Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: правапіс канчаткаў назоўнікаў другога і трэцяга скланення ў множным ліку

 

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ   

 

Тэма: правапіс канчаткаў назоўнікаў другога і трэцяга скланення ў множным ліку.

Псіхалагічны настрой.                             

                                                   Дошка, шчэпка,

                                                   Цудоўны, яловы --

                                                   Гэта словы нашай мовы.

                                                                   Аляксей Якімовіч.

Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Успомнім! Да другога скланення адносяцца назоўнікі мужчынскага роду з нулявым канчаткам у назоўным склоне і назоўнікі ніякага роду з канчаткамі –о, , –е - ў назоўным склоне [6, стар. 166, “Беларуская мова”].

Напрыклад: альбом, поле.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: кроккрокаў ці крокоў, ясеньясеняў ці ясенеў? (1)

Як  пішам: столсталоў ці сталов, полепалёў ці палёв? (2)

Як  пішам: вуха -- вушэй ці вушей? (3)

Як  пішам: правілаправіл ці правілаў? (4)

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звяртаемся да правіла.

Запамінаем! Назоўнікі другога скланення ў родным склоне множнага ліку маюць наступныя канчаткі:

аў, -яў  -- не пад націскам: крок – крокаў, жаданне – жаданняў;

оў, -ёў – пад націскам: сталоў, палёў;

-эй, -ей  -- назоўнікі вачэй, вушэй, плячэй, гасцей, коней.

Некаторыя назоўнікі могуць ужывацца з нулявым канчаткам і з канчаткам аў [4, стар. 240 -- 241, “Беларуская мова”].

Напрыклад: правіл і правілаў.    

Дапоўніце гэтыя азначэнні адпаведнымі прыкладамі з задання “Ствараем праблемную сітуацыю”.

Назавіце слова.

                                                             Пішам з ей, эй, яў, ёў

                                                             Дзяцей, ласёў,

                                                             Плячэй, гасцей,

                                                             Вучняў, … (сяброў).

                                                                         Аляксей Якімовіч.

Растлумачце правапіс  канчаткаў у словах вершаванага тэксту “дзяцей”, “ласёў”, “плячэй”, “гасцей”, “вучняў”, “сяброў”.

Адзначаем! Некаторыя назоўнікі другога скланення ў родным склоне могуць ужывацца з нулявым канчаткам і з канчаткам аў: балота -- балот і балотаў. Але: дзён, дрэў, сёл [4, стар. 240 -- 241, “Беларуская мова”].

Працуем са спалучэннямі слоў.

Са словам “акно” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Для даведкі: драўлянае акно – акно ў Еўропу.

Слова “акно” пастаўце ў форме роднага склону множнага ліку. (Акон і вокнаў.) 

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя спалучэнні літар аў, яў, оў, ёў, потым напішыце беларускае слова “воблакаў” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Успомнім! Да трэцяга скланення адносяцца назоўнікі жаночага роду з нулявым канчаткам у назоўным склоне [6, стар. 166, “Беларуская мова”].

Напрыклад: восень.

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: мышмышэй ці мышаў, адлегласць -- адлегласцей ці адлегласцяў? (1)

Як  пішам: рэчрэчаў ці рэчэй, таполятаполяў ці таполей? (2)

Як  пішам: арцелей ці арцеляў? (3)

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звернемся да правіла.

Запомніце! Назоўнікі трэцяга скланення ў родным склоне множнага ліку звычайна маюць канчаткі эй, -ей.

Некаторыя назоўнікі маюць канчаткі  аў, -яў.

Асобныя назоўнікі могуць ужывацца з рознымі канчаткамі. 

Напрыклад: мышэй, адлегласцей; рэчаў, столяў. Але: грошай; арцелей і арцеляў, сувязей і сувезяў [4, стар. 240 -- 241, “Беларуская мова”]. 

Дапоўніце гэтыя азначэнні адпаведнымі прыкладамі з задання “Ствараем праблемную сітуацыю”.

Для даведкі: арцель –група людзей, якія аб’ядналіся для сумеснага выканання якой-небудзь працы [1, стар. 40, “Тлумачальны слоўнік”]. 

Назавіце слова.

                                                             Пішам з яў,  эй 

                                                             Далоняў, начэй, 

                                                             Прыстаняў, даляў,

                                                             Завадзяў, … (мышэй).

                                                                     Аляксей Якімовіч.

Растлумачце правапіс канчаткаў у словах вершаванага тэксту “далоняў”, “начэй”, “прыстаняў”, “даляў”, “завадзяў”, “мышэй”.

Для даведкі:  завадзь – невялікі заліў возера або рэчкі з запаволеным цячэннем [1, стар. 124, “Тлумачальны слоўнік”].   

Праца са сказам.       

Складзіце скорагаворку са слоў.

За, шмат, сенажацей, сялом, нашым. (За нашым сялом шмат сенажацей.)

Растлумачце правапіс выдзеленага  слова. Ці можа яно ўжывацца ў  дзвюх формах: сенажацей і сенажацяў?         

Ведайце! У творным склоне назоўнікі ўсіх трох скланенняў маюць канчаткі амі, --ямі [4, стар. 242, “Беларуская мова”].   

Напрыклад: мышамі, ласямі.

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                  І квяцістымі лугамі,

                                                  Беражыце зямлю нашу!

                                                  І зялёнымі лясамі.

                                                  Яна радуе палямі,

Адказ: 1 – 2, 2 – 4, 3 – 1, 4 – 3.

Знайдзіце ў вершы словы з арфаграмамі на вывучанае правіла. Растлумачце іх напісанне.

Запамінаем! Некаторыя назоўнікі другога і трэцяга скланенняў могуць ужывацца і з канчаткам мі (тады перад канчаткам пішацца мяккі знак): конямі і коньмі, касцямі і касцьмі [4, стар. 242, “Беларуская мова”].

                  [5, “Беларуская мова”]   

Скорагаворка.

З коньмі беглі каля гусей (Аляксей Якімовіч).

Ці паўтараецца вывучаная арфаграма ў словах скорагаворкі?

Сустрэча з фразеалагізмамі.

Назавіце фразеалагізмы ў вершах Аляксея Якімовіча, якія абазначаюць “зазнавацца, фанабэрыцца, задавацца” і  “зусім сур’ёзна, на самай справе”.

                                                     Задавака наш Алесь.

                                                     Хоча быць як бос.

                                                     Часта ён у класе

                                                         … … .

                                                      -- Працуйце старанна,

                                                     Дбайна, без агрэху, --

                                                     Стануць паважаць вас…

                                                         … … .

Назавіце назоўнікі другога скланення ў вершаваных тэкстах. Адзін з іх пастаўце ў множным ліку і праскланяйце.

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: еаріздаз сон, ачарпа ухемс [2, стар. 20, 102, “Фразеалагічны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                          Жыццё ў замку йшло без змены.

                                          Раз заве(д, дзе)ны там лад

                                          Не парушваўся, бы сцены, --

                                          Цвёрды чыйся быў загад.

                                          Ды на свеце ўсіх здарэнняў

                                          Не прадбачыць і мудрэц,

                                          А прыходзіць разбурэ(н, нн)е;

                                          Дзе пачатак, дзе канец,

                                          Дзе іх схованы прычыны –

                                          Не ўсім сцяміць і згадаць,

                                          Але грозныя навіны

                                          Сталі замак засмучаць [3, стар. 417 -- 418, “Паэмы Я. Коласа”].

Якім словам можна замяніць слова “чыйся”? (Чыйсьці.)               

Пастаўце ў форме роднага і творнага склонаў множнага ліку назоўнікі другога скланення, выкарыстаныя ў вершаваным тэксце.

Адказы на пытанні.

 Якія канчаткі маюць назоўнікі другога скланення ў родным і творным склонах множнага ліку?

 Якія канчаткі маюць назоўнікі трэцяга скланення ў родным і творным склонах множнага ліку?

Тэст.

Назавіце назоўнікі, якія напісаны правільна.

1) Дрэў;

2) дрэваў;

3) пячэй;

4) печаў;

5) мурагоў;

6) касцьмі;

7) дней.

Адказ: 1, 3, 4, 5, 6. 

                                                                                                            

Выкарыстаная літаратура

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

3. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.                 

4. Красней, В. П., Лаўрэль, Я. М. Беларуская мова : Падруч. для 5-га кл. шк. з беларус. мовай навучання. – 3-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 1992. --  318 с. : іл.

5. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання : у 2 ч. / Г. М. Валочка [і інш]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --  240 с.

6. Шэўчык, Н. І., Амяльковіч, А. А. Беларуская мова : Падручнік для 4-га класа. – Мн. : Нар. асвета, 1977. --  240 с. : іл. 

 

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, май 2021 года, № 5.