Поиск по этому блогу

Быў выпадак. "Прыручэнне жарабяці"

 

Быў выпадак

 

Прыручэнне жарабяці

 

Неяк у падлеткавым узросце вырашыў прыручыць жарабя, устанавіць з ім кантакт. Ведаў, што гэта зрабіць няпроста. Некалі на дзікіх коней часта нападалі драпежнікі, і ў іх на працягу многіх гадоў выпрацаваўся інстынкт самазахавання, недаверу да іншай істоты, што асабліва ярка праяўляецца ў маленькага, бездапаможнага жарабяці.

Непадалёку ад нашай хаты на лузе пасвілася кабыла Зорка, якая добра ведала мяне. Побач з ёю ласавалася зялёнай траўкай жарабя каштанавага колеру, якое я пра сябе назваў Каштанам.

Схаваўшыся за Зоркай (інакш Каштан не падпусціў бы мяне), я дакрануўся да жарабяці. Яно ўстрапянулася і адбеглася, адчуўшы дотык незнаёмай рукі. Я прысеў, каб паказаць Каштану, што не маю намеру прычыніць яму зло, што не такі страшны і вялікі, і стаў набліжацца да яго. Каштан адбегся да мяне і прытуліўся да маці. Так паўтарылася некалькі разоў. Нарэшце мне ўдалося не толькі дакрануцца да жарабяці, але і пагладзіць яго. На гэты раз яно зразумела, што я не прычыню яму зла.

Маленькія жарабяты звычайна цікаўныя, дапытлівыя. Каб лепей праведаць, што ўяўляю я сабою, яно наблізілася да мяне і пыскай дакранулася да пляча, але зноў адбеглася, калі хацеў дакрануцца да яго. Толькі праз паўгадзіны мне ўдалося ўстанавіць з Каштанам кантакт, прыручыць яго з дапамогай ласкі.

Ласка, як я зразумеў тады, перамагае нават выпрацаваны стагоддзямі інстынкт недаверу, самазахавання.

                                                                                      Аляксей Якімовіч