ВЫВУЧАЕМ ПУНКТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ: ПРАКТЫКУМ
Тэма: Працяжнік у няпоўных сказах.
Псіхалагічны настрой.
Назавіце слова па яго мовазнаўчых прыметах.
Гэта прыметнік, якасны, ужываецца ў форме мужчынскага роду, адзіночнага
ліку.
Абазначае ўнутраную якасць людзей або жывых істот, пачынаецца з дзявятай
літары алфавіта і заканчваецца дваццаць восьмай.
• Устаўце літары ў клетачкі ланцужка, запісаўшы патрэбнае нам слова.
(злосны)
• Якія словы беларускай
мовы вам запомніліся, падабаюцца?
Паведамленне тэмы ўрока.
Разгледзьце
прапанаваныя схемы. Якім сінтаксічным адзінкам (канструкцыям) яны адпавядаюць?
[ ].
[ ], [ ].
[ ], (каб…).
(Простым і складаным сказам.)
Вывучэнне і замацаванне новага
матэрыялу.
Успамінаем вывучанае.
Простыя і складаныя
сказы могуць быць поўныя і няпоўныя. Няпоўнымі называюцца сказы, у якіх
прапушчаны адзін або некалькі членаў сказа (галоўны ці даданы), якія лёгка
ўзнаўляюцца з кантэксту ці сітуацыі маўлення [1, стар. 132, “Беларуская мова”].
Ствараем праблемную сітуацыю.
Як пішам?
1. Я жыву на вуліцы Янкі Купалы, а мой сябар –
на вуліцы Якуба Коласа. 2. Я жыву на вуліцы Янкі Купалы, а мой сябар на вуліцы
Якуба Коласа.
Што трэба ведаць, каб
адказаць на пастаўленае пытанне?
Хвілінка кемлівасці.
Звернемся да правіла.
Запомніце! У вусным маўленні на месцы пропуску члена сказа робіцца
невялікая паўза, а на пісьме ставіцца працяжнік. Пры адсутнасці паўзы працяжнік
не ставіцца [1, стар. 135, “Беларуская мова”].
Тлумачэнне.
У другой частцы гэтага
складанага сказа прапушчаны выказнік. Значыць, сказ няпоўны.
Вырашэнне праблемнай сітуацыі, вывад.
Пішам.
Я жыву на вуліцы Янкі
Купалы, а мой сябар – на вуліцы Якуба Коласа.
Успамінаем вывучанае.
Запішыце сказы,
дапоўніўшы іх аднароднымі членамі.
Зычныя гукі падзяляюцца
на звонкія і … . Звонкія гукі ўтвараюцца пры дапамозе голасу і …, а глухія –
толькі шуму. (Глухія; шуму.)
• Які сказ з’яўляецца
няпоўным? Як вы гэта вызначылі?
Адзначаем! У дыялогу вельмі часта ўжываюцца няпоўныя сказы.
Скорагаворка.
-- Ты вучышся ў восьмым
класе?
-- Так, я – у восьмым.
• Вызначце няпоўны сказ
і растлумачце пастаноўку знака прыпынку ў ім.
Праца са сказам.
Складзіце скорагаворку
са слоў.
У, вады, адзін, наліў,
кубак, а, малака, другі, у. (У адзін
кубак наліў вады, а ў другі -- малака.)
• У якім сказе прапушчаны выказнік: у простым
ці ў складаным?
Працуем з сінонімамі і
фразеалагізмамі.
Замест кропак устаўце
прапушчаны сінонім (аднародны член сказа).
-- Міколка, я адразу, …
вырашу сваю праблему. А ты сваю? (Хутка.)
-- Таксама вырашу.
• Ці
трэба ставіць працяжнік у дыялогу пасля слоў “ты”, “таксама”? (Не, так як прапушчаныя члены сказа ў першым
выпадку можна паставіць у канцы сказа, а ў другім – перад сказам і пасля яго.)
• Якім фразеалагічным
зваротам можна замяніць словы “адразу”, “хутка”? (Адным махам.)
• Назавіце глухія і
звонкія гукі ў слове “Міколка” [5, стар. 16, “Фразеалагічны слоўнік”]
Прыказкі, прымаўкі.
Прачытайце.
1. Адна галавешка і ў
печы не гарыць, а дзве – і ў полі не тухнуць. 2. З міру па нітцы, а голаму –
сарочка. 3. Па кропельцы – рэчка, па травінцы – копка, а па копцы – стог. 4. За
дзетак – маткі, а за матак – таткі. 5. Да каханага ішла скачучы, а дахаты –
плачучы [4, стар. 83, 84, 112, 138, 155, “Беларускія прыказкі…”].
• Ці правільна
пастаўлены знакі прыпынку ў сказах?
• Гэтыя сказы поўныя ці
няпоўныя?
• Калі няпоўныя, то
якія члены сказа прапушчаны? Якімі часцінамі мовы яны выражаны?
• Чым адрозніваецца
стог ад копкі? (Стог большы, вышэйшы.)
Перакладчыкі.
Запішыце афарызмы
па-беларуску, паставіўшы, дзе трэба, коскі.
Малая печаль
красноречива, великая (– ) безмолвна (Сенека).
В постоянном труде (--)
надежда (Праперцый).
Комедия имеет намерение
изображать людей худших, а трагедия (--) лучших, чем существующие (Арыстоцель).
Другим прощай часто,
себе (--) никогда (Публілій Сір) [6,
стар. 177, 238, 280, “Античные
афоризмы”].
Слоўнік.
Печаль -- смутак, маркота; красноречиво – красамоўна; иметь намерение – мець намер;
существующий – які (што) існуе, які (што) ёсць.
Для даведкі.
Сенека (каля 4 да н. э.
– 65 н. э.) – рымскі філосаф і паэт.
Секст Праперцый (каля 50 да н. э. – каля 15 да н. э.) –
рымскі паэт.
Арыстоцель (384 – 322
да н. э.) – старажытнагрэчаскі філосаф і вучоны.
Публілій Сір (1 ст. да
н. э.) – рымскі паэт, аўтар мімаў (драматычных сцэнак бытавога зместу).
• Якімі членамі сказа
з’яўляюцца прапушчаныя словы?
Фізкультхвілінка.
На столі, на сцяне
вачыма напішыце беларускае слова “хата” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго,
добрае і ласкавае.
У гасцях у тлумачальнага
слоўніка.
• Выкарыстаўшы ўзор, прачытайце і запішыце слоўнікавы артыкул
да назоўніка "альбом". (Кніга
або сшытак для фотакартак, малюнкаў, вершаў.)
Узор. Глыба, -ы, ж. -- вялікі бясформенны абломак
цвёрдага рэчыва. Глыба мёрзлай зямлі [2, стар. 27, 88, “Тлумачальны
слоўнік”].
• Выкарыстаўшы слова “альбом”, складзіце і запішыце няпоўны
сказ. (Міколка ў краме купіў пенал, а я –
альбом.)
• Ці трэба ў гэтым сказе ставіць працяжнік? Абгрунтуйце сваю
думку.
Акцэнталагічная хвілінка.
Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх. Параўнайце з
адпаведнікамі з рускай мовы.
Альбом, абыякавасць, нястрымны, беззаганны (бездакорны),
несціханы, бялявы, белатвары.
Адказ. Альбом, абыякавасць, нястрымны,
беззаганны (бездакорны), несціханы, бялявы, белатвары.
Для даведкі.
Альбом (1), безразличие (2), безудержный (3), безукоризненный (4),
безумолчный (5), белокурый (6), белолицый (7).
Сустрэча з беларускай
народнай казкай.
Прачытайце ўрывак паводле казкі “Лісічка-сястрычка, заяц, воўк і
мядзведзь”.
Жылі дзед ды баба. У дзеда быў пеўнік, а ў бабы – курка-рабушка.
Пайшлі яны на сметнічак. Дзедаў пеўнік капаўся, капаўся на сметнічку і выкапаў
бобінку, а бабіна курка – гарошынку. Панеслі яны гэта дабро на падворак. Пеўнік
сваю бобіну аддаў дзеду, а курачка сваю гарошыну – бабе (урывак паводле казкі “Лісічка-сястрычка, заяц, воўк і мядзведзь”).
• Ці правільна
пастаўлены працяжнікі ў тэксце казкі? Абгрунтуйце сваю думку [3, стар.
63, “Беларускія народныя казкі”].
Назавіце слова.
-- Як цябе завуць?
-- Аленкай.
-- А цябе?
-- Мяне -- … (паненкай).
Аляксей Якімовіч.
• Ці ёсць у гэтым
вершаваным тэксце пунктаграма на вывучанае правіла?
Сустрэча з народным параўнаннем.
Назавіце народнае
параўнанне ў вершы Аляксея Якімовіча, якое складаецца з двух слоў (першая яго
частка “як”).
Прыйшла на палетак
Ганначка-дзяўчына.
А на тым палетку
Жыта … .
Аляксей Якімовіч.
• Растлумачце лексічнае
значэнне слова “палетак”. (Участак поля,
які вылучаецца па родах пасеву або па
іншых прыметах.) [2, стар. 233, “Тлумачальны слоўнік”].
• Які член сказа
прапушчаны пасля слова “палетку”? Ці трэба тут ставіць працяжнік? Як вы лічыце?
• Са словам “палетак”
складзіце сказ з пунктаграмай на вывучанае правіла. (На маім палетку расце жыта, а
на суседавым – бульба.)
Другая частка народнага параўнання, напісаная наадварот: анібар [4, стар. 407, “Беларускія
прыказкі…”]
Праца са сказамі.
Запішыце няпоўныя сказы і выберыце патрэбнае тлумачэнне для
кожнага.
1. У другой частцы складаных сказаў
вельмі часта сустракаюцца няпоўныя сказы.
2. У дыялогу вельмі
часта ўжываюцца няпоўныя сказы.
1. – Пятрусь, ты
вучышся ў школе?
-- Я ўжо вучуся ва
ўніверсітэце.
2. Я вучуся ў школе, а
Пятрусь – ва ўніверсітэце.
Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.
Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна
прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.
Парэчча
– месца н(е, я)благое,
І
поле там не так пустое,
Хоць менш яго, затое ж – паша!
Дык
будзе хле(п, б) табе і каша [7, стар. 33, “Паэмы Я. Коласа”].
• Вы лічыце, што ва
ўрыўку з паэмы Якуба Коласа … (ёсць няпоўны сказ). Дакажыце гэта.
• Раскрыйце сэнс слова
“паша”. (Месца, дзе пасвяць свойскую
жывёлу.)
Адказы на пытанні.
• Якія сказы з’яўляюцца няпоўнымі?
• Што вы ведаеце пра
пастаноўку працяжніка ў няпоўным сказе?
Тэст.
Назавіце няпоўныя
сказы, запісаныя правільна, без парушэння пунктуацыйнай нормы.
1. – Дзяўчынка, тут
знаходзіцца аўтобусны прыпынак?
-- Але.
2. Алеся едзе ў
аўтобусе, а я – у тралейбусе.
3. Мая мама трымае
качак, а цётка Ганна – гусей.
4. Мой тата працуе на
заводзе, а мама на фабрыцы.
5. Я люблю марожанае, а
Міхась – пячэнне.
Адказ: 1, 2, 3, 5.
Спіс выкарыстанай літаратуры
1. Бадзевіч, З. І. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 8-га кл.
устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання / З. І. Бадзевіч, І. М. Саматыя. – Мінск :
Нац. ін-т адукацыі, 2020. – 256 с.
2. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік
беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П.
Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --
Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.
3.
Беларускія народныя казкі / Склад. Г. А. Барташэвіч, К. П. Кабашнікаў – Мн. :
Навука і тэхніка, 1981. – 480 с.
4.
Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы
/ склаў Ф. Янкоўскі. – 2-е выд., дап. -- Мінск : Выд-ва АН БССР, 1962. –
556 с.
5. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны
слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М.
Янкоўскага. – Мн., “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.
Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М.
Янкоўскі.
6. Казачёнок Т. Г.,
Громыко И. Н. Античные афоризмы : Темат. сб. – Мн. : Выш. шк., 1987. – 318 с.
7. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск :
Маст. літ., 1986. — 448 с.
Урок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў
часопісе “Беларуская мова і літаратура”, № 2, люты 2023 г.