Поиск по этому блогу

Дзёрзкія ўцёкі арыштантаў


Па старонках старых газет

Дзёрзкія ўцёкі арыштантаў

6 снежня са слонімскай турмы па чыгунцы адправілі 21 арыштанта. Па дарозе ў вагоне некаторыя з іх залезлі на полкі, быццам спаць, а потым адтуль пачалі страляць з рэвальвераў у канвой. Двух канвойных забілі, трох паранілі. Шэсць арыштантаў уцяклі праз вокны вагона.
                                                                     Газета “Наша ніва” (Вільня), № 6,
                                                                     14 (27) снежня 1906 года.

Нам патрэбна навука да жыцця

З Слонімскага павету Гродзенскай губерні. Духавенства паадкрывала тут многа царкоўна-прыходскіх школ. Згоды мужыкоў на гэта не пыталіся, так як тыя не вераць у карысць царкоўна-прыходскіх школ ды не любяць іх, дык школы гэтыя амаль пустуюць. Напрыклад, у вёсцы Сялявічы Міжэвіцкай воласці два гады назад завялі царкоўна-прыходскую школу, але сяляне адмовіліся пасылаць туды дзетак. “Нам, -- кажуць, -- патрэбна навука да жыцця, а не адна навука маліцца”. Ходзіць у тую школу не больш як 5 – 10 хлапцоў.
Два разы свяшчэннік Парэцкай царквы прыязджаў у вёску Паўловічы Кастровіцкай воласці, каб мужыкі падпісалі запыт аб адкрыцці ў іх царкоўна-прыходскай школы, але людзі на гэта не пагадзіліся.
                                                                         Газета “Наша ніва”, № 6,
                                                                         14 (27) сакавіка 1908 года.