Даўняе ахоўнае ўзбраенне беларусаў
Бехцер – панцыр з прамакутных сталёвых пласцінак. Яны накладаліся адна на адну і
мацаваліся ў шырокія вертыкальныя стужкі, якія злучаліся паміж сабою кольцамі.
Нагадваў безрукаўны каптан з каўняром і важыў каля 12 кг. У Беларусі
выкарыстоўваўся да 17 стагоддзя.
Гусарскі шышак – лёгкі адкрыты шлем са спецыяльнымі прыстасаваннямі. Яны закрывалі
нос, вушы і карак воя. Звычайна наверсе меў невялікую шпілю. У Беларусі
выкарыстоўваўся гусарамі і лёгкаю конніцаю ў 17 – 18 стагоддзях.

Кальчуга – мяккі панцыр, які нагадваў доўгую кашулю (часам з каптуром). Рабілі
са сталёвых кольцаў такім чынам, што кожнае з іх перапляталася з чатырма
суседнімі. У Беларусі выкарыстоўвалася з 9 стагоддзя. У 15 – 16 стагоддзях
такую кальчугу замянілі пласцінкавыя панцыры. Зноў сталі выкарыстоўваць у 17 –
18 стагоддзях.

Карацэна – панцыр, які нагадваў каптан. Рабілі з тоўстай скуры ці тканіны, на
які мацаваліся металічныя лускападобныя пласцінкі. Карацэну звычайна насілі
старэйшыя чыны гусарскіх войскаў і гетманы. У Беларусі выкарыстоўвалася ў 15 –
18 стагоддзях.

Кіраса – частка пласцінкавага ўзбраення. Яна закрывала грудзі і спіну воя.
Складалася з металічных нагрудніка і наплечніка, якія злучаліся пры дапамозе
раменьчыкаў. У Беларусі выкарыстоўвалася да канца 18 стагоддзя.

Крылаты шышак – звычайны гусарскі шышак з прымацаванымі да яго па абодвух баках
пёравымі ці металічнымі крыльцамі, якія прызначаліся для запалохвання коней
праціўніка. У Беларусі выкарыстоўваўся коннікамі ў 17 – першай палове 18
стагоддзя.

Нарманскі шчыт. Выкарыстоўвалі пяхотнікі і вершнікі (коннікі) ў 11 – 14 стагоддзях.
Меў міндалепадобныя абрысы вышынёю каля метра. Вырабляўся з дрэва і абцягваўся
скураю.
Павеза вершніка (конніка) – від лёгкага шчыта падоўжаных абрысаў з адным або некалькімі
вертыкальнымі латочкамі. Вынайдзены ў 13 стагоддзі на землях Заходняй Беларусі
і цяперашняй Літвы. Выкарыстоўваўся да 16 стагоддзя.
Павеза пяхотніка – від вялікага шчыта з латочкам пасярэдзіне. З павезаў стралкі рабілі
“штурмавыя сценкі”. У Беларусі выкарыстоўваўся ў 14 – 16 стагоддзях.
Поўная зброя рыцара – камплект узбраення з каваных пласцінак. Яны закрывалі ўсё цела,
нават пальцы рук і нос. Важыў каля 25 кг. Адзявалі на ватныя падкладкі. У Беларусі
выкарыстоўваўся ў 15 – 16 стагоддзях.
Прылбіца – цяжкі шлем закрытага тыпу. Ён затуляў усю галаву рыцара. З боку твару
на завесах мацавалася заслонка (забрала) з адтулінамі для дыхання. Былі
спецыяльныя шчыліны, праз якія глядзеў рыцар. У Беларусі выкарыстоўвалася ў 15
– 16 стагоддзях.
Узбраенне каня – маска на галаву і сталёвыя латы. Яны затулялі ад удараў шыю, грудзі
і крыж каня. Звычайна пакрывалася ярка расфарбаванымі ўпрыгажэннямі. У Беларусі
выкарыстоўвалася цяжкаўзброенымі рыцарамі ў 15 – 16 стагоддзях.

Узбраенне стралка – камплект з асноўных элементаў панцыра. Звычайна складаўся са шлема,
кірасы, нарукаўнікаў, набедранікаў і налытачнікаў. Выкарыстоўваўся лучнікамі і
арбалетнікамі.

Штурмак – цяжкі шлем адкрытага тыпу з падоўжаным грэбенем наверсе. Гэта
ўзмацняла яго ахоўныя якасці. У Беларусі выкарыстоўваўся вершнікамі і
пяхотнікамі ў 16 – 17 стагоддзях.