Поиск по этому блогу

Праверце сваю логіку і інтуіцыю. “Белакрылая птушка -3”

 

Праверце сваю логіку і інтуіцыю. “Белакрылая птушка -3”

 

Логіка – уменне разважаць і рабіць вывады.

Сінонімы да слова “інтуіцыя”: чуццё, прадбачлівасць, здагадка.

 

У мінскім выдавецтве “Беларусь” выйшла мая кніга “Белакрылая птушка”, у якой змешчаны дзве аповесці і вершы.

 

1. Урывак з фантастычна-дэтэктыўнай  аповесці “Жывое Дрэва”.

Крэкчуць, капаюць бандыты, па пояс у яму залезлі.

-- Дакапаліся! -- з палёгкаю прамовіў Саўка. -- Паднімай, Мішка!

Мішка кінуў рыдлёўку на пясок і папрасіў:

-- Дай дыхнуць, браток!

-- Хочаш, каб з Васілевічаў людзі прысунуліся? -- незадаволена прамовіў Саўка.

-- Закапаем, калі прысунуцца! -- хіхікнуў Мішка.

-- Максім, мне страшна! -- прызналася Юля.

-- Дамоў бяжы.

-- Аднаго не пакіну!

Мішка дастаў з ямы і паклаў на пясок вялікі пакунак, загорнуты ў поліэтыленавую плёнку.

-- Страшна! -- паўтарыла Юля.

 Мужчыны вылезлі з ямы. Саўка ўкленчыў і разгарнуў плёнку. У плёнцы ляжалі два пісталеты і аўтамат. Мішка схапіў пісталет і засунуў за пояс. Потым узяў аўтамат і застракатаў, наставіўшы яго перад сабою: "Тра-та-та-та-та... Тра-та-та-та-та..."

Гэты ўрывак узяты з раздзела:

а) “Як спыніць бандытаў?”;

б) “Страх”.

З двух варыянтаў выберыце патрэбны.

 

2. Урывак з фантастычна-дэтэктыўнай  аповесці “Жывое Дрэва”.

-- Максімка!.. -- раптам крыкнула Юля, зноў перапыніўшы думкі.

Максім азірнуўся і ўбачыў: сядзіць Юля ў балотнай гразі, дыхае часта-часта.

-- Нагу сударгай звяло! Максімка!..

Юля заплакала. Па брудных, заляпаных граззю шчоках пацяклі слёзы.

Максім узяў дзяўчынку за руку і дапамог ёй устаць.

-- Бярыся за шыю, на спіне панясу.

Юля кіўнула галавою і абедзвюма рукамі абхапіла Максіма за шыю.

-- Скажаш, калі будзе цяжка, Максімка!

Максім пайшоў праз балота. Хутка будзе гаёк, за якім стаіць хата бабулі Аксені.

Гэты ўрывак узяты з раздзела:

а) “Хутчэй, хутчэй…”;

б) “І певень Грышка дапамагае”.

 

3. Урывак з фантастычна-дэтэктыўнай  аповесці “Жывое Дрэва”.

-- Мама, -- з парога крыкнула Ганулька, -- Юлька кажа, што на хутары ў бабулі Аксені бандыты!

Цётка Ніна наставіла перад сабою прас, як бы затуляючыся ім ад нябачных грабежнікаў.

-- Праўду кажаш, Юлька?

Юля склала рукі, як перад малітвай.

-- Цётка Ніна, патэлефануйце ў міліцыю!..

-- Зараз, зараз... -- цётка Ніна паставіла на стол прас і ўзяла тэлефонную трубку. -- Зараз!.. А які нумар міліцыі?..

-- Адзін-нуль-два, -- падказала Ганулька.

Цётка Ніна набрала нумар "адзін-нуль-два". "Піп-піп-піп", -- данесліся з трубкі кароткія гудкі.

-- Занятыя! -- вінавата прагаварыла цётка Ніна.

Гэты ўрывак узяты з раздзела:

а) “Праз акно”;

б) “Званок у міліцыю”.

 

Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; словы напісаны наадварот). 1. Хартс. 2. Йэчтух, йэчтух. 3. Юыцілім у конавз.

 

Якімовіч, А. М. Белакрылая птушка : аповесці, вершы / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 199 с.