Поиск по этому блогу

Тэст (якасныя прыметнікі)


Тэст (якасныя прыметнікі)

Казка

Прыбег Жучок да Паласаціка і закрычаў з парога:
-- Прапаў! Я прапаў!
Паласацік якраз на ложку ляжаў, адпачываў.
Ускочыў ён з ложка.
-- Што здарылася, даражэнькі?
Жучок дастаў з кішэні аркуш паперы і працягнуў сябру.
-- Чытай!
Паласацік узяў у сабачкі лісток, не без хвалявання разгарнуў яго і прачытаў уголас:
-- Па наступных прыметах пазнайце прадмет: белы і халодны. Хто не пазнае, той сталёвымі таўкачамі ад мяне атрымае. Дамавічок.
Жучок з надзеяй зірнуў на Паласаціка.
-- Прапаў?
Паласацік страсянуўся, як пасля халоднага дажджу.
-- Не разумею! Не дайшло!
-- А што ж тут разумець! -- зусім панурыўся Жучок. -- Нядобры Дамавічок у маёй хаце завёўся. Патрабуе, каб я адгадаў прадмет па яго прыметах. Калі сталёвымі таўкачамі не пачастуе, то спаць не дасць. Усю ноч пад печчу будзе тупацець. Так ужо было нядаўна.
-- Белы і халодны... Гэта, мабыць... Мабыць... -- стаіць, разважае Паласацік.
-- Ну! -- не вытрываў, падахвоціў яго Жучок.
-- Гэта снег! -- усё-ткі здагадаўся Паласацік.
-- Снег! Сапраўды, гэта снег! -- узрадаваны, усклікнуў Жучок. -- Яшчэ адзін прадмет пазнай, калі ласка, Паласацік!  Доўгі і зялёны? Што гэта?
-- Агурок на градцы.
-- А белы і салодкі?
-- Цукар.
-- А буры, вялікі і дужы?
-- Мядзведзь! -- сказаў, як паставіў кропку Паласацік і, крыху памаўчаўшы, запытаўся ў Жучка: -- Да якой часціны мовы належаць словы "белы", "халодны", "доўгі", "зялёны", "салодкі", "буры", "вялікі", "дужы"?
-- Гэта прыметнікі, -- адказаў Жучок.
А
Назавіце якасныя прыметнікі.
1. Шырокі.
2. Алюмініевы.
3. Смелы.
4. Плыткі.
5. Братаў.
Б
Назавіце якасныя прыметнікі, якія не маюць ступеняў параўнання.
1. Новы.
2. Кульгавы.
3. Шчаслівы.
4. Добры.
5. Буланы.
Адказы.
А-1, 3, 4.
Б-2, 5.
Для даведкі. Якасныя прыметнікі спалучаюцца са словамі "вельмі", "дужа", "надта", маюць формы ацэнкі (добранькі).  Па гэтых прыметах пазнаюць некаторыя якасныя прыметнікі, якія не маюць ступеняў параўнання (барадаты). 
Каб падрыхтавацца да тэмы “Якасныя прыметнікі”, вам трэба навучыцца даваць адказ на змешчаныя ніжэй пытанні?
Якія прыметнікі адносяцца да якасных?
Што трэба ведаць, каб правільна ўжываць у беларускай мове якасныя прыметнікі ў вышэйшай і найвышэйшай ступені параўнання?