Поиск по этому блогу

Для цікаўных. Зіма-бабуля

 

Для цікаўных. Зіма-бабуля

 

Нагадаем! Эпітэт – гэта мастацкае азначэнне. Ён звычайна адказвае на пытанне прыметніка: я к і ? Напрыклад: брыльянцістая раса. Эпітэт брыльянцістая.

Эпітэтамі могуць быць прыдаткі – азначэнні, выражаныя назоўнікамі. З азначаемым словам яны стаяць у тым жа родзе, ліку і склоне. Напрыклад: дуб-велікан. Эпітэт  велікан.

 

Пытанне задае Максім.

-- У спалучэнні зіма-бабуля выкарыстаны эпітэт бабуля, які стварае малюнак зімы. Якой вы ўяўляеце гэту зіму?

 

Эксперт Іна.

-- Думаю, што гэта зіма наступіла не сёння, яна стаіць даўно. Ужо прыгравае сонца, кліча вясну.

 

Эксперт Аляксей.

-- Гэта зіма добрая, лагодная. Да людзей яна адносіцца, як да сваіх унукаў, асабліва не надакучае ім, не нясе холад, мароз.

 

У цябе, наш чытач, ёсць іншая думка? Якая яна?

Прачытаем вершаваныя радкі.

 

Прыбегла да стажка

                                                      Прыгожая казуля.

                                                      Сюды накіравала

                                                      Яе зіма-бабуля.

                                                             Аляксей Якімовіч.

 

Мароз-чараўнік

 

Пытанне задае Максім.

-- У спалучэнні мароз-чараўнік выкарыстаны эпітэт чараўнік, які паведамляе нам, што да нас прыйшоў мароз. Які ён?

 

Эксперт Іна.

-- Такі мароз мне даспадобы. Ён падобны да мастака, які на вокнах размалёўвае разнастайныя ўзоры.

 

Эксперт Аляксей.

-- Лічу, што такога мароза трэба асцерагацца. Збіраючыся ў дарогу, не забудзьцеся пра цёплыя рукавіцы, цёплую шапку і цёплы кажушок. Інакш ён можа так зачараваць, замарозіўшы, што зуб на зуб не трапіць.

 

У цябе, наш чытач, ёсць іншая думка? Якая яна?

Прачытаем вершаваныя радкі.

 

Не сядзіцца ў хаце,

                                                      Хоць на дварэ мароз.

                                                      Іду я да сяброўкі,

                                                      Да Ніначкі Мароз.

                                                               Аляксей Якімовіч