова або некалькі слоў, якія выражаюць закончаную думку. Зразумеў?

(Перад чытаннем казкі вучні ўспамінаюць, што такое сказ, дапамагаюць Шпачку.)

- Зразумеў! Калі я скажу проста "Сарока", то гэта будзе слова. А калі скажу "Сарока гучна застракатала", то гэта будзе сказ, - скоса глянуў на суседку Шпачок. Ён не забыўся, як яна напалохала яго, гучна застракатаўшы.

- Не зусім добры сказ у цябе выйшаў! - натапырылася Сарока. - Можна скласці па-іншаму. Белабокая Сарока застракатала.

- Я не супраць, - пагадзіўся Шпачок. - Давай цяпер з тых слоў паспрабуем скласці сказы. Можа, верш у нас выйдзе.

- Думаю, што выйдзе, - павесялела Сарока.- Па мойму, трэба пачаць так. Скача, скача верабей.

- Прыляці да нас хутчэй, - падхапіў Шпачок.

- З табой будзем сябраваць, - прамовіла Сарока.

Трэці сказ вучні складаюць самастойна. (Песні звонкія спяваць.)

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Н а с т а ў н і к. Паслухайце працяг казкі.

Шпачок сам склаў трэці сказ і прачытаў яго:

-- Да нас прыляцеў знаёмы верабей.                                               

- Гэты сказ апавядальны, - паведаміла Сарока.

- Чаму? - запытаўся Шпачок.

- Апавядальныя сказы паведамляюць нам пра падзеі, думкі і пачуцці.  У канцы іх звычайна ставіцца кропка. А ў сказе "Да нас прыляцеў знаёмы верабей" таксама паведамляецца.

-- Сапраўды, паведамляецца, -- прагаварыў Шпачок.

Гутарка па ўзнаўленні пачутага.

Якое паведамленне заключаецца ў прыведзеных сказах (пра падзеі, думкі ці пачуцці)?

Праца з вучэбным дапаможнікам.

Прачытайце ў вучэбным дапаможніку тэму "Апавядальныя сказы". 

Як змяняецца вышыня тону ў канцы апавядальных сказаў пры іх вымаўленні?

Складанне сказаў.        

З дадзеных слоў складзіце сказы.

1. Алесь, са, павіншаваў, Насцю, сястрычку, святам. 2. Жаваранка, нам, песня, вясёлая, падабаецца. 3. Прывяла, сцежка, на, грыбную дзяцей, паляну.

Дакажыце, што гэтыя сказы з'яўляюцца апавядальнымі. Прачытайце іх з патрэбнай інтанацыяй.

У слове “сцежка” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, як патрэбна яе пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Сцежачка.)

Пісьмо па памяці.

Адгадайце загадку.

                                               Цякла, цякла

                                               І лягла пад шкло. (Рака пад лёдам.) [4, с. 365, “Беларускія прыказкі”].

                                                                    З народнага.

Што вы паставіце ў канцы гэтага сказа і чаму?                

Якое паведамленне заключаецца ў ім: пра падзеі, думкі ці пачуцці?

Хто адгадае гэту загадку?

Запішыце загадку па памяці разам з адгадкай.

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце калыханку і назавіце патрэбныя словы.

                                            На дварэ даўно сцямнела.

                                            Ў небе зорачкі гуляюць.

                                            А малыя верабейкі

                                            Спяць, … (адпачываюць).

                                                                      Аляксей Якімовіч.

Колькі апавядальных сказаў уваходзіць у гэты вершаваны тэкст?

Праца са словам.

                                 Увесь дзень ў нашым ляску

                                 Яна ўсё кукуе.

                                 Мабыць, дзетак пагубіла,

                                 А цяпер сумуе.

                                                    Аляксей Якімовіч.

Хто кукуе ў ляску? (Зязюля.)

Як вы адносіцеся да птушак? Ці дапамагаеце ім?

Прачытайце і вызначыце апавядальны сказ.

Шэрая зязюля кукавала ў бярозавым гаі.

Колькі разоў пракукавала зязюля?

Пакажыце выяву зязюлі на малюнку.

Складзіце і запішыце апавядальны сказ са словам "зязюля".

Фізкультхвілінка.

Пакажыце, як у вясеннім лесе з’яўляюцца на дрэвах лісточкі, як зелянеюць яны, як птушкі пералятаюць з галінкі на галінку, як радуюцца цёпламу сонцу, якое свеціць з вышыні.

Чытанне працягу казкі.

Н а с т а ў н і к. Паслухайце працяг казкі.

Шпачку таксама захацелася сябе паказаць. Ён шчоўкнуў дзюбай і запытаўся ў Сарокі:

- Якая бывае трава?

Сарока паглядзела на сябра як на дзівака.

- Вядома, якая. Зялёная.

Шпачок  важна прайшоўся перад Сарокай.

- Але, яна зялёная. На першы погляд. А калі прыглядацца да яе на працягу некалькіх месяцаў, у розны час і пры розным надвор'і, то можна заўважыць, што яна бывае не толькі зялёная, але і светлая, цёмная, шэрая.

Праца з практыкаваннем.

Запішыце названыя Шпачком адценні травы: зялёная, светлая, цёмная, шэрая.

Якой трава бывае ўвесну, увосень? (Кволая, пажухлая). Якой бывае тады, калі адчуваем яе навобмацак (калючая, вільготная), на смак (гаркаватая, кіславатая)? Якой бывае, калі бачым яе форму (карункавая, вострая) і рух (хвалістая, палеглая), а таксама калі чуем яе (шапатлівая)? Якой бывае, калі адзначаем месца адкуль яна (лугавая, прыдарожная)?

З гэтымі словамі (на выбар з некалькімі) складзіце апавядальныя сказы і прачытайце іх з патрэбнай інтанацыяй.

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю лічылку, а словы лічылкі – адзін, два, тры, чатыры, пяць – потым прамовіце і вы.

                                        Адзін, два, тры, чатыры, пяць…

                                        Едзем з сябрам выступаць.

                                        Адзін, два, тры, чатыры, пяць…

                                        Людзі будуць нас вітаць.

                                        Адзін, два, тры, чатыры, пяць…

                                        Іх запросім падпяваць.

                                                                    Аляксей Якімовіч.

Цяпер успомнім лічылку, прамовім разам: “Адзін, два, тры, чатыры, пяць!”

Колькі ў вершы сказаў? Чаму яны называюцца апавядальнымі?

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   Буслы клякочуць, бусляняты

                                   Пі(ш, с)чаць жалобна, як шчаняты,

                                   Насы закідваю(ц, т)ь угору

                                   І прося(ц, т)ь  есці ў сваю пору.

                                   А там, дзе буслікі ўздужалі,

                                   Іх пач(і, ы)наюць вабіць далі... [2, с. 6, “Новая зямля”].    

Тэкст складаецца з двух сказаў. Прачытайце першы сказ. Які знак прыпынку стаіць пасля яго? Чаму?

Раскрыйце сэнс слова "вабіць". Якімі словамі яго можна замяніць? (Тут: клічуць, запрашаюць.)

Тэст.

Выберыце апавядальныя сказы. Абазначце іх знакам "+".

А.1. Вельмі высокі.

2. На беразе ракі стаяў вельмі высокі дуб.

3. На беразе ракі.

Б.1. Давайце сябраваць.

2. Ты любіш казкі.

3. У час летніх канікулаў я звычайна адпачываю ў вёсцы.

З якіх слоў можна скласці апавядальныя сказы? Абазначце іх знакам "+".

1. Птушак, жыццё, прачытаць, пра, я, у кніга

2. Прыемна, як, смала, пахне сасновая

3. Наш, елачкі, клас, пасадзіць, маленькія

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Якія сказы называюцца апавядальнымі?

Што звычайна ставіцца ў канцы апавядальных сказаў?

Перадайце інтанацыю апавядальнага сказа, у якім паведамляецца пра думкі, пачуцці.

Я люблю цёплую летнюю раніцу, люблю свой родны край.

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

2.  Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 20 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.